Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Рэдкi трэнер з Беларусі ў Еўропе: атрымліваў тытул і 1:7 у БАТЭ, сустрэў вайну ў Кіеве, трымаецца з танным складам

Рэдкi трэнер з Беларусі ў Еўропе: атрымліваў тытул і 1:7 у БАТЭ, сустрэў вайну ў Кіеве, трымаецца з танным складам

У памочніках – экс-аднаклубнік па Брэсце.

Аўтар — bytribuna com
7 кастрычніка, 08:17
3
Рэдкi трэнер з Беларусі ў Еўропе: атрымліваў тытул і 1:7 у БАТЭ, сустрэў вайну ў Кіеве, трымаецца з танным складам

Цяпер толькі шэсць коўчаў з Беларусі працуюць галоўнымі трэнерамі ў клубах іншых краін. Пяцярых назваць лёгка: Віктар Ганчарэнка ў расійскім «Урале», Алег Дулуб ва ўкраінскім ЛНЗ, Аляксей Шпілеўскі ў кіпрскім «Арысе», Аляксандр Сяднёў у казахстанскім «Ардабасы» і Віталь Жукоўскі ў казахстанскім «Атырау».

Шостага згадваюць не так часта, хоць ён працуе ў Еўропе – Сяргей Кузняцоў з літоўскай «Дайнавы». Раскажам пра трэнера падрабязней.

Дапамагаў першаму чэмпіёнству БАТЭ

43-гадовы Кузняцоў – выхаванец сталічнай «Змены» (цяпер «Мінск»). Прафесійную кар'еру Сяргей пачынаў у БАТЭ, калі барысаўчане праводзілі першыя сезоны ў вышэйшай лізе. На стыку стагоддзяў крайні паўабаронца правёў за «жоўта-сініх» 24 матчы ва ўсіх турнірах (з іх 11 у «залатым» ЧБ-1999, першым з 15 для барысаўчан). Кузняцоў выходзіў у стартавым складзе БАТЭ на дэбютны матч у еўракубках супраць маскоўскага «Лакаматыва» (1:7), а таксама выклікаўся ў маладзёжную зборную Беларусі.

У сярэдзіне 2001-га, зусім перастаўшы трапляць у склад, Кузняцоў пакінуў БАТЭ. Далей былі «Дарыда» (у Д2) і «Нафтан» (узяў срэбра Д2 і правёў сезон у «вышцы»), украінскі этап кар'еры («Металіст», дзе гуляў і першую палову «бронзавага» для клуба сезона-2006/07, «Таўрыя», «Арсенал» Кіеў) і вяртанне ў Беларусь – «Граніт» (вылет з «вышкі») і брэсцкае «Дынама». Пасля сезона-2010 у складзе «заходнікаў» Кузняцоў і завяршыў прафесійную кар'еру.

Трэнерам стаў у клубе, дзе гуляў у аматарах, пакінуў яго пасля пачатку вайны

Далей Кузняцоў вярнуўся ва Украіну, дзе гуляў за аматараў. У 2012-м ён далучыўся да толькі створанага «Коласа» ў чэмпіянаце Кіеўскай вобласці. Там Кузняцоў атрымліваў 500 долараў плюс прэміяльныя, а паралельна вучыўся на трэнерскіх курсах.

Улетку 2015-га «Колас» пайшоў ва ўкраінскі Д3 – 35-гадовы Кузняцоў патрапіў у заяўку каманды на сезон, але на поле так і не з'явіўся. Тады ж Сяргей пачаў і трэнерскую кар'еру, увайшоўшы ў штаб «Коласа». Там ён працаваў да 2021-га. За гэты час клуб прабіўся ва УПЛ і замацаваўся ў верхняй палове табліцы.

На старце сезона-2021/22 «Колас» набраў шэсць ачкоў у шасці матчах. А пасля паражэння ад кіеўскага «Дынама» 0:7 галоўнага трэнера Руслана Кастышына перавялі на пасаду віцэ-прэзідэнта клуба, а на яго месца ў якасці в. а. паставілі якраз Кузняцова. Пад яго кіраўніцтвам «Колас» выйграў два матчы з сямі і вылецеў у 1/8 фіналу Кубка Украіны, пасля чаго каманду вырашылі даверыць іншаму памочніку Кастышына Яраславу Вішняку.

Кузняцоў перайшоў на пасаду галоўнага аналітыка клуба, дзе адпрацаваў да вясны 2022-га. Кантракт быў скасаваны неўзабаве пасля пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Першыя дні баявых дзеянняў Кузняцоў сустрэў у Кіеве, дзе хаваўся ў бамбасховішчах.

Цяперашнюю каманду вярнуў у Д1 і амаль засцярог ад новага вылету

Ужо ў маі 2022-га Кузняцоў стаў галоўным трэнерам літоўскай «Дайнавы». Сезон-2022 каманда праводзіла ў Д2, таму што ў 2021-м заняла перадапошняе, дзявятае месца ў эліце. Да Кузняцова «Дайнаву» ўзначальваў 30-гадовы партугалец Мэцью Сілва, з ім каманда набрала 10 ачкоў у першых шасці матчах лігі і ішла на чацвёртым месцы. З Кузняцовым «Дайнава» прайграла толькі тры сустрэчы Д2 і ўпэўнена фінішавала на першым месцы, вярнуўшыся ў эліту.

Перад стартам сезона-2023 «Дайнава» з другой спробы атрымала ліцэнзію для Д1, дзе глядзіцца годна. Сваю першую перамогу пасля паніжэння каманда здабыла ўжо ў другім туры, абыграўшы ў гасцях «Джугас» 1:0. Праўда, матч больш запомніўся тым, што нехта пакінуў пасланне ўсім сведкам сустрэчы на сакавіцкім снезе на газоне.

Паводле ацэнкі партала Transfermarkt, па сярэднім кошце футбалістаў «Дайнава» знаходзіцца на апошнім месцы ў літоўскім Д1 – 104 тысячы еўра на гульца. Аднак пасля 32 тураў з 36 падапечныя Кузняцова ідуць на сёмым месцы з дзесяці, на восем ачкоў апярэджваючы «Джугас» з дзевятай пазіцыі – яе ўладальніку давядзецца гуляць у стыках, вылятаюць адразу ўжо толькі з 10-га радка, ад якога ў «Дайнавы» адрыў у 11 балаў.

Пры гэтым клуб Кузняцова мог быць вышэй. Па чаканых ачках (38,8) «Дайнава» ідзе на шостым месцы – у рэальнасці ж у яе 30 балаў. Ёсць праблемы з рэалізацыяй – за 32 матчы каманда забіла 23 мячы пры 34,2 чаканага гола (xG). Прапушчаных мячоў у каманды 35 пры 42,2 чаканага.

Узяў у памочнiкi суайчынніка

Усяго ў камандзе Кузняцова 28 футбалістаў, з якіх 17 легіянераў. Геаграфія шырокая – Бразілія, Нігерыя, Кыргызстан, Грузія, Сербія, Малдова, Украіна, Латвія. Ёсць у складзе гулец з досведам выступу ў Беларусі – украінскі паўабаронца Арцём Радчанка, які ў пачатку 2018-га падпісаўся з «Дняпром». Хаўбек правёў дзевяць матчаў у вышэйшай лізе і Кубку Беларусі, пасля чаго летам пакаціў ва ўкраінскі Д2.

Ёсць у клубе і яшчэ адзін чалавек з Беларусі. У пачатку 2023-га памочнікам Кузняцова стаў 42-гадовы Аляксей Панкавец, з якім яны разам гулялі ў брэсцкім «Дынама». Да таго коуч уваходзіў у штаб Арцёма Чалядзінскага ў мiнскім «Дынама», які знялі пасля безмедальнага сезона-2022. Цяпер Панкавец па сумяшчальніцтве ўзначальвае другую каманду «Дайнавы».

Выступаў супраць гвалту на Радзіме

Кузняцоў рэдка бывае ў Беларусі, але сачыў за падзеямі на Радзіме ў 2020-м. Трэнер асудзіў гвалт – не ўдзельнічаў у лістах ці зваротах, але сказаў пра гэта ў інтэрв'ю.

«Немагчыма спакойна глядзець на гэтую жорсткасць, як збіваюць мірных грамадзян. Пазітыўны імідж краіны проста абваліўся. Многія маглі б выказацца пра гэта, але яны баяцца, банальна залежныя, вось і маўчаць», – казаў Кузняцоў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты