Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Гульцы моладзевай зборнай парушылі рэжым у Партугаліі, Лісаковіч паводзіў сябе неадэкватна і атрымаў траўму, упаўшы на асфальт

Гульцы моладзевай зборнай парушылі рэжым у Партугаліі, Лісаковіч паводзіў сябе неадэкватна і атрымаў траўму, упаўшы на асфальт

Усё скончылася не так дрэнна, як магло б.

Аўтар — bytribuna com
18 кастрычніка, 16:33
5
Гульцы моладзевай зборнай парушылі рэжым у Партугаліі, Лісаковіч паводзіў сябе неадэкватна і атрымаў траўму, упаўшы на асфальт

Моладзевая зборная Беларусі прайграла чарговыя матчы ў адборы на чэмпіянат Еўропы: 13 кастрычніка саступіла партугальцам (1:6), 17-га – харватам (0:2). Аднак не гэтыя звыклыя паразы прыцягнулі ўвагу тых, хто яшчэ хоць неяк цікавіцца справамі каманды. Куды больш рэзанансу выклікала інфармацыя ад каментатара тэлеканалу Setanta Уладзіслава Татура. Паводле ягоных слоў, паўабаронца Руслан Лісаковіч пабіўся ў Партугаліі і праз гэта не трапіў у заяўку на матч з харватамі. 18 кастрычніка Татур паведаміў, што футбаліст нібыта знаходзіцца ў Партугаліі пад наглядам медыкаў, а побач з ім застаецца кіраўнік беларускай дэлегацыі Дзмітрый Касянок (пры гэтым быццам бы жонка Лісаковіча сцвярджае, што з футбалістам усё ў парадку і што ўвогуле ніякага інцыдэнту не было).

«Трыбуна» даведалася падрабязнасці гэтай гісторыі.

Гэтай восенню апорны паўабаронца махачкалінскага «Дынама» стабільна выходзіў у асноўным складзе моладзевай зборнай. Сяргей Ясінскі, нягледзячы на гнятлівыя вынікі свайго калектыву, асабліва не мяняў ростар і нязменна выпускаў 21-гадовага паўабаронцу з першых хвілін. У пачатку верасня Лісаковіч адгуляў 63 хвіліны з Фарэрамі (2:3) і вызначыўся там жоўтай карткай, праз пяць дзён пасля гэтага адбегаў увесь матч з Партугаліяй (0:5). А 13 кастрычніка, ужо ў гульні ў адказ з партугальцамі (1:6), правёў на полі 71 хвіліну. Агулам, жалезны гулец асновы, няхай і з даволі сціплымі паказнікамі ў вельмі няўдалых матчах.

Можна было меркаваць, што і супраць Харватыі Лісаковіч выйдзе ў старце. Аднак яго не аказалася нават у заяўцы.

Як змагла даведацца «Трыбуне», футбаліст сапраўды трапіў у вельмі непрыемную гісторыю, якая ледзь не скончылася трагедыяй. Па нашай інфармацыі, пасля разгрому ад партугальцаў некаторыя гульцы дазволілі сабе алкаголь. Гэта адбылося ў моладзевай зборнай не ў першы раз, аднак трэнерскі штаб раней на такія сітуацыі ніяк не рэагаваў. Тым больш што і нейкіх асаблівых наступстваў у тых вечарын не было. Але партугальская – зусім іншая справа.

Руслан Лісаковіч справа

Прыглушыўшы спіртным гора, група беларускіх футбалістаў выправілася на шпацыр па горадзе Барселуш, дзе праходзіла гульня з партугальцамі. І ў нейкі момант Лісаковіч пачаў паводзіць сябе не зусім адэкватна. Як паведамляюць крыніцы, прыставаў да мінакоў і ўвогуле праяўляў агрэсію. Гэта ледзь не прывяло да бойкі. Партнёры спрабавалі ўціхамірыць Руслана, аднак той не паддаваўся. У выніку Лісаковіч не без дапамогі тых, да каго прыставаў, паваліўся на асфальт і моцна стукнуўся галавой. Пасля гэтага была выкліканая хуткая дапамога, якая даставіла іграка ў лякарню. Тамака пасля абследавання вырашылі, што аперацыйнае ўмяшанне не патрабуецца, аднак адпускаць гульца адмовіліся, пакінуўшы пад назіраннем. У выніку каманда паляцела ў Харватыю без аднаго са сваіх лідараў.

Па нашых звестках, на раніцу серады Лісаковіч усё яшчэ знаходзіўся пад назіраннем партугальскіх медыкаў. Адразу пасля шпіталізацыі футбаліст пачуваўся даволі кепска, але паступова яго стан паляпшаецца.

Пасля таго, як Татур паведаміў, што футбаліст знаходзіцца ў шпіталі, у каментары яго тэлеграм-канала прыйшла карыстачка пад нікам Ksenia, якая назвала сябе жонкай Лісаковіча (той сапраўды жанаты на дзяўчыны па імені Ксенія, пара выхоўвае сына). Яна напісала, што знаходзіцца на сувязі з мужам, а ніякіх падрабязнасцяў аб інцыдэнце няма, таму што «гэта няпраўда».

- Дык я ж напісала, гэта ўсё няпраўда і я шчыра не разумею, каму не дагадзіў Руслан, каб пісаць навіны ўзроўню «жоўтая прэса». З Лісам усё добра, – крыху пазней дадала Ксенія.

Пры зборы інфармацыі да матэрыялу нам удалося пагутарыць з некаторымі спецыялістамі, якія ў тым ліку сочаць за карʼерай Руслана Лісаковіча. Нехта адзначыў, што парушэнні рэжыму з боку гэтага футбаліста здараліся і раней. Хтосьці ж сцвярджаў, што Лісаковіч, наадварот, максімальна прафесійна ставіцца да прафесіі і што ягоная галава забітая толькі футболам. Так ці інакш, усе здзіўлены маштабам таго, што адбылося ў Партугаліі.

Наогул, прозвішча Лісаковіч не першы раз фігуруе ў скандальных гісторыях. Старэйшы брат Руслана Віталь за сваю карʼеру вызначыўся не адным інцыдэнтам: і па незразумелых прычынах ігнараваў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай, і дазваляў сабе хамскія паводзіны на трэнаваннях у дачыненні да партнёраў і нават трэнераў. З апошняга – у лістападзе-2022 Лісаковіча-старэйшага ў Казані спынілі супрацоўнікі ДІБДР за парушэнне правілаў, пасля чаго высветлілася, што ў футбаліста на той момант сабралася 200 неаплачаных штрафаў, большасць з якіх – за перавышэнне хуткасці.

Іншыя пасты блога

Усе пасты