Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Гульцы ЧБ адправіліся ў Бразілію шукаць футбольныя таленты. Вось у якім праекце аказаліся Матвеенка і іншыя

Гульцы ЧБ адправіліся ў Бразілію шукаць футбольныя таленты. Вось у якім праекце аказаліся Матвеенка і іншыя

Працуюць на «выбітнага прадпрымальніка і наватара».

Аўтар — bytribuna com
17 сакавіка, 17:30
Гульцы ЧБ адправіліся ў Бразілію шукаць футбольныя таленты. Вось у якім праекце аказаліся Матвеенка і іншыя

У канцы студзеня «Віцебск» заявіў, што страціў 37-гадовага ветэрана каманды Антона Мацвеенку. Дырэктар клуба Мікалай Вайцюхоўскі сказаў, што футбаліст з 26 матчамі Д2-2023 «цяпер спрабуе сябе ў футболе, але не ў якасці гульца», і думае, ці завяршаць кар’еру.

Як аказалася, Мацвеенка абраў цікавы варыянт, чым заняцца замест перадсезоннай падрыхтоўкі. Прычым разам з ім яе фактычна прапусцілі 33-гадовы Ігар Ясінскі (26 гульняў мінулага сезона Д2 у «Паперпраме», з якім афіцыйна развiтаўся ў канцы студзеня) і 32-гадовы Алег Патоцкі (19 матчаў у ЧБ-2023 за «Іслач», якая не паведамляла пра раставанне). Кампанію ім склаў 32-гадовы экс-гулец «Іслачы» Аляксандр Халадзінскі, які ўжо завяршыў кар’еру.

Як аказалася, футбалісты тры месяцы правялі ў Бразіліі. Што яны там рабілі? «Трыбуна» даведалася дэталі.

Халадзінскі (справа) і Дзмітрый Саксонаў

Ключавой фігурай у гэтай гісторыі стаў 34-гадовы беларускі прадпрымальнік Дзмітрый Саксонаў, месцам жыхарства якога ў адной сацсетцы пазначана сталіца Расіі Масква, а ў другой – бразільскі горад Сан-Паўлу. У сваіх акаўнтах Саксонаў не саромеецца выпісваць сабе кампліменты – апісанне абвяшчае: «Выбітны прадпрымальнік і наватар, шырока вядомы як заснавальнік некалькіх квітнеючых інавацыйных кампаній».

Таксама Саксонаў захапляецца гонкамі па перасечанай мясцовасці на пазадарожніках – і перыядычна дабіваецца поспехаў на спаборніцтвах у Беларусі: напрыклад, у ліпені 2023-га выклаў вось такое сведчанне другога месца.

Што тычыцца бізнесу, то восем гадоў таму Саксонаў заснаваў кампанію, якая займалася вытворчасцю абсталявання для майнінгу крыптавалюты – гэта значыць яе здабычы з дапамогай пэўных аўтаматычных вылічэнняў, для якіх патрэбныя магутныя працэсары і іх зборкі. Звычайна крыптавалюта належыць за стварэнне новага блока інфармацыі ў блакчэйне – упарадкаванай структуры такіх блокаў, даныя пра якія захоўваюцца на кампутарах усіх удзельнікаў гэтай структуры. Лічыцца, што такая схема забяспечвае бяспеку аперацый – блокі нельга змяняць ці выдаляць, а правільнасць новых запісаў правяраюць на ўсіх даступных кампутарах.

Блакчэйн як тэхналогія выкарыстоўваецца ў асноўным для крыптавалют, але можа прымяняцца і ў іншых сферах. І ў лютым 2023-га Саксонаў заснаваў фірму Blockchain Sports, юрыдычным адрасам якой значыцца горад Маэ на Сейшэльскіх астравах (звычайна такую схему завуць афшорам). Мяркуючы па сайце кампаніі, яе дзейнасць накіраваная на стварэнне разгалінаванай структуры з блокаў інфармацыі пра спартсменаў з магчымасцю інвестыцый ад заўзятараў – маўляў, па аналогіі з крыптавалютамi, калі спартсмен-пачатковец у выніку стане папулярным, то яго каціроўкі вырастуць, і тыя, хто ўклаліся на раннім этапе, атрымаюць прыбытак. А Саксонаў і тут не пашкадаваў гучных слоў – напісаў, што як заснавальнік кампаніі нібыта ўжо «сыграў ключавую ролю ў рэвалюцыйным пераўтварэнні спартыўнай індустрыі».

Саксонаў пачаў з самага папулярнага спорту – футбола. Па словах прадпрымальніка, яго кампанія распрацавала свой лічбавы пашпарт для гульцоў. Туды ўносяцца даступныя ў рэжыме рэальнага часу даныя з GPS-трэкераў, якія вешаюць на футбалістаў. На сайце кампаніі сказана, што гэтым і іншымі дзеяннямі там «спрашчаюць і робяць лічбавым футбольны скаўтынг і дапамагаюць маладым талентам патрапіць у вялікія клубы».

У чэрвені 2023-га кампанія паведаміла, што выйшла на футбольны рынак Бразіліі – як казаў Саксонаў, краіну абраў, таму што там «менталітэт адрозніваецца ад нашага, можна пачаць нейкую экспансію». Мэтай было заяўлена вядзенне гульцоў ад самага пачатку кар’еры да топ-ўзроўню праз пошук талентаў і іх навучанне ў спецыяльна створаных акадэміях. Іх ужо адкрылі ў гарадах Акапіяра і Сабрал у паўночна-заходнім штаце Сеара, а зусім нядаўна – і ў Рыа-дэ-Жанейра.

У праекта ў Бразіліі два дырэктары – Віталіна Ларына, пра якую складана нешта сказаць, і расіянін Яўген Юрцаў. Ён раней працаваў у дэпартаменце кулачных баёў федэрацыі бокса Расіі – структуры пад кіраваннем Умара Крамлёва (пры нараджэнні Луфтулоеў), які знаходзіцца пад санкцыямі Украіны за падтрымку расійскай вайны і зрабіў шмат для выключэння бокса з алімпійскай праграмы.

Аддзел скаўтынгу ўзначаліў Северына Ліма дэ Моўра – былы бразільскі футбаліст, які гуляў ва Украіне, Літве, Грэцыі, Польшчы і Латвіі. Cпартыўным менеджарам стаў Матула Міндаўгас – у 1990-х ён крыху пагуляў за клубы з роднай Літвы, а пасля перайшоў у агенты.

Больш крутыя імёны можна сустрэць у спісе амбасадараў Blockchain Sports. У іх лік уваходзяць прызёр ЧЕ і ЧС Уэслі Снэйдэр з Нідэрландаў і чэмпіён свету-1994 бразілец Рамарыа. Відэа з абодвума з’яўляліся ў сацсетках праекта – акрамя гэтага, там свяціліся экс-форвард «Арсенала» тагалезец Эмануэль Адэбаёр, віцэ-чэмпіён Еўропы-2008 са зборнай Германіі Кевін Кураньі і некаторыя іншыя досыць вядомыя футбалісты.

А яшчэ Саксонаву дзякаваў за падтрымку расiйскi турнір «Кубак легенд», на які стала ездзіць Аляксандр Глеб. У свежым розыгрышы рэжымнік уваходзіў у нерасiйскую «зборную свету», якая, па заяве Саксонава, была прадстаўленая іншымі амбасадорамі яго кампаніі. У складах іншых каманд бываюць тыя яшчэ персанажы.

Саксонаў – другі справа ў верхнім шэрагу, Глеб – трэці злева ў ніжнім

Пры чым да кампаніі Саксонава іншыя беларускія футбалісты? Калі яна ўвайшла на футбольны рынак Бразіліі, то наняла мясцовых скаўтаў для прагляду перспектыўных футбалістаў, аднак рэкамендацыі для залічэння ў акадэміі сталі атрымліваць такія гульцы, якія на паверку не паказвалі ўвогуле нічога. Кампанія высветліла, што ўсяму віной несумленная праца ацэншчыкаў – за грошы ці па сувязях. Тады ад большасці бразільскіх скаўтаў адмовіліся і вырашылі знайсці нейтральных – у тым ліку ў Беларусі.

Па нашых даных, на кірунак пошуку паўплывала тое, што ў кампаніі працуюць некалькі чалавек з нашай краіны. У прыватнасці, Цімафей Змітровіч – ён жа выканаўчы дырэктар каманды беларускага Д3 «Юні Ікс Лабс». Раней каманда называлася проста «Юні», але была перайменаваная з-за таго, што генеральным партнёрам стала кампанія X-Labs Inc. Яе ўладальнікам, па звестках нашых крыніц, з’яўляецца ўсё той жа Саксонаў.

Ёсць свая пасада ў Blockchain Sports і ў экс-футбаліста Халадзінскага. Як распавялі нам дасведчаныя крыніцы, менавіта ён параіў кіраўніцтву адправіць у Бразілію Патоцкага, Мацвеенку і Ясінскага.

Па нашай інфармацыі, футбалісты прабылі за акіянам усю мінулую зіму – ездзілі па розных штатах і праглядалі гульцоў для акадэмій. Магчыма, у будучыні футбалістаў дамовяцца адправіць і ў каманды ЧБ. Пры гэтым за працу наваяўленым скаўтам заплацілі – па нашых даных, за ўвесь час яны атрымалі каля 5,5 тысячы долараў. Нагадаем, што з 2024-га ліміт па заробку для звычайнага футбаліста ЧБ – каля 1,7 тысячы долараў, гэта значыць за тры месяцы атрымалася б менш, чым у бразільскай «шабашцы».

Як кажуць нашыя крыніцы, у кампаніі засталіся задаволеныя супрацоўніцтвам з футбалістамі і знайшлі іх падыход прафесійным. Так што новы этап супрацоўніцтва не выключаны. Тым больш усе трое футбалістаў, якія яшчэ не скончылі кар’еру, блізкія да гэтага, а таму ім нічога не будзе замiнаць яшчэ раз адправіцца ў Бразілію.

Іншыя пасты блога

Усе пасты