Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Разбіраемся, чаму БАТЭ буксуе перад мiнскім «Дынама» – ёсць праблемы з Кудраўцом, стандартамі і, канешне, «чорным спісам»

Разбіраемся, чаму БАТЭ буксуе перад мiнскім «Дынама» – ёсць праблемы з Кудраўцом, стандартамі і, канешне, «чорным спісам»

А вялікі для Барысава матч ужо праз тыдзень.

Аўтар — bytribuna com
9 красавіка 2023, 23:59
13
Разбіраемся, чаму БАТЭ буксуе перад мiнскім «Дынама» – ёсць праблемы з Кудраўцом, стандартамі і, канешне, «чорным спісам»

Пасля вынасу «Белшыны» ў чвэрцьфінале Кубка (10:0 па суме двух матчаў) у чэмпіянаце справы ў БАТЭ, якога называлі галоўным прэтэндэнтам на золата, ідуць не лепшым чынам. За перамогай над «Гомелем» (2:0) былі нічыі супраць «Энергетыка-БДУ» (1:1), якія страцілі былых лiдараў зімой, і маладняку «Мінска» (2:2). Што ж не так з Барысавам на старце? Давайце разбірацца.

Страта лідараў

Рашэннем «міністэрства спорту» БАТЭ перад самым стартам сезона застаўся без пяцярых гульцоў асноўнай абоймы, чацвёра з якіх былі лідэрамі барысаўчан у 2022-м: 34-гадовы хаўбек Станіслаў Драгун згуляў ва ўсіх 30 матчах чэмпіянату, забіўшы 10 мячоў (першы у камандзе і чацвёрты ва ўсёй лізе), 36-гадовы абаронца Максім Бардачоў правёў 25 матчаў чэмпіянату, а 23-гадовы абаронца Даніла Нячаеў (28 матчаў, 1+2) і 26-гадовы вінгер Дзмітрый Бяссмертны (28 матчаў, 5+4) яшчэ і стабільна выклікаліся ў зборную. Цяпер уся пералічаная чацвёрка, а таксама 26-гадовы галкіпер Дзяніс Шчарбіцкі чакаюць пасяджэння спецыяльнай рэжымнай камісіі – у кулуарах ужо жартуюць, што яно не можа прайсці раней за матч барысаўчан з мінскім «Дынама», які запланаваны ўжо на 15 красавіка.

Частку гульцоў асновы ўдалося замяніць зімовымі падпісаннямі – у ЧБ вярнулі Захара Волкава, Дзяніса Лапцева і Дзмітрыя Анцілеўскага, правялі пераход з «Нёмана» Шэрыфа Жымо і падвойны трансфер Арцёма Канцавога і Дзяніса Грачыхi з мінскага «Дынама». Але важна адзначыць, што ў міжсезонне найграваліся схемы з выкарыстаннем гульцоў з «чорнага спісу», якія павінны былі скласці касцяк асновы. Цяпер БАТЭ страціў глыбіню складу, якая выглядала адной з вялікіх пераваг над канкурэнтамі. Зараз Кірылу Альшэўскаму даводзіцца перабудоўваць каманду згодна з новымі рэаліямі.

Вынiковыя памылкі Кудраўца

За тры туры барысаўчане прапусцілі тройчы, прычым два ўзяцці варот здарыліся пры памылках 19-гадовага падпісанта за рэжым Андрэя Кудраўца. У матчы супраць «Энергетыка-БДУ» галкіпер пасля розыгрышу свабоднага ўдару прамарудзіў і ледзь не быў накрыты супернікам – але падкарэктаваная «студэнтам» траекторыя ўсё роўна прынесла мяч мiнчанам, якія змаглі правесці кінжальны выпад.

А ў нядаўнім матчы супраць «Мінска» вырашальным стаў далёкі стрэл капітана «гараджан» Данііла Душэўскага – была поўная ўпэўненасць, што Кудравец, які заняў правільную пазіцыю ды бачыў удар, адаб“е яго, але кіпер скокнуў на секунду пазней, чым было трэба, і ўжо нічога не паспеў зрабіць – акрамя як схапіцца за галаву.

Аднак вінаватым у непераканаўчым старце сезона Кудраўца назваць складана – за тры туры зрабіў некалькі важных выратаванняў, без якіх каманда прапусціла б больш.

Гульня на стандартах у сваіх варот

Тры з пяці сваіх мячоў Барысаў забіў пасля стандартаў – іх на сябе ўзяў навiчок Анцiлеўскі, з прыходам якога яны ператварыліся ў сапраўды магутную зброю. Аднак стандарты ля варот БАТЭ прыносяць камандзе сур“ёзныя праблемы. Першы гол «Мінска» прыйшоў пасля штрафнога ў выкананні гаспадароў – навес на далёкую штангу паставіў барысаўчан у тупік, і Душэўскі з Касарабам маглі замыкаць без супраціву ўдваіх (зрабіў гэта апошні).

У першым тайме таго ж матчу пасля кутняга небяспечна галавой з-пад Грачыхi біў Глеб Якушэвіч – Кудравец у гэтым моманце выратаваў (адзнака 3:09).

Па некалькі магчымасцяў пасля стандартаў было і ў «Энергетыка-БДУ», і ў «Гомеля», але сапернікі барысаўчан не былі дакладныя ў сваіх ударах.

Маўчаць форварды-навічкі

Дзяніс Лапцеў, які прыехаў з маскоўскага «Тарпеда», хвацка пачаў у БАТЭ: за два матчы з «Белшынай» 31-гадовы форвард вызначыўся чатырма галамі, у другой сустрэчы аформіўшы хет-трык. А вось у чэмпіянаце пакуль не складваецца: за 263 хвіліны на полі ва ўраджэнца Мазыра нуль вынiковых дзеянняў і прыкладна столькі ж галявых момантаў. Магчыма, у лепшы бок усё зменіцца з вяртаннем Канцавога, з якім у Лапцева было нядрэннае ўзаемадзеянне ў кубкавых матчах – старт чэмпіянату вінгер прапусціў з-за траўмы, але ўжо з“явіўся на полі на апошнюю 20-хвілінку супраць «Мінска».

Не надта моцна Альшэўскі давярае яшчэ аднаму навічку Аляксандру Шасцюку. Нападаючы, які нядрэнна правёў апошнія паўгода 2022-га ў Брэсце, атрымаў па 5 хвілін гульнявога часу з «Гомелем» і «Мінскам», а супраць «Энергетыка-БДУ» увесь матч прасядзеў у запасе. А серб Дам'ян Дастаніч і зусім яшчэ не згуляў ні хвіліны ў ЧБ-2023.

У першым туры свой першы мяч на дарослым узроўні забіў 18-гадовы форвард Аляксандр Французаў – ён паставіў кропку ў гульні супраць «Гомеля». Ён таксама атрымлівае свае хвіліны ў канцоўках сустрэч, але ў другім і трэціх турах яму іх на вынiковыя дзеянні не хапіла.

Матч БАТЭ супраць мінскага «Дынама» ўжо менш чым праз тыдзень – прычым мінулую хатнюю гульню, з «Энергетыкам-БДУ», барысаўчане правялі ў Мінску на «Дынама-Юні», стадыёне будучых сапернікаў. Канешне, наўрад ці прынцыповая сустрэча пройдзе па-за Барысавам, аднак і без таго, як мы бачым, праблем перад беларускім «класікам» у БАТЭ хапае. А ў выпадку паразы адставанне «жоўта-сініх» ад «бела-блакітных» складзе цэлых сем ачкоў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты