Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2023: для каго нешчаслівым стаў трынаццаты этап?

Дакар-2023: для каго нешчаслівым стаў трынаццаты этап?

15 студзеня 2023, 13:52
Дакар-2023: для каго нешчаслівым стаў трынаццаты этап?

Фота: A.S.O.

У гэтыя хвіліны ўдзельнікі сорак пятага ралі Дакар якраз яго завяршаюць. Канчатковыя вынікі мы падвядзём заўтра, а сёння ўспомнім, што было ўчора, калі ўдзельнікі марафону правялі трынаццаты этап і перабраліся з Шэйбы ў Аль-Хуфуф.

Успамінаць прыходзіцца і пра тое, што расійска-фашысцкія захопнікі працягваюць катаваць Украіну. Калі Захад не дапаможа ёй пасля ўчарашняй атакі на Дніпро, ён сам будзе заслугоўваць такіх атак на свае гарады. Толькі разгром агрэсара і поўная перамога ўкраінцаў будзе гарантыяй міру і спакою ва ўсім свеце. Яна дапаможа вызваліцца і беларусам, якіх імперыя больш не зможа трымаць у сваіх лапах. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Тых расійскіх спартсменаў, у тым ліку гоншчыкаў, якія прыкрыліся нейтралітэтам у дачыненні да злачынстваў расійскага фюрэра, а тым больш падтрымліваюць яго дзеянні, не шкада зусім. І сусветныя гонкі, як той жа Дакар, без іх робяцца толькі лепей, а часам і цікавей. Хаця ў гонцы гэтага году ў асобных катэгорыях усё стала зразумела даволі даўно.

Але не ў матацыклетнай! Тут па выніках трынаццатага этапу інтрыга яшчэ заставалася, і завадскі гоншчык KTM Кэвін Бенавідэс, які перамог з вынікам 2 гадзіны 21 хвіліна 47 секунд і на дзве з паловай хвіліны абагнаў свайго партнёра па камандзе Тобі Прайса, які фінішаваў чацвёртым, скараціў сваё адставанне ад яго ў генеральнай класіфікацыі да 12 секунд.

Аўстраліец пры гэтым з часам 43 гадзіны 11 хвілін 51 секунда застаўся лідарам. Канкурэнта з Хусквары Скайлера Хаўса, які замыкаў па стане на ўчора першую тройку абсалюту, ён апярэджваў на 1 хвіліну 31 секунду. Сам амерыканец учора заняў сёмае месца, тры з паловай хвіліны прайграўшы Бенавідэсу.

27 секунд саступіў аргенцінцу, фінішаваўшы другім, Майкл Доэрці на прыватнай Хускварне. А малодшы брат Кэвіна Лусіана, які выступае на завадскім матацыкле шведскай маркі, адстаў ад яго на 57 секунд, паказаўшы трэці вынік. Прайсу ў генеральнай класіфікацыі пасля трынаццатага этапу Лусіана саступаў васямнаццаць з паловай хвілін і займаў шостае месца, а Доэрці ішоў шаснаццатым у трох гадзінах ад аўстралійца.

Лідар катэгорыі квадрацыклаў Александр Жыру, чый час складае 54 гадзіны 53 хвіліны 18 секунд, у суботу задаволіўся пятым месцам, амаль сем хвілін саступіўшы пераможцу, якім у чарговы раз стаў Марчэла Медэйрас, які ў агульным заліку ідзе дзявятым і перадапошнім, адстаючы ад француза на трыццаць гадзін. Са спецучасткам трынаццатага этапу ён справіўся за 2 гадзіны 55 хвілін 48 секунд.

1 хвіліну 35 секунд яму саступіў Джавані Энрыка, які заняў другое месца. У агульным заліку ён займае пятае месца і прайграе Жыру амаль пяць гадзін. Тройку мацнейшых учора замкнуў Франсіска Марэна Флорэс, які адстаў ад Медэйраса на 3 хвіліны 11 секунд. У генеральнай класіфікацыі ён другі, у 40 хвілінах 20 секундах ад лідара. Трэцюю пазіцыю, саступаючы Жыру 2 гадзіны 1 хвіліну 46 секунд, займае Пабла Капэці, які пераможцу суботняга этапу прайграў шэсць хвілін і заняў чацвёртае месца.

Можа дазволіць сабе расслабіцца і мінулагодні пераможца катэгорыі серыйных SSV T4 Осцін Джонс, які ў гэтым годзе выступае на прататыпе T3. Ён лідзіруе з часам 50 гадзін 31 хвіліна 59 секунд, на 54 хвіліны 30 апярэджваючы свайго суайчынніка і партнёра па камандзе Red Bull Off-Road Junior Team USA by BFG Сэта Кінтэра, які займае другое месца. Осцін на трынаццатым этапе расслабіўся і саступіў перамогу яшчэ аднаму свайму суайчынніку і партнёру Мітчэлу Гатры, ад якога адстаў на адзінаццаць хвілін, заняўшы дзявятае месца.

Гатры пераадолеў 154 баявыя кіламетры за 2 гадзіны 41 хвіліну 8 секунд, на 50 секунд апярэдзіўшы трохразовага пераможца Дакару ў катэгорыі квадрацыклаў Ігнасіа Касале, які заняў другое месца. Кінтэра фінішаваў яшчэ ў сямі секундах ззаду, паказаўшы трэці вынік. Лідару ж Касале саступаў пасля трынаццаці этапаў ажно сем гадзін і замыкаў першую дзясятку.

Тройку ж мацнейшых замыкаў Гіём дэ Мэвіус, які пазаўчора страціў шанцы на перамогу. Ён 1 гадзіну 33 хвіліны 28 секунд саступаў Джонсу, а Гатры на трынаццатым этапе прайграў амаль дзевятнаццаць хвілін, заняўшы чатырнаццатае месца.

Вось у T4 было за чым паназіраць! Тут працягваецца спаборніцтва лідара Рокаша Бацюшкі, чый час па стане на ўчарашні вечар складаў 51 гадзіну 41 хвіліну 34 секунды, і Эрыка Гочала, які ішоў другім у 3 хвілінах 24 секундах ад літоўца. Пры гэтым учора наперадзе апынуўся менавіта паляк, які пераадолеў спецучастак за 2 гадзіны 35 хвілін 13 секунд. Бацюшку, які заняў другое месца, ён апярэдзіў на 4 хвіліны 19 секунд.

Трэцяе месца заняў у суботу мясцовы гоншчык Ясір Сейдан, які саступіў Гочалу 9 хвілін 56 секунд. За перамогу ён, зрэшты, не змагаецца, ідучы на дваццаць трэцяй пазіцыі болей чым у сямнаццаці гадзінах ад лідара. А вось бацька Эрыка Марэк на выніковую першую пазіцыю ўчора яшчэ прэтэндаваў – замыкаў першую тройку ў 23 хвілінах 11 секундах ад Бацюшкі. Свайму сыну ўчора ён саступіў амаль дванаццаць хвілін заняўшы пятае месца.

Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб, які выступае за Bahrain Raid Xtreme, пагрозай на той момант яшчэ чатырохразоваму пераможцу Дакару з завадской Таёты Насэру Аль-Аціі не з’яўляўся, хоць і займаў другое месца. Гоншчык з Катара пасля трынаццаці этапаў лідзіраваў з часам 43 гадзіны 48 хвілін 10 секунд і абганяў француза на 1 гадзіну 21 хвіліну 42 секунды. І што ў суботу ізноў перамог менавіта Лёб, які пабіў рэкорд Ары Ватанена па колькасці Вікторый на этапах Дакару, Насэра зусім не расстроіла.

Тым больш што ён заняў другое месца, саступіўшы эльзасцу ўсяго 5 хвілін 28 секунд. Сам Себасцьен пераадолеў баявую дыстанцыю за 2 гадзіны 26 хвілін 17 секунд. Адзінага, што застаўся ў ладзе, прадстаўніка Audi Маціаса Экстрома, які заняў трэцяе месца, ён абагнаў на 6 хвілін 31 секунду.

Швед у генеральнай класіфікацыі падняўся ўчора на пятнаццатую пазіцыю і быў амаль у сямі гадзінах ад Аль-Аціі. Бразільскі гоншчык Overdrive Racing Лукаш Мараэш адставаў ад Насэра на 1 гадзіну 35 хвілін 50 секунд і захоўваў трэцюю пазіцыю. На перадапошнім этапе ён заняў восьмае месца, прайграўшы Лёбу дванаццаць хвілін.

Каму на практычна фінішнай прамой Дакару не пашанцавала, дык гэта нідэрландцу Марціну ван дэн Брынку, які прэтэндаваў на перамогу ў катэгорыі грузавікоў і напярэдадні займаў другую пазіцыю. Яго Iveco PowerStar і ў пятніцу прыхварэла была на трансмісію, а ў суботу Марцін наогул спыніўся прыкладна праз пяцьдзесят кіламетраў пасля старту праз чарговыя механічныя праблемы.

Страціў ван дэн Брынк у выніку прыкладна дзве гадзіны, што пахавала яго шанцы на выніковае першае месца. Фінішаваў ён толькі дзевятнаццатым, а ў генеральнай класіфікацыі апусціўся на трэцюю пазіцыю, прапусціўшы наперад свайго чэшскага цёзку Мацыка, які таксама выступае на Iveco і які ўчора і перамог, пераадолеўшы спецучастак за 3 гадзіны 2 хвіліны 43 секунды.

Мацык, зрэшты, на выніковую перамогу не прэтэндуе даўно, і лідару Янусу ван Кастэрэну, чый час пасля трынаццаці этапаў складаў 52 гадзіны 38 хвілін 58 секунд, ён саступаў 1 гадзіну 16 хвілін 42 секунды. Адставанне ж ван дэн Брынка вырасла да 2 гадзін 43 хвілін 3 секунд. Янус жа ўчора заняў другое месца, усяго 3 хвіліны 25 секунд саступіўшы Мацыку. Суайчыннік Марціна на Tatra Phoenix Buggyra Яраслаў Вальтр у суботу фінішаваў трэцім, у 10 хвілінах 31 секундзе ад Мацыка. У агульным заліку ён пасля трынаццатага этапу займаў пятую пазіцыю і адставаў да лідара болей чым на пяць гадзін.

Сённяшняе 417-кіламетровае падарожжа з Аль-Хуфуфа ў Дамам стала для ўдзельнікаў Дакару апошнім. Спецучастак, як і некалькі папярэдніх, быў адносна кароткім – 136-кіламетровым, але дакладна не простым. Падрабязнасці таго, што на ім адбывалася, стануць вядомымі сёння ўвечары.

Іншыя пасты блога

Усе пасты