Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Футбольных трэнераў у Беларусі абавяжуць пайсці на дзяржкурсы – пры адмове могуць быць праблемы. Вось хто гэта ўсё прыдумаў

Футбольных трэнераў у Беларусі абавяжуць пайсці на дзяржкурсы – пры адмове могуць быць праблемы. Вось хто гэта ўсё прыдумаў

Айчыннае імпартазамяшчэнне праграм УЕФА.

Аўтар — bytribuna com
17 кастрычніка, 18:22
5
Футбольных трэнераў у Беларусі абавяжуць пайсці на дзяржкурсы – пры адмове могуць быць праблемы. Вось хто гэта ўсё прыдумаў

На мінулым тыдні журналіст Яраслаў Пісарэнка ў чарговым выпуску навінаў на YouTube-канале «ЧестнОК» распавёў, што так званае «міністэрства спорту» рыхтуе нейкія курсы павышэння кваліфікацыі для беларускіх трэнераў. Прычым будуць яны платнымі і абавязковымі, бо без праходжання гэтых курсаў працаўладкавацца ў айчынным футболе будзе вельмі цяжка.

Інфармацыі пакуль на гэты конт зусім няшмат. Аднак «Трыбуне» сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу мы пагутарылі з некалькімі айчыннымі трэнерамі, і тыя пацвердзілі: сапраўды, у кулуарах актыўна ходзяць гутаркі пра тое, што трэнераў абавяжуць праходзіць курсы падвышэння кваліфікацыі, або, як яшчэ кажуць, пераатэстацыю. Ідэя гэтая ўзнікла зусім нядаўна.

Як аказалася, на мінулым тыдні псеўдаміністр спорту Сяргей Кавальчук у сваім ведамстве правёў нараду, дзе прысутнічалі і прадстаўнікі беларускага футбола. Чыноўнік па-ранейшаму хоча ўплываць на айчынны футбол, нават нягледзячы на тое, што цяперашні старшыня АБФФ Мікалай Шарснёў хоча прымаць рашэнні самастойна. Для захавання магчымасці ціску нядаўна, як мы паведамлялі, так званы міністр стварыў 13 камісій, каб нібыта развіваць футбол. У выніку ўтварылася альтэрнатыўная федэрацыя.

Дык вось, на нарадзе, паводле нашай інфармацыі, сярод іншага абмяркоўвалася, як «павысіць кампетэнтнасць трэнераў Беларусі, каб гэта прывяло да жаданых вынікаў у выглядзе перамог каманд і развіцця футбола ў краіне ў цэлым». У выніку было вырашана ўвесці курсы павышэння кваліфікацыі для значнай групы спецыялістаў.

Прычым не сказаць, што гэта нейкая зусім ужо новая прыдумка для нашага футбола. Кваліфікацыю трэнерам у Беларусі ўжо не адзін год павышаюць ва ўніверсітэце фізічнай культуры. У мінулым годзе, паводле нашай інфармацыі, некалькі спецыялістаў, прычым не толькі з вышэйшай лігі, праслухалі лекцыі ў БДУФК, аб чым і атрымалі сертыфікаты. Але ўсё гэта рабілася добраахвотна.

Ноў-хаў цяперашняга сезону – наданне курсам абавязковага статусу. Гэта значыць, калі раней трэнер вырашаў сам, ці атрымліваць яму дадатковую адукацыю ва ўніверсітэце, ці абмежавацца ведамі, якія даюць розныя спецыялізаваныя курсы пры АБФФ (уласна, там і атрымлівалі трэнерскія катэгорыі), то цяпер асаблівага выбару не даецца. Як кажуць нашыя крыніцы, без універсітэцкага сертыфікату аб павышэнні кваліфікацыі працаўладкавацца ў беларускім футболе будзе праблематычна. Маўляў, дзверы не зачыняцца наглуха, але могуць узнікнуць пытанні з боку Кавальчука. А ў таго ёсць важны інструмент уплыву на клубы – пагрозы не падпісаць плана развіцця.

Пры гэтым вельмі падобна, што праходзіць пераатэстацыю могуць абавязаць любога незалежна ад таго, якую футбольную катэгорыю ён мае і якія тытулы заваяваў. Па сутнасці, сертыфікат аб праходжанні пераатэстацыі можа стаць нават важнейшым, чым сертыфікат Pro ад UEFA.

- Цікава, як на такое ў выпадку чаго адрэагуюць ва УЕФА, – задаецца пытаннем адзін з нашых суразмоўцаў з беларускага футбола. – Па сутнасці, цяпер мы бачым, што «міністэрства» ставіць нейкія дакументы, якія атрымліваюць унутры краіны, вышэй за міжнародныя сертыфікаты. Мне цікава, што скажуць ва УЕФА, калі трэнер недзе потым напіша, што яго звольнілі ці не прынялі на працу праз тое, што ён не прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі. А як у такім выпадку наймаць замежнікаў? Ці ім у чэмпіянат Беларусі дарога будзе зачыненая?

Новаўвядзенне плануюць распаўсюдзіць толькі на чэмпіянат Беларусі. Пытанне з трэнерам зборнай – гэта ўсё ж выключна кампетэнцыя АБФФ, і Кавальчук там ні на што не можа паўплываць.

Нашы суразмоўцы нагадалі, што ў лютым-2023 на сумеснай калегіі лукашэнкаўскага «мінспорту» і АБФФ чынушы прыдумалі, што для «развіцця віду спорту» трэба правесці абавязковую акрэдытацыю ўсіх, хто працуе ў футболе, у тым ліку ў прыватных школах. І гэтую акрэдытацыю (яе мусілі праходзіць і ўсе трэнеры, і ўсе кіраўнікі) збіраліся правесці да 1 студзеня 2024 года.

Дык вось, цяперашнія курсы – якраз і ёсць тая самая акрэдытацыя для трэнераў на права працаваць у беларускім футболе. Па нашай інфармацыі, аналагічныя курсы абавяжуць прайсці і трэнераў з іншых відаў спорту.

Курсы будуць праходзіць у змяшаным фармаце – на частцы лекцый можна прысутнічаць анлайн, на частцы спатрэбіцца асабістая прысутнасць. Якім будзе абʼём і напаўненне курсу, нам пакуль невядома, аднак працягласць навучальнага дня будзе складаць 4-6 гадзін. Афлайн-заняткі хочуць праводзіць у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў кіравання і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму БДУФК. Стартаваць курсы могуць ужо ў лістападзе. Чытаць лекцыі будуць выкладчыкі ўніверсітэта фізкультуры.

Суразмоўцы пакуль не ведаюць, ці давядзецца ім здаваць якія-небудзь іспыты па выніках навучання. Курсы будуць платнымі – прыкладна 180 рублёў з чалавека. Дык а для каго яны стануць абавязковымі? Паводле інфармацыі «Трыбуны», толькі для тых трэнераў, якія скончылі ўніверсітэт фізкультуры пяць і больш гадоў таму. А праз БДУФК прайшлі практычна ўсе трэнеры ў беларускім спорце.

- Каб прайсці навучанне на катэгорыю Pro, у Беларусі трэба заплаціць 5 тысяч еўра. З моманту паступлення да атрымання дыплома праходзіць два гады, прычым навучанне займае 20 месяцаў з 24. Гэтыя лекцыі будуць каштаваць менш за 200 рублёў. Здаецца, не так і шмат, але з улікам, колькі трэнераў у абавязковым парадку мусяць іх праслухаць, то сума набяжыць істотная. Наколькі ведаю, плаціць трэба на рахунак інстытуту павышэння кваліфікацыі [БДУФК], – кажа наш суразмоўца з чэмпіянату Беларусі.

Зрэшты, трэнеры, з якімі мы пагутарылі, абураныя больш не тым, што давядзецца аддаваць грошы за тое, што «дасведчаных спецыялістаў, якія трэнуюць каманды, выступаюць у тым ліку ў еўракубках, будуць вучыць, як працаваць». Абурае, што на гэты курс у прынцыпе давядзецца марнаваць час.

Ну а хто ж ініцыятар абавязковага праходжання выпускнікамі БДУФК пераатэстацыі? Як удалося высветліць, ім зʼяўляецца ідэйны натхняльнік «Энергетыка-БДУ», суарганізатар дамоўных матчаў, а таксама дзяржаўны трэнер Беларусі Анатоль Юрэвіч. Менавіта ён падказаў Кавальчуку, як можна «павысіць» кваліфікацыю трэнераў.

Цікава, што Кавальчук па-ранейшаму прыслухоўваецца да Юрэвіча, нягледзячы на тое, што той вясной трапіў у гучны скандал з дагаворнымі матчамі, быў адхілены ад працы ў белфутболе на пяць гадоў і атрымаў штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (пасля апеляцыі штраф быў скарочаны ўдвая – да 18500 рублёў).

Таксама вядома, што бядовы «міністр» паставіў Юрэвіча кіраўніком трох з 13 створаных пры псеўдаміністэрстве груп, якія мусяць «развіваць беларускі футбол». Юрэвіч кіруе такімі групамі, як «Удасканаленне клубнага чэмпіянату», «Падрыхтоўка нацыянальных і зборных каманд» і «Удасканаленне працы з трэнерскімі кадрамі».

Як бачым, прынамсі за трэнерскія кадры спецыяліст ужо ўзяўся.

Іншыя пасты блога

Усе пасты