Tribuna/Барацьба/Блогі/О духе времени/Барцы-лукашысты ўсіх запэўнівалі, што спорт без іх не той. Паехалі на чэмпіянат свету – і праваліліся

Барцы-лукашысты ўсіх запэўнівалі, што спорт без іх не той. Паехалі на чэмпіянат свету – і праваліліся

Цяпер самі ў шоку.

Аўтар — bytribuna com
28 верасня, 17:02
Барцы-лукашысты ўсіх запэўнівалі, што спорт без іх не той. Паехалі на чэмпіянат свету – і праваліліся

Барацьба – адзін з нямногіх відаў спорту, куды дапусцілі спартсменаў з Беларусі і Расіі, але ў статусе нейтральных атлетаў. Ужо ў першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну кіраўнік Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Сялімаў, які спачатку выступаў за спыненне вайны і спадзяваўся, што «што разважлівасць і здаровы сэнс перамогуць» (а потым нястомна дэманстраваў адданасць Аляксандру Лукашэнку), пачаў працу па вяртанні беларускіх барцоў у міжнародныя спаборніцтвы. Функцыянер перажываў, што праз адхілення атлетаў сусветны спорт нешта страчвае, і спаборніцтвы ўжо не такія цікавыя, як гэта было пры ўдзеле беларусаў і расіян.

Вясной 2023-га выканкам Абʼяднанага свету барацьбы прыняў рашэнне аб допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных стартаў пры выкананні рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэту. Нягледзячы на гэта, Сялімаў засмуціўся, што дужавікам давядзецца выступаць у нейтральным статусе. Першы час функцыянер называў такое рашэнне «недакрокам», бо «кожны спартсмен ганарыцца тым, што зʼяўляецца часткай сваёй Радзімы». Аднак неўзабаве Сялімаў перайшоў на рыторыку Лукашэнкі, якога лічыць «моцай». Дыктатар сказаў, што можна выступаць за мяжой без дзяржаўных сімвалаў, якія беларускія спартоўцы могуць разгарнуць і ўдома. Сялімаў публічна падтрымаў гэтую ідэю.

Прыкладна такая ж рыторыка была ў старэйшага трэнера зборнай Беларусі Васілісы Марзалюк. Фармальная ініцыятарка стварэння ліста спартсменаў у падтрымку гвалту і дыктатуры вясной 2023-га «вельмі моцна ўзрадавалася», калі даведалася пра частковае зняцце санкцый з дужавікоў. Аднак не абышлося без засцярогі, што на міжнародных спаборніцтвах будуць не асабліва радыя бачыць прадстаўнікоў Беларусі і Расіі.

«Таму мы спадзяемся, што нас прымуць лаяльна ў гэтай сітуацыі, і мы зможам паказаць найлепшыя нашыя якасці. Не толькі спартыўныя, але і чалавечыя», – сказала падпісантка за рэжым, якая цалкам ігнаруе напад на Украіну.

Першым міжнародным стартам пасля адхілення для беларускіх дужавікоў стаў чэмпіянат свету, які праходзіў у Бялградзе з 16 па 24 верасня. У сталіцу Сербіі адправіліся 24 барцы ад Беларусі, якія разам з расіянамі і часткай атлетаў з Індыі выходзілі на дыван у статусе прадстаўнікоў Individual Neutral Athletes – нейтральных атлетаў.

Падобна, Сялімаў перад бялградскім ЧС настолькі паверыў у абранасць беларускай барацьбы, што чакаў ад сваіх спартсменаў адразу шасці алімпійскіх ліцэнзій – па дзве ў вольнай барацьбе ў мужчын і жанчын і яшчэ дзве ў грэка-рымскай барацьбе. Пры гэтым Беларусь ужо даўно не лічыцца топам у гэтых дысцыплінах. З ЧС-2021 беларусы прывезлі два медалі (срэбра Кірылы Маскевіча і бронзу Арыйана Цютрына). За два года да таго ўдалося заваяваць толькі бронзу, якая дасталася Ірыне Курачкінай.

Як бы не жадаў Сялімаў, у Бялградзе беларусы выступілі прыкладна на звычайным узроўні і ўзялі ўсяго адзін медаль. У жанчын у вазе да 53 кг срэбра заваявала Ванэса Каладзінская – яна прайграла ў сваім першым з трох фіналаў ЧС.

Калі казаць пра алімпійскія ліцэнзіі, то замест чаканых шасці з Сербіі прывезлі ўсяго дзве. Акрамя Каладзінскай квоту для Беларусі ў Парыж здабыў ураджэнец Дагестана Абубакар Хаслаханаў, які выступаў у грэка-рымскай барацьбе ў вазе да 97 кг. Спартсмен вылецеў у чвэрцьфінале, але потым праз суцяшальныя схваткі ўзяў алімпійскую ліцэнзію.

У чвэрцьфінале прайграў і Маскевіч, але гэтага было мала нават для таго, каб уключыцца ў змаганне за квоту ў Парыж. Яшчэ горш выступілі беларускія медалісты мінулай Алімпіяды. Срэбны прызёр Токіа Магамедхабіб Кадзімагамедаў у Бялградзе прайграў у першай жа схватцы. Ірына Курачкіна вылецела ў 1/8 фіналу, у сваёй другой схватцы.

Пасля Белграда ў Сялімава зʼявіліся «пэўныя пытанні да спартсменаў», а менавіта па іх «поўнай самааддачы ў некаторых момантах». Функцыянер прызнаў, што план па заваяванні шасці ліцэнзій правалены, але пры гэтым «гатовы прыняць увесь удар на сябе». Сялімаў ужо знайшоў тлумачэнне, чаму ў беларусаў не атрымалася на ЧС.

«Вядома, паўплывала паўтарагадовая паўза ў міжнародных стартах і адсутнасць барацьбы з замежнікамі. Гэта як запушчаны механізм, які ўзяў і спыніўся. І трэба назад усё запускаць нанова, і мы ў пачатку гэтага запуску: прайшлі першы чэмпіянат свету», – сказаў Сялімаў, які яшчэ год таму ўсіх пераконваў, што без беларусаў міжнародныя спаборніцтвы толькі губляюць у вазе і суперніцтве.

Пасля ЧС Марзалюк раптам сказала, што расійская праграма падрыхтоўкі спартсменаў для Беларусі ўжо «непрымяняльная» і наогул «мы яе ўжо перасягнулі». Паводле слоў лукашысткі, Расія не заваявала ў Бялградзе ніводнага медаля або ліцэнзіі ў Токіа. Насамрэч так яно і было – бо расійская зборная на турніры ўвогуле не выступала. А вось нейтральныя спартсмены-расіяне ўзялі чатыры ўзнагароды (2-1-1), а з імі і чатыры ліцэнзіі.

Цяпер жа Сялімаву, чые барцы ўзялі дзве ліцэнзіі, застаецца чакаць рашэнне МАК па ўдзеле беларусаў у Парыжы-2024. Дабраць алімпійскія квоты спартсмены змогуць яшчэ на двух спаборніцтвах у наступным годзе – праўда, толькі тыя, каго туды дапусцяць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты