Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У другі заход у «Дынама» Бахару не пагражалі арміяй – і ён вельмі дапамог з тытулам. У клуба наспяваюць праблемы злева

У другі заход у «Дынама» Бахару не пагражалі арміяй – і ён вельмі дапамог з тытулам. У клуба наспяваюць праблемы злева

І ў цэнтры, і ў абароне.

Аўтар — bytribuna com
15 снежня, 12:30
1
У другі заход у «Дынама» Бахару не пагражалі арміяй – і ён вельмі дапамог з тытулам. У клуба наспяваюць праблемы злева

Другі раз мінскае «Дынама» бясплатна расстаецца з Іванам Бахарам, за якога ў пачатку 2020-га заплаціла «Мінску» каля 300 тысяч долараў. Цяпер 25-гадовы паўабаронца адпраўляецца не ў чэмпіянат Ізраіля, дзе правёў першую палову 2023-га, а ў расійскі Д2. Паведамляецца, што Бахар падпісаў кантракт з тульскім «Арсеналам» і далучыцца да каманды на зімовых зборах.

Восеньскую частку чэмпіянату «кананіры» завяршылі, дзелячы трэцяе месца з «Акронам» (Тальяці) і «Цюменню». Наперадзе ідуць махачкалінскае «Дынама» і «Хімкі» – апярэджваюць «Арсенал» на два і адзін пункт адпаведна. Дзве найлепшыя каманды па выніках сезона атрымліваюць прамыя пуцёўкі ў РПЛ, яшчэ дзве згуляюць у пераходных матчах.

Вярнуўшыся з Ізраілю і заключыўшы кантракт на паўгода, Бахар адразу стаў важным гульцом «Дынама». Узʼяднанне з мінчукамі выглядала даволі дзіўным, бо футбаліст пакідаў клуб пры не самых прыемных абставінах і нават трапіў у спіс нядобранадзейных для рэжыму Лукашэнкі.

Расказваем, чым футбаліст запомніўся ў вышэйшай лізе-2023.

Бахар прыехаў у Беларусь вельмі своечасова і стаў падарункам для Вадзіма Скрыпчанкі. Хоць перад сезонам мінскае «Дынама» і падпісала 13 футбалістаў, але так і не закрыла пытанні па левым флангу паўабароны. У сакавіку-красавіку туды ў асноўным выпускалі Алега Нікіфарэнку – той у шасці стартавых матчах набраў 1+1 па «гол+пас». Пасля гэтага гульнявы час хаўбека стаў імкліва таяць, а з другога круга Нікіфарэнка ўвогуле перастаў выходзіць на поле. Аказалася, гулец востра адрэагаваў на прайграную канкурэнцыю і на трэнаваннях стаў працаваць не на поўную сілу, што стала падставай для пакарання.

Таксама злева спрабавалі Алега Еўдакімава і Арцёма Быкава, хоць гэта не родная для іх пазіцыя. Не выключана, што ў тым ліку праз дэфіцыт вінгераў «Дынама» ў траўні перайшло на схему 3-5-2, у якой увесь левы фланг зачыняў Арынья – яшчэ адзін прэтэндэнт на сыход з каманды ў найбліжэйшы час (але дзверы перад ім не зачыняюць).

Пасля вяртання Бахара з Ізраілю Скрыпчанка вярнуўся да больш звыклай фармацыі ў чатыры абаронцы, пачаўшы выпускаць злева ў паўабароне (не)навічка. Таксама летам 2023-га мінчукі падпісалі з ізраільскага чэмпіянату Глеба Жэрдзева, які складаў Бахару канкурэнцыю і быў гульцом ратацыі.

Ужо ў першым матчы за «Дынама» сезона-2023 Бахар пацвердзіў, што не страціў свае найлепшыя якасці ў Ізраілі, дзе «ўзровень і хуткасці нашмат вышэйшы, чым у ЧБ». У стартавай гульні Лігі канферэнцый супраць «Жалезнічара» (2:2) падпісант за дыктатуру паўдзельнічаў у кожным голе дынамаўцаў, набраўшы 1+1. У канцы першага тайма більярдным ударам завяршыў контрвыпад «бела-блакітных» (адзнака 1:41).

У пачатку другога разагнаў атаку і дапамог вызначыцца Уладзіславу Марозаву (адзнака 2:18).

На апошніх хвілінах дынамаўцы прапусцілі двойчы і згулялі 2:2, а хаўбек не змог назваць гэты матч удалым для сябе.

Праз тыдзень «Дынама» прайграла 1:2, а Бахара замянілі на 74-й хвіліне – за некалькі хвілін да другога мяча суперніка. Вылет з першай еўракубкавай стадыі футбаліст назваў ганьбай і прызнаўся, што быў фізічна не гатовы да гульні.

У чэмпіянаце Скрыпчанка таксама сурʼёзна разлічваў на Бахара – той выходзіў у старце ва ўсіх матчах другога кола, у сярэднім праводзячы на поле па 78 хвілін. За гэты адрэзак хаўбек забіў пяць мячоў. Самы прыгожы ўляцеў у вароты брэсцкага «Дынама». Мінчук згуляў у сценку з Антонам Пуцілам (ягоны адзіны асіст у чэмпіянаце-2023), уварваўся ў штрафную і адправіў мяч міма Глеба Траццяка.

Таксама на рахунку Бахара шэсць асістаў у 14 матчах. Асабліва багатым на галявыя перадачы аказаўся хатні матч са «Смаргонню», калі паўабаронца дапамог забіць адразу тром аднаклубнікам. Прасцей за ўсё прыйшлося Марозаву, якому заставалася паразіць пустыя вароты з двух метраў. Усяго ў чэмпіянаце-2023 Бахар тройчы асіставаў найлепшаму бамбардзіру лігі.

У вышэйшай лізе-2023 Бахар у сярэднім рабіў адно выніковае дзеянне за 109 хвілін. Гэта чацвёрты паказнік па «Дынама» пасля Уладзіміра Хвашчынскага (87 хвілін, 6+4 у 20 матчах), Марозава (91 хвіліна, 16+5 у 28 матчах) і Душана Бакіча (95 хвілін, 9+9 у 26 матчах). У параўнанні з першым заходам у сталічны клуб можна канстатаваць якасны прагрэс: у сезонах-2020-2022 на выніковае дзеянне сыходзіла 164 хвіліны (22+9 у 77 матчах).

Пакуль незразумела, якой будзе будучыня астатніх левых вінгераў «бела-блакітных». У канцы года кантракты заканчваюцца ў Нікіфарэнкі і Жэрдзева.

Акрамя магчымых праблем на гэтай пазіцыі ў «Дынама» намячаецца дзірка і на месцы левага абаронцы. Тут у 2023-м Скрыпчанка ў асноўным выбіраў паміж Арынья і Аляксеем Вакулічам. Апошні таксама павінен падпісацца з тульскім «Арсеналам». Мінулы сезон Вакуліч быў зменшчыкам Арынья і за 21 матч «вышкі» зʼявіўся ў старце шэсць разоў.

У Туле Вакуліч можа сустрэцца з двума сваімі былымі аднаклубнікамі. У 2020-2021 гадах футбаліст гуляў за «Смалявічы» разам з хаўбекам Анатолем Макаравым, які доўга быў адзіным беларусам у складзе «Арсенала» ў першай часты сезона. Сезон-2020/21 Вакуліч правёў у расійскім Д2 за «Велес» з абаронцам Эрвінгам Батакам-Іабомам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты