Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У белфутболе бяруць прыклад з «Энергетыка-БДУ» (нават БАТЭ) – ужо чвэрць «вышкі» працуе замест адпачынкаў

У белфутболе бяруць прыклад з «Энергетыка-БДУ» (нават БАТЭ) – ужо чвэрць «вышкі» працуе замест адпачынкаў

Ладзь сані летам, а трэнiроўкi са снежня.

Аўтар — bytribuna com
21 снежня 2022, 09:00
5
У белфутболе бяруць прыклад з «Энергетыка-БДУ» (нават БАТЭ) – ужо чвэрць «вышкі» працуе замест адпачынкаў

Пасля заканчэння ЧБ у беларускіх футбольных клубах прынята адпускаць гульцоў адпачываць як мiнiмум да наступнага года. Аднак так робяць не ў кожным выпадку. Ёсць прыклад сярэбраных прызёраў ЧБ «Энергетыка-БДУ», дзе некалькі запар сезонаў пачыналі працу ўжо праз пару тыдняў пасля завяршэння чэмпіянату. У канцы 2021-га таксама рана вярнуліся да заняткаў футбалісты «Іслачы» пад кіраўніцтвам выхадца са штаба «студэнтаў» Арцёма Радзькова – і «ваўкі» сталі пятымі ў сезоне-2022.

Гэтыя клубы засталіся вернымі сабе – а зараз у іх з'явіліся і яшчэ больш вядомыя паслядоўнікі. Вось як усе яны праводзяць цяперашняе міжсезонне.

«Энергетык-БДУ»

На наступны дзень пасля заключнага матча сезона (перанесенай сустрэчы 1/8 фіналу з БАТЭ 26 лістапада) «студэнты» адсвяткавалі заваяванне сярэбраных медалёў.

Гэта быў пачатак адпачынку каманды, які доўжыўся ўсяго 11 дзён. Ужо 8 снежня футбалісты сабраліся на Сямашкi і пачалі рыхтавацца да новага сезона. Трэніроўкі праходзяць у звычайным двухразовым рэжыме, але пасля моцных снегападаў камандзе раніцай даводзіцца чысціць поле. Трэнеры жартуюць, што такая праца замяняе футбалістам размінку.

«Гэта сацыяльны момант. Маральныя якасці мы таксама трэніруем. Гэта з'яўляецца адным са складнікаў выхавання асобы. Рабяты павінны разумець, што не стане добрым футбаліст, пакуль не пройдзе гэты этап», – распавядаў трэнер «студэнтаў» Мікалай Бранфілаў.

У новым сезоне «Энергетык-БДУ» памяняецца – іншыя клубы (асабліва мінскае «Дынама») актыўна забіраюць лідараў каманды. Затое з былым клубам трэніруецца казахстанец Уладзіслаў Васільеў, які ў мінулым сезоне выступаў за «Табол». Таксама ў трэнерскі штаб увайшоў экс-коуч «Гомеля» Аляксей Меркулаў.

«Іслач»

Не сталі мяняць распарадак міжсезоння і «ваўкі». На гэта не паўплывала нават змена галоўнага трэнера і амаль усяго штаба – Радзькоў з'ехаў да сына ў Фінляндыю, а яго пост заняў Дзмiтрый Камароўскі, які абраў сабе новых памочнiкаў.

Каманда сабралася 19 снежня і правяла першую трэніроўку на штучным полі клубнай базы ў Бальшавіку. Таксама футбалісты прайшлі ўжо паглыбленае медыцынскае абследаванне.

Пакуль вядома, што каманду гэтай зімой пакінуць абаронца Мікіта Сцяпанаў і паўабаронца Кірыл Леановіч.

На 30 снежня ў «Іслачы» і «Энергетыка-БДУ» ужо запланаваны спарынг. Стартавы свісток на стадыёне РЦАР-БДУ прагучыць у 11.00.

«Тарпеда-БелАЗ»

«Тарпеда-БелАЗ» вярнулася да трэніровак другім у белфутболе – 16 снежня. Для параўнання, у мінулым міжсезоннi Дзмітрый Молаш сабраў каманду толькі 10 студзеня. «Аўтазаводцы» працуюць у родным Жодзіне, чаргуючы заняткі на штучным полі стадыёна «Тарпеда» і ў зале.

Паралельна ў клубе вядуць селекцыйную працу, каб фінішаваць вышэй за восьмае месца сезона-2022. Вядома, што да раставання з камандай блізкая цэлая група гульцоў – Віталь Усцінаў, Яўген Бярозкін, Ліпэ Велозу, Аляксей Анцілеўскі і Андрэй Хачатуран.

БАТЭ

Былыя гегемоны выйшлі з адпачынку ў адзін дзень з «Іслаччу». З 19 снежня каманда Кірыла Альшэўскага працуе ў Мінску дзвюма групамі. У панядзелак «жоўта-сінія» спачатку папрацавалі ў трэнажорнай зале, а затым адправіліся на сінтэтыку. Першы этап падрыхтоўкі да сезона працягнецца да 29 снежня. А перад сезонам-2022 ж першая трэніроўка адбылася толькі 13 студзеня.

Адзначым, што з камандай не трэніруецца некалькі вопытных гульцоў, якія, паводле слоў Альшэўскага, працуюць па індывідуальнай праграме. Таксама на трэніроўках БАТЭ не бачна Шахбоза Умарава і Аляксея Наско, якія мінулы сезон гулялі ў арэндзе. Альшэўскі вырашыў даць футбалістам, якія выступалі ў чэмпіянаце Казахстана, больш часу з сям'ёй. Ёсць у каманды і страты – харвацкі легіянер Якаў Філіпавіч падпісаў кантракт з лідарам бельгійскага Д2 «Беверэнам», а Няманя Міліч, які меў прапановы за мяжой, дзеля сям'і (каб дзеці пайшлі ў зручную ім школу) вярнуўся ў родную Сербію, дзе падпісаўся з « Младасцю».

Іншыя пасты блога

Усе пасты