Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Іслач» працягвае абмен з «Дынама» (аддае лідараў, бярэ на перспектыву), а яшчэ з клуба ўцёк афрыканскі легіянер

«Іслач» працягвае абмен з «Дынама» (аддае лідараў, бярэ на перспектыву), а яшчэ з клуба ўцёк афрыканскі легіянер

Але ўвогуле ў камандзе на дзіва спакойна.

Аўтар — bytribuna com
31 студзеня, 14:41
«Іслач» працягвае абмен з «Дынама» (аддае лідараў, бярэ на перспектыву), а яшчэ з клуба ўцёк афрыканскі легіянер

Здавалася, «Іслач» ужо прывыкла да таго, што кожную зіму губляе ключавых гульцоў у прамысловых маштабах. У сезон-2023 Дзмітрый Камароўскі ўваходзіў практычна без лідараў сезона-2022, з якімі ўдалося фінішаваць на пятым месцы. Тады з «Іслаччу» рассталіся брамнік Сяргей Ігнатовіч, абаронцы Мікіта Сцяпанаў, Кірыл Глушчанкаў, паўабаронцы Алег Нікіфарэнка, Руслан Лісаковіч, Дзмітрый Лісаковіч, Ямуса Камара, нападаючыя Уладзіслаў Марозаў, Герман Баркоўскі і Даніэль Соза.

Гэтай зімой на здзіўленне ўсё спакойна, і Камароўскаму не трэба ламаць галаву над тым, кім бы заторкнуць дзіркі ў складзе. На сёння вядома пра тры расстанні з футбалістамі, якія ў мінулым сезоне былі значнымі для «Іслачы». Правы абаронца Вадзім Пігас захацеў «зрабіць крок наперад» і на правах свабоднага агента падпісаўся з мінскім «Дынама». На днях «ваўкі» за 120 тысяч еўра прадалі ў маскоўскае «Тарпеда» (серадняк Д2) апорніка Аляксандра Гуза. Сыход паўабаронцы выклікаў дваякія пачуцці ў Камароўскага. З аднаго боку, трэнер рады за тое, што клуб зарабіў, з іншага – засмучаны кадравай стратай.

Яшчэ сышоў цэнтральны абаронца Ілля Скробатаў – у стабільнага гульца старту скончыўся кантракт. Інсайдэры пішуць, ён можа працягнуць карʼеру ў «Шынніку» (Д2, Расія).

Яшчэ «Іслач» развіталася з цэнтральнымі паўабаронцамі Станіславам Атрашкевічам і Максімам Саматоем, якія мінулы сезон правялі ў арэндах у «Смаргоні» і «Белшыны» адпаведна. Атрашкевіч зараз шукае новы клуб, а Самотай завяршыў карʼеру праз траўму.

Гэта далёка не ўсе навіны з «Іслачы» за апошні час. Расказваем пра самае цікавае ў чацвёртай камандзе вышэйшай лігі па выніках мінулага сезона.

Знік легіянер

«Іслач» адной з першых у «вышцы» выйшла з адпачынку. Калі два папярэднія гады па прыкладзе «Энергетыка-БДУ» каманда збіралася ў снежні, то ў гэты раз пачала працу 4 студзеня на клубнай базе ў Бальшавіку. Камароўскі запланаваў восем перадсезонных спарынгаў. Два з іх ужо адбыліся – перамогі над «Маладзечна» (Д2) 1:0 (Роўда, 45) і «Слуцкам» 2:1 (аўтагол, 20, Мітрафанаў, 78).

Сайт «Іслачы» пісаў, што легіянеры, якіх на той момант у каманды было чатыры, далучацца да першага збору на другім тыдні працы. Расіянін Ілья Калачоў, малдаванін Віку Булмага і казахстанец Дзяніс Мітрафанаў на клубную базу прыбылі ў тэрмін, а вось ганец Фард Ібрагім у Беларусь не прыляцеў. «Іслач» трэнуецца ўжо практычна месяц, а афрыканец да гэтага часу адсутнічае. Нядаўна Камароўскі прызнаўся, што не ведае, дзе той знаходзіцца.

Калі Ібрагім так і не абʼявіцца, то клубу давядзецца шукаць замену на левы фланг абароны, дзе ганец быў стабільна асноўным апошнія паўтара года. Легіянер лічыўся адным з галоўных трансферных актываў «Іслачы». За два гады з моманту пераходу ў клуб яго віртуальны кошт на Transfermarkt вырас у чатыры разы да 200 тысяч еўра. «Ваўкі» маглі прадаць за мяжу Ібрагіма яшчэ мінулым летам, але не зраслося. Цяпер у абаронцы на руках кантракт з «Іслаччу» да сакавіка 2025-га, таму бесперашкодна і за бясплатна сысці ў іншую каманду ён не можа.

Працягваюць браць дынамаўцаў

У першыя тыдні працы ў Бальшавіку «ваўкі» не абʼяўлялі пра навічкоў, хоць не адмаўлялі, што вядуць прагляды. Падпісную кампанію клуб пачаў з запрашэння гульцоў мінскага «Дынама» – гэта даўно наладжаны маршрут рэкрутынгу.

«У нас з «Іслаччу» добрыя адносіны з пункту гледжання партнёрства клубаў. І мы будзем знаходзіць кампраміс і ў кадравых момантах, і з фінансамі», – казаў галоўны трэнер «Дынама» Вадзім Скрыпчанка.

З пачатку 2021-га з «Дынама» ў «Іслач» перабраліся тры футбалісты. Столькі ж гульцоў мінчукі аддавалі ў арэнду. У студзені-2024 спіс пераходаў папоўніўся яшчэ трыма кейсамі. «Ваўкі» забралі з дынамаўскага дубля правага абаронцу Івана Хавалку і цэнтральнага паўабаронцу Юрыя Краўчанку. Абодва знаходзіліся ў найбліжэйшым рэзерве Скрыпчанкі, але за першую каманду ўсяго пару разоў выйшлі на замену. Іх пагадненні з «Іслаччу» разлічаныя на тры гады. Трэцім стаў цэнтрдэф Кірыл Радзівонаў. Мінулы сезон абаронца стабільна гуляў у арэндзе ў «Іслачы», а гэтай зімой на правах свабоднага агента падпісаў паўнавартасны аднагадовы кантракт.

«Дынама» ў сваю чаргу падпісвае выключна лідараў «Іслачы». У пачатку 2021-га забрала брамніка Ягора Хаткевіча. Праз два гады – вінгера Алега Нікіфарэнку і нападаючага Уладзіслава Марозава. Пігас – якраз працяг гэтай гісторыі.

Падпісалі гульца з Казахстана

Калі пераходы з Беларусі ў Казахстан у апошнія гады ну вельмі папулярныя, то ў зваротным кірунку едуць адзінкі. Мірас Кабееў прыбыў у студзені і стаў трэцім казахстанцам у гісторыі «Іслачы» пасля Мацвея Герасімава і Дзяніса Мітрафанава.

«Ваўкі» выйшлі на 19-гадовага выхаванца акадэміі «Кайрата» ў сярэдзіне снежня-2023. Кабееў знаёмы з Мітрафанавым і звяртаўся да яго за парадай. Нападаючы адказаў, каб той «доўга не разважаў і ехаў у Беларусь». Апорнаму хаўбеку, які падпісаў двухгадовы кантракт, імпануе стаўка «Іслачы» на маладых, што дае магчымасць развівацца.

Да Беларусі Кабееў выступаў выключна на Радзіме. Выклікаўся ў зборныя U-17 і U-19, а таксама правёў чатыры поўныя матчы за «Кайрат» у Юнацкай лізе УЕФА-2021/22. Прабіцца ў першы склад «жоўта-чорных» не здолеў і тры апошнія гады выступаў за фарм у Д2, дзе выводзіў каманду з капітанскай павязкай (40 матчаў, 2+4 па «гол+пас»). Падпісанне казахстанца па пазіцыі бачыцца прамой заменай Гузу.

На праглядзе капітан моладзевай каманды ЦСКА

Камароўскі кажа, што і сёння не адмовіцца ад добрага гульца – відавочна, працэс камплектацыі працягваецца.

У цэнтры абароны Скробатава можа замяніць яго суайчыннік з Расіі. «Ваўкі» на трэнінгах прыглядаюцца да 20-гадовага абаронцы Дзяніса Першына. Дэф улетку 2019-га пераехаў з Санкт-Пецярбурга ў акадэмію ЦСКА. Магчыма, Першын запомніўся Камароўскаму па дэбюце за зборную Расіі U-21. У чэрвені-2023 футбаліст у Барысаве згуляў супраць беларускіх аднагодкаў заключныя 22 хвіліны матча (5:1 на карысць гаспадароў). Першую палову сезона-2023/24 абаронца з капітанскай павязкай правёў у ЦСКА, гуляючы ў моладзевым першынстве (14 матчаў, 2 галы).

Будучыня яшчэ аднаго футбаліста на праглядзе сёння пад пытаннем. У суботнім спарынгу супраць «Слуцка» ў майцы «Іслачы» на полі заўважылі цэнтральнага паўабаронцу «Маладзечна» Уладзіміра Маслоўскага. У мінулым сезоне 23-гадовы гулец набраў 3+5 у 31 матчах першай лігі. Камароўскі паабяцаў прыняць рашэнне пасля прагляду запісу таварняку з «цукровымі».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты