Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пракляцце першага нумару? У дзейснага чэмпіёна MotoGP Франчэска Баньяі не атрымалася адыграцца на Гран Пры Амерык

Пракляцце першага нумару? У дзейснага чэмпіёна MotoGP Франчэска Баньяі не атрымалася адыграцца на Гран Пры Амерык

17 красавіка 2023, 14:21
Пракляцце першага нумару? У дзейснага чэмпіёна MotoGP Франчэска Баньяі не атрымалася адыграцца на Гран Пры Амерык

Фота: motogp.com

Другі этап запар скончыўся для Пэка падзеннем і нулём балаў па выніках галоўнага заезду ўік-энду. Цяпер у складаным становішчы апынуўся не толькі сам італьянец, але і ўся каманда Ducati Lenovo Team. Гэта чэмпіёнская адзінка на матацыкле італьянца так цісне на яго?

На ўсіх паслугачоў дыктатарскіх рэжымаў свету, як і на саміх дыктатараў, зараз цісне наступленне Ўзброеных сіл Украіны, якое набліжаецца. Яно можа і не прывесці да канчатковай перамогі нашых суседзяў над расійска-фашысцкімі захопнікамі, але дакладна ўскладніць жыццё тых, хто катуе і ўкраінскі народ, і свае ўласныя. Дый усё роўна наблізіць перамогу і вызваленне не толькі ўкраінцаў, але і беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вайна кожны дзень прыносіць новыя ахвяры. Гонкі робяць гэта значна радзей, але ўсё ж такі робяць, і ў мінулы ўік-энд яны абарвалі жыццё ралійнага гоншчыка Крэйга Брына. Ірландзец у Харватыі рыхтаваўся да этапу чэмпіянату свету, які пройдзе ў гэтай краіне ў бліжэйшыя выхадныя, і на тэстах патрапіў у аварыю. Навіна пра гібель Крэйга шакіравала ўвесь гоначны свет, і нам усім будзе не хапаць выдатнага спартсмена і чалавека. Ён будзе вечна жыць у нашай памяці і нашых сэрцах.

Гонкі па-ранейшаму небяспечныя, нават ралі. Мотаспорт нават болей небяспечны, і толькі за час існавання «Гоначнай псіхапатыі» загінуў далёка не адзін мотагоншчык. Гран Пры Амерык, які ў мінулы ўік-энд прайшоў на Трасе Амерык у тэхаскім Осціне, на шчасце, абышоўся без трагедый такога маштабу. Справа абмежавалася асабістай для дзейснага чэмпіёна свету Франчэска Баньяі.

Відаць, не нападаўся Пэка ў мінулым годзе. У першай палове сезону здавалася, што яго канкурэнт з Monster Energy Yamaha MotoGP Фабіа Куартарара, на той момант дзейсны чэмпіён, стане двухразовым. Потым, аднак, Фартуна адвярнулася ад Эль Д’ябла, але цяпер яна глядзіць яўна і не на Баньяю. Ён упаў ў галоўнай гонцы Гран Пры Аргенціны тыднем раней у дажджавых умовах, упаў і ўчора ў Осціне, ужо на абсалютна сухой трасе.

Пры гэтым у суботу здавалася, што італьянец не дасць развіцца непрыемнай для яго тэндэнцыі – ён пяршынстваваў і ў кваліфікацыі, і ў спрынтэрскім заездзе. У якім, дарэчы, не пашанцавала Куартарара – француз упаў і фінішаваў толькі дзевятнаццатым. Баньяя ж на старце адбіў атаку канкурэнта з LCR Honda Castrol Алекса Рынса, які кваліфікаваўся другім, і за наступныя дзесяць кругоў памылак не дапускаў, адарваўшыся на дзве з паловай секунды ад іспанца, якому, у адрозненні ад Пэка, пашанцавала на наступны дзень.

Галоўная гонка ўік-энду наогул выдалася багатай на падзенні – у ёй не фінішавалі дзевяць гоншчыкаў, а усе з тых, хто фінішаваў, набралі ачкі (такіх набралася трынаццаць). Першым гэта зрабіў, і на першым жа кругу, прадстаўнік Prima Pramac Racing Хорхе Марцін, які ў спрынце заняў трэцяе месца. І зрабіў іспанец гэта так няўдала, што вынес свайго суайчынніка з Gresini Racing Алекса Маркеса, чый брат Марк працягвае залечваць новыя траўмы.

На сёмым кругу не пазбег падзення і былы напарнік Баньяі Джэк Мілер, які цяпер выступае ў складзе Red Bull KTM Factory Racing. Для аўстралійца гэта было тым крыўдней, што на старце ён прарваўся з дзясятай пазіцыі на трэцюю і меў усе шанцы як мінімум на подыум. Ну а наступны круг стаў апошнім на Гран Пры Амерык і для Франчэска.

Пасля яго падзення ў лідары выйшаў Рынс, які на старце паспрабаваў ізноў атакаваць Пэка, але тады застаўся другім. За ім тэарэтычна мог угнацца толькі гоншчык Mooney VR46 Racing Team Лука Марыні – у другой палове заезду малады італьянец быў дакладна другім па хуткасці і на трынаццатым кругу абагнаў Куартарара, які стартаваў сёмым, але, збольшага і дзякуючы няўдачам супернікаў, пакрысе выбраўся на другую пазіцыю. Фінішаваў Фабіа ў выніку трэцім, але і гэта стала для яго заўважным поспехам на фоне складанага старту гэтага сезона.

Натуральна, шчаслівымі былі і Марыні з Рынсам. Італьянец упершыню ў кар’еры ў прэм’ер-катэгорыі падняўся на подыум, іспанец атрымаў шостую перамогу ў сваёй кар’еры (упершыню, дарэчы, на вяршыню подыуму ён падняўся ў тым жа Осціне ў 2019 годзе), якая стала першай для Хонды ў гэтым сезоне. А калектыў Лучыа Чэкінэлы заадно адсвяткаваў юбілейны соты подыум.

Намнога важней для Рынса, аднак, тое, што поспех на Гран Пры Амерык вывеў яго на трэцюю пазіцыю ў чэмпіянаце, дзе ён мае 47 ачкоў. Баньяя, які па выніках суботы вярнуўся быў на першую пазіцыю, у нядзелю ізноў апусціўся на другую, у яго 53 балы. Ну напарнік Марыні Марка Безэкі, які адсвяткаваў трыумф у Аргенціне, але не быў надта хуткім у ЗША (і ў спрынт, і ў нядзельную гонку ён скончыў шостым), тым не менш захаваў лідарства, пакінуўшы Осцін з 64-ма ачкамі.

Для Ducati Lenovo Team другая запар няўдача Баньяі, з улікам таго, што лячыцца пасля аварыі ў Партугаліі працягвае і яго напарнік Энеа Басціаніні (на Гран Пры Амерык яго замяняў Мішэле Піра, які сышоў у спрынце і фінішаваў адзінаццатым у нядзелю), абярнулася ледзь не катастрофай – італьянцы апусціліся на пятую пазіцыю ў камандным заліку. Лідарам – свайму сатэліту Mooney VR46 Racing Team, у якога 102 ачкі – яны саступаюць 44. Prima Pramac Racing падняліся на другую пазіцыю і маюць 73 балы, на дзесяць апярэджваючы Aprilia Racing, якая замыкае першую тройку, і Monster Energy Yamaha MotoGP.

Хаця, канечне, сапраўднай катастрофай становішча, у якім апынулася завадская каманда Ducati і Франчэска Баньяя, не ёсць. Ізноў жа, мы ж памятаем, якой складанай і багатай на памылкі і падзенні была для Пэка першая палова сезона-2022. Хаця менавіта цяпер, у адрозненні ад усё таго ж Куартарара, апроч самога сябе вінаваціць у дэфіцыце балаў у чэмпіянаце, што ўтварыўся на дадзены момант, італьянец можа толькі самога сябе – ужо яму-та матацыкл перамагаць дазваляе.

Каб падумаць над сваімі паводзінамі і зрабіць правільныя высновы, Франчэска ёсць амаль два тыдні. Ну а на Гран Пры Іспаніі, які ў апошнія выхадныя красавіка пройдзе на трасе імя Анхеля Ніета ў Херэсе, ён проста абавязаны будзе правесці эфектыўную работу над памылкамі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты