Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Куля» апантанай фанаткі Лукашэнкі ад белспорту: у 21 закахаўся ў 16-гадовую, з ёй аддаліўся ад калег i замоўчваў унёсак іншага трэнера

«Куля» апантанай фанаткі Лукашэнкі ад белспорту: у 21 закахаўся ў 16-гадовую, з ёй аддаліўся ад калег i замоўчваў унёсак іншага трэнера

Муж, коўч і ідэалагічны прыхільнік Анастасіі Мірончык-Івановай.

Аўтар — bytribuna com
15 ліпеня, 08:00
1
«Куля» апантанай фанаткі Лукашэнкі ад белспорту: у 21 закахаўся ў 16-гадовую, з ёй аддаліўся ад калег i замоўчваў унёсак іншага трэнера

Поп-скакуха Анастасія Мірончык-Іванова – адна з самых заўважных фанатаў рэжыму Лукашэнкі ў беларускім спорце. Лёгкаатлетка, якая ўжо не заўсёды можа выйграць спаборніцтвы і на беларускім узроўні, рэгулярна выкладае фота не толькі сваіх аголеных частак цела, але і антуражу прарэжымных мерапрыемстваў, на якія прыходзіць. А з ёй нярэдка з'яўляецца і яе муж Сяргей Іваноў, ён жа асабісты трэнер спартсменкі.

Пра чалавека, які даў ёй другую частку яе прозвішча, вядома не так шмат. «Трыбуна» распавядае біяграфію экс-атлета, які зараз жыве ў цені жонкі.

Падаваў надзеі ў двух відах, але да Алімпіяды так і не даехаў

Іваноў акунуўся ў лёгкую атлетыку яшчэ ў самым дзяцінстве – стаў займацца скачкамі ў вышыню. Лічыўся даволі перспектыўным атлетам, быў запрошаны ў РВАР, дзе, дарэчы, і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Яшчэ ў юніёрскім узросце да Іванова трывала прымацавалася мянушка «Куля». Нашы крыніцы паведамляюць, што так Сяргея ў лёгкаатлетычных колах называюць да гэтага часу – праўда, гісторыю паходжання мянушкі ўспомніць не змаглі.

Са спартсменам працаваў і верыў у яго поспехі Юрый Маiсевіч – чалавек, які як трэнер зборнай ціснуў на Крысціну Ціманоўскую на АГ-2020. Аднак вялікіх вынікаў Іваноў за кар'еру не паказаў – у асноўным браў медалі на ўнутраных першынствах юніёрскага ўзроўню. На міжнароднай арэне найлепшае дасягненне – шостае месца на юніёрскім чэмпіянаце свету-2002 на Ямайцы ў скачках у вышыню з вынікам 2,18, хоць у тым годзе скакаў і на два сантыметры вышэй. Найлепшы вынік у кар'еры Сяргей паказаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Мінску ў маі 2003-га – узяў золата, скокнуўшы на вышыню 2,25. Гэта не вельмі шмат – на топ-турнірах для медалёў дакладна трэба пакараць планкі ад 2,30 і вышэй.

Сезон-2004 Іванову прыйшлося прапусціць з-за сур'ёзнай траўмы ступні. Потым ён вярнуўся, прыняў удзел у шасці спаборніцтвах за год, але ў Беларусі не скакаў вышэй за 2,10, а за мяжой паказаў 2,15. На гэтым кар'ера «вышынніка» у Іванова скончылася.

У наступным сезоне Іваноў паспрабаваў сябе ў скачках у даўжыню: у студзені і лютым выступіў на пары спаборніцтваў, узяўшы адзін медаль. А потым апынуўся ў іншай дысцыпліне – трайным скачку, якім і займаўся да канца спартыўнай кар'еры. У Беларусі Іваноў узяў мноства медалёў, у тым ліку залатых, найлепшы вынік – 16,79 у 2010-м на турніры ў Мінску. На топ-турнірах быў адзін адносны поспех - дзявятае месца на ЧЕ ў Іспаніі ў 2010 годзе са скачком на 16,66 метра. Але нават падчас найлепшых гадоў Іванова ў Беларусі былі чатыры скакуны трайным з больш магутнымі асабістымі рэкордамі. Аднаму з іх, Дзмітрыю Платніцкаму, Іваноў саступіў у канкурэнцыі за месца на АГ-2012.

У 2013 годзе ва ўзросце 29 гадоў Іваноў вырашыў завяршыць кар'еру і перайсці да трэнерства. Вышэйшая адукацыя да таго часу ў Сяргея ўжо была – прычым атрымаў яе не ў БДУФК, а ў мiнскiм экалагічным інстытуце імя Сахарава (цяпер уваходзіць у структуру БДУ).

Ажаніўся з Мірончык і трапіў пад яе моцны ўплыў

Нашы суразмоўцы з лёгкай атлетыкі адзначаюць, што ў раннія гады кар'еры Іванова хлопец быў таварыскім, і многія калегі падтрымлівалі з Сяргеем добрыя ўзаемаадносіны.

«Быў цалкам адэкватным і адкрытым. З ім заўсёды можна было знайсці агульную мову, ён быў цікавым суразмоўцам», – сказала адна з нашых крынiц.

Аднак шмат што памянялася неўзабаве пасля вяселля з Анастасiяй Мірончык. Пазнаёміліся яны ў 2005-м, калі ёй было ўсяго 16 гадоў (хлопцу – 21, ён ужо выпусціўся з РВАР).

– Мы вучыліся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, але адзін з адным нават не размаўлялі. Неяк Сяргей прыйшоў у госці да сваіх сяброў. Хлопцы папрасілі мяне падысці, маўляў, са мной там жадаюць пазнаёміцца. Мы разгаварыліся, я запрасіла Сяргея на гарбату і зразумела, што знайшла роднасную душу, – адзначала Анастасія.

– Мы пачалі сустракацца, і я высветлiў, што ў маёй каханай занадта шмат сяброў і прыхільнікаў. Кожны дзень ёй тэлефанавалі не менш за 20 кавалераў. Я браў трубку Насцінага тэлефона і пытаўся: «Ты хто такі?». Тыя, хто тэлефанавалі, разгубіўшыся, кідалі трубку, – успамінаў Сяргей.

Пара пабралася шлюбам у 2008-м, у год дэбюту Анастасіі ў зборнай Беларусі. З тых часоў Іваноў, па словах нашых крыніц, максімальна аддаліўся ад калектыва, практычна ні з кім з калег не меў зносіны, у асноўным праводзіў час з жонкай.

– Было відаць, што ён паддаўся яе ўплыву. Нават калі недзе ўдавалася з ім перакінуцца парай фраз, то было відаць, што ад ранейшай адкрытасці не засталося і следу. Ды і ў сваіх словах і меркаваннях Сяргей ужо не быў падобны да таго адэкватнага хлопца, якім быў раней, – успамінае адзін з нашых суразмоўцаў.

Пасля заканчэння спартыўнай кар'еры Іваноў працаваў у «Мінск-Арэне» (кім канкрэтна, нам даведацца не ўдалося), а потым стаў асабістым трэнерам сваёй жонкі. Ёй спатрэбілася гэта пры выхадзе з дэкрэта – у 2014 годзе ў пары нарадзіўся сын Глеб, які ўжо і ездзіў з бацькамі на зборы, і прымаў удзел у спаборніцтвах пад эгідай БФЛА.

Мірончык-Іванова ўспамінала: «Пасля АГ-2012 мы разышліся з маім трэнерам Юрыем Маiсевічам. Пасля родаў паўстала пытанне пра вяртанне ў спорт. Былі варыянты з новымі трэнерамі, але неяк не складалася, не маглі дамовіцца па схеме трэніровак. А Сяргей сказаў, што не можа дазволіць мне сысці са спорту. Яму прыйшлося стаць трэнерам для мяне. І як муж, і як былы падапечны Маiсевіча Сяргей вельмі добра адчуваў мяне».

Аднак у той час і яшчэ некалькі гадоў скакуха працавала і з іншым коўчам – заслужаным трэнерам СССР Валерыем Буніным. Сярод яго выхаванцаў – сярэбраны прызёр АГ-1988 у трайным скачку Ігар Лапшын і рэкардсмен свету ў гэтай дысцыпліне Генадзь Валюкевіч. Як заяўляла ў 2018-м Мірончык-Іванова, Бунін дапамагаў у трэніровачным працэсе, перадаваў усе веды мужу.

– Але, наколькі памятаю, калі спартсменка паказвала нейкі вынік, брала медаль, то і яна, і Сяргей імкнуліся паднесці гэты поспех як свае заслугі. У гутарках з журналістамі пра Буніна ніхто не ўзгадваў. Хоць яго заслуга была куды большая, чым Іванова. Але пара адсунула рэальнага трэнера на другі план, – успамінае адзін з нашых суразмоўцаў з лёгкай атлетыкі Беларусі.

У 2019 годзе ўжо як трэнер зборнай Беларусі Іваноў атрымаў падзяку ад так званага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука за падрыхтоўку жонкі да II Еўрапейскіх гульняў, дзе яна ўзяла срэбра ў скачках у даўжыню.

У канцы 2020 года былі падведзеныя вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу на найлепшую пастаноўку вучэбна-трэніровачнага працэсу (у любым відзе спорту) у намінацыі «Найлепшы трэнер-выкладчык вышэйшага звяна падрыхтоўкі». Удзельнічаў у конкурсе і Іваноў – і заняў у выніку 25-е месца з 54 прэтэндэнтаў.

У бытнасць спартсменам Іваноў, па сведчаннях відавочцаў, не выказваў ніякіх грамадска-палітычных поглядаў. А вось пасля выбараў у 2020 годзе стаў па прыкладзе жонкі прыхільнікам Лукашэнкі і таксама падпісаўся за яго. А ў жніўні 2020-га, па ўспамінах нашых суразмоўцаў, у рэдкіх размовах з іншымі трэнерамі і спартсменамі Сяргей мог сур'ёзна апраўдваць гвалт носьбітаў формы рэжыму, вінавацячы мірных бяззбройных грамадзян у парушэннях «законаў».

Тады ж навіну пра пазбаўленне легенды фрыстайла Мікалая Казекі імянной стыпендыі Іваноў пракаментаваў любімым штампам расійскай і беларускай прапаганды: «Няўжо да таго, як адбыліся выбары, спартсмены былі нечым абдзеленыя? Для спорту ў Беларусі створаныя ўсе ўмовы. Ці вы хочаце, як ва Ўкраіне?!».

Па нашых звестках, не адмовіўся ад сваіх поглядаў трэнер і цяпер. Хаця якраз з-за Лукашэнкі, які падтрымаў Расiю ў вайне супраць Украіны, Мірончык-Іванова, як і практычна ўвесь беларускі спорт, атрымалі міжнародны бан. Пра прычыны яго ўвядзення Іваноў не выказваўся, але ў мінулым годзе прызнаваўся, што адчуваў сябе «як у пастцы» – бо беларускія лёгкаатлеты не маглі выступаць з расiйскімі (бо з іх федэрацыі толькі нядаўна знялі асобны бан за допінг-справы). Але і зараз, калі ў Расію ездзіць стала можна, Мірончык-Іванова не ўдзельнічае ў мясцовых спаборніцтвах – нават прапусціла шоу-турнір «Тыдзень лёгкай атлетыкі».

Іваноў жа, паводле нашых звестак, у адсутнасць міжнародных стартаў заняўся ў Беларусі падрыхтоўкай яшчэ і дзяцей і юнакоў. Аднак, як запэўніваюць людзі, знаёмыя з сітуацыяй, пакуль юныя падапечныя трэнера далёкія ад вынікаў для прэтэнзій на медалі на якіх-небудзь сур'ёзных спаборніцтвах у сваіх узростах.

Фота: сацсеткi Сяргея Iванова

Іншыя пасты блога

Усе пасты