Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Нёман» не аддаў «Дынама» найлепшага абаронцу ЧБ-2023 і ўтрымаў амаль усіх лідараў. Вось што ў Гродне са складам

«Нёман» не аддаў «Дынама» найлепшага абаронцу ЧБ-2023 і ўтрымаў амаль усіх лідараў. Вось што ў Гродне са складам

Толькі адна значная страта.

Аўтар — bytribuna com
22 студзеня, 16:51
«Нёман» не аддаў «Дынама» найлепшага абаронцу ЧБ-2023 і ўтрымаў амаль усіх лідараў. Вось што ў Гродне са складам

У пачатку мінулага тыдня «Нёман» выйшаў з адпачынку. Да сакавіцкіх матчаў 1/4 фіналу Кубка Беларусі ў гродзенцаў запланавана 12-13 таварыскіх матчаў. Такі шчыльны каляндар забяспечыць удзел адразу ў трох перадсезонных турнірах, якія пройдуць у Магілёве, Жодзіне і Брэсце.

Расказваем, што адбываецца ў «Нёмане» пасля выхаду з адпачынку і з якім складам каманда набліжаецца да новага сезону.

Перападпісалі амаль усіх лідараў

У канцы 2023-га Гродна апынуўся ў патэнцыйна складанай кадравай сітуацыі – кантракты з клубам скончыліся адразу ў 20 футбалістаў. Пагадненні на 2024-ы мелі ўсяго сямёра. Аднак кіраўніцтву клуба ўдалося перападпісаць амаль усіх гульцоў, у тым ліку лідара Паўла Савіцкага.

Атрымалася дамовіцца аб пралангацыі з Сяргеем Карпавічам – ім сурʼёзна цікавілася мінскае «Дынама», якое ўступіла ў перамовы з найлепшым абаронцам чэмпіянату-2023 яшчэ ў снежні. Але ў мінулую сераду 29-гадовы гулец працягнуў кантракт яшчэ на год.

Хаця без стратаў не абышлося. Галоўная – расстанне з Алімардонам Шукуравым. 24-гадовы цэнтральны паўабаронца, якога партал Transfermarkt ацэньвае ў 450 тысяч віртуальных еўра (гэта быў чацвёрты паказнік у камандзе), з «Нёмана» сышоў бясплатна. Кыргыз правёў у Гродне тры сезоны і трапіў у сімвалічную зборную ЧБ-2023. Хутчэй за ўсё, ён зменіць чэмпіянат. У снежні паведамлялася пра цікавасць да Шукураву з боку венгерскіх і расійскіх клубаў. Увагу да паўабаронцы ад некалькіх каманд пацвердзіў і Ігар Кавалевіч.

Супрацу з клубам спынілі яшчэ як мінімум двое. У срэбным сезоне 28-гадовы нападаючы Раман Грыбоўскі так і не выйграў канкурэнцыю ў Савіцкага і Ягора Зубовіча – паўдзельнічаў у 12 матчах (у сярэднім атрымліваў 13 хвілін на полі) і забіў адзін мяч. Футбаліст ужо знайшоў новае месца – «Славію». Грыбоўскі мае досвед працы з Іванам Біёнчыкам у «Промні» і «Дняпры», таму перамовы былі нядоўгімі. Гулец хоча змагацца з Мазыром за чэмпіёнства.

Расійскі форвард Марк Красноў першую палову сезона-2023 адбегаў за «Смаргонь» (14 матчаў, 2 галы), а затым на вольным агентам пераехаў у Гродна. У Кавалевіча 28-гадовы футбаліст сябе не праявіў – усяго нагуляў дзесяць хвілін у двух матчах.

Таксама з «Нёманам» пакуль не трэнуецца брамнік Канстанцін Рудзянок. Няма яго і ў выязным спісе на турнір у Магілёве, куды каманда накіравалася ў панядзелак. У першага нумара «Нёмана» таксама скончыўся кантракт. Яшчэ ў снежні 33-гадовы галкіпер казаў, што не можа дакладна адказаць наконт сваёй будучыні ў Гродне.

Кропкавыя ўзмацненні

У снежні Кавалевіч анансаваў зʼяўленне новых гульцоў, бо «трэба будзе шукаць замены на тры-чатыры пазіцыі». Пакуль «Нёман» прадставіў двух навічкоў.

Цэнтр поля гродзенцы папоўнілі малдаўскім ветэранам Ігарам Кастровым. 36-гадовы футбаліст заключыў кантракт да канца года. Першую палову мінулага сезону апорнік быў гульцом старту ў «Славіі», але затым яго гульнявы час стаў змяншацца. Пад канец сезона Біёнчык уключыў Кастрова ў групу футбалістаў, якіх адправіў трэнавацца па індывідуальнай праграме за нежаданне працягваць кантракт з Мазыром. Легіянер выглядае прамой заменай Шукураву. Таксама ў Кавалевіча на гэтую пазіцыю ёсць Міхаіл Казлоў, Андрэй Якімаў, Юрый Паўлюкавец і Аляксей Дайнека.

Запрасіў «Нёман» 26-гадовага Іллю Кухарчыка, чыя профільная пазіцыя – правы фланг паўабароны. Там у Гродне ў мінулым сезоне часам узнікалі праблемы, якія Кавалевіч вырашаў, узнімаючы вышэй намінальнага абаронцу Карповіча. Праўда, той выдатна адаптаваўся і пачаў набіраць у нападзе пункты па «гол+пас» (усяго 4+8 у чэмпіянаце).

Два апошнія сезоны Кухарчык выступаў за «Белшыну» (56 матчаў, 7+9 па «гол+пас»). Кавалевіч хацеў забраць яго яшчэ мінулым летам. Паўабаронца дамагаўся расстання з «Белшынай», аднак у Бабруйску насустрач не пайшлі. Цяпер Кухарчык будзе канкураваць з Алегам Еўдакімавым і Максімам Яблонскім.

Таксама з арэнды ў «Нёман» вярнуліся 22-гадовы брамнік Артур Маліеўскі («Слуцк», 9 матчаў, 13 прапушчаных мячоў), 19-гадовы абаронца Ілля Кірко («Баранавічы», 30 матчаў, 1+1), паўабаронцы 21-гадовы Альберт Капыціч («Смаргонь», 6 матчаў, 2+1) і 18-гадовы Ілля Лебедзеў («Слонім», 27 матчаў, 0+1). З іх з асноўным складам Гродна ў першы тыдзень перадсезонкі працавалі толькі Маліеўскі і Капыціч. У Магілёў паехаў толькі брамнік.

Хто на праглядзе

Цяпер Кавалевіч праглядае пяцярых. Пасля расстання з Грыбоўскім і Красновым камандзе неабходна папоўніць колькасць нападаючых, і сёння з камандай трэнуецца расіянін Артур Сагітаў. Ён ужо мае досвед гульні ў чэмпіянаце Беларусі – за першую палову 2021-га правёў шэсць матчаў у «вышцы» за «Смаргонь», а пасля засвяціўся ў расійскім Д3 («Сатурн») і славенскім Д2 («Прыморʼе»). З верасня 2023-го форвард гуляў за аматарскую «Босу» з італьянскага Д5.

У суботу Сагітаў прыняў удзел у першым перадсезонным спарынгу «Нёмана» супраць «Ліды» (6:2) і за паўгадзіны на полі паспеў вызначыцца забітым мячом у хуткай атацы (адзнака 52:00).

У тым жа спарынгу на поле зʼявіліся трое афрыканцаў, якія прыехалі на прагляд з літоўскага Д2. Паўабаронцы з Таго Жэрэмі Акакпа і Пʼер Хунлет выступалі за «Бe1 НФА» з Каўнаса, а камерунскі нападаючы Леанард Гвет абараняў колеры «БФА» з Вільні. Уся тройка патэнцыйных навічкоў правяла заключную палову гадзіны спарынгу з «Лідай».

Пяты на праглядзе – 23-гадовы цэнтральны абаронца Аляксей Лаўрык. Тры апошнія сезоны ён выступаў за «Энергетык-БДУ», у 2023-м быў капітанам калектыву. На мінулым тыдні Лаўрык з гродзенцамі не трэнаваўся і паехаў з камандай адразу ў Магілёў.

За стартавы тыдзень трэнінгу «Нёман» паспеў адсеяць некаторых футбалістаў. Так, спачатку з камандай працаваў правы абаронца Канстанцін Кучынскі. Аднак праз некалькі сутак 25-гадовы футбаліст, які два апошнія сезоны правёў за «Гомель», апынуўся ўжо на праглядзе ў «Шахцёры». Па часе пераезд Кучынскага ў Салігорск супаў з падаўжэннем кантракту Карпавічам, які гуляе на той жа пазіцыі.

Тыдзень з камандай трэнаваўся ўзбекістанец Міркадзіраў Мухамадзюсуф. Апошнім клубам апорніка быў «Чыгатай» з узбекістанскага Д3, за які той правёў сем матчаў. Супраць «Ліды» Мухамадзюсуф адгуляў гадзіну, але ў панядзелак не паехаў з «Нёманам» у Магілёў.

Дэлегавалі на Кубак Азіі

Няма сярод тых, хто трэнуецца з «Нёманам», Гулжыгіта Алыкулава, які нядаўна адмовіўся пераходзіць у клуб расійскага Д2. Аднак у прыхільнікаў гродзенцаў няма падставы для перажыванняў – у футбаліста на руках кантракт да канца 2024-га. Пасля двух тыдняў адпачынку паўабаронца разам з Шукуравым адправіўся ў зборную Кыргызстана, якая рыхтавалася да Кубка Азіі.

У працэсе падрыхтоўкі не пашанцавала Шукураву. 30 снежня ў сярэдзіне першага тайма спарынгу з ААЭ (0:1) экс-гродзенец атрымаў мышачную траўму і выбыў прыкладна на месяц, што перакрэслівала шанцы на ўдзел у кантынентальным турніры.

Цяпер групавы раўнд Кубка Азіі ў самым разгары. Кыргызстан правёў два матчы, прайграўшы з аднолькавым лікам 0:2 Тайланду і Саудаўскай Аравіі. У абодвух выпадках Алыкулаў выходзіў у старце, закрываў левы фланг паўабароны і замяняўся ў сярэдзіне другога тайма. Праз дзве паразы Кыргызстан страціў шанцы на два першыя месцы ў групе, аднак калі ў чацвер абгуляе Аман, зможа выйсці ў 1/8 фіналу нават з трэцяй пазіцыі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты