Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У першай лізе незвычайны новы дырэктар: штурхаў ядро, але кар'еру загубіў, бо выпіваў і злавіў «зорачку». Канешне ж, падпісант за дыктатуру

У першай лізе незвычайны новы дырэктар: штурхаў ядро, але кар'еру загубіў, бо выпіваў і злавіў «зорачку». Канешне ж, падпісант за дыктатуру

Яшчэ дапамагае ў царкве і варыць сыркі.

Аўтар — bytribuna com
16 жніўня, 16:21
У першай лізе незвычайны новы дырэктар: штурхаў ядро, але кар'еру загубіў, бо выпіваў і злавіў «зорачку». Канешне ж, падпісант за дыктатуру

У сераду «Слонім-2017», 15-я каманда з 17 у першай лізе чэмпіянату Беларусі, абвясціў пра прызначэнне новага дырэктара. 30-гадовы экс-лёгкаатлет і падпісант ліста за Лукашэнку Аляксей Нічыпар змяніў іншага падпісанта ліста за Лукашэнку Сяргея Салдаценку, які знаходзіўся на пасадзе з ліпеня 2018-га. Пра апошняга пасля выбараў-2020 гаварылі ў кантэксце палітычных рэпрэсій, калі па неспартыўных прычынах быў звольнены футбаліст Артур Цішко. Пры гэтым сам Салдаценка трактаваў свае рашэнні інакш.

Пра прачыны адстаўкі Салдаценкі клуб не паведамляе.

Яго зменшчык нарадзіўся ў Слоніме, дзе пачаў займацца лёгкай атлетыкай, уразіўшыся поспехамі кідальніка молата Івана Ціхана. Праўда, сам абраў штурханне ядра. У 14 Нічыпар зʼехаў у Гродна, дзе паступіў у вучэльню алімпійскага рэзерву. У 2009-м 16-гадовы штурхач патрапіў у склад зборнай Беларусі. Вялікіх вышынь на міжнароднай арэне Нічыпар не дасягнуў – найлепшым вынікам стала дзясятае месца на ЧЕ-2018. Пры гэтым у актыве лёгкаатлета не адна перамога на чэмпіянатах Беларусі і званне майстра спорту міжнароднага класа.

У 2021-м спартсмен планаваў адправіцца на сваю першую Алімпіяду, але не здолеў выканаць алімпійскі нарматыў, што стала для яго нечаканасцю. У будучыні Нічыпар збіраўся «пазмагацца з лідарамі» ў Парыжы-2024, а ў Лос-Анджэлесе-2028 хацеў «выйсці на пік сваёй формы і карʼеры».

Свае няўдачы апошніх гадоў лёгкаатлет тлумачыў псіхалагічнымі праблемамі.

«Зʼявілася, як кажуць, «абыякавасьць да жыцьця». Ну ці, калі заўгодна, злавіў зорку. Вырашыў, што цяпер ужо ўсё магу і не сёння заўтра стану чэмпіёнам. Пачаў падгульваць», – прызнаваўся атлет.

Нічыпар мог прапускаць трэнаванні, замест якіх «піўко піў, гуляў». Два гады яго кідала з крайнасці ў крайнасць – старанныя трэнаванні змяняліся загуламі. У адным з інтэрвʼю Нічыпар дзівіўся, як ад яго не адмовіўся трэнер Віктар Пензікаў. З часам лёгкаатлет звярнуўся да спартыўнага псіхолага, каб той дапамог разабрацца ў сабе.

Парушэнне рэжыму і нерэгулярныя заняткі з часам далі пра сябе ведаць. Празмернае старанне ў сектары пасля загулаў вяло да траўмаў праз недастатковае аднаўленне. Фатальным для спартсмена стаў разрыў падэшвеннай фасцыі – звязкі, якая злучае пятачную костку з падушачкай ступні, – на адным з трэнаванняў. Глабальна здароўю Нічыпара гэта не пагражала, але замінала займацца лёгкай атлетыкай – стала немагчымым адштурхоўвацца нагой з максімальнай сілай. У ліпені 2023-га Нічыпар абʼявіў пра завяршэнне карʼеры.

Да таго моманту штурхальнік з дзвюма вышэйшымі адукацыямі – педагагічнай і эканамічнай – ужо паралельна працаваў, але не па дыпломе. Да прызначэння ў «Слонім-2017» Нічыпар вярнуўся ў родны горад і ўладкаваўся інструктарам-метадыстам раённага фізкультурна-спартыўнага клуба па працы з насельніцтвам.

Акрамя гэтага ў Нічыпара выявілася цяга да духоўна-маральнага ўдасканалення. Ён актыўна наведвае царкву, нясе послух у мясцовым Свята-Троіцкім саборы. Таксама экс-лёгкаатлет знаходзіць час на выраб сыркоў, якія варыць для сябе і сяброў, а яшчэ па магчымасці гуляе ў настольны тэніс.

Цяпер у жыцці Нічыпара зʼявіўся новы выклік – футбольны. Пасля 18 матчаў «Слонім-2017» мае ў актыве 12 пунктаў (тры перамогі і тры нічыі). У гэтым сезоне з першай лігі на паніжэнне ідзе ўсяго адна каманда – ад зоны вылету слонімцы адарваліся на сем балаў.

З пачатку мінулага сезону «Слонім-2017» узначальвае Ігар Латаш. Гэта першы досвед 42-гадовага спецыяліста ў дарослым футболе. Да працы ў першай лізе Латаш больш за дзесяць гадоў працаваў у школе «Нёмана».

Касцяк каманды складаюць футбалісты ва ўзросце 20-24 гадоў. Таксама ў складзе адразу чацвёра замежнікаў. Капітанскую павязку носіць 27-гадовы ўладальнік расійскага пашпарта Аляксандр Пузач, які практычна ўсю карʼеру выступае за свой цяперашні клуб. У атацы выходзіць ягоны суайчыннік Дэні Макаеў. Цяпер 22-гадовы форвард зʼяўляецца найлепшым бамбардзірам каманды з трыма галамі ў 16 матчах.

Знайшлося месца і для двух афрыканцаў – абодва толькі прыехалі ў летняе трансфернае акно. З беларускага аматарскага футбола ўзняўся 20-гадовы нігерыйскі цэнтрдэф Эбука Нэджы, а цэнтральную лінію папоўніў паўабаронца другалігавай «Свіслачы» 21-гадовы прадстаўнік Ліберыі Ціта Йорміе. Адзначым, што да нядаўняга часу за «Слонім-2017» выступаў Хамза Якудзі. 19-гадовы казахстанец забіў чатыры мячы ў дзесяці матчах, пасля чаго атрымаў статус свабоднага агента.

Іншыя пасты блога

Усе пасты