Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Даведаліся, чаму Філіпенка і Шчарбіцкі не згулялі ў Барысаве – Ганчарэнка вырашыў прагнуцца, хоць АБФФ давала дазвол

Даведаліся, чаму Філіпенка і Шчарбіцкі не згулялі ў Барысаве – Ганчарэнка вырашыў прагнуцца, хоць АБФФ давала дазвол

Вось такі «матч фэйр-плэй».

Аўтар — bytribuna com
16 кастрычніка, 23:59
7
Даведаліся, чаму Філіпенка і Шчарбіцкі не згулялі ў Барысаве – Ганчарэнка вырашыў прагнуцца, хоць АБФФ давала дазвол

15 кастрычніка на полі «Барысаў-Арэны» сустракаліся зборная клубаў вышэйшай лігі і «Урал» пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі. Паядынку, які прыдумалі ў беларускай федэрацыі, выдалі «рэкламную» афішу «матч фэйр-плэй».

Але беларускі рэжым, які як можа псуе жыццё непажаданым яму людзям, у любы момант здольны зрабіць гульню несумленнай. У выніку шыльда атрымалася курам на смех – склад гасцей карэктаваўся «па званку». «Трыбуна» расказвае, як так атрымалася.

Коратка пра сам матч: галоўным трэнерам каманды ЧБ стаў коўч «Тарпеда-БелАЗ» Дзмiтрый Молаш, у складзе знайшлося месца прадстаўнікам не толькі жодзінцаў, але і БАТЭ, «Энергетыка-БДУ», «Слуцка», мiнскага і брэсцкага «Дынама», «Гомеля», «Іслачы», «Шахцёра». Гулец салігарчан Дзяніс Гружэўскі на 36-й хвіліне і адкрыў лік. Зрэшты, яшчэ да перапынку гулец «Урала» Дзяніс Кулакоў зраўнаваў лічбы, а на 62-й хвіліне паўабаронца гасцей Андрэй Ягорычаў прынёс «Уралу» выніковую перамогу 2:1. За гэтым назіралі ўсяго 3482 гледачы (білеты былі платнымі, па 3-4 рублі).

Перад матчам у яго рэкламе рабілі акцэнт на вяртанні ў Барысаў Ганчарэнка, які трэніраваў БАТЭ да 2013 года. Але таксама чакаўся і выхад на знаёмы газон экс-гульцоў клуба, якія выступаюць за «Урал» – Уладзіслаў Малькевіч, праўда, паехаў у зборную Беларусі, а вось аўтары перамогі барысаўчан над лонданскім «Арсеналам» у 2019-м і іншых поспехаў каманды Ягор Філіпенка і Дзяніс Шчарбіцкі прыляцелі ў Беларусь у складзе екацярынбуржцаў. Выйсце на поле кіпера нават анансаваў трэнер.

– [Асноўны варатар] Памазун у нас паехаў у зборную Расіі. Засталіся Мамін і Шчарбіцкі. Хутчэй за ўсё, яны згуляюць па тайме, – адзначаў Ганчарэнка.

У выніку на поле ў Барысаве не выйшлі толькі тры гульцы «Урала»: 18-гадовы брамнік Максім Маркаў і – хто б вы думалі – Шчарбіцкі з Філіпенкам. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі ў Ганчарэнкі пацікавіліся, чаму беларускіх гульцоў не ўбачылі на полі, але коўч сышоў ад адказу па сутнасці, сказаўшы: «Вы можаце іх убачыць у падтрыбунным памяшканні. Яны зараз выходзяць з раздзявалак. Каму трэба, паглядзіце на іх». Знайшліся і тыя, хто паспрабаваў паразмаўляць з самімі футбалістамі, але яны адмовіліся ад каментарыяў.

«Трыбуна» змагла даведацца прычыну нявыхаду Філіпенкі і Шчарбіцкага на поле. Па нашай інфармацыі, пасля прыбыцця ў Беларусь «Уралу» перадалі, што гульцы не павінны ўдзельнічаць у матчы праз «распараджэнне» «міністра спорту» Лукашэнкі Сяргея Кавальчука. Клубу нагадалі, што абодва футбалісты – непажаданыя персоны для рэжыму. Яны знаходзяцца ў «чорным спісе» «мінспорту», з-за чаго Шчарбіцкі з сакавіка па ліпень 2023-га ўвогуле трэніраваўся з БАТЭ без кантракту.

Аднак пра перададзеную «Уралу» інфармацыю даведаўся старшыня АБФФ Мікалай Шарснёў – ініцыятар прылёту «Урала» і працiўнік «чорнага спісу». Па нашых звестках, функцыянер сам звязаўся з «Уралам» і сказаў, што каманда можа выстаўляць на гульню ў Барысаве такі склад, які палічыць патрэбным, у тым ліку ўключаць у яго Філіпенку і Шчарбіцкага.

Але і на гэтым гісторыя не скончылася. Як нам стала вядома, ужо ў дзень матча ва «Урал» патэлефанаваў хтосьці з верхавіны рэжымнага «мінспорту» – і «настойліва рэкамендаваў» выканаць «указанне» Кавальчука. Што будзе ў адваротным выпадку, не ўдакладнялася. Але пасля размовы ў расійскім клубе прынялі рашэнне «пайсці насустрач» – ці, кажучы простай мовай, прагнуцца пад патрабаванні былога ахоўніка Лукашэнкі.

Фота: abff.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты