Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/АБФФ не ведае, што рабіць з «Шахцёрам» (такога яшчэ не было). Пажыццёвая дыскваліфікацыя пагражае не аднаму футбалісту

АБФФ не ведае, што рабіць з «Шахцёрам» (такога яшчэ не было). Пажыццёвая дыскваліфікацыя пагражае не аднаму футбалісту

Прыняць нейкае рашэнне трэба на працягу тыдня.

Аўтар — bytribuna com
28 красавіка 2023, 22:00
12
АБФФ не ведае, што рабіць з «Шахцёрам» (такога яшчэ не было). Пажыццёвая дыскваліфікацыя пагражае не аднаму футбалісту

Гісторыя з падазронымі матчамі, на якія нібыта ўплываў «Шахцёр», каб ускладніць жыццё сваім супернікам па чэмпіёнскай гонцы, набліжаецца да завяршэння. Праз тыдзень салігорская каманда мусіць альбо атрымаць ліцэнзію на ўдзел у еўракубках, альбо застацца без яе. Да гэтага моманту федэрацыі футбола неабходна вызначыцца, ці стымуляваў Салігорск трэція каманды фінансава, а калі стымуляваў, то якое пакаранне за гэта павінен панесці (зняцце ачкоў, паніжэнне ў класе, пазбаўленне чэмпіёнскага тытула?).

Цяжкасць у тым, што расследаванне вядзе не АБФФ, а Следчы камітэт Лукашэнкі. Адпаведна, федэрацыя знаходзіцца ў інфармацыйнай залежнасці ад рэжымнага СК, а само расследаванне яшчэ не завершанае.

Пра што гаворка?

27 красавіка расійскі агент Антон Смірноў, які ўжо не першы месяц актыўна ваюе з "Шахцёрам", паведаміў, што, паводле яго інфармацыі, у сценах Дома футбола адбылося пасяджэнне па дысцыплінарнай справе, галоўным фігурантам якой з'яўляецца салігорскі клуб. І на гэтае паседжанне нібыта былі выкліканыя 28 чалавек. ДК пакуль не прыняў ніякага рашэння, але мяркуецца, што ён зробіць гэта да 4 траўня, бо 5 траўня «Шахцёр» павінен атрымаць (альбо не атрымаць) ліцэнзію для ўдзелу ў еўракубках. А выдача ліцэнзіі залежыць ад таго, ці будзе прызнанае чэмпіёнства Салігорска ў сезоне-2022 легітымным. На гэты конт існуюць сумневы.

У студзені гэтага года стала вядома, што "Шахцёр" падазраюць у стымуляванні каманд, якія сустракаліся з супернікамі Салігорска ў барацьбе за тытул. 30 студзеня сілавікамі Лукашэнкі была заведзеная крымінальная справа на прадстаўніка «гарнякоў» за аказанне ўплыву на вынік матчу ЧБ. Прозвішча падазраванага не называлася, але ў той жа дзень быў затрыманы дырэктар клуба Аляксандр Марчанка (сёння ён знаходзіцца на волі).

Крыху пазней сталі называцца матчы, што аказаліся пад падазрэннем. Сайт football.by казаў пра гульню паміж «Белшынай» і мінскім «Дынама» (0:0) у 19-м туры. Нібыта з боку "Шахцёра" бабруйскай камандзе належыла ўзнагарода за такі вынік.

Падазроным быў і іншы матч - паміж «Шахцёрам» і ўсё той жа «Белшынай» у заключным туры чэмпіянату, калі вызначаўся ўладальнік золата. «Гарнякі» на два балы апярэджвалі «Энергетык-БДУ», які паралельна гуляў з мінскім «Дынама». "Шахцёр" выйграў 4:1, у тым ліку дзякуючы пенальці, які прывёз нападаючы "шыннікаў" Дзмітрый Гомза на 56-й хвіліне. Па інфармацыі «Трыбуны», і гэты матч выклікаў пытанні ў лукашэнкаўскіх сілавікоў. У студзені 2023-га Гомзу затрымлівалі - ён правёў за кратамі двое сутак, пасля чаго быў выпушчаны на волю.

У канцы студзеня загаварылі пра тое, што "Шахцёр" можа быць пазбаўлены чэмпіёнства, і залатыя медалі ў такім выпадку перададуць "Энергетыку-БДУ".

Увесну з'явілася інфармацыя, што за «Шахцёрам» падазраюць пяць дзіўных матчаў. Чатыры з iх нібыта звязаныя са «стымуляваннем»: у сезоне-2022 - «Энергетык-БДУ» - «Дынама-Мінск» (1:3), «Белшына» - «Шахцёр» (4:1), «Дынама-Мінск» - « Энергетык-БДУ» (1:4), «Дынама-Брэст» - «Дынама-Мінск» (0:0). Таксама ў спiс увайшоў матч сезона-2021 - «Віцебск» - БАТЭ (0:0).

Што адбываецца цяпер?

Не так даўно pressball.by паведамляў, што АБФФ чакае інфармацыі ад сілавікоў Лукашэнкі, каб потым разбірацца з удзельнікамі падазроных матчаў. Як нам удалося даведацца, справа па-ранейшаму ў рэжымным Следчым камітэце, а федэрацыя футбола да яе дачынення пакуль не мае, як і не мае доступу да дэталяў расследавання.

Нам удалося паразмаўляць з прадстаўнікамі ўсіх клубаў, якія фігуруюць у спісах «падазроных» матчаў. Як запэўніваюць суразмоўцы, ніхто з футбалістаў альбо трэнераў 27 красавіка на пасяджэнні дысцыплінарнага камітэта, што прайшло ў АБФФ, не ездзіў. Трэніроўкі праходзілі ў штатным рэжыме, усе былі на месцах. Калі хтосьці і прыязджаў у федэрацыю, то толькі клубныя кіраўнікі. Паводле нашай інфармацыі, гаворка пра прадстаўнікоў «Шахцёра», брэсцкага «Дынама», «Энергетыка-БДУ». Мінскае "Дынама" жыло ў чацвер звычайным жыццём.

Што да "Віцебску", то, як запэўніваюць людзі, знаёмыя з сітуацыяй, нічыйны паядынак з БАТЭ ў сезоне-2021 больш не выклікае пытанняў. Прадстаўнікоў каманд ужо ніхто не турбуе.

А вось у адносінах да спартсменаў і функцыянераў іншых футбольных калектываў на працягу апошніх месяцаў лукашэнкаўскія следчыя актыўнічалі. Па нашых даных, у рэжымны СК, а таксама ў АБФФ для дачы тлумачэнняў (для гэтага і ў Дом футбола запрашаліся сілавікі) ездзілі былыя і цяперашнія гульцы і «Шахцёра», і «Энергетыка-БДУ», і «Белшыны», і брэсцкага « Дынама», і нават мінскага. У працэс былі ўцягнутыя і кіраўнікі клубаў. У цяпершні момант расследаванне не скончана.

Да чаго ўсё можа прывесці?

А вось тут цікава. «Трыбуна» паразмаўляла з многімі прадстаўнікамі беларускага футбола, якія так ці інакш звязаныя з сітуацыяй і валодаюць пэўнай інфармацыяй. Ніхто з нашых суразмоўцаў не можа нават выказаць здагадку, чым у выніку ўсё павернецца. Напрыклад, па нашых даных, нават у АБФФ не ўяўляюць, што рабіць з чэмпіёнствам "Шахцёра" - выпадак беспрэцэдэнтны. Іншыя нашы суразмоўцы перакананыя, што пазбаўляць залатых медалёў каманду не будуць - максімум здымуць пункты ў чэмпіянаце.

Што да гульцоў, якія замяшаныя ў справе, то, паводле нашых звестак, для некаторых з іх усё можа павярнуцца працяглымі дыскваліфікацыямі. Прычым людзі, якія знаёмыя з сітуацыяй, нярэдка выкарыстоўваюць слова "здача", а не "стымуляванне". У выніку, як гавораць суразмоўцы, вялікая верагоднасць, што некаторыя спартсмены атрымаюць нават пажыццёвае адхіленне, і размова не пра аднаго-двух футбалістаў.

Так ці інакш, развязкі засталося чакаць прыкладна тыдзень.

Фота: fcshakhter.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты