Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Украінец палымяна распавёў, як Пунтус у Жодзіне прасіў гульцоў маўчаць пасля выбараў, а легіянеры з Бразіліі траплялі ў аўтазак

Украінец палымяна распавёў, як Пунтус у Жодзіне прасіў гульцоў маўчаць пасля выбараў, а легіянеры з Бразіліі траплялі ў аўтазак

Былыя партнёры сцвярджаюць, што ўсё было не так (а чагосьці ўвогуле не было).

Аўтар — bytribuna com
14 кастрычніка, 19:02
3
Украінец палымяна распавёў, як Пунтус у Жодзіне прасіў гульцоў маўчаць пасля выбараў, а легіянеры з Бразіліі траплялі ў аўтазак

Днямі ўкраінскі абаронца Эрнэст Астахаў даў інтэрвʼю ўкраінскай «Трыбуне», дзе сярод іншага распавёў пра перыяд свайго выступу за «Тарпеда-БелАЗ» у 2020-2021 гадах.

25-гадовы футбаліст (сёння гуляе на Радзіме ў першай лізе за каманду «Левы Бераг»), успамінаючы паслявыбарчыя падзеі-2020 у Беларусі, кажа, што:

- лукашэнкаўскі АМАП затрымліваў заўзятараў у Жодзіне за лозунг «Жыве Беларусь!»;

- бразільскія легіянеры каманды патрапілі ў аўтазак за чырвона-белыя значкі ранейшых клубаў;

- прадстаўнікі прафзвязу прыходзілі ў распранальню да тарпедаўцаў, каб агітаваць за Лукашэнку;

- галоўны трэнер «Тарпеда-БелАЗ» Юры Пунтус пераконваў падапечных не выказваць свайго меркавання наконт таго, што адбываецца ў краіне;

- і іншыя даволі цікавыя рэчы – напрыклад, пра хейт з боку дацкіх заўзятараў перад матчам Лігі Канферэнцый.

Наколькі праўдзівыя гэтыя гісторыі? Пра гэта з «Трыбуной» пагадзілася паразмаўляць некалькі футбалістаў, якія гулялі за Жодзіна разам з Астахавым.

***

У «Тарпеда-БелАЗ» Астахаў быў далёка не самай заўважнай фігурай. Прыйшоў у каманду свабодным агентам у пачатку ліпеня-2020, а да гэтага гуляў у Д2 Украіны за «Крэмень» з Крамянчуга. Праз моцную канкурэнцыю выступаў да канца сезону выключна за дубль «аўтазаводцаў», толькі на два матчы трапіўшы ў заяўку асновы. У сезоне-2021 ужо меў практыку ў першай камандзе і згуляў за яе 20 матчах (сем – у старце). За 895 хвілін вызначыўся толькі шасцю жоўтымі карткам і адным выдаленнем. Ну а на пачатку 2022-га ўкраінец пакінуў Жодзіна і неўзабаве апынуўся ў чэмпіянаце Канады, дзе таксама працаваў на будоўлі.

- Малады хлопец, прыехаў з Украіны, асаблівым аўтарытэтам у калектыве не карыстаўся. Быў гульцом ратацыі, таму і прыняў удзел у невялікай колькасці матчаў, – успамінае адзін з былых аднаклубнікаў Астахава. – Шчыра, ніхто ўсурʼёз Эрнэста ў «Тарпеда-БелАЗ» не ўспрымаў.

- Ён у камандзе зʼявіўся цікавым чынам, – працягвае іншы экс-гулец жодзінцаў. – Наколькі памятаю, прыехаў вясной, ужо пасля старту чэмпіянату, зусім крыху патрэнаваўся і зʼехаў. Ніхто і не запомніў гэтага хлопца, таму што ён нічым не вылучаўся. Цяпер магу сказаць, што ягоная якасць – гэта хуткасць. Больш у гульнявым плане нічога і не вылучу. Ён сапраўды не мацнейшы за беларусаў. Дык вось, прыехаў увесну, папрацаваў і зʼехаў. А потым, нечакана для многіх, вярнуўся ўлетку і падпісаў кантракт. Не ведаю, можа, Юры Іосіфавіч [Пунтус] нешта ў ім разгледзеў.

Самым рэзанансным момантам у інтэрвʼю Астахава сталі яго падрабязнасці пра поствыбарныя падзеі ў Беларусі ў 2020-м. Абаронца згадаў, як у адзін з дзён лукашэнкаўскія сілавікі схапілі бразільскіх футбалістаў каманды, бо ў іх на заплечніках былі значкі былых клубаў у чырвона-белых колерах. Нібыта легіянераў пасадзілі ў аўтазак, і тыя не зʼявіліся на трэнаванне, а начальнік каманды потым нібыта патлумачыў, што іх затрымалі быццам бы па падазрэнні ва ўдзеле ў пратэстах.

- Бразільцы ў камандзе былі – гэта факт [Ліпе, Рамас і Марэшы]. Але ніхто іх ніколі не затрымліваў, прынамсі, я такога дакладна не памятаю. А калі б іх забралі, то ў камандзе ўсе б пра гэта даведаліся, а не толькі Астахаў. Не памятаю, каб легіянеры прапусцілі нейкія трэнаванні, асабліва па такой прычыне, – сцвярджае экс-гулец «Тарпеда-БелАЗ».

Па словах украінца, галоўны трэнер жодзінцаў Юрый Пунтус тады праводзіў з футбалістамі гутаркі ў распранальні. Пераконваў не выказваць сваё меркаванне, не выходзіць на вуліцу для мітынгаў, ніяк не абазначаць свой пратэст. Пры гэтым украінскія футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» нібыта тлумачылі беларускім калегам, што з дапамогай кветачак сітуацыю ў краіне не змяніць. Беларускія гульцы сёння пацвярджаюць, што размовы на гэтую тэму сапраўды былі, вось толькі праходзілі яны не зусім так, як апісвае Астахаў.

- Трэба разумець, што трэнерам у нас быў Юрый Пунтус, даволі дасведчаны і пісьменны чалавек. І ён дакладна тэму падзеяў у Беларусі пасля выбараў не закранаў. Нешта тут Астахаў перайграе, – кажа былы футбаліст «Тарпеда-БелАЗ».

- Наколькі памятаю, трэнер неяк толькі прасіў нас не выходзіць лішні раз на вуліцу, не зʼяўляцца ў публічных месцах, таму што тады ў Беларусі бушаваў каранавірус. Гэта было яшчэ да выбараў. А вось нейкіх просьбаў кшталту «не выходзьце на вуліцы і не вешайце нічога на машыны, а проста давайце дагуляем чэмпіянат» – ну, такога сапраўды не памятаю, – сцвярджае яшчэ адзін экс-гулец каманды. – Як па мне, Астахаў сваім інтэрвʼю падставіў трэнераў «Тарпеда-БелАЗ». Ён сказаў, што яны былі супраць Лукашэнкі, што за нас заступаліся. Мы ж разумеем, да чаго гэта ўсё можа прывесці.

Пры гэтым па словах яшчэ аднаго нашага суразмоўцы Пунтус у 2020-м усё ж закрануў тэму выбараў, але вельмі павярхоўна:

- Ён толькі неяк сказаў: «Хлопцы, справа маладая, вы хочаце нешта зрабіць, а я ў гэта залазіць не буду».

Што да агульнага настрою пасля выбараў-2020, то, як узгадваюць экс-гульцы «Тарпеда-БелАЗ», у камандзе гучалі розныя меркаванні наконт таго, што адбываецца. Хтосьці выступаў за Лукашэнку, хтосьці быў супраць, некаторыя абралі за стратэгію маўчаць. Але дэталёва такія тэмы ў раздзявалках і на базе не абмяркоўваліся.

- Самае цікавае, што былі тыя, хто як быццам наогул не разумеў і не ведаў, што робіцца ў Беларусі. Можа, яны рабілі выгляд, выконвалі нейкую ролю, але хлопцы шчыра заваліся пытаннем: «А што такое? А што здарылася?« Сядзяць, мусіць, у Instagram увесь час і не бачаць нічога вакол. Ну і яшчэ быў адзін футбаліст, які добраахвотна датэрмінова прагаласаваў за Лукашэнку. Яшчэ потым дзівіўся, чаму на яго некаторыя ў камандзе глядзелі з неразуменнем, – кажа наш суразмоўца з «Тарпеда-БелАЗ» таго часу.

Па ўспамінах Астахава, у каманду прыходзілі прадстаўнікі прафкама і расказвалі пра Лукашэнку, пра тое, чаго і колькі ён у тым годзе пабудаваў.

- Не разумею, пра што наогул Эрнэст кажа, – гаворыць адзін з экс-гульцоў «Тарпеда-БелАЗ».

- Адзіны раз да нас прыходзіў хтосьці ў распранальню ўжо пасля выбараў-2020, – успамінае іншы суразмоўца. – Калі восенню некаторыя футбалісты «вышкі» паказвалі розныя жэсты, якія трактаваліся як падтрымка дэмакратычных сіл, да нас перад адным з матчаў прыйшоў нейкі мужчына. Апрануты ён быў, як гандляр з рынку: кепка, барсетка, красоўкі. Дакладна не прадстаўнік АБФФ, не член дэлегацыі матчу. Наколькі памятаю, ён сказаў, каб ніякіх акцый не праводзілі, паглядзеў, ці былі ў нас белыя бранзалеты і гэтак далей. Проста папярэдзіў, каб нічога падобнага не ладзілі. Але з прафкаму дакладна ніхто ніколі да нас не заяўляўся і не расказваў пра тое, колькі пабудаваў Лукашэнка.

Расказвае ўкраінскі футбаліст і пра затрыманні заўзятараў на трыбуне за выкрыкі »Жыве Беларусь!« Маўляў, за гэта падышоў лукашэнкаўскі АМАП і схапіў людзей, але потым гульцы нібыта прасілі, каб заўзятараў вызвалілі. І з такой нагоды нават быў падрыхтаваны калектыўны ліст, у якім усе гульцы распісаліся.

- Напэўна, такія выпадкі ў прынцыпе на футболе ў Беларусі былі, [за выгукі] кагосьці затрымлівалі. Але каб у нас – не, такога дакладна не было. Ды ў нас у Жодзіне звычайна і заўзятараў вобмаль на стадыёне. Можа, Эрнэст такое бачыў на іншых стадыёнах, не з нашымі заўзятарамі. Не ведаю. Але ліст дакладна ніхто не пісаў і не падпісваў, – успамінае экс-гулец «Тарпеда-БелАЗ».

- Ну, гэта наогул нешта новае, я такога не памятаю. Пасля ўсіх падзей у нас затрымлівалі аднаго працаўніка каманды, патрабавалася характарыстыка з месца працы. Тады таксама ніякіх лістоў ніхто не падпісваў. Так што і выпадак з вызваленнем заўзятараў дзякуючы подпісам футбалістаў – ну, гэта нейкае трызненне, – падтрымлівае экс-аднаклубніка іншы футбаліст «аўтазаводцаў»-2020.

Усе нашыя суразмоўцы сыходзяцца ў меркаванні, што Астахаў у інтэрвʼю падфарбаваў, перабольшыў і наогул ладна дадумаў. Для чаго? Як кажуць экс-гульцы «Тарпеда-БелАЗ», наўрад ці за гэтым хаваецца нейкая мэта. Проста, па іх меркаванні, былы партнёр у прынцыпе любіць пагаварыць, а па маладосці мог у чымсьці не разабрацца, дзесьці недачуць, а штосьці – і прыдумаць.

- Калі чытаў гэтае інтэрвʼю, наогул не разумеў, пра што гаворка. Магчыма, у яго гісторыях проста ўсё трэба дзяліць на два :), – разважае былы аднаклубнік украінца. – Пасмяшыў момант, калі Астахаў расказваў, як яму пасля лёсавання, калі нам выпаў «Капенгаген», напісала больш за сотню дацкіх заўзятараў, каб пажадаць няўдачы і ўсяго ў гэтым родзе. Тыпу, Эрнэст – такі вялікі футбаліст. Так і хочацца сказаць: «Хлопец, расслабся». У яго па тры хвіліны ў матчах за «Тарпеда-БелАЗ», а ён расказвае, што да яго была такая ўвага.

- Дарэчы, якраз успаміны пра Лігу канферэнцый прымушаюць астатнія словы падвяргаць вялікаму сумневу. Чаму? Чалавек проста перакручвае відавочныя рэчы. Па-першае, на тым матчы [з «Капенгагенам»] не быў цалкам забіты стадыён, як ён кажа, – працягвае іншы наш суразмоўца. – Тады, згодна з пратаколам, не было і дзевяці тысяч чалавек пры ўмяшчальнасці больш за 42 тысячы. Так што ні пра які аншлаг казаць не выпадае. Ну і другі момант. Украінец кажа, што мы тады першы тайм згулялі з «Капенгагенам» 1:1, хаця па факце спачатку нам забілі на 43-й хвіліне, а адразу пасля перапынку мы прапусцілі другі. А забілі адзіны мяч у самым канцы, бразілец Оя вызначыўся ў дададзены час, калі мы «гарэлі» 0:4.

Увогуле, нашыя суразмоўцы са здзіўленнем успрынялі гісторыі Астахава.

- Хлопец малады, гарачы, шмат эмоцый было. Недзе нешта пачуў, па-свойму зразумеў, дадумаў. Сумняюся, што ён мэтанакіравана сядзеў і прыдумляў, каб такое расказаць, але, пэўна, [у ягоным выкладанні] занадта ўсё разадзьмутае і мала падобна на праўду. Да яго інтэрвʼю я паставіўся вельмі скептычна, – заключае адзін з нашых суразмоўцаў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты