Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Аварыі, штрафы і два розных пераможца (дакладней, чатыры). У Саудаўскай Аравіі пачаўся трэці сезон серыі Extreme E

Аварыі, штрафы і два розных пераможца (дакладней, чатыры). У Саудаўскай Аравіі пачаўся трэці сезон серыі Extreme E

15 сакавіка 2023, 16:10
Аварыі, штрафы і два розных пераможца (дакладней, чатыры). У Саудаўскай Аравіі пачаўся трэці сезон серыі Extreme E

Фота: extreme-e.com

Новы сезон электрычных пазадарожных гонак прынёс новых удзельнікаў і абноўлены фармат уік-эндаў. Барацьбы стала болей, болей можа быць і пераможцаў, што і паказалі першыя этапы, якія ў мінулыя выхадныя прайшлі ў Саудаўскай Аравіі.

Электрычныя гонкі – гэта будучыня, якой фашысцкія дыктатуры, што апанавалі Беларусь і Расію, імкнуцца нас пазбавіць. З той жа мэтай яны напалі на Украіну і дагэтуль катуюць яе народ, аднак не здольныя яго скарыць. Перамога ўкраінцаў патрэбная не толькі ім, а усяму свету, у тым ліку беларусам, якія таксама дапамагаюць нашым суседзям вызваляць іх тэрыторыі ад нашага агульнага ворага, якому прыйдзецца сысці і з нашай зямлі. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Таму нягледзячы на цяперашнюю трагедыю ўкраінскага і беларускага народаў, іх будучыня светлая. Як і будучыня планеты ў цэлым, калі чалавецтва адказна будзе падыходзіць да карыстання яе рэсурсамі і клапаціцца аб яе здароўі. Якраз пра гэта, напрыклад, Formula E, якая з’яўляецца старэйшай сястрой серыі Extreme E (арганізатары ў іх адны і тыя ж).

У мінулыя выхадныя апошняя пачала ўжо трэці свой сезон двума этапамі ў рэгіёне Нэом у Саудаўскай Аравіі. Менавіта так – двума этапамі, па аднаму ў суботу і нядзелю. Цяпер так будзе кожны ўік-энд Extreme E, і гэта заўважна павышае цікавасць гонак на электрычных пазадарожніках Odyssey 21, што ў першы ўік-энд новага сезона было заўважна.

Новы фармат уік-энду – самая заўважная, але не адзіная змена спартыўнага рэгламенту экстрэмальна-электрычнай серыі. У трэцім сезоне арганізатары вырашылі адмовіцца ад заезду Crazy Race, пераможцы якога раней атрымлівалі пуцёўку у фінал (які цяпер завецца Grand Final). Цяпер яны проста змагаюцца за званне лепшых з астатніх у так званай Redemption Race, якая вызначае становішча ў агульным заліку этапу. Але ў фінал усё роўна адбіраюцца пяць каманд – тры лепшых па выніках першага хіта другой кваліфікацыі і дзве па выніках другога ў суботу, і наадварот – у нядзелю.

У камандзе Acciona Sainz XE Team двухразовы чэмпіён свету па ралі Карлас Сайнс-старэйшы часова саступіў месца Маціасу Экстрому (Эль Матадор аднаўляе здароўе пасля аварыі, у якую ў той жа Саудаўскай Аравіі патрапіў на дзявятым этапе Дакара два месяцы таму). Аднак швед выдатна спрацаваўся з Лаяй Санц, якая засталася ў калектыве свайго славутага суайчынніка.

Выдатна Экстром стартаваў і ў Гранд Фінале, захапіўшы лідарства на старце. Хаця пяціразовы чэмпіён свету па ралі-кросе Йохан Крыстоферсан, які працягвае з Мікаэлай Алін-Катулінскі абараняць колеры каманды Rosberg X Racing, хутка перахапіў першую пазіцыю ў свайго суайчынніка. Следам за ім размясціўся яшчэ адзін швед, Кэвін Хансэн, які з’яўляецца напарнікам Молі Тэйлар па камандзе Veloce Racing.

Такое становішча захавалася і пасля таго, як перад пачаткам трэцяга круга з чатырох мужчыны перадалі аўтамабілі жанчынам. І першай скрозь фінішны створ праехала Алін-Катулінскі, але яе з Крыстоферсанам і чэмпіёнам Формулы 1 2016 года Ніка Росбергам радасць доўгай не была – суддзі налічылі камандзе ажно 136 штрафных секунд за тое, што Мікаэла перавысіла хуткасць у зоне жоўтых сцягоў у месцы, дзе спыніліся, сышоўшы з дыстанцыі, экіпажы X44 Vida Carbon Racing і GMC HUMMER EV Chip Ganassi Racing.

Перамогі Крыстоферсана і Алін-Катулінскі пазбавіў бы і меншы штраф, а так яны гарантавана адкаціліся на трэцяе месца. Перамогу ж у выніку атрымалі Хансэн, Тэйлар і Veloce. Экстром, Санц і Acciona Sainz падняліся на другую ступень подыуму першага этапу, а на наступны дзень атрымалі і першую перамогу.

Збольшага яе забяспечыў ізноў жа Маціас, які на першым кругу ўдала выкарыстаў рэжым павышанай магутнасці Hyperdrive, пакінуўшы Крыстоферсана і Хансэна разбірацца паміж сабой. Йохан да пары стрымліваў Кэвіна, але прапусціў яго, памыліўшыся ў адным з паваротаў. У выніку ім з Алін-Катулінскі зноў прыйшлося задаволіцца трэцім месцам, Хансэн з Тэйлар занялі другое, а Экстром і Санц падарылі Сайнсу-старэйшаму першую перамогу.

Але яны пасля першых двух этапаў займаюць толькі другую пазіцыю ў турнірнай табліцы, хоць і маюць тыя ж 46 ачкоў, што і Хансэн з Тэйлар, якія лідзіруюць. Крыстоферсан і Алін-Катулінскі са сваёй камандай трэція, у іх 31 бал.

Наступныя два этапы новага сезона Extreme E пройдуць 13 і 14 мая на новым для гэтай серыі месцы – у Шатландыі. Усяго ж запланавана дзесяць этапаў, апошнія два ў пачатку снежня прыме Чылі. Але з Саудаўскай Аравіяй мы пакуль што не развітваемся – горад Джыда рыхтуецца ў бліжэйшы ўік-энд прыняць другі этап новага сезона Формулы 1. Цікавага будзе шмат, таму сочым за навінамі на Тэлеграм-канале «Формула перамогі».

Іншыя пасты блога

Усе пасты