Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Адваротны бок Біёнчыка: моцны трэнер, але вельмі дзіўна камунікуе з гульцамі. Вось што адбываецца ў «Славіі»

Адваротны бок Біёнчыка: моцны трэнер, але вельмі дзіўна камунікуе з гульцамі. Вось што адбываецца ў «Славіі»

Падазронасць і незвычайныя сходы.

Аўтар — bytribuna com
8 лістапада, 19:09
6
Адваротны бок Біёнчыка: моцны трэнер, але вельмі дзіўна камунікуе з гульцамі. Вось што адбываецца ў «Славіі»

У сезоне-2023 галоўны трэнер «Славіі» Іван Біёнчык рэгулярна прымушае пра яго гаварыць. То эмацыйнымі паводзінамі ля поля, то яскравымі прэс-канферэнцыямі, але галоўнае – вынікам. Каманда, нягледзячы на даволі сціплы склад, яшчэ нядаўна была ў прэтэндэнтах на медалі. Супернікі звяртаюць увагу на тое, як выбудаваная гульня мазыран (нядаўна рэспект прыляцеў ад Ігара Кавалевіча). Пры гэтым ёсць у Біёнчыка і адваротны бок. Адна з ягоных праяваў – канфлікт з дасведчаным расіянінам Андрэем Панюковым, які ў выніку канфлікту з трэнерам змяніў клуб. А днямі стала вядома, што нібыта адразу чатыры футбалісты «Славіі» былі адпраўленыя па рашэнні Біёнчыка ў дубль. Даведаліся, ці праўда гэта, і што ўвогуле адбываецца ў мазырскай камандзе (нягледзячы на вынікі, там далёка не ўсё гладка).

У Біёнчыка вельмі спецыфічная камунікацыя з гульцамі

«Славію» Біёнчык узначаліў у кастрычніку 2022 года, калі да канца чэмпіянату заставалася ўсяго чатыры туры. Прыйшоў ён на змену шматгадоваму трэнеру мазыран Міхаілу Марціновічу. Каманда на той момант размяшчалася на 10-м месцы з 29 пунктамі – на гэтым жа радку ў выніку яна і фінішавала. Праўда, пры Біёнчыку «Славія» у чэмпіянаце-2022 так і не прайграла: дзве нічыі (адна з іх з «Шахцёрам») і дзве перамогі.

У той час калектыў і галоўны трэнер прыглядаліся адзін да аднаго, атмасфера, як адзначаюць нашыя суразмоўцы, была цалкам працоўная, без нейкіх элементаў тыраніі з боку рулявога. Сітуацыя пачала мяняцца са стартам сезона-2023. Зімой Біёнчык абнавіў калектыў: некаторыя гульцы пайшлі, а некаторыя засталіся па прапанове галоўнага трэнера. У групу апошніх, у прыватнасці, увайшоў паўабаронца Андрэй Альшанік, з якім яшчэ да пачатку чэмпіянату пачалі адбывацца дзіўныя рэчы.

Футбаліст выступаў за «Славію» з 2021 года, у канцы 2022-га ў яго заканчваўся кантракт, але паколькі галоўны трэнер праявіў зацікаўленасць у далейшай супрацы, то пагадненне было працягнутае. Як паказаў час, гэта каштавала паўабаронцу паўгода карʼеры. Невядома чаму, але ў перадсезонцы Біёнчык рэзка змяніў стаўленне да футбаліста – у выніку «Славія» нават не ўнесла Альшаніка ў заяўку на сезон. Хоць, паўторым, падаўжэнне дамовы з хаўбекам было абумоўленае якраз зацікаўленасцю трэнера. У выніку Біёнчык адправіў гульца ў дубль, дзе ён толькі трэнаваўся і на вяртанне ў аснову нават не разлічваў. 24-гадовы футбаліст па выніку ў траўні дабіўся статусу свабоднага агента, а ў чэрвені падпісаў кантракт з «Макслайнам», за які сёння і выступае.

Што да Біёнчыка, то былі і іншыя футбалісты, да якіх у яго рэзка мянялася стаўленне. Прыкладна ў той жа перыяд, што і Альшанік, ссылку ў дубль «заслужыў» паўабаронца Мікалай Рабых. Трэнер вырашыў, што ўзровень 22-гадовага гульца не адпавядае аснове, і ягонае месца – у другой камандзе (у жніўні футбаліст адправіўся ў арэнду ў «Маладзечна-2018»). Пры гэтым напярэдадні сезону Біёнчык даваў Рабых гуляць, быў зацікаўлены ў яго паслугах і ў прынцыпе бачыў сярод асноўных выканаўцаў.

Як кажуць нашыя крыніцы, прымаючы рашэнне пра «ссылку», Біёнчык з гульцом не камунікуе і свае матывы не тлумачыць – людзей проста ставяць перад фактам. Пры гэтым, як адзначаюць тыя, хто працаваў з трэнерам: ён заўсёды катэгарычны ў рашэннях, таму што цалкам перакананы ў сваёй слушнасці.

Таксама суразмоўцы адзначаюць даволі жорсткія метады працы Біёнчыка з моладдзю. Ён не шкадуе крытыкі для такіх гульцоў, а тыя, хто яго не задавальняе, адхіляюцца ад трэнаванняў або адпраўляюцца ў дубль.

Увесну пад такую раздачу патрапіў 19-гадовы паўабаронца Павел Катляроў. Спачатку Біёнчык даваў гуляць маладому футбалісту, хай у асноўным і з замен, але пасля матчу з «Тарпеда-БелАЗ» у канцы красавіка, дзе Катляроў правёў 15 хвілін і атрымаў жоўтую картку, Біёнчык, па нашых звестках, зладзіў падапечнаму разнос. З траўня па ліпень Катляроў перавыхоўваўся ў дублі. У сярэдзіне лета Біёнчык вярнуў яго ў аснову, праўда, з таго часу даў згуляць усяго дзве хвіліны.

І вось цяпер – новыя гісторыі з пераводам у дубль. І гаворка ўжо не толькі пра моладзь, але і пра дасведчаных гульцоў. Кажуць прра «пакаранне» 23-гадовага абаронцы Іллі Руцкога, 36-гадовага апорніка Ігара Кастрова, 27-гадовага паўабаронцы Валерыя Патарочы і 26-гадовага брамніка Дзяніса Садоўскага. Такія меры быццам бы прынятыя пасля матчу з «Нёманам» (0:2), дзе Руцкі выйшаў на замену на 46-й хвіліне, але на 81-й ізноў сеў на лаўку (Біёнчыка не задаволіла гульня абаронцы), а трое астатніх увогуле адсутнічалі у заяўцы.

- Футбаліст на кожнай гульні і трэнаванні павінен паказваць сваю здатнасць, а ў нас, на жаль, мы бачым сёння недастатковую агрэсію ў матчы, няма жадання і страсці. Упершыню за сваю практыку сустракаю падобную сітуацыю, такога кшталту рэакцыю [каманды] у цэлым. Гэта не ўсіх датычыцца, але я сустракаю такое ўпершыню. Будзем рэагаваць і рашаць, прымаць непапулярныя рашэнні. Супернік нам паказаў, што трэба быць матываваным, трэба мець страсць і жаданне. Трэба разумець, дзе ты будзеш далей, а складваецца ўражанне, што паўкаманды ветэранаў, якія заканчваюць з футболам, – казаў Біёнчык пасля пройгрышу гарадзенцам.

Па інфармацыі «Трыбуны», гаворка пра перавод у дубль згаданых вышэй футбалістаў усё ж не ідзе – Біёнчык толькі пазбавіў гульцоў магчымасці займацца разам з усімі. Пры гэтым «штрафная» чацвёрка прыходзіць на заняткі і проста наразае кругі ўздоўж поля.

Якія прэтэнзіі ў Біёнчыка да падапечных? Як нам удалося даведацца, трэнер лічыць, што Руцкі перастаў выкладвацца за Мазыр, таму што мае намер знайсці новую каманду, хаця да таго ўвесь сезон трымаў высокую планку. Па такой логіцы абаронца больш не памочнік у гэтым сезоне. Кастроў паскардзіўся на дыскамфорт у цягліцах. Рэакцыя трэнера – «бегай па краі, але не факт, што вернешся на поле». Пры гэтым у цяперашнім чэмпіянаце Кастроў правёў 19 матчаў (10 – у аснове), тры з іх у якасці капітана.

Чаму трапіў у няласку брамнік Садоўскі, які папоўніў «Славію» толькі ў жніўні-2023, нам невядома. Пры гэтым за мазыран галкіпер дагэтуль не правёў ні хвіліны.

А вось з Патарочам іншая гісторыя. Па індывідуальным плане паўабаронца пачаў трэнавацца яшчэ да матчу з «Нёманам». У гэтым сезоне Патароча правёў усяго 44 хвіліны на полі (у першым туры згуляў з «Мінскам» 43 хвіліны, у 25-м супраць БАТЭ выйшаў на хвіліну). Яшчэ тройчы трапляў у заяўку, але назіраў за матчамі з боку. Дык вось, паводле нашых звестак, пасля матчу з БАТЭ, які адбыўся 21 кастрычніка, Біёнчык наўпрост заявіў Патарочы, што ў наступным сезоне на яго не разлічвае, а таму хоць якой гульнявую практыкі ў 2023-м ён не атрымае. У выніку гэты год паўабаронца проста «дакатвае», бегаючы на трэнаваннях вакол поля.

Да футбалістаў ставіцца з падазрэннем

Такія метады працы і выхавання многім футбалістам не падабаюцца. Аднак Біёнчыка гэта мала хвалюе. У Мазыры ён не надта імкнецца наладжваць цесныя стасункі з падапечнымі. Больш за тое, дыялог паміж галоўным трэнерам і гульцамі практычна цалкам адсутнічае. Біёнчык у большасці выпадкаў аддае перавагу камунікаваць з футбалістамі праз памочнікаў – Антона Амельчанку і Ігара Кунаша. Некаторыя з «сасланых» даведваліся пра рашэнні Біёнчыка якраз ад ягоных асістэнтаў. Што да звычайнага жыцця гульцоў, іх праблем за межамі поля – гэта, па словах нашых крыніц, Біёнчыка ўвогуле не цікавіць.

Пры гэтым трэнер часта ставіцца да гульцоў з недаверам. Асабліва калі яны скардзяцца на праблемы са здароўем. Спецыяліст чамусьці перакананы, што за скаргамі крыецца нежаданне працаваць.

Яшчэ адна незвычайная практыка ад трэнера – абавязковыя «сходы» у распранальні перад кожным трэнаваннем. Звычайна праходзяць яны так: каманда збіраецца ў прызначаны час і больш за гадзіну проста сядзіць у распранальні без Біёнчыка. Для чаго гэта робіцца, нашыя суразмоўцы не разумеюць, але ўсе ў камандзе гэтыя патрабаванні выконваюць, каб пазбегнуць праблем.

Вось як да гэтага ставіцца кіраўніцтва клуба

Што да ўзаемаадносін галоўнага трэнера з кіраўніцтвам «Славіі», то тут, здаецца, усё добра. У верасні зʼявілася інфармацыя, што з Біёнчыкам падоўжаны кантракт да канца 2024 года. Больш за тое, паводле нашых звестак, спецыялісту палепшылі фінансавыя ўмовы.

Босаў задавальняе тое, як праводзіць сёлетні сезон каманда і які вынік дае. У распранальню кіраўнікі не лезуць, на трэнавальны працэс не ўплываюць – усім гэтым займаецца трэнерскі штаб. Нашыя суразмоўцы мяркуюць, што менавіта гэтым можа быць справакаваная празмерная самаўпэўненасць Біёнчыка.

Пры гэтым усе, хто звязаны з камандай, прызнаюць, што Біёнчык насамрэч зʼяўляецца трэнерам высокага па беларускіх мерках узроўню. І вынікі «Славіі» у сезоне-2023 (яшчэ нядаўна яна была сярод прэтэндэнтаў на медалі) – шмат у чым заслуга спецыяліста, які надае шмат увагі тактыцы, разбору супернікаў, выбудоўванню мадэлі гульні і дбайнаму планаванню трэнавальнага працэсу.

Фота: fcslavia.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты