Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Хуткасць, аварыі і барацьба да апошняга круга (амаль). Гонка IndyCar на авале Texas Motor Speedway атрымалася выдатнай!

Хуткасць, аварыі і барацьба да апошняга круга (амаль). Гонка IndyCar на авале Texas Motor Speedway атрымалася выдатнай!

6 красавіка 2023, 21:08
1
Хуткасць, аварыі і барацьба да апошняга круга (амаль). Гонка IndyCar на авале Texas Motor Speedway атрымалася выдатнай!

Фота: indycar.com

Гэта нам, еўрапейцам, амерыканскія авальныя трасы часам падаюцца сумнымі. Ну што за цікавасць – увесь час паварочваць толькі налева, часта думаем мы. Удзельнікі амерыканскіх гоначных серый, напэўна, з нас такіх смяюцца, і правільна робяць. Ну а Джозэф Ньюгардэн яшчэ і сваёй перамогай на этапе IndyCar у Форт Уорце задаволены.

Мы ўсе будзем канчаткова задаволеныя, калі Украіна вызваліць сваю зямлю, якую захапілі рускія фашысты, і разаб’е іх войска. Як правільна адзначыў на днях у Варшаве прэзідэнт Зяленскі, дзякуючы гэтаму свабода абавязкова прыйдзе і ў Беларусь. Мы вартыя яе, як і ўкраінцы. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Украіна дае ўсяму свету прыклад сапраўднай мужнасці, а амерыканская формульная серыя IndyCar прымушае зайздросціць саму Формулу 1. Прынамсі, нядаўні Гран Пры Аўстраліі з гонкай на авале ў тэхаскім Форт Уорце, якая таксама прайшла ў мінулы ўік-энд, паспрачацца можа хіба што па колькасці аварый, але ніяк не па інтрызе. Пераможца там вызначыўся менавіта што ў гонцы, і на апошніх яе кругах.

З поўла гэтым разам стартаваў пілот Arrow McLaren Фелікс Розэнквіст, але лідарам швед пабыў зусім нядоўга. Амаль адразу пасля старту ён прапусціў наперад канкурэнта з Chip Ganassi Racing Скота Дзіксана, а затым хутка адкаціўся на пятую пазіцыю. Гэта, зрэшты, было ці не лепшым для Розэнквіста момантам заезду. У Дзіксана, аднак, таксама не атрымалася замацавацца на першай пазіцыі, і пасля кароткай, але відовішчнай дуэлі новазеландзец саступіў яе Ньюгардэну.

Вось Джозэф з задачай утрымання лідарства справіўся лепей, захаваўшы яго нават пасля першай хвалі піт-стопаў. Многія падчас яе наведалі боксы пад аўтамабілем бяспекі, пакуль маршалы эвакуіравалі разбіты балід экс-пілота Формулы 1 з Chip Ganassi Racing Такумы Сата. Весялосць пачалася з рэстартам на шасцідзясятым кругу, калі партнёр японца па камандзе Алекс Палоў прарваўся на другую пазіцыю і пачаў бойку з Ньюгардэнам за першую.

І ў іспанца нават атрымалася яе захапіць! Праўда, ненадоўга, і Ньюгардэн праз некалькі кругоў вярнуў яе сабе. Аднак ззаду ў яго былі і іншыя хуткія супернікі, як, напрыклад, Патрысіа О’Ворд, які амаль перамог на першым этапе ў Сэнт-Пітэрсбэргу. Мексіканец з Arrow McLaren, паспяхова адбіўшыся ад атак з боку канкурэнта з Andretti Autosport Рамэна Гражана, якому месяц таму пашанцавала яшчэ меней, абагнаў і Палоў, узначаліўшы пераслед Ньюгардэна.

Хутка спачатку Джозэф, а потым і Пата неведалі піт-лэйн, амерыканец пры гэтым захаваў лідарства, а мексіканец – другую пазіцыю. Паміж імі было каля чатырох секунд, аднак разрыў гэты паступова раставаў, і на сто дваццаць дзявятым кругу з двухсот пяцідзесяці О’Ворд ліхім манеўрам па вонкавым радыусе абагнаў Ньюгардэна і прыняўся ад яго адрывацца.

За наступныя трыццаць секунд Патрысіа ад’ехаў ад канкурэнта з Team Penske на шэсць секунд – прорва па мерках авалаў. Для разумення: адрыў на круг на Texas Motor Speedway выражаўся прыкладна дваццаццю пяццю секундамі, і ў пэўны момант у кругу з О’Вордам толькі Ньюгардэн і застаўся, дый ён мог угнацца за пілотам Arrow McLaren. Кайф О’Ворду абламаў яго напарнік.

На сто семдзесят дзявятым кругу Розэнквіст разбіў сваю машыну ў чацвёртым павароце. Гонка ізноў была нейтралізаваная аўтамабілем бяспекі і фактычна стартавала ізноў на сто дзевяноста трэцім кругу. О’Ворд, Ньюгардэн і Палоў узнавілі барацьбу за лідарства, прычым да іх далучыўся і гоншчык Andretti Autosport with Curb-Agajanian Колтан Херта, які таксама чатыры кругі пабыў на першай пазіцыі. Гэтую сутычку перарваў пілот Dale Coyne Racing Стынг Рэй Роб, які моцна пабіў свой балід у другім павароце, стукнуўшыся спачатку аб вонкавую сцяну, а потым, перасекшы трасу, і аб унутраную.

Ізноў нейтралізацыя, ізноў рэстарт на дзвесце дваццатым кругу. Ізноў захапляльнае дэрбі ў групе лідараў. Дарэчы, толькі пасля аварыі Розэнквіста першая пазіцыя змяніла пяцярых уладальнікаў чатырнаццаць разоў. Гэтым разам у бойку за лідарства ўключыўся яшчэ і Гражан, аднак у выніку узначаліў пелатон зноў О’Ворд. І ў чарговы раз не змог замацаваць поспех – пілот Andretti Harding Steinbrenner Autosport Дэвлін Дэфранчэска разбіў балід аб сцяну, а ззаду, не паспеўшы адвярнуць, у яго ўляцеў Грэм Рэйхал, які выступае за Rahal Letterman Lanigan Racing.

Перспектыва сканчэння гонкі за пэйс-карам выглядала рэальнай, бо маршалам прыйшлося рамантаваць адбойнік, аднак за трынаццаць кругоў да канца пілоты пабачылі зялёны сцяг. О’Ворд з Палоў аднавілі сваю дуэль на хуткасцях да 365 км/г, падчас якой часта ішлі паралельнымі курсамі, а Ньюгардэн крыху ззаду чакаў сваёй магчымасці ўмяшацца ў іх спрэчку. І хутка яе атрымаў, абагнаўшы спачатку мексіканца, а разам з ім праз пару кругоў – і іспанца.

На гэтым, канечне, усё не скончылася, і інтэрнацыянальная тройца працягнула высвятленне адносін, пераўтварыўшыся ў чацвёрку з далучэннем Дэвіда Малукаса з Dale Coyne Racing. Ім усім, як і, думаю, балельшчыкам, на перадапошнім кругу ўсё сапсаваў Гражан, які памыліўся і раскалаціў сваю машыну. Барацьбы кола ў кола да апошняга метру дыстанцыі не атрымалася – гонка фінішавала ў рэжыме аўтамабіля бяспекі. Ньюгардэн атрымаў перамогу, О’Ворд фінішаваў другім, Палоў замкнуў першую тройку.

Пата, зрэшты, усё роўна можа быць задаволены – ён па выніках другога этапу перахапіў першую пазіцыю ў чэмпіянаце ў свайго канкурэнта з Chip Ganassi Racing Маркуса Эрыксана, якому і аддаў перамогу перад самым фінішам у Сэнт-Пітэрсбэргу. У Форт Уорце швед фінішаваў толькі восьмым, і ў турнірнай табліцы апусціўся на другую пазіцыю. О’Ворду, у якога 82 ачкі, ён саступае сем. Скот Дзіксан у Тэхасе заняў пятае месца, застаўшыся трэцім у чэмпіянаце, дзе ў яго 67 балаў, на адзін болей, чым у Ньюгардэна, які цяпер чацвёрты.

Сезон IndyCar працягнецца ўжо ў наступны ўік-энд на вулічнай трасе ў Лонг-Біч.

Іншыя пасты блога

Усе пасты