Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Быў найлепшым снайперам дубля, але, кажуць, патрапіў у «рабства» да агента з Расіі. Гэтага маладога вырашылі правучыць у БАТЭ

Быў найлепшым снайперам дубля, але, кажуць, патрапіў у «рабства» да агента з Расіі. Гэтага маладога вырашылі правучыць у БАТЭ

Аляксандр Французаў не захацеў зарабляць у Барысаве тысячу долараў.

Аўтар — bytribuna com
27 чэрвеня, 19:01
1
Быў найлепшым снайперам дубля, але, кажуць, патрапіў у «рабства» да агента з Расіі. Гэтага маладога вырашылі правучыць у БАТЭ

У панядзелак 26 чэрвеня БАТЭ паведаміў, што 19-гадовы форвард Аляксандр Французаў, які правёў сёлета некалькі матчаў у вышэйшай лізе, пераведзены ў дубль. Прэс-служба патлумачыла, што футбаліст з падачы свайго агента-расіяніна адмовіўся працягваць кантракт, які заканчваецца ў снежні 2023-га. Пры такіх абставінах клуб не бачыць "неабходнасці задзейнічаць у асноўнай абойме гульца, на якога у далейшым не зможа разлічваць". І гэта пры ўсіх праблемах калектыва: чорны спіс, няважнае фінансавае становішча, гатоўнасць раставацца з важнымі гульцамі.

З кім звязаўся Французаў і чым ён наогул адметны? «Трыбуна» даведалася пра некаторыя падрабязнасці сітуацыі.

Хто такі Французаў?

Выхаванец полацкай ДзЮСШ некалькі гадоў таму патрапіў у структуру БАТЭ. З 2020-га, у 16 гадоў, пачаў выступаць за другі склад «жоўта-сініх», але па-сапраўднаму завіў пра сябе толькі праз год. Разам з камандай узяў срэбра чэмпіянату дублёраў-2021, запісаўшы на рахунак 16 галоў - столькі ж у камандзе забіў толькі Арцём Шуманскі (а ў чэмпіянаце гэта быў трэці паказчык сярод снайпераў).

На галявыя поспехі форварда звярнулі ўвагу і ў першай камандзе - пачалі прыцягваць да трэніровак асновы, якой кіраваў Віталь Жукоўскі. Далі і дэбютаваць за яе - 22 чэрвеня 2021-га ў матчы Кубка супраць «Баранавічаў» Французаў выйшаў на 69-й хвіліне замест Іллі Васілевіча. Тады футбалісту было ўсяго 17.

Пасля гэтага ў Жукоўскага нападаючы на поле больш не выходзіў і нават не трапляў у заяўку. Максімум трэніраваўся з асноўным складам, але гуляў толькі за дубль. Куды больш даверу было ад Аляксандра Міхайлава, які ўзначаліў Барысаў напярэдадні сезона-2022. Экс-трэнер дубля дзякуючы сумеснай працы добра ведаў моцныя і слабыя бакі Французава. Ён уключыў футбаліста ў заяўку на матч за Суперкубак, у якім барысаўцы абгулялі «Шахцёр» (Французаў застаўся ў запасе), а праз два тыдні даў дэбютаваць у вышэйшай лізе, выпусціўшы ў дададзены час матча супраць «Славіі».

Зрэшты, малады гулец усё роўна заставаўся не самай значнай фігурай для каманды: на працягу сезона яшчэ тройчы выходзіў на замену ў чэмпіянаце (агулам згуляў 27 хвілін без карысных дзеянняў), 13 матчаў прасядзеў на лаўцы і вызначыўся 24 хвілінамі ў Кубку Беларусі са «Стэнлесам». Таксама футбаліст патрапіў у заяўку на абодва паядынкі з «Коньяспорам» у кваліфікацыі Лігі канферэнцый.

Затое ў дублі сярод аднагодкаў Французаў паказваў клас: за 28 матчаў у маладзёжным першынстве (23 - у аснове) забіў 17 мячоў і стаў найлепшым бамбардзірам турніру.

Падрыхтоўку да сезона-2023, ужо пры Кірыле Альшэўскім, футбаліст пачаў з асновай БАТЭ. І калі ў сярэдзіне сакавіка назіраў з лавы запасных за кубкавай сустрэчай у адказ з «Белшынай», то праз тыдзень пасля гэтага, у першым туры чэмпіянату, выйшаў на 72-й хвіліне замест траўмаванага Уладзіслава Малькевіча - і ўжо праз 50 секунд аформіў свой першы гол у «вышцы» (адзнака 3,27), чым дапамог атрымаць перамогу над «Гомелем».

Пазіцыі Французава ў першым складзе палепшыліся, хаця, нягледзячы на кадравыя цяжкасці, Альшэўскі не спяшаўся адводзіць падапечнаму месца ў старце - куды часцей выпускаў для ратацыі ў канцоўках. У гэтым годзе Французаў у ЧБ і Кубку найграў 167 хвілін у сямі матчах. Яшчэ сем разоў пападаў у заяўку. Гол у матчы з «Гомелем» пакуль застаецца адзіным карысным дзеяннем у аснове БАТЭ.

У мінулым годзе Французаў пачаў прыцягвацца і ў зборную Беларусі U-19. Дэбютаваў 11 чэрвеня ў «таварняку» з Азербайджанам (4:1): выйшаў у старце і вызначыўся асістам пры першым узяцці варот, а забіў аднаклубнік Шуманскі. Пасля было яшчэ шэсць гульняў зборнай (тры - афіцыйныя), у якіх Французаў забіў тройчы, прычым выключна ў вароты расіян - камандзе U-19 і дубль камандзе U-18.

Сыход Французава адаб'ецца на БАТЭ?

Хоць Французаў і працаваў з асновай, але быў запатрабаваны выключна для ратацыі. У Альшэўскага сёння хапае гульцоў атакі - Дзяніс Лапцеў, Арцём Канцавы, Ілля Васілевіч, Дзмітрый Анцілеўскі, Аляксандр Шасцюк. Пападае ў заяўку і серб Дам'ян Дастаніч, ад якога, праўда, жадаюць пазбавіцца.

Пры гэтым Французава Альшэўскі выкарыстоўваў не толькі ў цэнтры нападзення, але і правым вінгерам. Зрэшты, і там ёсць альтэрнатыва: тыя ж Васілевіч з Анцілеўскім, а таксама паўабаронцы Дзмітрый Бяссмертны і Мікіта Някрасаў. 

Што да Французава, то, як кажуць спецыялісты, з якімі паразмаўляла «Трыбуна», гэта звычайны малады гулец, няхай і больш перспектыўны на фоне беларускіх аднагодкаў. Футбаліста называюць сыраватым для дарослага ўзроўню. Яго адсутнасць у заяўцы не павінна стварыць праблем асноўнаму складу.

Дык што ж здарылася цяпер? 

У вышэйшай лізе ў папярэдні раз Французаў згуляў 4 чэрвеня: у перапынку замяніў Аляксандра Шасцюка, але не дапамог узяць хаця б пункт у Слуцку. Пасля гэтага - ні хвіліны ні ў «таварняку» з «Арсеналам», ні ў першынстве дублёраў. 14 чэрвеня з'явілася інфармацыя, што Французаў трэніруецца па індывідуальнай праграме, а 25-га на прэс-канферэнцыі пасля паразы ад "Нафтана" Альшэўскі паведаміў, што нападаючы адпраўлены ў дубль. На наступны дзень БАТЭ патлумачыў прычыны рашэння. Нібыта нападаючы не захацеў падаўжаць кантракт, пайшоўшы за сваім расійскім агентам, - ФК не бачыць сэнсу прыцягваць да гульняў спартсмена, на якога не зможа разлічваць у будучыні.

Як удалося даведацца «Трыбуне», у сярэдзіне чэрвеня Французаву прапанавалі новы кантракт на палепшаных умовах (цяперашні заканчваецца 31 снежня 2023 года). Сёння, паводле нашай інфармацыі, зарплата футбаліста ў БАТЭ складае каля паўтары тысячы рублёў - гэта адзін з самых нізкіх акладаў у асноўным складзе. Па новай дамове можна было атрымліваць каля тысячы долараў, але Французаў не стаў яе падпісваць.

Хто ўплывае на гульца?

Увесну гэтага года беларус заключыў дамову з расійскім агенцтвам Паўла Андрэева. У футбольных колах суседняй краіны гэта даволі вядомы спецыяліст. У верасні 2021-га яго кампанія ўваходзіла ў топ-15 вядучых агенцтваў свету па колькасці здзелак (58) у летняе трансфернае акно. Па даных «Трансфермаркт», паслугамі агенцтва карыстаецца больш за 120 футбалістаў клубаў РПЛ і ФНЛ. Сярод іх прадстаўнікі маскоўскіх "Дынама", "Спартака" і "Лакаматыва", піцерскага "Зеніта", самарскіх "Крылаў Саветаў", грозненскага "Ахмата", "Сочы" і гэтак далей. Самым топавым кліентам агенцтва з'яўляецца 20-гадовы атакуючы паўабаронца "Дынама" і зборнай Расіі Арсен Захаран. Яго трансферны кошт, паводле "Трансфермаркт", знаходзіцца на ўзроўні 15 млн еўра. Для параўнання той жа сайт ацэньвае Французава ў 50 тысяч еўра.

Гулец БАТЭ заключыў пагадненне з адным з агентаў кампаніі (з кім канкрэтна, нам даведацца не ўдалося, аднак, як запэўніваюць нашыя крыніцы, дакладна не з самім Андрэевым) - і трапіў пад моцны ўплыў пасрэдніка. Па звестках нашых крыніц, дамова складзеная такім чынам, што гулец, па сутнасці, знаходзіцца ў рабстве ў агента.

- Ён павінен нейкім чынам «адпрацаваць» пэўную суму на пераходах, агенцкіх і гэтак далей, - распавялі нашыя суразмоўцы. - Па сутнасці, Французаў стаў рабом агенцтва, не разабраўшыся ў нюансах пагаднення. І цяпер спартсменам, груба кажучы, могуць кіраваць іншыя людзі, у якіх свае інтарэсы. Відаць, паўплывала маладосць і нявопытнасць - даверыўся не тым спецыялістам.

Па нашых звестках, Французаву паабяцалі пераход у расійскі чэмпіянат, ледзь не ў РПЛ, ды яшчэ і на вялікі заробак. Але для гэтага трэба стаць свабодным агентам, то бок проста не працягваць пагадненне з дзейным працадаўцам.

Агенты, з якімі паразмаўляла «Трыбуна», схільныя лічыць, што Французаў проста стаў чарговым фігурантам сумнеўных гульняў.

- БАТЭ зрабіў прапанову гульцу - той адмовіўся. І зараз, бо ў спартсмена расійскі агент, яго, хутчэй за ўсё, будуць працаўладкоўваць у Расіі. У такім выпадку новаму клубу трэба плаціць кампенсацыю па рэгламентах ФІФА - гэта ж міжнародны пераход. ФІФА дзеліць клубы на чатыры катэгорыі ў залежнасці ад узроўню чэмпіянату, рэйтынгу клубаў. А катэгорыя, у сваю чаргу, вызначае памер кампенсацыі, якую павінен выплаціць новы працадаўца клубу, у якім раней гуляў хлопец і з якім у яго быў заключаны кантракт - а гэта ад 10 тысяч да 90 тысяч еўра, - распавядае агент.

РПЛ адносіцца да другой катэгорыі чэмпіянатаў - і за гульца, якому не споўнілася 23, там плацяць кампенсацыю ў памеры 60 тысяч еўра, нават калі той прыходзіць свабодным агентам. Клубу ФНЛ малады футбаліст можа каштаваць 30 тысяч еўра. Але за Французава ніхто такія грошы не аддасць.

- Таму ўсё можа звесціся да таго, што Французава проста адправяць у клуб ФНЛ-2, а гэта чацвёртая катэгорыя, кампенсацыя - 10 тысяч еўра. Прычым БАТЭ наўрад ці атрымае за гульца гроша. Так, дакументы патрабуюць аплаты, але па факце клубы чацвёртай катэгорыі звычайна не плацяць, і гэта не адзінкавая з'ява. Ведаю дакладна, што казахстанскі "Туран", калі [у сакавіку 2023-га] забіраў сабе ў мінскага "Дынама" Уладзіслава Ложкіна, таксама не заплаціў 10 тысяч еўра. «Туран» - клуб чацвёртай катэгорыі, і, быццам бы, павінен быў заплаціць, але «Дынама» за 10 тысяч не стала змагацца. Не выключаю, што і БАТЭ не будзе ўсімі сіламі дамагацца кампенсацыі ад каманды з ФНЛ-2. У выніку, што мы ўбачым? У плюсе будзе клуб, які атрымаў бясплатна гульца, і агент, які мае правы на спартсмена. Плюс мае прапісаныя ў кантракце агенцкія. І надзею, што з часам гулец стрэліць і трапіць у мацнейшы клуб на куды больш выгадныя ўмовы.

Толькі пытанне, ці выберацца Французаў з ФНЛ-2, калі туды патрапіць?

Фота: fcbate.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты