Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/Пастар Цялькоўскі за 3 дні адолеў 850 км на ровары уздоўж мяжы Беларусі ў падтрымку палітвязняў. Перапячатваем яго філасоўскую прамову пасля гістарычнага перфоманса

Пастар Цялькоўскі за 3 дні адолеў 850 км на ровары уздоўж мяжы Беларусі ў падтрымку палітвязняў. Перапячатваем яго філасоўскую прамову пасля гістарычнага перфоманса

Зварот да сем'яў палітвязняў, «сілавікоў» і дзяцей.

Аўтар — Alex Zagorski
12 ліпеня, 14:22
Пастар Цялькоўскі за 3 дні адолеў 850 км на ровары уздоўж мяжы Беларусі ў падтрымку палітвязняў. Перапячатваем яго філасоўскую прамову пасля гістарычнага перфоманса

9 ліпеня пратэстанцкі пастар Тарас Цялькоўскі, які ў 2021 годзе пакінуў Радзіму праз пагрозу рэпрэсій, анансаваў тысячакіламетровы заезд на ровары ўздоўж мяжы з Беларуссю дзеля падтрымкі ўсіх палітвязняў краіны:

Гэта ўжо не першы падобны перформанс ад Цялькоўскага – яшчэ ў 2018 годзе ён прабег 500 кіламетраў па Мінску з нагоды 500-годдзя Бібліі. Падрабязней пра тую падзею можна прачытаць у артыкуле The Village. А цяпер вернемся да падзей дзён нашых.

Заезд Цялькоўскага скончыўся праз тры дні ў кропцы сходу меж Беларусі, Украіны і Польшчы. У выніку пастар праехаў 850 кіламетраў – заяўленую тысячу ўзяць не атрымалася праз вымушаную перабудову маршруту, якую дзеяч патлумачыў дрэнным станам дарог на меркаваным старце дыстанцыі.

На наступны дзень у сваім Instagram-акаўнце Цялкоўскі апублікаваў відэа-рэфлексію на свой па-сапраўднаму гістарычны ўчынак. У ім Тарас пакінуў месэндж сваякам палітвязняў, лукашэнкаўскім «сілавікам» і сваім дзецям.

Тэкставая версія філасоўскага спічу з некаторымі скарачэннямі:

«Усім вялікі дзякуй за вашу падтрымку на працягу апошніх двух дзён. Я даехаў да канца, да фінальнай кропкі, дзе знаходзіцца скрыжаванне [межаў] Польшчы, Беларусі (прама за маімі плячыма лес, які належыць Беларусі, можна пераплыць раку і апынуцца ў руках «мужных» КДБ і ГУБАЗ), а крыху далей – Украіна. Хачу зрабіць гэткую рэфлексію з трох маленькіх гісторый.

Першая гісторыя – пра спорт. Для мяне ён ніколі не быў толькі фізічным практыкаваннем. Калі я пачаў займацца спортам, то была такая неўсвядомленая сублімацыя маіх перажыванняў. Я намагаўся праз фізічныя практыкаванні душыць негатыўныя эмоцыі, якія перажываў. Пазней, калі я зразумеў, што ў мяне адбываецца і пачаў разбірацца з гэтымі турботамі болей дакладна, я працягнуў займацца спортам, але ён стаў нечым большым. У нейкай ступені ён стаў спосабам распавядаць гісторыю. Людзі робяць гэта праз мастацтва, літаратуру, музыку. Я нічога з гэтага не ўмею рабіць, але я люблю бегаць, люблю ездзіць на ровары, і я выкарыстоўваю гэта як інструмент, каб распавядаць гісторыю.

Мая гісторыя ў апошнія некалькі год – адна і тая ж. Я згадваю шматлікіх, шматлікіх і шматлікіх беларускіх палітычных вязняў, якія несправядліва аддзеленыя ад сваіх сем'яў, пакутуюць і праходзяць праз нечалавечыя ўмовы. Напрыклад сёння [11 ліпеня] памёр адзін палітвязень (гаворка пра мастака Алеся Пушкіна – Tribuna.com) пры нявысветленых абставінах. Другому палітвязню далі новы тэрмін, але ж сёння ён павінен быў выйсці (гаворка пра актывіста Дзмітрыя Дашкевіча, які не выйшаў на волю праз тое, што на яго завялі новую крымінальную справу – Tribuna.com).

Чалавек – вельмі калектыўная істота, і я адчуваю як маё жыццё непарыўна сплеценая з шматлікімі людзьмі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Мне шчыра не ўсё роўна. Мне шчыра неабыякава тое, што блізкія плачуць і пакутуюць праз тое, што яны не могуць быць побач з роднымі. У іх падтрымку я і ехаў гэтыя кіламетры.

Я выдаліў фота з гісторыяй з Instagram і Facebook па шэрагу прычын, няма сэнсу іх тлумачыць, але калі вы хочаце падтрымаць канкрэтную сям'ю ў сціснутых абставінах (рэжым пазбавіў бацьку волі на 6 гадоў, а жонка з двума дзецьмі вымушана пакінула Беларусь – Tribuna.com), пішыце мне ў асабістыя паведамленні, я дашлю вам усе дэталі. Вы можаце паўдзельнічаць і праявіць неабыякавасць у жыцці адной сям'і. Часам здаецца, што шмат шуму вакол палітвязняў, падаецца, што ім дастаткова ўвагі. Гэта не так. Шматлікім сем'ям даецца інфармацыйная падтрымка, але фактычна фінансавай не хапае.

Другая гісторыя – я ўпэўнены, што за маім перформансам у падтрымку палітвязняў сачылі сілавыя службы: КДБ, ГУБАЗіК. Для іх у мяне маленькае паведамленне. Можа выпадкова вы глядзіце і думаеце: «Блін, хтосьці гатовы ехаць вар'яцкія кіламетры, пакутаваць і спрабаваць данесці нейкае пасланне, у той час як я з'яўляюся інструментам прыгнёту».

Я хацеў бы папрасіць вас, калі вы сілавік і глядзіце маё відэа. Я прашу вас – перастаньце так абыходзіцца з палітвязнямі! Магчыма вы думаеце: «Я не магу змяніць сістэму». Змяніце канкрэтна вашыя адносіны да людзей. Мабыць, сыдзіце з сістэмы – зрабіце нешта, каб прыўнесці ў іх жыццё нешта цудоўнае, нешта высакароднае, нешта спачувальнае і міласэрнае. Перастаньце прыгнятаць людзей. Магчыма, вы той чалавек, які б мог паўдзельнічаць у змяненні сістэмы? Хто ведае.

Было б добра, каб Аляксандр Рыгоравіч глядзеў і такі: «О, хлопец едзе!» Аляксандр Рыгоравіч, скажу парадаксальную рэч: унутры хрысціянскай веры ёсць прабачэнне для ўсіх людзей, без выключэнняў. Было б цікава глядзець, як вы каецеся. Пакаяліся за тое, як вы прыгняталі беларускі народ, і спыніліся б. Гэта быў бы класны фінал для жыцця.

Трэцяя гісторыя – я хачу па-добраму выхаваць сваіх дзяцей. Я магу шмат казаць пра высакароднасць, што важна заступацца за прыгнечаных, але яны нашмат болей чаму навучацца, калі яны ўбачаць гэта на прыкладзе свайго бацькі. Мой бацька быў адвакатам, праваабаронцам. Ён пазітыўна паўплываў на маё жыццё: ён быў неабыякавым, да яго звярталіся ўсе са двара па юрыдычную дапамогу, і калі ў людзей не было фінансаў, ён рабіў гэта задарам. Таму што ён рабіў тое, што лічыў верным. Я хачу выхаваць дзяцей такім жа чынам, каб імі кіравалі глыбока хрысціянскія ідэалы, каб яны зрабілі нешта, што залежыць ад іх, каб змяніць абставіны», – сказаў Цялкоўскі.

У канцы пастар падсумаваў вынікі свайго перформанса:

– Я рабіў гэта, каб падтрымаць сем'і палітвязняў. Яны не пачуюць маё пасланне, сем'і – пачуюць. Я разумею, што слоў часцяком не хапае ў жыцці, таму што балюча. Проста ведайце, што ваш боль не адзіны – я спачуваю вам як магу. Людзі памятаюць пра вас. Прыйдзе момант, калі вашы блізкія выйдуць на волю. Вы будзеце побач. І гэта будзе вечарынка, дзе ўсялякія фінішы тупых заездаў не параўнуюцца з тым, калі вы будзеце побач са сваімі дарагімі. О, гэта будзе салодкі момант! Давайце чакаць яго, маліцца за яго і рабіць тое, што залежыць ад нас, каб наблізіць яго як мага хутчэй. Няхай Бог дабраславіць вас пакуль вы чакаеце родных!

Іншыя пасты блога

Усе пасты