Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Лiдар «Шахцёра» пайшоў у галоўны праваенны клуб РПЛ – цяпер кажа, што на Радзiме падтрымлiваюць Расiю, а ў Беларусi шмат п'юць i не выказваюць меркавання (хаця пратэсты бачыў)

Лiдар «Шахцёра» пайшоў у галоўны праваенны клуб РПЛ – цяпер кажа, што на Радзiме падтрымлiваюць Расiю, а ў Беларусi шмат п'юць i не выказваюць меркавання (хаця пратэсты бачыў)

Называе пазiтыўным трэнера, якi шчыльна абклаў матам яго аднаклубнiкаў, усё яшчэ марыць выйграць ЛЧ.

Аўтар — bytribuna com
1 красавіка 2023, 07:45
1
Лiдар «Шахцёра» пайшоў у галоўны праваенны клуб РПЛ – цяпер кажа, што на Радзiме падтрымлiваюць Расiю, а ў Беларусi шмат п'юць i не выказваюць меркавання (хаця пратэсты бачыў)

Пасля заканчэння сезона-2022 адзін з лідараў «Шахцёра» абаронца Нікола Анціч у статусе свабоднага агента пакінуў клуб. За чатыры гады ў Салігорску серб тройчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі (2020, 2021, 2022), а таксама па разу перамагаў у Кубку (2019) і Суперкубку (2021). Усяго на рахунку Анціча 121 матч і 14+16 па «гол+пас» за «Шахцёр» ва ўсіх турнірах.

У лютым пераход Анціча пацвердзілі расiйскія «Хімкі» – клуб РПЛ, які прыкметна мацней за астатніх падтрымлівае вайну ва Украіне, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. У праваенныя акцыі «Хімак» не раз уляпваўся падпісант за Лукашэнку Захар Волкаў, якога туды аддаваў у арэнду БАТЭ.

Некалькі дзён таму выйшла немаленькае інтэрв'ю Анціча – ён пагаварыў з адным з прапуцінскіх СМІ. У гутарцы абаронца нямала згадваў Беларусь – вось што мы даведаліся пра яго погляд на нашу краіну і футбол, а таксама некаторыя іншыя моманты.

Запэўнівае, што сербы за Расію і пры вайне

Вайну ва Украіне ў размове з Анцічам згадалі па датычнай і, натуральна, без самога слова «вайна» – яно цяпер у Расіі пад забаронай. Сербскі абаронца коратка згадаў, што, паводле яго прагнозаў, «усё хутка скончыцца», а таксама заявіў, што яго суайчыннікі ўжо выбралі свой бок.

«У Сербіі людзі перажываюць за Расію. Калі нас бамбілі, нас падтрымлівала Беларусь і Расiя», – падзяліўся абаронца.

Адзначым, пры гэтым Сербія ўжо далучылася да шматлікіх санкцый супраць Расіі і Беларусі ў адказ на развязаную вайну.

Бачыў беларускія пратэсты – але, паводле яго слоў, у краіне не выказваюць меркавання

Гаворачы пра Беларусь, Анціч выпісаў краіне максімальна стандартны камплімент – «вельмі чыстая». Асабліва ўражаны быў серб, калі аднойчы «ўбачыў, што раніцай каля 50 жанчын чысцяць фасады дамоў, мыюць сцены». Таксама ён узгадаў, што калі ў Салігорску ён не змог знайсці ў адной з крамаў прыправу, то людзі вакол не проста сказалі, дзе яна можа быць, але і праводзілі туды. Аднак пры гэтым Анціч заявіў, што ў Расіі «людзі больш адкрытыя» – нават цікава, што паспела здарыцца, каб серб у параўнанні прыйшоў да такой высновы.

Спыталі ў Анціча і пра пратэсты ў Беларусі ў 2020-м. Гулец, які падчас інтэрв'ю адзначыў, што ён «спартсмен і палітыкай не займаецца», адказаў коратка: «Бачыў, што ў Салігорску людзі выходзілі на вуліцы, але мяне і каманду гэта ніяк не закранула». Тут серб ці хітруе, ці проста не разумее сітуацыю – але, вядома, на «Шахцёр» яна ўплывала. Ужо хаця б тым, што клубны фан-сектар, як і большасць іншых, з-за сітуацыі ў краіне аб'явіў байкот, з прычыны чаго кіраўніцтва ішло на арыгінальныя меры.

Ну а ў адказ на гвалтоўнае задушэнне пратэстаў ЕС, ЗША і іншыя краіны ўвялі санкцыі ў дачыненні да ў тым ліку «Беларуськалія», галоўнага фундатара клуба, з-за чаго там сталі зразаць і затрымліваць заробкі. Уласна, сам Анціч у інтэрв'ю ў чарговы раз згадаў грашовае пытанне, тлумачачы свой сыход.

Здзівіў Анціч яшчэ і тым, што, хаця бачыў пратэсты, у інтэрв'ю заявіў, што «ў Беларусі людзі не выказваюць сваё меркаванне» (чым тады, на яго думку, былі шматтысячныя акцыі?). Пры гэтым серб бачыць адваротную сітуацыю ў Расіі – маўляў, там меркаванне выказваюць. Гэта яшчэ менш падобна на праўду – як і ў Беларусі, у суседняй краіне за непажаданыя рэжыму словы і нават малюнкі кідаюць за краты і на суткі, і на гады. Але, вядома, калі Анціч будзе толькі хваліць дзеянні пуцінскай сістэмы, то праблем пры ёй у яго не ўзнікне.

Кажа, што ў Беларусі шмат п'юць і не лічылі каранавірус за хваробу

Другі сезон Анціча ў Беларусі прыпаў на пачатак пандэміі каранавіруса. Футбаліст адзначае, што ў краіне не было каранціну, «усе спакойна гулялі па вуліцах» – і прыходзіць да высновы, што ў Беларусі «не лічылі, што ёсць нейкая хвароба». Рэжым Лукашэнкі сапраўды пазіцыянаваў прыкладна так – але паралельна ў Беларусі развівалася велізарная кампанія падтрымкі лекараў і хворых ад простых грамадзян, якая шмат каму дазволіла зразумець, што вырашаць праблемы можна і насуперак сістэме.

Сам Анціч, як аказалася, у 2020-м заразіўся кавідам на дзесяць дзён, але страху перад хваробай не адчуваў. У балканца не ўзнікала жадання з-за пандэміі адмовіцца гуляць у ЧБ – на нейкі час адзіным актыўным еўрапейскім чэмпіянаце. Серб з усмешкай заявіў, што ў той час нібыта «ўвесь свет глядзеў» вышэйшую лігу, і дадаў, што ў «Шахцёры» футбалісты «апраналі маскі і спакойна працавалі».

На пытанне, што яго здзівіла ў Беларусі, Анціч зазначыў адзін негатыўны момант: «Заўважыў, што шмат людзей п'е. Гэта дрэнна». Цікава, што па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сярэдняе спажыванне алкаголю грамадзянамі 15+ гадоў у Беларусі і Сербіі практычна аднолькавае. Беларусы ідуць на 27-м месцы па планеце, у пераліку на чалавека ўжываючы па 11,2 літра чыстага этылавага спірту ў год, а сербы – на 28-м з 11,1 літра ў год.

Пакінуў ЧБ з-за падзення ўзроўню

Анцiч у інтэрв'ю заявіў, што ў Беларусі на чацвёрты год яму «гуляць надакучыла» – з-за таго, што ўзровень вышэйшай лігі «рэзка ўпаў»: цяпер ён ніжэйшы, чым у Сербіі, і «на тры галавы» ніжэйшы, чым у РПЛ. Прычына для серба адназначная – увядзенне даху зараплат, з-за якога ў лізе «якасных легіянераў больш не ўбачыш».

Цалкам магчыма, што Анціч меў на ўвазе і сябе. У канцы 2022-га ў футбаліста скончыўся кантракт з «Шахцёрам» – паводле інфармацыі «Трыбуны», абаронца атрымліваў каля 20 тысяч долараў штомесяц. Па тэарэтычным новым кантракце паводле лімітаў на сезон-2023 клуб мог плаціць футбалісту аклад у максімум каля 2300 долараў. Так, можна было б выпісаць Анцічу надбаўку з пазабюджэтных сродкаў да прыкладна 6600 долараў, але нават так Анцічу трэба было б пайсці на зніжэнне даходу ў два з лішнім разы. Зрэшты, «Шахцёр» ужо не раз абвінавачвалі ў абыходзе лімітаў дадатковымі пагадненнямі – вось толькі ў клуба нават так магло проста не хапіць грошай на Анціча з-за ўжо згаданых санкцыйных прычын.

Не лічыць Расію турмой (тут можна паспрачацца)

Цікавы адказ даў Анціч на пытанне, ці не бянтэжыла яго пры пераездзе ў Расію адхіленне клубаў краіны ад еўракубкаў (уведзенае таксама ў адказ на вайну). Пытанне само па сабе дзіўнае – серб прыехаў у каманду са дна табліцы РПЛ, і вось ужо што яго і «Хімкі» ніяк не закране, дык гэта еўракубкі. Але Анціч сказаў наступнае: «Нічога страшнага. Я прыехаў у добры чэмпіянат, дзе трэба паказваць сябе. Калі ты пераязджаеш у Расію, гэта не значыць, што ты пераязджаеш у турму».

Анціч, мусіць, меў на ўвазе, што і з РПЛ можна з'ехаць у іншы чэмпіянат. А вось турмой Расiю назваць не так цяжка. Усё ж у краіне, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Мемарыял», 550 палітвязняў, а яшчэ больш людзей пераследуюць без пазбаўлення волі. А яшчэ ёсць мабілізацыя, па якой людзей незалежна ад іх жадання адпраўляюць ваяваць з Украінай, і ПВК «Вагнер», якая кідае на вайну зняволеных тых самых турмаў. У Беларусі такога пакуль няма, але палітвязняў больш – на 30 сакавіка 1476 чалавек, што ў пераліку на душу насельніцтва тым больш ставіць нашу краіну, на жаль, нашмат вышэй за Расiю ў гэтым сумным «рэйтынгу».

Лічыць пазітыўным трэнера, які абклаў гульцоў трохпавярховым матам, і ўсё яшчэ марыць выйграць ЛЧ

Здзіўляў Анціч і выказваннямі па футболе. Вось, напрыклад, яго водгук пра трэнера «Хімак» Спартака Гогніева: «Пазітыўны і адкрыты. Нават пасля паражэнняў ён супакойвае нас, кажа камандзе: «Дзякуй, працуем далей». Не магу сказаць нічога дрэннага пра яго».

Вось толькі Гогніеў у «Хімках» спачатку пад маркай таго, што «не ўпэўнены» ў некаторых гульцах, адхіліў іх ад працы з агульнай групай, а 9 сакавіка ўступіў у канфлікт у трэнажорцы з двума з іх – Аязам Гуліевым і Дзмітрыем Ціхім. Праз некаторы час у інтэрнэце з'явіўся запіс маналогу Гогніева, сапраўднасць якога пацвердзіў Ціхі. Вось што нагаварыў «пазітыўны і адкрыты» трэнер замест звыклых Анцічу слоў:

«#### [имел] я вас, ##### [блин], во все дыры, ##### [блин]. Я пришел, а тут вы такие. Вы меня так доведете, сука. Здесь, ##### [блин], прогнило ## ### [к чертям] все. Посмотри, как футболисты себя ведут, ###### [поиметый] в рот. Никакого уважения, ##### [блин], к старшим. Я сказал индивидуально тренироваться! ##### [нечего], ##### [блин], меня ######### [доставать]. Клоуны, ##### [блин], ###### [поиметый] в рот».

Анціч жа ўразіў і адказам на пытанне, якая ў яго галоўная футбольная мара. 29-гадовы гулец, як аказалася, усё яшчэ марыць «выйграць Лігу чэмпіёнаў, а са зборнай Сербіі – чэмпіянат Еўропы або свету». Але ёсць для кантрасту і значна больш рэалістычнае выказванне: «Нават калі заканчваеш кар'еру ў Расіі, то гэта добра па мерках футбола».

У «Хімках» пачаў не вельмi

Вясну каманда Гогніева пачала няўдала, узяўшы ачко з «Факелам» (1:1), а затым прайграўшы «Зеніту» (2:3) і «Растову» (0:1). Першы матч Анціч правёў цалкам, а ў наступным быў заменены на 60-й хвіліне, калі «Хімкі» прайгравалі пецябруржцам 0:2. У трэцяй гульні Гогніеў пакінуў серба ў запасе. Магчыма, таму што ў «Хімках» Анціча выкарыстоўваюць левым латэралем у схеме з пяццю абаронцамі, а супраць «Растова» трэнер вырашыў выйсці са схемай у чатыры дэфы.

Хаця справа можа быць і ў няўпэўненай гульні балканца. З «Факелам» і «Зенітам» Анціч, па версіі партала WhoScored.com, атрымаў адны з самых нізкіх адзнак па сваёй камандзе - 6,2 і 6,0 адпаведна. Хаця абаронца мог стаць героем матчу з «Факелам». Ужо пасля заканчэння дабаўленага часу другога тайма Анцічу даручылі выканаць далёкі штрафны ўдар. Пасля ўдару Ніколы брамнік з цяжкасцю дастаў мяч з-пад перакладзіны.

Пасля 20 тураў «Хімкі» застаюцца на перадапошнім, 15-м месцы РПЛ. За дзесяць матчаў да фінішу ад зоны пераходных матчаў каманду аддзяляюць чатыры балы.

Іншыя пасты блога

Усе пасты