Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Чаму АБФФ выбрала не Кубарава (ён хацеў), а Яромку, які ўжо няўдала працаваў у зборнай U-21

Чаму АБФФ выбрала не Кубарава (ён хацеў), а Яромку, які ўжо няўдала працаваў у зборнай U-21

І тут выбар без выбару.

Аўтар — bytribuna com
23 лютага, 06:46
2
Чаму АБФФ выбрала не Кубарава (ён хацеў), а Яромку, які ўжо няўдала працаваў у зборнай U-21

21 лютага старшыня Беларускай федэрацыі футбола Мікалай Шарснёў заявіў, што галоўны трэнер для моладзевай зборнай ужо выбраны – яго прозвішча абʼявяць на бліжэйшым выканкаме АБФФ. Пройдзе ён, паводле нашай інфармацыі, 26 лютага. Зрэшты, «Трыбуне» ўжо цяпер вядома, што зборную U-21 узначаліць 56-гадовы Сяргей Яромка, які мінулы сезон правёў ля руля «Мінска». Спецыяліст ужо працаваў з моладзевай зборнай, прычым нядаўна, і тая спроба атрымалася не вельмі ўдалай.

Даведаліся, чаму ў федэрацыі зрабілі такі выбар.

Федэрацыі не было з каго выбіраць

Папярэдні трэнерскі штаб моладзевай зборнай на чале з Сяргеем Ясінскім афіцыйна пакінуў каманду ў канцы лістапада 2023-га, а ў сярэдзіне снежня зʼявілася інфармацыя, што новы галоўны трэнер будзе прызначаны толькі ў пачатку 2024-га.

Намеснік старшыні АБФФ Андрэй Васілевіч расказваў, што ў спісе кандыдатаў на пасаду прысутнічаюць Ігар Кавалевіч з «Нёмана», Вадзім Скрыпчанка з «Дынама» і Сяргей Яромка, які тады толькі-толькі пакінуў «Мінск». А таксама нехта неназваны з Расіі.

На пачатку года журналіст Уладзіслаў Татур паведаміў, што ўзначаліць беларускую моладзевую зборную можа Аляксандр Кержакоў. Праўда, экс-гулец зборнай Расіі ў той жа дзень заявіў, што з АБФФ з ім ніхто не звязваўся.

Па нашай інфармацыі, уся гэтая гісторыя – усяго толькі агенцкія гульні. Прызначыць Кержакова Беларускай федэрацыі футбола прапанавалі людзі, якія з ім звязаны. Трэнер з лістапада 2023-га знаходзіцца без працы – пасля таго, як пакінуў «Спартака» з Субоціцы (Сербія). Аднак, абмяркоўваючы кандыдатуру легіянера, у АБФФ прыйшлі да высновы, што з беларускай моладдзю мусіць працаваць выключна беларускі спецыяліст, і гэта звузіла выбар.

Наколькі нам вядома, ахвочых узначаліць калектыў было зусім няшмат. Кавалевіч і Скрыпчанка, якія нібыта былі ў спісе, у выніку адмовіліся. Дынамаўскі трэнер, як аказалася, гатовы быў ісці ў моладзевую зборную толькі на сумяшчэнне.

Як нам удалося высветліць, сярод кандыдатаў значыўся Алег Кубараў, які на той момант займаў пасаду тэхнічнага дырэктара футбольнай школы «ДНК Нацыі». У нейкі момант ён нават сам прыйшоў у АБФФ, каб ініцыяваць больш прадметныя перамовы. Аднак пасля камунікацыі федэрацыя вырашыла адмовіцца ад паслуг Кубарава. У АБФФ палічылі, што бачанне Кубарава больш скіраванае не на развіццё моладзі, а на яе продаж у замежныя клубы (выклікаў у зборную – «засвяціў» на міжнародным узроўні – павысіў прывабнасць для замежных клубаў). У АБФФ хацелі, каб трэнер U-21 думаў пра развіццё гульцоў, няхай яны нават выступаюць у чэмпіянаце Беларусі. Карацей, бакі не сышліся ў поглядах.

У выніку ў спісе, па сутнасці, застаўся толькі Сяргей Яромка. З аднаго боку, прызначылі яго без канкурэнтаў. З іншага, на карысць спецыяліста гаварыла праца з «Мінскам» у сезоне-2023. З самай маладой камандай элітных дывізіёнаў Еўропы Яромка здолеў заняць у ЧБ дзявятае месца, а пасля некаторыя футбалісты перабраліся ў калектывы мацней, у тым ліку за мяжу. Пяцёра гульцоў «Мінска» летась стабільна выкарыстоўваліся ў зборнай U-21.

У федэрацыі вырашылі не прыдумляць іншыя кандыдатуры. Паводле нашай інфармацыі, тэрмін пагаднення разлічаны да канца гэтага года, а пра далейшую супрацу размова будзе весціся ў залежнасці ад таго, што каманда пакажа ў 2024-м.

Яромка яшчэ ў лістападзе 2023-га казаў, што яму такая праца цікавая.

Мінулы этап Яромкі ў камандзе не ўражвае, але быў важны нюанс

Для 56-гадовага спецыяліста гэта другі заход у моладзеўку. Першы доўжыўся з чэрвеня-2019 па снежань-2020. Яромка дзеля працы з U-21 пакінуў пасаду ў «Гарадзеі» (якая, зрэшты, знаходзілася на мяжы краху), каб змяніць Міхаіла Мархеля, паднятага ў першую зборную.

Усяго Яромка паспеў правесці дзевяць матчаў, восем з іх – у адборы да ЧЕ-2021, дзе ў групе былі Партугалія, Нідэрланды, Нарвегія, Кіпр і Гібралтар. Па выніку ў тым секстэце беларусы занялі чацвёртае месца (дзве перамогі, дзве нічыі і пяць паражэнняў пры розніцы мячоў 15:21, яшчэ адзін матч быў адменены). Каманда здолела перамагчы толькі Гібралтар (2:0), двойчы згуляла ўнічыю (па 1:1 з Нарвегіяй і Кіпрам) і шэсць разоў прайграла. Няўдачы ў сустрэчах з Партугаліяй і Нідэрландамі не сталі чымсьці сенсацыйным, няхай яны і заканчваліся з буйным лікам (ад нідэрландцаў за два матчы ўляцела 13 мячоў без адказу). А вось дамашняе паражэнне ад Кіпра 1:2 стала непрыемным сюрпрызам.

Аднак трэба ўлічваць адзін нюанс. Сярэдні ўзрост каманды, якую трэнаваў Яромка, не дацягваў і да 20 гадоў (19,9 года). З Мархелем у першую зборную пайшлі важныя выканаўцы для моладзеўкі – 21-гадовыя Дзмітрый Падстрэлаў, Іван Бахар і Сяргей Волкаў, 20-гадовы Макс Эбонг. Ну а ў ростары ў Яромкі былі ў тым ліку 18- і 19-гадовыя выканаўцы, прычым у большасці сваёй далёка не зоркі на той момант: Уладзіслаў Ложкін, Віктар Сотнікаў, Арцём Макаўчык, Данііл Мірошнікаў, Дзмітрый Прышчэпа, Дзмітрый Сібілеў, Кірыл Кірыленка., Алег Нікіфарэнка, Раман Давыскіба, Уладзіслаў Марозаў, Яўген Козел.

Яромка даводзілася выпускаць гульцоў, якія маладзейшыя за суперніка на два, а то і на тры гады. Так што пасрэдныя вынікі калектыва цалкам вытлумачальныя.

Хоць, з іншага боку, былі ў распараджэнні трэнера гульцы, якія па выніку выраслі ў заўважных выканаўцаў: Ілля Шкурын, Арцём Канцавы, Дзяніс Грачыха і ўжо згаданы Марозаў.

Нягледзячы на такія абставіны, у канцы 2020-га федэрацыя вырашыла расстацца з Яромкам. Фармальна – каб ён мог сканцэнтравацца на клубнай працы. Аднак ніякіх варыянтаў у спецыяліста не было. Яго проста звольнілі, калі да заканчэння кантракта заставаўся яшчэ год. Новую працу Яромка знайшоў толькі напрыканцы 2022-га, калі яго паклікалі ў «Мінск».

З нагоды вяртання Яромкі ў моладзевую зборную «Трыбуна» на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з тымі, хто перасякаўся са спецыялістам і ў моладзевай зборнай, і ў мінулым сезоне ў «Мінску». Як аказалася, метады працы з часам не памяняліся, як і камунікацыя з калектывам. Прынамсі, такая карціна вымалёўваецца са слоў нашых суразмоўцаў.

- Нічога дрэннага пра яго як пра чалавека і спецыяліста сказаць не магу. Уражанні станоўчыя, – сказаў адзін з тых, каго трэнаваў Яромка. – На трэнінгах усё дазавана, без перагібаў. Знойдзе агульную мову з любым футбалістам. Ведае баланс, калі можна пажартаваць, а калі можна паўшчуваць.

А вось іншы футбаліст, які гуляў у свой час пад кіраўніцтвам трэнера, трымаецца іншага меркавання:

- Як па мне, нічога выбітнага – звычайны беларускі трэнер, нічым не вылучаецца. Калі мы гулялі з Гібралтарам, то і з камандай гэтага ўзроўню бадаліся, хоць па падборы выканаўцаў мусілі цалкам кантраляваць гульню. Так, перамаглі 2:0, але вельмі цяжка. А што да камунікацыі з гульцамі, то я нават не ўзгадаю, каб Яромка ішоў насустрач камусьці і стараўся прыслухоўвацца.

Яшчэ адзін наш суразмоўца з беларускага футбола лічыць, што пра Яромку ўсё ж не варта казаць як пра спецыяліста, які развівае моладзь і дапамагае ёй прагрэсаваць.

– У «Мінску» ён працаваў з тымі, хто быў. Прыйшоў, у яго ўжо, па сутнасці, быў склад. У гэтым клубе і так нядрэнная моладзь, і яна дасталася Яромку. У нейкай ступені, магчыма, дапамог сябе праявіць, але дакладна не развіў так, што трэба казаць: «Як трэнер крута працуе з маладымі гульцамі!» Упэўнены, ён пагадзіўся на працу ў моладзевай зборнай проста таму, што не хацеў сядзець без справы пасля звальнення з «Мінску».

Іншыя пасты блога

Усе пасты