Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Зафіксавалі ўсё, што адбываецца ў мінскім «Дынама»: стратаў пакуль больш, чым у БАТЭ, але гульцоў ужо амаль на два склады і могуць прыйсці яшчэ

Зафіксавалі ўсё, што адбываецца ў мінскім «Дынама»: стратаў пакуль больш, чым у БАТЭ, але гульцоў ужо амаль на два склады і могуць прыйсці яшчэ

Абабралі «Энергетык», «Іслач» пакуль пад пытаннем.

Аўтар — bytribuna com
13 студзеня 2023, 12:12
4
Зафіксавалі ўсё, што адбываецца ў мінскім «Дынама»: стратаў пакуль больш, чым у БАТЭ, але гульцоў ужо амаль на два склады і могуць прыйсці яшчэ

Працягваем распавядаць пра тое, якія змены адбываюцца ў клубах вышэйшай лігі ў гэтае міжсезонне. Мінскае "Дынама" яшчэ да поўнага заканчэння сезона змяніла галоўнага трэнера: пасля звальнення Арцёма Чалядзінскага любімую каманду псеўдаміністра спорту Сяргея Кавальчука ўзначаліў Вадзім Скрыпчанка. Сталічны клуб, мяркуючы па трансферных патоках, задумаў глабальную перабудову. Падрабязней спынімся на тым, што ўжо змянілася і які склад вымалёўваецца ў каманды на чэмпіянат-2023.

Хто сышоў?

Стратаў у мінскага "Дынама" пакуль куды больш, чым у таго ж БАТЭ: клуб пакінулі дзевяць чалавек асноўнай абоймы. Асноўны адток адбыўся ў нападзе. 24-гадовы вінгер Іван Бахар, які з 11 галамі стаў найлепшым снайперам каманды ў сезоне-2023, перабраўся ў ізраільскі «Ірані Кір'ят-Шмона» і ўжо нават паспеў дэбютаваць там. За тры гады ў складзе «Дынама» ён правёў 84 матчы, у якіх вызначыўся 23 галамі.

Малады тандэм 23-гадовых магілёўскіх паўабаронцаў Арцём Канцавы - Дзяніс Грачыха перайшоў у БАТЭ. Абодва прадуктыўна папрацавалі з Кірылам Альшэўскім у «Руху», што моцна паўплывала на рашэнне аб працягу кар'еры. Абодва перыяд у сталічным клубе правялі ўдарна: у Дзяніса ў 30 матчах 4+7, у Арцёма 4+5 за 20 паядынкаў (ён далучыўся да каманды толькі летам 2022-га).

Усе згаданыя вышэй футбалісты патрапілі ў сімвалічныя зборныя чэмпіянату: Грачыху - у першую, Канцавы і Бахар - у другую.

Праз два гады ў Брэст вяртаецца Сяргей Кісляк. Праз разрыў крыжападобных звязкаў яго другі заход у «Дынама» атрымаўся крыху змазаным: у сезоне-2021 35-гадовы паўабаронца паспеў згуляць толькі 9 матчаў чэмпіянату, а ў 2022-м ужо і не быў безумоўным гульцом асновы. За гэты час ва ўсіх турнірах ён правёў 35 сустрэч, у якіх вызначыўся 3 галамі і 3 асістамі. Усяго ж у форме мінскага "Дынама" ветэран адгуляў 211 матчаў і забіў 49 мячоў.

Таксама ў цэнтры поля дынамаўцы больш не разлічваюць на 32-гадовага апорніка Міхаіла Казлова, які правёў тут тры гады кар'еры (76 матчаў, 2 галы, 5 галявых перадач). Інсайды адпраўляюць футбаліста ў "Нёман".

На працягу двух гадоў асноўным галкіперам мінчан быў Ягор Хаткевіч, які прыйшоў перад сезонам-2021 з "Іслачы". З таго часу ён адгуляў за першую каманду 60 матчаў, 25 з якіх скончыў без прапушчаных мячоў. 34-гадовы галкіпер вось-вось падпіша кантракт з казахстанскім "Атырау", які трэніруе беларускі спецыяліст Віталь Жукоўскі.

33-гадовы цэнтральны абаронца Мікіта Навумаў у канцы сезона-2021 і пачатку сезона-2022 нярэдка выводзіў каманду з капітанскай павязкай, але назваць яго безумоўным гульцом асновы ніяк нельга: 43 матчы за два гады, у якіх ён вызначыўся двума галамі.

З'ехалі з Беларусі і двое легіянераў. Бразільскі абаронца Ігар Габрыэл (23 гады) другую частку сезона быў у «Дынама» асноўным (12 матчаў), але ў клубе не застаўся і пасля заканчэння арэнднай дамовы вярнуўся ў азербайджанскі «Сабах». Швейцарскі нападнік Зоран Ёсіпавіч (27 гадоў) за паўгода ў Мінску не змог выйграць канкурэнцыю ў Душана Бакіча, хоць нешта і забіваў (2 галы ў 11 сустрэчах) і адправіўся пасля завяршэння чэмпіянату на вольны хлеб.

Каго падпісалі?

Тут навін таксама паўнютка. Галоўным, на дадзены момант, здаецца вяртанне ў клуб 32-гадовага абаронцы Сяргея Паліцевіча. У сталічнай камандзе ён не быў сем гадоў, за гэты час паспеўшы пагуляць у Турцыі, Казахстане і тройчы ўзяць залатыя медалі чэмпіянату Беларусі з "Шахцёрам". У перыяд з 2011-га па 2015-ы Паліцевіч згуляў за «Дынама» 173 паядынкі - здаецца, сёлета зможа прайсці мяжу ў 200 гульняў за клуб.

Чацвёрты заход у клуб робіць Уладзімір Хвашчынскі, які ў 32 гады правёў свой найлепшы сезон у кар'еры. Форвард у 27 матчах чэмпіянату ў складзе "Мінска" забіў 20 мячоў і стаў гульцом года ў Беларусі. У «Дынама» ж да гэтага максімум, які ён паказваў - 9 галоў у сезоне-2017. Усяго ж у 153 паядынках у складзе "бела-блакітных" у яго 37 мячоў. Ці пакажа вопытны нападнік топавую рэзультатыўнасць і сёлета? Аптымізму дадае тое, што працаваць давядзецца пад кіраўніцтвам таго ж трэнера, што і ў 2022-м.

Таксама з "Мінску" Скрыпчанкі, хай і не наўпрост, прыйшоў 28-гадовы абаронца Аляксандр Пазняк. Мінулы год ён пачынаў у складзе «гараджан», але ўлетку перабраўся ў карагандзінскі «Шахцёр». Тым не менш, менавіта зацікаўленасць трэнера адыграла ключавую ролю ў гэтым трансферы. Але ці будзе атрымліваць Пазняк у клубе пастаянную гульнявую практыку – вялікае пытанне, бо выбар цэнтральных абаронцаў у «Дынама» зараз прыстойны: пакінутыя ў клубе Максім Швяцоў і Аляксандр Сачыўка, згаданы Сяргей Паліцевіч, плюс да ўсяго Руслан Хадаркевіч, які перайшоў з Салігорска. 29-гадовы мінчанін тры з паловай гады адгуляў у складзе «Шахцёра», але толькі ў адным сезоне быў там гульцом асновы, за апошнія ж два гады не правёў і 10 матчаў у чэмпіянаце. Затое рэгулярна выклікаўся ў нацыянальную зборную.

Адразу трох гульцоў перацягнулі дынамаўцы з "Энергетыка-БДУ", які стаў срэбным прызёрам апошняга розыгрышу чэмпіянату. Галкіпер Арцём Макаўчык (22 гады), хаўбек Аляксандр Свірэпа (23 гады) і вінгер Андрэй Рылач (20 гадоў) былі ў складзе "студэнтаў" безальтэрнатыўна асноўнымі, але не факт, што будуць такімі ў новым клубе - канкурэнцыя на іх пазіцыях прадбачыцца жорсткай.

Таму ж Рылачу, які з'яўляецца капітанам моладзевай зборнай новага склікання, змагацца за месца ў аснове давядзецца, да прыкладу, з яшчэ адным навабранцам Паўлам Сядзько (24 гады), які правёў апошнія паўгода ў «Гомелі» - там прыходзіў у сябе пасля не самага лепшага адрэзка у маскоўскім «Тарпеда». Атрымалася нядрэнна - 4+2 у 17 матчах чэмпіянату.

А адным з канкурэнтаў для Свірэпы стане 24-гадовы паўабаронца Абдул Бандааго, які прыйшоў з клуба другога партугальскага дывізіёна «Трафеншэ». За гульцом нават лічыцца 6 матчаў у складзе нацыянальнай зборнай Буркіна-Фасо - вельмі моцнай афрыканскай каманды.

У леташнім «Мінску» Скрыпчанка карыстаўся адразу некалькімі схемамі, але самай частай у выкарыстанні была 4-3-3, якую ён і ўзяў за аснову ў адзіным пакуль афіцыйным для яго матчы ля руля «Дынама» (прайграны паядынак Кубка ў Слуцку).

А таксама 4-4-2, якую выкарыстоўваў у пачатку сезона, калі меў у абойме пару форвардаў Хвашчынскі-Багамольскі. Цяпер такой парай можа стаць, напрыклад, тандэм Хвашчынскі-Бачыч.

Што яшчэ можа змяніцца?

У апошнія тыдні чутак вакол магчымых пераходаў у/з «Дынама» не так ужо шмат, асабліва што да трансфераў на выхад - па сутнасці, хто мог сысці, клуб ужо пакінулі. З магчымымі ж падпісаннямі навін крыху болей. У Мінску, як у Барысаве і Салігорску, зацікаўленыя ў цэнтральным паўабаронцы Руслане Лісаковічы (20 гадоў), які пакінуў нядаўна «Іслач», але пакуль ніякай канкрэтыкі па ім няма, а ў якасці галоўнага прэтэндэнта на гульца называюць клуб з Ізраіля.

Акрамя таго, мінчане нацэленыя на яшчэ трох гульцоў "ваўкоў": нападнікаў Даніэля Созаха (24 гады) і Уладзіслава Марозава (22 гады), а таксама вінгера Алега Нікіфарэнкі (21 год). Прычым па апошнім ужо ўсё, здаецца, на мазі.

Таксама клуб разглядае магчымасць яшчэ аднаго вяртання: гаворка пра 24-гадовага галкіпера Максіма Плотнікава, які правёў мінулы год у «Шахцёры». Плотнікаў быў асноўным у «Дынама» ў сезоне-2019 і пачатку сезона-2020, але пасля праз траўму страціў месца ў складзе, якое па аднаўленні не змог адваяваць ні ў Яўгена Памазана, ні ў Ягора Хаткевіча.

Іншыя пасты блога

Усе пасты