Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Як маецца Бонд, якая абяцала аголены забег за перамогу БАТЭ: адмовіла дынамаўцам, рэспектнула Украіне за Еўра, была атакавана Азаронкам

Як маецца Бонд, якая абяцала аголены забег за перамогу БАТЭ: адмовіла дынамаўцам, рэспектнула Украіне за Еўра, была атакавана Азаронкам

69-ы нумар барысаўчан.

Аўтар — bytribuna com
7 лістапада 2022, 13:21
5
Як маецца Бонд, якая абяцала аголены забег за перамогу БАТЭ: адмовіла дынамаўцам, рэспектнула Украіне за Еўра, была атакавана Азаронкам

Сярод тых, хто пакінуў свой след у белспорце, не толькі тыя, хто непасрэдна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Тым больш у гэтых людзей не так часта атрымліваецца ствараць шоу, якое патрэбна аўдыторыі. Таму клубы, якія клапаціліся пра сваю медыйнасць, не раз запрашалі ствараць карцінку кагосьці, добра знаёмага з тым, як працуе піяр. У гэтае кола ўваходзіла і Ганна Бонд – артыстка цырка і тэлевядучая ў сярэдзіне 2010-х тры гады супрацоўнічала з БАТЭ, эпатавала публіку і збірала палярныя водгукі пра сваю працу. Расказваем, як гэта было і як маецца Бонд зараз.

Ганна Каваленка ў дзяцінстве была спартыўным дзіцём – займалася валейболам і ў юным узросце нават трапіла ў зборную рэспублікі 1979-80 гадоў нараджэння. Але са спортам прыйшлося завязаць у «суровыя 90-я» – дзяўчына казала, што трэнеры бачылі ў ёй прафесійныя перспектывы, але «ў сям'і не было грошай, трэба было ісці працаваць». Ганна, дарэчы, паспела патрэніравацца ў будынку касцёла Дзевы Марыі, які ў савецкія гады належаў спорттаварыству «Спартак».

У 16 гадоў дзяўчына ўпершыню выйшла на мадэльны подыум і хутка выйграла адзін з лакальных конкурсаў. А далей у яе жыцці здарылася лёсавызначальная сустрэча – у снежні 1997 года ў падземным пераходзе Ганна пазнаёмілася з Сяргеем Бандарчуком, сынам дырэктаркi "Белдзяржцырка" Таццяны Бандарчук. Пасля гэтага дзяўчына перайшла ў больш паспяховае мадэльна агенцтва, атрымала чарговую перамогу і збіралася ехаць на конкурс «Міс СНД» – але тут Бандарчук прапанаваў усё адмяніць і выйсці за яго замуж. Ганна пагадзілася – і ў 1999-м стала Бандарчук.

Неўзабаве Ганна стала працаваць з мужам у "Белдзяржцырку" – работала ў клаўнадзе, спартыўнае мінулае дапамагло ў конна-акрабатычным нумары, але часцей дзяўчына выступала асістэнткай мужа-ілюзіяніста: яе «пілавалі, палілі і праколвалі» (гэта было сапраўды небяспечна). Бандарчук таксама ўлілася ў «свецкую тусоўку», дзе выявіла сябе вострай на язык. Гэта не дадавала ёй любовi, затое ўразіла тэлепрадзюсараў – і пад канец 2000-х Ганна стала вядучай на дзяржТБ, для якога ўзяла псеўданім Бонд. «Я ганаруся сваім прозвішчам, але на ТБ запамінаецца ці тое, што прыгожа гучыць, ці тое, што дражніць слых. Я вырашыла iграць ролю дзяўчыны Бонда. Проста ўзяла прозвішча мужа і прыбрала лішняе», – тлумачыла яна. Паралельна Бонд вяла свае блогі ў сацсетках.

Па прызнанні Ганны, упершыню пра беларускі футбол яна пачула з-за еўрапейскіх поспехаў БАТЭ – патрапіла на матч з «Ювентусам» у 2008-м і нават атрымала аўтограф ад Анатоля Капскага. У пачатку 2010-х вядучая запісала сябе ў прыхільнікі барысаўскага клуба, аднак з матча групавога этапу ЛЧ-2011/12 супраць «Барселоны» сышла ўжо пасля першага тайма, не вытрымаўшы няўдалага для барысаўчан ходу сустрэчы, і заявіла, што гульцы «не паказалі, што яны сапраўдныя мужыкі». Але гэта не перашкодзіла праз некалькі гадоў пачаць «сябраваць» з клубам, а ў 2015-м на запрашэнне памочніка дырэктара БАТЭ па маркетынгу Платона Дзмітрыева пачаць супрацоўніцтва.

Бонд стала вядучай праекту «БАТЭ on air» – ён пачаў выходзіць у 2014-м, але з тварам праграмы была мiтусня: то яго ўвогуле не было, то мікрафон трымалі футбалісты, якія з нейкіх прычын прапускалі матч, то розныя запрошаныя «зоркі», як экс-тэнісістка Вольга Барабаншчыкава ці праўладны спявак Аляксандр Саладуха. У адным выпуску з“явілася і Бонд, пра прызначэнне якой сталай вядучай абвясцілі ў красавіку 2015-га. «Напачатку я нічога не разумела і не адмаўляла гэтага. Не ведала, што такое «броўка», казала «перыяд» замест «тайм». Але чалавеку не павінна быць сорамна за такое. Трэба вучыцца, удасканальвацца. Усё з часам зразумела», – пазней успамінала Ганна. У 2015-м яна казала, што «БАТЭ on air» задуманы як «праект без моцнай сэнсавай нагрузкі, якой і без таго поўна».

У кадры Бонд мела зносіны з усімі навокал, нават з дзецьмі, перыядычна задаючы знарок дурныя пытанні. Адбывалася ўсё весела і нязмушана. Ужо ў першым выпуску яна папросту расцалавала барабаншчыкаў на трыбунах (адзнака 9:30).

А калі на матч кваліфікацыі ЛЧ у Барысаў прыехаў ірландскі «Дандалк», заводзіла балельшчыкаў проста ў чарзе па ежу (адзнака 4:42).

Але мацней за ўсё загаварылі пра Бонд у кастрычніку 2015-га, калі ў дзень матчу групы ЛЧ з «Барселонай» яна паабяцала выбегчы на поле аголенай, калі БАТЭ пераможа грознага саперніка.

Гэта паслужыла нагодай для шырокага перадматчавага абмеркавання, а пасля 0:0 да перапынку пачаліся спрэчкі, ці стрымае Ганна абяцанне. Але БАТЭ ўсё ж прайграў 0:2, і забег не адбыўся. Пазней Бонд запэўнівала, што ўсё было гатова – яна загадзя надзела прыгожую бялізну, прыняла «100 грам» для храбрасці і была гатовая да штрафу. Ды і Капскі ў гэта верыў: «Я ведаю яе як чалавека, які трымае слова. Зрэшты, што казаць пра тое, чаго не здарылася? Была правакацыя, яна шмат каму спадабалася, прыцягнула яшчэ больш увагі да футбола ў народу. Значыць, ход спрацаваў! А ўвогуле, наколькі мне вядома, Ганна вельмі разумная жанчына і добрая мама». А вядучая неўзабаве агалілася і без футбола – для эратычнай фотасесіі ў часопісе.

А Капскі падарыў дзяўчыне футболку з гуллівым нумарам 69.

Пасля двух сезонаў з Бонд-вядучай праект «БАТЭ on air» закрыўся – Дзмітрыеў заявіў, што «падобныя праекты вычарпалі сябе». Але з Ганнай клуб не растаўся – у 2017-м яна проста перайшла ў праект «ББ Блог», які, зрэшты, не тое каб моцна адрозніваўся ад папярэдняга: Бонд усё гэтак жа з запалам апытвала гульцоў, персанал і заўзятараў. А аднойчы нават крыху заспойлерыла вяселле цяпер праўладнага падпісанта Яўгена Яблонскага і тады супрацоўніцы дзяржТБ Крысціны Козел (адзнака 0:41).

Але больш запомнілася рэакцыя Бонд на прарыў на поле, якi ўсё ж адбыўся ў еўракубкавым матчы - у 2017-м падчас гульні з «Арсеналам» на газон у байцы з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сцягам у руках выбег Аляксандр Вянгерскі, за што потым быў збіты сілавікамі і адсядзеў 10 сутак арышту. Бонд тут жа асудзіла паслядоўніка, нецэнзурна яго абазваўшы і паўтарыўшы дзяржмантру, што «спорт па-за палітыкай».

Удзел Бонд у «ББ Блог» абмежаваўся адным сезонам. «Любы праект мае цыкл жыцця. Трэба ўмець падладжвацца пад настрой клуба, гульню, заўзятараў. І было цяжка здымаць весялосць і запал, ведаючы, што Анатоль Анатольевіч [Капскі] хварэе. І ў клуба не ўсё атрымлівалася. Рабіць пры гэтым настрой і здымаць, як усе ####### [цудоўна] тут – не. Абстаноўка ўнутры клуба ўжо была цяжкай», – пазней тлумачыла прычыны вядучая.

Тры гады супрацы з топ-клубам прынеслі Бонд нядрэнную вядомасць не толькі сярод заўзятараў. «Многія футбалісты працягваюць пісаць мне да гэтага часу. З мiнскага «Дынама» дасылалі фотачкі і нават запрашалі кавы папіць. Але скажуць, маўляў, яна з дынамаўцамі тусуецца – не, вядома», – казала ў 2020-м Ганна, якая яшчэ ў 2015-м развялася з Бандарчуком.

На БАТЭ Бонд пасля спынення супрацоўніцтва не забывалася – засталася заўзятарам, прыязджала на пахаванне Капскага. Таксама згадвала ў сацсетках поспехі клуба ці прыходзіла ў каментары да навін пра яго матчы. Праўда, калі ў 2020-м БАТЭ двойчы «ўляцеў» «Энергетыку-БДУ», Бонд заявіла, што цяпер «закахана» ў «маладых, дзёрзкіх і перспектыўных» «студэнтаў». Нестандартная футбольная праява ў Instagram Бонд здарылася ў 2021-м – пост падзякі зборнай Украіны за добры вынік на Еўра.

Займалася Ганна спортам і сама – асабліва вядомай стала гісторыя з удзелам у заплыве праз Басфор: у 2018-м Бонд паспяхова падрыхтавалася і пераадолела праліў за адведзены час, у 2019-м з задачай не справілася, а ў 2021-м незадоўга да спаборніцтваў была паражоная каранавірусам – і высакародна аддала сваё месца жанчыне, якая не паспела зарэгістравацца на спаборніцтва. Да таго часу Ганна даўно засталася свабодным ад сістэмных абавязацельстваў блогерам, што выкарыстоўвала як аргумент у спрэчцы са Станіславам Драгуном, які ў 2019-м назваў супрацоўнікаў дзяржТБ «лепшымі вядучымі».

Узровень даходаў уладальніца нашпігаванай дарагой тэхнікай размашыстай кватэры падтрымлівала з дапамогай рэкламных прапаноў і развіцця сацсетак – цяпер акаўнт шоувумэн у Instagram налічвае больш за 100 тысяч падпісчыкаў (у 2018-м было менш за 50 тысяч, у 2020-м – крыху менш за 80 тысяч). «Гэта рэальная велічыня ў медыя. Яе цікава чытаць многім, брэнды ўсё часцей супрацоўнічаюць з ёю. Спорт, які ўсё больш перастае быць сектай сведкаў аматараў спорту, з медыйнымі людзьмі ідзе бок у бок», – пісаў неяк PR-спецыяліст з досведам працы ў спорце Іван Караічаў, каментуючы чарговае інтэрв'ю Бонд пра час у БАТЭ.

Перад выбарамі 2020-га Бонд лічыла, што людзям трэба быць актыўнымі: «Свой подпіс [за вылучэнне] можна паставіць хоць за кожнага кандыдата. Пасля вы пачуеце праграмы і зробіце свой выбар. Я ўжо за сяго-таго падпісалася. За каго? Я не хачу рабіць рэкламу. Мне за яе не плацілі». А вось пасля выбараў асабліва не выказвалася, а на пачатку верасня ўвогуле абвясціла, што не лезе ў палітыку.

Аднак выказванні Бонд, якая знаходзіла цёплыя словы для непажаданых для беларускага рэжыму Алены Леўчанка, Вольгі Хіжынковай і Аляксандра Івуліна, усё роўна былі не даспадобы прапагандыстам. 23 мая 2021-га, калі ў Беларусі пасадзілі рэйс Афіны – Вільнюс, каб зняць з яго Рамана Пратасевіча, а Бонд пахваліла спецслужбы за «работу на выдатна», Ганну атакаваў Рыгор Азаронак – назваў «увасабленнем дэградацыі», прыпісаў нейкія мары пра «хлам, які пахне СНIДам», і зрабіў выснову, што ў Беларусі павінна застацца дыктатура, каб краіна была «востравам радасці», пакуль «свет тоне ў бездані прагрэсу ў бок асобін у стрынгах». Калі Азаронка так узбудзiлі пазбаўленыя ўсякага пратэстнага напаўнення словы Бонд, складана ўявіць, як бы ён адрэагаваў на пажаданне Украіне мiру ў гэтым сакавіку.

Зрэшты, на Бонд іншыя падзеі бачным чынам не ўплываюць – яна па-ранейшаму жыве ў Беларусі, удзельнічае ў рэкламных інтэграцыях, гуляе з пляменнікам Маркам (сын Ганны Ігнат ужо паўналетні і жыве за мяжой, называючы сябе крыптаінвестарам), падарожнічае. У кастрычніку яна паскардзілася падпісчыкам на «невытлумачальны маразм у санкцыях», не здолеўшы набыць сумку ў турэцкай краме моднага брэнда з-за беларускага пашпарта.

А тыдзень таму заявіла, што ёй «падабаецца гісторыя» з дырэктыўнай забаронай рэжыму падвышаць кошты, паказаўшы пры гэтым «бабулю Аню».

Самыя свежыя навіны ад Ганны – наконт абвастрэння праблем са здароўем.

Іншыя пасты блога

Усе пасты