Tribuna/Футбол/Блогі/4 праблемы «Барселоны», якія важнейшыя за сыход Хаві

4 праблемы «Барселоны», якія важнейшыя за сыход Хаві

Усе – па-за футбольным полем.

1 лютага, 13:21
4 праблемы «Барселоны», якія важнейшыя за сыход Хаві

Заява Хаві пра адстаўку ў канцы сезона была вельмі нечаканай, але сярод праблем «Барсы» гэта дакладна не самая вялікая.

Канешне, каталонцам зараз будзе цяжка выйграць любы трафей у сезоне, заўзятарам наўрад ці што будзе святкаваць у траўні, аднак гэтае лета і без трэнерскага серыяла будзе гарачым для клуба.

Здаецца, рычагі Лапорты не працуюць. Клубу ўсё цяжэй падпісваць футбалістаў

У «Барселоне» ўсё яшчэ жахлівая фінансавая сітуацыя, мы пісалі пра гэта ў мінулым годзе, але з таго часу мала што змянілася. Нагадаем, летам 2022-га прэзідэнт Лапорта пачаў уводзіць так званыя «рычагі», якія павінны прынесці клубу дадатковыя грошы. Адны называлі гэта продажам будучага клуба дзеля кароткатэрміновай выгады, а іншыя намякалі, што «Барселона» прадае паветра самой сабе, толькі ствараючы бачнасць даходаў.

Як бы там ні было, але факт застаецца фактам: за 49% кампаніі Barça Studios, якую нібыта прадалі ў 2022-м, ніхто не жадае плаціць. Тады каталонцы атрымалі 20 мільёнаў з запланаваных 200 млн, а астатняе мусяць атрымліваць часткамі 15 чэрвеня 2023, 2024 і 2025 гадоў. План, які мусіў быць надзейным, як швейцарскі гадзіннік на руцэ Лапорты, перастаў працаваць летась, калі чаканы транш у 40 млн не прыйшоў. Прэзідэнт перапрадаў правы германскаму фонду Libero, але і яны не заплацілі.

Такім чынам, у бюджэце не проста ўзнікла дзірка ў 40 млн, а ўсё значна горш, паколькі ўсё пагадненне можа аказацца фікцыяй. Гавораць, што з'явіўся яшчэ адзін пакупнік на гэтыя правы, аднак пасля таго, як не сталі плаціць папярэднія кампаніі, верыцца ў гэта слаба.

Так што ў бюджэце можа ўзнікнуць дзірка ўжо ў 200 млн – гэта вельмі моцна ўдарыць па «Барсе», бо іспанскі фінансавы фэйр-плэй прымушае шукаць грошы, каб рэгістраваць гульцоў, нават калі клуб хоча проста перападпісаць кантракт са сваім футбалістам. Каб доўга не расказваць пра тонкасці фэйр-плэя Тэбаса, проста нагадаем, што прадаць гульцоў за 200 млн і атрымаць 200 млн на рэгістрацыю гульцоў – зусім не адно і тое ж. Напрыклад, прадаўшы Гаві за 60, «Барса» атрымала б усяго 24 мільёны на трансферы.

Таксама каталонцы прадалі 25% тэлевізійных правоў кампаніі Sixth Street на 25 гадоў. Гэта называлі продажам будучыні каманды, аднак усё паказвае на тое, што гэта быў перавод уласных грошай з кішэні ў кішэню, бо клуб і кампанія стварылі сумеснае прадпрыемства, куды каталонцы таксама ўклалі 150 млн еўра. Калі УЕФА зацікавіцца паходжаннем гэтых рычагоў, то каталонцаў чакаюць цяжкія часы аж да выключэння каманды з еўракубкаў. Жарты пра тое, што клубу давядзецца прадаваць офісную тэхніку, не такія ужо і жарты. Нядаўна на аўкцыён была выстаўлена тая самая сурвэтка, на якой быў падпісаны першы кантракт Месі.

Каталонцы маюць самую вялікую зарплатную ведамасць у Еўропе. Каманду чакае распродаж

Нават пры гэтым «Барселона» прымудраецца марнаваць на заробак футбалістам больш за ўсіх у Еўропе. Больш чым «Сіці», «Рэал» ці «ПСЖ». На зарплату сыходзіць 80% бюджэту клуба, у «Рэала», напрыклад, 55%. А зараз адкрыйце склад каталонцаў і спытайце ў сябе, ці могуць гэтыя людзі атрымліваць разам самы вялікі заробак у Еўропе? Фрэнкі Дэ Ёнг – самы высокааплатны футбаліст Ла Лігі, ён абыходзіцца клубу ў 37,5 млн еўра ў год. У Дэ Бруйнэ, калі што, – 24, у Кейна – 25. Як вам такі менеджмент?

Такая сітуацыя ў клубе ўтварылася не ўчора. З 2017 па 2021 гады «Барселона» аднаму толькі Месі заплаціла 555 мільёнаў еўра. Іншыя сенатары таксама прасілі грошай, таму зарплатны фонд каталонцаў рос як на дражджах. Як мы бачым, нават пазбавіўшыся Месі, Суарэса, Піке, Бускетса і Альбы, зарплатная ведамасць клуба ўсё яшчэ застаецца гіганцкай. Клуб працягвае выпісваць вялізныя чэкі Левандоўскаму і кампаніі, быццам ніякага крызісу не існуе.

У нейкі момант ігнараваць гэта стане проста немагчыма. Хоць «Барселона» генеруе велізарныя прыбыткі, яе даўгі проста агромістыя, на 2023-і яны дасягнулі сумы больш за мільярд долараў. А летам адзін з былых менеджараў клуба Жауме Лепіс назваў суму ў 2,8 мільярды, хаця ў клубе такія лічбы абверглі.

Клуб ударнымі тэмпамі будуе новы стадыён, але і там ёсць праблемы

Нават у такіх умовах «Барселона» адмаўляецца хоць у чымсьці саступаць «Мадрыду». Калі галоўны супернік абнавіў стадыён, то каталонцы таксама мусілі абнавіць арэну. Рэканструкцыя «Камп Ноу» абыдзецца ў 1,45 мільярды еўра, аднак і тут не без праблем. Грошы на стадыён выдаў у крэдыт банк Goldman Sachs. Узводзіць пабудову турэцкая фірма Limak, прадстаўнікі якой паабяцалі, што будзе хутка і нядорага. Ці знойдзецца тут месца слову «якасна», убачым пасля адкрыцця.

Але ўжо насцярожвае, што адзіным досведам туркаў у будаўніцтве спартыўных аб'ектаў з'яўляецца сціплая 25-тысячная «Мерсін Арэна» у Турцыі. У іншых удзельнікаў тэндэру ёсць сумневы, што ў выніку ўсё атрымаецца якасна, пры выбары падрадчыка ў клубе, здаецца, арыентаваліся больш на таннасць, а прапанова ад Limak была на 250 млн еўра меншая, чым у бліжэйшага канкурэнта.

Клуб ужо неаднаразова вінавацілі, што да будаўніцтва прыцягнутыя мігранты, якія атрымліваюць мінімальную зарплату і пры гэтым працуюць 56 гадзін на тыдзень замест дазволеных 40. Некаторыя начуюць проста ў хмызах каля будаўніцтва. Клуб адказвае, што на прадпрыемства некалькі разоў прыходзілі праверкі і ніякіх парушэньняў не было заўважана. Стадыён спяшаецца адкрыцца да лістапада 2024 года, калі «Барсе» спаўняецца 125 гадоў.

Але нават не сімвалізм тут галоўны, Лапорта сцвярджае, што кожны сезон без свайго стадыёна клуб губляе амаль 100 млн еўра. Не варта забываць, што «Барселона» зарабляе не толькі матчамі. Гэта турыстычны магніт для ўсяго свету, таму нават экскурсіі і продажы сумежных тавараў прыносяць немалыя грошы.

«Справа Негрэйры» можа канчаткова дабіць «Барселону». Там усё сур'ёзна

«Справа Негрэйры» да гэтага часу вісіць над «Барселонай», хаця ў клубе ўпэўненыя, што ніякай пагрозы няма. Адвакаты бачаць гэтую праблему не спартыўнай карупцыяй, а хутчэй пытаннем з падатковай. Пра гэта пісала выданне Diario Sport, хаця іншыя журналісты ўпэўненыя, што будзе разглядацца магчымы ўплыў на спартыўныя вынікі. Пазней Diario Sport выдаліў сваю навіну.

Каталонцаў абвінавачваюць у тым, што яны 17 гадоў плацілі грошы былому віцэ-прэзідэнту тэхнічнага камітэта суддзяў Іспаніі Хасэ Марыі Негрэйры, каб суддзі ім дапамагалі. У «Барсе» сцвярджаюць, што плацілі за «тэхнічныя справаздачы». З 2001-га па 2018-ы Хасэ Марыя атрымаў 7,7 млн еўра ад каталонцаў. Сам Негрэйра спасылаецца на тое, што ў яго выявілі хваробу Альцгеймера і прагрэсуе дэменцыя, таму ён не можа быць выкліканы ў суд у якасці абвінавачанага. Аднак судзейскі эксперт, які агледзеў Негрэйру, заявіў, што той цалкам можа паўстаць перад судом, таму ўсёй Іспаніі застаецца толькі чакаць.

З «Барселоны» могуць зняць пункты ці нават адправіць у Сегунду. Суддзя, які займаецца гэтай справай, бачыць там прыкметы карупцыі і адмаўляецца верыць у тое, што Негрэйра падманваў «Барселону», не «ўяўляючы выканання функцыі, якую ён не выконваў». У гэтай справе дакладна не адступіцца «Рэал», які са свайго боку ўсяляк падтрымлівае расследаванне, вінавацячы каталонцаў у подкупе.

Фота: Global Look Press/Federico Pestellini, S. Ros/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты