Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/З Капскім БАТЭ прадказваюць ролю серадняка «вышкі» – Япрынцаў, блізкі да вярхоў генспонсара клуба, прыходу ў Барысаў не выключае

З Капскім БАТЭ прадказваюць ролю серадняка «вышкі» – Япрынцаў, блізкі да вярхоў генспонсара клуба, прыходу ў Барысаў не выключае

А пакуль жыве самба і посціць фота з фанатамі рэжыму.

Аўтар — bytribuna com
11 верасня, 17:50
13
З Капскім БАТЭ прадказваюць ролю серадняка «вышкі» – Япрынцаў, блізкі да вярхоў генспонсара клуба, прыходу ў Барысаў не выключае

8 верасня журналіст Уладзіслаў Татур заявіў, што ў Андрэя Капскага мала шанцаў утрымаць кантроль над БАТЭ даўжэй, чым да канца 2023-га. Сам Капскі відавочна не хоча раставацца з праектам бацькі, спрабуючы продажам лідараў выратаваць фінансавае становішча – праблемы з ім узніклі з-за бана на атрыманне спонсарскіх сродкаў ад дзяржпрадпрыемстваў, вынесенага «міністрам спорту» Лукашэнкi Сяргеем Кавальчуком. Мы ўжо расказвалі, што ён хоча такім спосабам арганізаваць перадачу БАТЭ ў рэжымнае валоданне.

Але Татур назваў яшчэ аднаго кандыдата на тое, каб займець барысаўскі клуб сабе, – гэта экс-суўладальнік мінскага «Дынама» Уладзімір Япрынцаў. Год таму падобныя чуткі ўжо актыўна хадзілі ў белфутболе.

Разбіраемся, чаму ж зноў узніклі падобныя размовы, ці блізкі зараз Япрынцаў наогул да футбола і што сам бізнесмен думае пра цяперашнія інсайды.

Капскі настроены змагацца за клуб да канца (але гэта ўвогуле нічога не гарантуе)

Год таму казалі, што ў Капскага хочуць забраць БАТЭ з-за праблем з кіраваннем – а кандыдатаў на перахоп называлася некалькі. У прыватнасці, журналіст Мікалай Хадасевіч паведамляў пра магчымае вяртанне да кіравання клубам Аляксандра Захарчанкі, шматгадовай «правай рукі» Анатоля Капскага, а з 2023-га яшчэ і члена выканкама АБФФ.

Але гучней за ўсё гаварылі пра Япрынцава, які да таго ж стаў з'яўляцца на трыбунах на матчах БАТЭ. Тым больш бізнесмена звязвалі з тытульным спонсарам клуба, які даваў мільён долараў – і, па чутках, сам Уладзімір у выпадку прыходу да кіравання гатовы быў павялічыць сумы да 5-7 млн долараў. Але ў рэальнасці Капскі захаваў кантроль над клубам, а Япрынцаў паспеў заявіць Telegram-каналу «О, спорт! Ты – мир!», што пра магчымасць свайго прыходу ў БАТЭ «упершыню чуе».

Уладзімір Япрынцаў справа

Цяпер размовы пра новага ўладальніка БАТЭ пайшлі з новай сілай. І нядзіўна – па звестках журналіста Мікалая Хадасевіча, у клуба назапасілася даўгоў у раёне 500 тысяч долараў, а Татур паведамляе, што АБФФ адмовіла клубу ў яго просьбе пазычыць 700 тысяч долараў.

Зрэшты, у БАТЭ на чуткі пра змену кіравання пакуль увагі не звяртаюць. Па нашых даных, у клубе не ідзе актыўных размоў на гэты конт. Капскі ж, па ўсіх прыкметах, мае цвёрды намер пакінуць клуб за сабой, збіраецца за яго змагацца да канца, робіць усе магчымыя крокі – як ужо паведамлялася, гэта не толькі продажу гульцоў, але і зніжэнне заробкаў.

Нашы крыніцы з футбольнага свету дапускаюць, што Капскі гатовы зноў «прагнуцца» пад рэжым, калі гэта дапаможа захаваць кантроль над клубам. Аднак далёка не факт, што гэта стане дзейсным метадам. Як нам паведамілі, наконт БАТЭ бачацца толькі два варыянты – альбо Капскага ўсё ж вымусяць аддаць клуб (у найлепшым выпадку за некаторую кампенсацыю, у найгоршым – бясплатна), альбо клуб пры ранейшым кіраўніку распрадасць усіх вядучых футбалістаў і ператворыцца ў дужага серадняка «вышкі».

Што ж наконт БАТЭ думае Япрынцаў, які называецца найбольш верагодным кандыдатам на атрыманне кантролю над клубам? Telegram-канал «О, спорт! Ты – мир!» зноў звязаўся з бізнесменам – той адказаў коратка: «Час пакажа …».

У жыцці Япрынцава шмат спорту (але зусім не футбола) – а яшчэ суды, букмекеры і фанаты Лукашэнкі

Чым жыў Япрынцаў у апошні год? У медыяпрасторы ў асноўным з'яўляліся навіны пра суды бізнесмена. Так, у сярэдзіне студзеня 2023-га на Япрынцава падаў пазоў за нейкую шкоду бізнесмен Андрэй Рабцэвіч (у 2017-м Япрынцаў адбіўся ад яго iску на 8 млн даляраў), аднак чым скончылася справа, застаецца невядомым. А ў лютым экс-уладальнік мiнскага «Дынама» Юры Чыж патрабаваў ад былога бізнес-партнёра 20 тысяч долараў «непагашанай пазыкі», але ў iску адмовілі.

Япрынцаў таксама нярэдка абнаўляе свой акаўнт у Instagram, дзе большасць пастоў прысвечаныя спорту – але зусім не футболу, а самба, у якім Япрынцаў неаднаразова выйграваў чэмпіянаты СССР, Еўропы і свету, а цяпер з'яўляецца членам выканкама міжнароднай федэрацыі. Экс-спартсмен наведаў чэмпіянат свету і кангрэс міжнароднай федэрацыі ў кыргызстанскім Бішкеку, шэраг спаборніцтваў у Беларусі і Расіі, праводзіў майстар-класы ў Мінску. З аднаго з мерапрыемстваў Япрынцаў запосціў фота з галоўным трэнерам зборнай Беларусі па самба Юрыем Рыбаком – заўзятым фанатам Лукашэнкі.

А яшчэ бізнесмен назваў сябе фанатам (што пацвярджала майка) расiйскага экс-біятланіста Аляксандра Ціханава, які жыве ў Беларусі і таксама не раз адрозніваўся выступамі ў падтрымку рэжыму.

Сярод пастоў Япрынцава заўважаны і ўказ Уладзіміра Пуціна, які развязаў вайну ва Украіне (пра ўстанаўленне ў Расіі 16 лістапада Дня самба), і «матывацыйная прамова» ад Уладзіміра Машкова – расiйскага акцёра, які не раз выказваўся ў падтрымку Пуціна і вайны.

А што ж наконт букмекерскай кампаніі – спонсара БАТЭ, з якой звязвалі бізнэсмэна? Як нам удалося даведацца, у расійскім Fonbet, пра які ідзе гаворка, Япрынцаў афіцыйна ніякай пасады не займае, але ўваходзіць у кіраўніцтва і мае моцны ўплыў, у тым ліку ў фінансавым плане. Былы спартсмен часта прадстаўляе кампанію як тытульнага спонсара на розных спаборніцтвах па самба.

Іншыя пасты блога

Усе пасты