Tribuna/Баскетбол/Блогі/О духе времени/Сныціна нахапала трафеяў у Брытаніі, іншая беларуска ўзяла срэбра ў Італіі, шэраг гандбалістаў мае шанцы на тытулы (еўракубкі ўключна)

Сныціна нахапала трафеяў у Брытаніі, іншая беларуска ўзяла срэбра ў Італіі, шэраг гандбалістаў мае шанцы на тытулы (еўракубкі ўключна)

Што адбываецца з беларускімі легіянерамі па-за межамі футбола і хакея.

Аўтар — bytribuna com
19 траўня, 09:33
Сныціна нахапала трафеяў у Брытаніі, іншая беларуска ўзяла срэбра ў Італіі, шэраг гандбалістаў мае шанцы на тытулы (еўракубкі ўключна)

За мяжой сезоны ў гульнявых відах спорту практычна скончыліся. Цяпер або праводзяцца фінальныя серыі, або каманды ўжо вызначылі найлепшых і сышлі ў адпачынак. Беларусы аказаліся не ў баку ад разборак за тытулы. Расказваем, пра самыя заўважныя дасягненні нашых спартсменаў за мяжой.

Кацярына Сныціна, «Лондан Лаянс» (Вялікабрытанія)

Улетку 2022-га беларуска пасля сямі гадоў у чэмпіянаце Турцыі змяніла лігу. Баскетбалістка абрала наймацнейшы клуб Вялікабрытаніі «Лондан Лаянс», які да гэтага двойчы запар выйграваў нацыянальнае першынство. Пасля падпісання кантракта Сныціна прызнавалася, што не ўдзельнічала ў перамовах, цалкам даверыўшыся агенту, і збіралася атрымліваць асалоду ад баскетбола ў новай лізе. Праз праблемы з атрыманнем брытанскай візы Кацярына далучылася да каманды толькі ўвосені.

Легіянерка адразу стала адным з лідараў «ільвіц», стабільна набіраючы па дзясятку ачкоў за матч, а з часам нават атрымала капітанскую нашыўку. У сезоне «Лондан Лаянс» удалося выканаць практычна ўсе свае задачы. На ўнутранай арэне клуб сабраў усе магчымыя тытулы, перамогшы ў чэмпіянаце, Кубку краіны і Кубку брытанскай лігі.

З планаў не спраўдзіўся толькі чвэрцьфінал Еўракубка. «Лондан Лаянс» спыніўся на стадыі 1/16 фіналу, саступіўшы «Лілю». У дамашнім матчы брытанкі былі мацнейшыя 77:71, але на выездзе саступілі 64:77, за два паядынкі ў суме накідаўшы менш ачкоў, чым францужанкі. Праз месяц пасля вылету з Еўракубка кіраўніцтва «Лондан Лаянс» змяніла галоўнага трэнера на грачанку Стэлу Кальтцыду.

Магчыма, выкананню задачы перашкодзіла далёка не найлепшае ўзаемаразуменне паміж беларускай і партнёркамі на паркеце, пра што Сныціна не саромелася гаварыць. Аднойчы Кацярына сказала, што ёй даводзіцца мучыцца падчас гульні з гэтай нагоды.

Марыя Папова і Алекс Бэнтлі, УГМК (Расія)

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Бэнтлі праз некалькі дзён пакінула УГМК. Гэтак жа зрабілі ўсе замежныя баскетбалісткі і трэнеры клуба за выключэннем беларускі Паповай. Аднак адлучка з Екацярынбурга аказалася нядоўгай - у пачатку кастрычніка 2022-га беларуская амерыканка вярнулася ў каманду.

Папова і Бэнтлі працягнулі выконваць важныя ролі ва УГМК, стабільна з'яўляючыся ў стартавым складзе і ўвесь час праводзячы на паркеце больш за 20 хвілін. Па выніках сезона-2022/23 Алекс стала другой бамбардзіркай каманды, у сярэднім набіраючы 13,3 балаў за гульню - гэта чацвёрты паказчык па расійскай Прэм'ер-лізе. Паповай зусім крыху не хапіла да двухзначнай лічбы - 9,6, а гэта 30-е месца па турніры.

Што да поспехаў у чэмпіянаце, то УГМК прайшоў яго на адным подыху. Каманда беларусак выйграла ўсе 32 матчы ў рэгулярным сезоне, у сярэднім набіраючы амаль 80 ачкоў за паядынак. У плей-оф прадстаўніцам Екацерынбурга таксама не было роўных - УГМК выйграў усе матчы.

Арцём Каралёк, "Кельцэ" (Польшча)

Сезон для каманды беларуса пачынаўся трывожна. У лістападзе 2022-га "Кельцэ" аказаўся на мяжы банкруцтва, калі ад спонсарства адмовілася найбуйнейшая піваварная кампанія Польшчы. Мясцовыя СМІ пачалі пісаць, што група ключавых гандбалістаў разам з трэнерам Талантам Дуйшэбаевым пакідае клуб. Каб закрыць частку даўгоў, «Кельцэ» збіраўся зладзіць распродаж лідараў. Пад яго мог патрапць і Каралёк, у якога кантракт з клубам дзейнічае да лета 2025-га. Да паслуг лінейнага мела сур'ёзны інтарэс "Барселона". У выпадку пераходу Арцём стаў бы другім беларусам у гісторыі каталонскага клуба пасля Сяргея Рутэнкі. Але трансфер не адбыўся - «Барселону», якая скарачае бюджэт, адпудзіў высокі кошт на гандбаліста.

Да красавіка пра сыход Каралька ўжо ніхто не казаў. Справа ў тым, што "Кельцэ" знайшоў фінансаванне, і знікненне клубу больш не пагражае. Каманда знайшла новага фундатара і зараз мае поўную назву Barlinek Industria Kielce.

Для каманды пачалася серыя вырашальных матчаў. У чацвер «Кельцэ» правёў гульню ў адказ чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў супраць венгерскага «Веспрэма». Першы матч на пляцоўцы венграў завяршыўся без пераможцы – 29:29, Каралёк закінуў два мячы. У гульні ў адказ «Кельце» ужо з першых хвілін прадэманстраваў, што менавіта ён збіраецца праходзіць у паўфінал, і перамог 31:27. На рахунку Каролька не было дзейсных кідкоў.

У бліжэйшую нядзелю адбудзецца чэмпіёнскі матч у польскай лізе супраць "Віслы". Менавіта каманда з Плоцка сенсацыйна ў першым крузе нанесла "Кельцэ" адзіную паразу ў сезоне. Для таго, каб заваяваць золата, Каральку і кампаніі неабходна перамагаць мінімум у два мячы. У выпадку няўдачы ў Лізе чэмпіёнаў будзе гуляць ужо "Вісла". Гэтыя ж каманды 3 чэрвеня згуляюць у фінале Кубка Польшчы.

Тым часам у польскім чэмпіянаце вызначаюць самага каштоўнага гульца лігі. У шорт-лісце з пяці прозвішчаў прысутнічае Каралёк. Таксама беларус прэтэндуе на званне найлепшага лінейнага чэмпіянату Польшчы. Па версіі нарвежскага партала TV2 Каралёк і ўвогуле найлепшы ў свеце на сваёй пазіцыі.

Мікіта Вайлупаў, «Веспрэм» (Венгрыя)

У чвэрцьфінале ЛЧ Каралёк выходзіў на паркет супраць клуба іншага беларуса, які праводзіць першы сезон за мяжой. У двух матчах супраць "Кёльцэ" ён увогуле не здолеў вызначыцца.

Сёння Вайлупава, які асудзіў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ўжо ў першы дзень, усё задавальняе ў Венгрыі. Там беларус спрабуе вывучыць мясцовую мову, параўноўвае Веспрэм з родным Віцебскам і купаецца ва ўвазе заўзятараў. Сезон для правага крайняга пачаўся з тытула ў верасні - Вайлупаў разам з партнёрамі атрымаў перамогу над "Заграбам" (32:30) у Фінале чатырох і стаў пераможцам SEHA-Gazprom League.

На ўнутранай арэне ў каманды Вайлупава пакуль пахваліцца няма чым. За два туры да фінішу чэмпіянату «Веспрэм» на адно ачко адстае ад «Сегеда» - усё праз паразу 28:30 у красавіцкім вочным матчы. Аднак уладальніка тытула будуць вызначаць не па выніках гладкага чэмпіянату - "Веспрэм" і "Сегед" згуляюць фінальную серыю з двух матчаў. Адзначым, што ў два папярэднія сезоны чэмпіёнам станавіўся «Сегед».

Барыс Пухоўскі, «Вайводзіна» (Сербія)

З 2015-га да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну плэймекер выступаў у запарожскім «Маторы». Пасля 24 лютага гандбаліст казаў, што "з кожным выказваннем Лукашэнкі адчувае сябе ўсё менш упэўнена". Але ў сакавіку 2022-га Пухоўскі здзівіў многіх, калі прыехаў у арэнду ў мінскі СКА. Клуб належыць арміі, якая, здавалася, вось-вось далучыцца да агрэсіі.

Дагуляўшы сезон-2021/22 у Беларусі, Пухоўскі падпісаўся з «Вайводзінай». Ужо ў Сербіі спартсмен, які да таго перажываў за Украіну, змяніў рыторыку і пачаў гаварыць пра спорт па-за палітыкай і пра тое, што спартсмены - не вайскоўцы.

«Вайводзіна» праводзіць выдатны сезон. Нядаўна каманда перамагла ў рэгулярным чэмпіянаце, узяўшы 24 матчы з 26. На канец траўня запланаваны фінал да дзвюх перамог з «Партызанам». Калі Пухоўскі і кампанія атрымаюць перамогу ў серыі, гэта будзе дзясяты тытул запар для «Вайводзіны» ва ўнутраным чэмпіянаце.

Пры гэтым каманду чакаюць яшчэ цікавейшыя гульні. 28 траўня і 3 чэрвеня сербы згуляюць у фінале Кубка выкліку ЕГФ - трэцяга па статусе клубнага турніру Еўропы. У вырашальных матчах чакае нарвежскі "Нёрба", які ў мінулым сезоне і ўзяў трафей. У «Вайводзіны» такіх буйных перамог на міжнароднай арэне пакуль няма.

Ганна Давыскіба, "Монца" (Італія)

Летам мінулага года адна з найлепшых беларускіх валейбалістак яшчэ на сезон працягнула кантракт з «Монцай», за якую выступае з сезона-2020/21. У планах у Давыскібы і яе каманды было скласці канкурэнцыю «Каняльяна» - топу жаночага валейбола Італіі, які не аддае чэмпіёнскі тытул з 2018-га.

Рэгулярны сезон "Монца" завяршыла на звыклым для сябе трэцім радку ў табліцы, прапусціўшы наперад толькі "Каняльяна" і "Скандзічы". Плэй-оф атрымаўся багатым на падзеі. У чвэрцьфінале каманда Давыскібы паказытала нервы заўзятарам, давёўшы серыю да вырашальнага трэцяга матчу з шостай камандай рэгуляркі «Казальмаджорэ».

У паўфінале "Монца" выйшла на ўжо згаданы "Скандзічы", якія лічыўся фаварытам пары. Суперніцы абмяняліся дамашнімі перамогамі з аднолькавым лікам 3:1 і перавялі серыю ў трэці матч. На выездзе Давыскіба і партнёркі выдатна пачалі паядынак, узяўшы два стартавыя сэты. Аднак валейбалісткі «Скандзічы» здолелі сабрацца і зраўнялі лік па партыях. Ну а ў пятай мацнейшай аказалася «Монца» - 15:10.

Да апошняга быў няяўны і пераможца фінальнай серыі да трох перамог, у якой супернікам быў «Каняльяна». "Монца" была за крок ад тытула, калі павяла 2:1, але ў дзвюх заключных гульнях італьянскі топ атрымаў перамогі 3:0 і 3:1, дзякуючы чаму аформіў пятае чэмпіёнства запар.

За сезон Давыскіба правяла 32 матчы за «Монцу», агулам набраўшы 203 ачкі і стаўшы сёмай бамбардзіркай калектыву. Наступны сезон беларуска пачне ў іншым клубе - на днях Ганна падпісала пагадненне з «Бергама», які заняў сёмае месца ў мінулай рэгулярцы. У міжсезонне змяніў клуб у Італіі і муж валейбалісткі Уладзіслаў Давыскіба. Даігравальнік выступаў за мужчынскую каманду «Монцы», дайшоўшы з ёй да 1/4 фіналу чэмпіянату. Цяпер Уладзіслаў з'яўляецца гульцом "Мадэны", сёмай каманды чэмпіянату. Мужа і жонку падзяляе адлегласць у 200 кіламетраў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты