Tribuna/Тэніс/Блогі/О духе времени/Сабаленка спрабуе пераканаць усіх, што па-за палітыкай. Вось прыклады, дзе адразу відаць: Арына заўсёды вельмі, вельмі старалася ад яе дыстанцыявацца

Сабаленка спрабуе пераканаць усіх, што па-за палітыкай. Вось прыклады, дзе адразу відаць: Арына заўсёды вельмі, вельмі старалася ад яе дыстанцыявацца

Усяго толькi ўключыла Лукашэнку ў сваю каманду – якая дробязь, сапраўды.

Аўтар — Tribuna.com
29 студзеня 2023, 11:27
5
Сабаленка спрабуе пераканаць усіх, што па-за палітыкай. Вось прыклады, дзе адразу відаць: Арына заўсёды вельмі, вельмі старалася ад яе дыстанцыявацца

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйграла Australian Open – адзін з найбуйнейшых турніраў у свеце. З перамогай яе віншуюць прыяцелі з тэніснай эліты тыпу серба Новака Джокавіча, афіцыйныя акаўнты гіганцкага сусветнага брэнда Nike, з якім у Сабаленкі кантракт, за сам тытул спартсменцы дадуць больш за 2 мільёны долараў.

Усяго гэтага магло б не быць, калі б галоўныя тэнісныя арганізацыі, як амаль усе міжнародныя структуры ў іншых відах спорту, адхілілі прадстаўнікоў Беларусі і Расіі ў адказ на вайну, якую з 24 лютага працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Але ў тэнісе дазволілі выступы ў нейтральным статусе – маўляў, трэба быць па-за палітыкай – і нават каралі «Уімблдон», які ўвёў бан.

Сабаленка дастаткова рэдка атрымлівае пытанні пра палітыку. Усе іх спартсменка адбівае прыкладна аднолькава: кажа нешта ў духу «я нічога не магу змяніць», а заадно спрабуе ўсіх пераканаць, што наогул ніяк з палітыкай не звязана.

«Без сцягоў дык без сцягоў, акей. Як я казала, я сапраўды думала, што тэніс і ўвогуле спорт не маюць нічога агульнага з палітыкай», – гэта падчас Australian Open у Сабаленкі спыталі пра забарону беларускай і расiйскай дзяржсімволікі.

«Я вельмі расчараваная, што спорт нейкім чынам у палітыцы. Мы проста спартсмены. Мы – гэта не пра палітыку», – гэта з каментарыя Сабаленкі канца мінулага года наконт «Уімблдона», які ёй прыйшлося прапусціць.

«Шмат ціску. Імкнуся памятаць, што я проста спартсменка і не маю ніякага дачынення да палітыкі», – гэта Сабаленка сказала на US Open у верасні 2022-га пры пытанні, ці складана ёй гуляць у «цяперашняй палітычнай сітуацыі».

Хіба могуць быць сумневы, што Арына кажа праўду? Ёсць жа не адзін прыклад таго, як Сабаленка, відавочна, вельмі-вельмі імкнецца дыстанцыявацца ад палітыкі – вось яны.

Сустракалася з Лукашэнкам па ўласнай ініцыятыве

Сабаленка не раз сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам – якіх вам яшчэ трэба доказаў, што яна не лезе ў палітыку? Упершыню гэта – прынамсі, з публічным абвяшчэннем – здарылася ў 2017-м, калі жаночая зборная Беларусі гуляла ў чвэрцьфінале Кубка федэрацыi супраць Нідэрландаў. Лукашэнка прыйшоў у раздзявальню да беларускіх тэнісістак і сказаў: «Я, канешне, не прыйшоў вас вучыць – я, напэўна, менш у тэнісе разбіраюся. Я проста прыйшоў, каб вы не перажывалі. Не хвалюйцеся. Вы ж учора гулялі, якое хваляванне? Хвалявання ўжо быць не павінна. Заўсёды трэба згуляць так, як ад цябе не чакаюць. Галоўнае - не хвалюйцеся». Па твары Сабаленкі было не сказаць, што яна падпарадкавалася патрабаванню Лукашэнкі. Ад абдымкаў, прапанаваных палітыкам, яна таксама адмаўляцца не стала. «[Лукашэнка] заходзіў да нас у распранальню, сказаў пару ласкавых, настроіў на матч», – пасля сказала тэнісістка.

Прыходзіў Лукашэнка да тэнісістак і перад мінскім фіналам таго розыгрышу КФ супраць ЗША – ставіў задачу «паказаць сваю гульню». Ад паражэння 2:3 гэта не зберагло.

Дапусцім, гэта былі сустрэчы, ад якіх Сабаленка не магла адмовіцца. Аднак у лістападзе 2018-га Лукашэнка правёў з Сабаленкай рандэву – прычым пра сустрэчу тэт-а-тэт палітыка папрасіла сама тэнісістка. Навошта ёй гэта было патрэбна і што там абмяркоўвалі – невядома да гэтага часу.

Таксама можна ўзгадаць, што ў канцы 2019-га Сабаленка наведала рэстаран «Лябяжы», які ў той вечар адкрываў Лукашэнку.

Называла Лукашэнку членам сваёй каманды

У 2019-м Сабаленка ўвогуле ўключыла Лукашэнку ў склад сваёй каманды. «У шырокім сэнсе [Лукашэнка] у ёй быў і застаецца. Добра нарадзіцца ў краіне, дзе [Лукашэнка] падтрымлівае спорт як ніхто іншы і гатовы прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Гэта неацэнна», – расхвальвала куміра спартсменка.

Бліжэй да канца таго года пасля перамогі ў парным разрадзе на US Open Сабаленка перадала Лукашэнку яшчэ адну падзяку: «Думаю, Аляксандр Рыгоравіч не прапусціў [фінальны] матч. Прывітанне яму і дзякуй за ўсё. У нас кіраўніцтва краіны любіць спорт. У свой час атрымлівалася выязджаць на турніры і спаборнічаць менавіта дзякуючы дапамозе кіраўніцтва краіны».

Думаецца, Лукашэнка і зараз лічыць сябе членам каманды Сабаленкі. Блізкія палітыку людзі з Telegram-каналам перадалі, што ён аж мацюкаўся пры яе гульні, а потым выклалі відэа, на якім Лукашэнка паднімае тост за Сабаленку разам з экс-кіраўніком федэрацыі тэніса, набліжаным «бізнесменам» Сяргеем Цяцерыным, які, канешне, не прапусціў шанцу дадаць, што ўсё адбываецца не проста так, а «за краіну і прэзідэнта» (якую і якога – не ўдакладняецца).

Гуляла ў камандзе з прэм'ер-міністрам

Да сумесных матчаў з Лукашэнкам, як у Вікторыі Азаранкі (якая цяпер смяшыць выказваннямі, што нібыта «ніколі ў жыцці не гуляла ў палітычныя гульні»), у Сабаленкі не дайшло. Аднак быў іншы прыклад – у 2019-м тэнісістка стала ў пару з тады прэм'ер-міністрам Беларусі, былым кіраўніком АБФФ Сяргеем Румасам. На другім баку выступалі Таццяна Пучак, якая трэніравала зборную краіны, з міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам. Сабаленка і Румас перамаглі, а Арына пасля матчу выдала кампліменты ў адрас і напарніка, і суперніка: «[Румас і Ермаловіч] паказалі даволі нядрэнны тэніс. Я, шчыра скажу, чакала, што будзе прасцей гуляць. Здзіўлена іх добрым узроўнем падрыхтоўкі».

Паўтарала рэжымную бязглуздзіцу пра кавід

Калі ў 2020-м свет накрыла пандэміяй каранавіруса, Беларусь па загадзе Лукашэнкі фактычна праігнаравала небяспеку, якая прыйшла ў краіну (а Румаса, які прапаноўваў хаця б перавесці на дыстанцыйку навучальныя ўстановы і ўсе магчымыя працоўныя месцы, выгналі з прэм'ерскага крэсла). Пакуль іншыя дзяржавы абаранялі народ, Лукашэнка казаў пра «псіхоз», раіў лячыцца лазняй, гарэлкай і трактарамі і заяўляў, што вірусаў няма там, дзе ён іх не бачыць. Бадай што, стратэгія бравады замест барацьбы з кавідам стала вырашальным фактарам для аб'ёму пратэстаў супраць Лукашэнкі і ягонай сістэмы на выбарах-2020 – вірус закрануў больш-менш усіх жыхароў краіны, якім давялося ратавацца самім.

У пачатку чэрвеня 2020-га Сабаленка вырашыла абмеркаваць каранавірус з тэніснай сяброўкай Юліяй Пуцінцавай, якая выступае за Казахстан, а на той момант знаходзілася ў амерыканскім Маямі. Паслухаўшы пра тамтэйшыя жорсткія кавідныя абмежаваннi, Арына ў чарговы раз станоўча адгукнулася пра рэжым: «Насамрэч, у нас так добра, што ўсё адкрыта». А потым і зусім практычна даслоўна працытавала Лукашэнку: «Дзе [каранавірус], яго не відаць жа (смяецца). Мы яго не бачым. Вось ты можаш яго памацаць? Я не магу. Вось і няма каранавіруса (смяецца). Ну, блін, перахварэю – перахварэю. Калі ўжо наканавана – гэтага не пазбегнеш».

Пазней Сабаленка гневалася, што ў навіны вынеслі «жартаўлівую балбатоўку» – зрэшты, кожны сам можа ацаніць, жартавала тэнісістка ці ўсё ж, як лічым мы, высмейвала рэальную праблему.

Пасля выбараў не магла назваць ініцыятараў гвалту, затое не забывалася, «што зроблена для спорту»

13 жніўня 2020-га, у разгар збіванняў сілавікамі Лукашэнкі пратэстуючых і іх катаванняў за кратамі, Сабаленка напісала, што не можа «глядзець на жорсткасць у адносінах да безабаронных людзей», і папрасіла спыніць гвалт. Аднак адрасата свайго звароту тэнісістка ніяк не ўказала – і далей працягвала займаць палавiнчатую пазіцыю: заяўляла, што супраць гвалту і за мір, але ніяк не тлумачыла, хто ж вінаваты ў наяўнасці першага і адсутнасці другога.

У лістападзе 2020-га Сабаленка заявіла, што нейкія беларусы хочуць, каб яна «ўскочыла ў інстаграм з такім сцягам» (далей былі словы пра прыхільнікаў БЧБ), і вельмі знаёма заявіла: «Спорт па-за палітыкай. Спартсмены займаюцца сваёй справай, палітыка – сваёй». Гэта было сказана неўзабаве пасля таго, як тэнісістка ў дзень чарговага збіцця беларусаў на мірным маршы пратэсту вырашыла падзяліцца з падпісчыкамі перажываннямі пра свой макіяж – а калі ў каментарыi сталі прыходзіць заканамерныя пытанні пра дарэчнасць моманту, пачала раіць незадаволеным «паразумнець» і дзівіцца, як іх «зямля носіць».

Толькі аднойчы ад Сабаленкі быў хаця б намёк на тое, што гвалт – гэта ўсё ж ініцыятыва рэжыму. Аднак тут жа гэта было перакрыта заклікам памятаць пра яго заслугi, нягледзячы ні на што. «Вы праўда лічыце, што вам дазволена за мяне вырашаць, на якім я баку? Я супраць гвалту і казала пра гэта публічна! Але я не магу заплюшчыць вочы на ўсё тое, што зроблена для краіны ў цэлым і для спорту ў прыватнасці», – заявіла тэнісістка, пацвердзіўшы якасць, якая найбольш шануецца рэжымам – вернасць яму.

Стала падпісанткай прарэжымнага ліста

У канцы лістапада 2020-га на свет з'явіўся «адкрыты зварот дзеячаў беларускага спорту», створаны, паводле нашых звестак, па заданні рэжымнага Мінспорту супрацоўнікам яго газеты. У ім фармальна заяўляўся любімы сабаленкаўскі «спорт па-за палітыкай», аднак сам зварот прама супрацьпастаўляўся створанаму адразу пасля выбараў лісту свабодных спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту, а ў тэксце прыводзіліся «вялікія» поспехі белспорту, якімі клікалі ганарыцца і асобным абзацам нагадвалі, што «гэта не было б магчымым без каласальнай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы». Увогуле, усё было настолькі відавочна, што зварот адразу ж сталі называць праўладным ці прарэжымным лістом альбо проста лістом за Лукашэнку.

У снежні 2020-га на спецыяльна створаным сайце сталі з'яўляцца звесткі тых, хто падпісаўся за рэжым. Там значылася і Сабаленка – пад прэстыжным нумарам 24. Ці асабіста падпісвалася спартсменка, невядома – зрэшты, ні разу за амаль два гады з тых часоў яна не выказвалася на гэтую тэму, адпаведна, заняла пазіцыю маўклівай згоды з усім, што працягвае практыкаваць рэжым (гвалт, катаванні, драконаўскія тэрміны нязгодным).

Прыйшла піць з Лукашэнкам пасля чатырох месяцаў гвалту

Яшчэ больш наглядна ўсе словы Сабаленкі пра тое, што яна нібыта супраць гвалту, разбіла яе з'яўленне на навагоднім звароце Лукашэнкі ў канцы 2020-га. У ім палітык заклікаў «перагарнуць старонку ў імя захавання лапiка зямлі ў цэнтры Еўропы» (якая павага да Беларусі), а затым сышоў піць шампанскае з запрошанымі гасцямі, сярод якіх была і тэнісістка. «Ружовая кофтачка» з куфлем у руцэ ўсміхалася проста ў твар дыктатару. Калі пазней заўзятары спыталі, навошта яна туды прыйшла, Сабаленка толькі заклікала «не дадумваць жахаў».

Пераконвала прарэжымнага функцыянера, што зусім не збіралася падтрымліваць Украіну

Неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне Сабаленка напісала: «Не вайне». А ў сакавіку журналісты спыталі ў тэнісісткі, цi магла б яна паказаць падтрымку Украіне на корце – напрыклад, надзеўшы стужку колераў украінскага сцяга, як у тыя дні сталі рабіць шэраг яе калегаў. Сабаленка адказала так: «Я гатовая надзець такую стужку. Я адчуваю, што людзі [ва Украіне] маюць патрэбу ў нашай падтрымцы. Мы клапоцімся пра іх, мы ўсе спадзяемся на мiр. Надзеўшы стужку, я б адчувала сябе камфортна».

Літаральна праз дзень Сабаленка ўжо трымала адказ перад Сяргеем Рутэнкам – былым гандбалістам, які пасля выбараў актыўна ўпрогся за Лукашэнку, прысутнічаў на яго «інаўгурацыі» і ў выніку (а без згоды рэжыму ў цяперашняй Беларусі гэта немагчыма) стаў кіраўніком федэрацыі тэніса. Сапраўды, як гэта – Лукашэнка і ягоны рэжым распавядаюць пра нібыта «нацыстаў» ва Украіне і ўсяляк дапамагаюць Расiі, а тут Сабаленка кажа пра падтрымку ўкраінцаў?

Неўзабаве Рутэнка распавёў журналістам, што тэнісітка запэўніла: яе адказы сказілі. «Якi раз пераканаўся, што заходняя прэса перайначвае ўсе словы на свой лад, прасоўваючы загадзя вызначаныя тэзісы. Не буду прыводзіць падрабязнасцяў нашай асабістай размовы [з Сабаленкай], але сутнасць яе адказаў была зусім іншая, чым было апублікавана», – заявіў прарэжымны функцыянер.

У выніку тэнісістка ніякіх стужак так і не надзела – відаць, Рутэнка спрацаваў эфектыўна. Аднак само яго выказванне выклікала толькі саркастычную ўсмешку – бо словы Сабаленкі запісвалі на відэа, і «не так» зразумець яе было немагчыма (адзнака 3:52).

Відавочна, Сабаленка не гатовая губляць ні магчымасць бываць у Мінску, ні нейкія матэрыяльныя выгоды ў Беларусі – хоць чалавек, які здольны выкарыстаць захаваную для яго магчымасць атрымаць больш за 2 мільёны долараў за адзін турнір, мог бы даўно і без праблем вывезці ўсіх сваіх сваякоў хаця б у той жа Маямі, які тэнісістка зараз называе сваiм домам. Зрэшты, гэта яе выбар, і дзівіцца ні яму, ні яе крывадушнасці мы сур'езна не станем.

У гэтай гісторыі застаецца толькі адна загадка: чаму з такім бэкграўндам спартсменку ўсё яшчэ спансіруюць заходнія кампаніі і прасоўвае WTA, а журналісты на прэс-канферэнцыях так ні разу і не задалі пытання ў лоб пра яе сувязi з Лукашэнкам?

Іншыя пасты блога

Усе пасты