Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Колер іншы, пераможца той жа. Чарговы хэт-трык Альвара Баўцісты на этапе сусветнага Супербайка ў Мізана

Колер іншы, пераможца той жа. Чарговы хэт-трык Альвара Баўцісты на этапе сусветнага Супербайка ў Мізана

Колер іншы, пераможца той жа. Чарговы хэт-трык Альвара Баўцісты на этапе сусветнага Супербайка ў Мізана

Фота: worldsbk.com

Дзейсны чэмпіён WSBK ізноў выйграў усе тры заезды ўік-энду на трасе імя Марка Сіманчэлі ў італьянскім Мізана. Хаця гэтым разам яго канкурэнту з Pata Yamaha Prometeon WorldSBK Топраку Разгатліоглу ўдалася кінуць яму выклік.

Учарашні падрыў расійска-фашысцкімі захопнікамі дамбы Новакахоўскай ГЭС нагадаў, з якім выклікам сутыкнулася чалавецтва ў асобе звар’яцелага расійскага дыктатара. Знішчэнне яго рэжыму, як і рэжыму яго паслугача, што апанаваў беларускую зямлю, стане падмуркам міру і бяспецы ў свеце. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Дамінаванне аднаго гоншчыка і адной каманды – бяда для любога гоначнага чэмпіянату, але ад такога хаця б ніхто не гіне. Глядзець такія гонкі, праўда, усё роўна робіцца нецікава, сумным прыкладам чаго на сёння ёсць тая ж Формула 1. У сусветнага Супербайка праблема падобная – там сабе роўных не ведаюць дзейсны чэмпіён Альвара Баўціста і яго каманда Aruba.it Racing-Ducati.

Яе матацыклы Ducati Panigale V4 R у Мізана былі афарбаваныя ў гістарычны жоўты колер, які кампанія з Борга-Панігале выкарыстоўвала на сваіх байках у 70-х гадах мінулага стагоддзя. Але, канечне, не гэта дапамагло Баўцісце дабіцца чарговага поспеху і яшчэ замацаваць сваё лідарства ў чэмпіянаце.

Пачаў іспанец з заваявання поўлу ў суботу, таму яго шлях да перамог крыху скараціўся. На старце суботняга заезду Баў адбіў атаку Разгатліоглу, які перад гэтым этапам нечакана аб’явіў аб сваім пераходзе ў наступным годзе ў завадскую каманду BMW, і потым спакойна кантраляваў сітуацыю, пакуль Топрак бароўся з яго напарнікам Міхаэлем Рубэнам Рынальдзі.

Італьянец аказаўся хутчэйшым за турка і прынёс сваёй камандзе дубль. Разгатліоглу заняў трэцяе месца, а шасціразовы чэмпіён з Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатан Рэй не атрымаў і драўлянага медалю, задаволіўшыся пятым месцам пасля дуэлі з гоншчыкам Motocorsa Racing Аксэлем Басані.

У ранішнім нядзельным спрынце-суперпоўле Разгатліоглу меў большыя шанцы на перамогу. Стартаваў ён ізноў лепей за Баўцісту, але канчаткова яго апярэдзіў у чацвёртым павароце. На трэцім кругу іспанец сам паспяхова атакаваў турка ў дузе Curvone, але той праз два кругі сам здзейсніў абгон у чацвёртым павароце. Аднак і Альвара не здаўся, і на восьмым кругу ізноў апынуўся наперадзе канкурэнта, як высветлілася, своечасова.

Сур’ёзная аварыя ў восьмым павароце з удзелам двух прышэльцаў з MotoGP, завадскога гоншчыка Хонды Ікера Лекуоны і Даніла Петручы, які выступае за Barni Spark Racing Team, адбылася яшчэ на сёмым кругу. Але скончыць яго і наступны суддзі ўдзельнікам гонкі дазволілі, залічыўшы вынікі якраз па апошнім. Баўціста ў выніку перамог, Разгатліоглу заняў другое месца (і быў незадаволены судзейскім рашэннем), трэцяе дасталася Рынальдзі.

Магло б дастацца і ў фінальнай гонцы, калі б на шаснаццатым кругу пасля працяглай бойкі за другую пазіцыю з тым жа Разгатліоглу, падчас якой гоншчыкі некалькі разоў мяняліся месцамі, італьянец не зачапіў задняе кола матацыкла Топрака пярэднім колам свайго. Гоншчык Ямахі ўтрымаўся, а вось напарнік Баўцісты ўпаў і вылецеў у гравій.

На старце гонкі Разгатліоглу ізноў паспрабаваў навязаць барацьбу Баўцісце, якога на першым кругу апярэдзіў быў і Рынальдзі, але іспанец хутка ўвайшоў ва ўласны рытм і вярнуў сабе лідарства. Ён жа і атрымаў першым адмашку клецістым сцягам, Разгатліоглу заняў другое месца, трэцім фінішаваў Басані, які ў трэці раз запар на адну пазіцыю абышоў Рэя (у ранішнім спрынце яны занялі чацвёртае і пятае месцы адпаведна).

Вядома, Баўціста пакінуў Мізана з камфортным лідарствам у чэмпіянаце – у яго 298 ачкоў супраць 212-ці ў Разгатліоглу, які застаўся другім. Напарнік Топрака Андрэа Лакатэлі па-ранейшаму трэці, ён мае 150 балаў. Ducati з 303-ма ачкамі лідзіруе сярод вытворцаў, Yamaha, у якой 228 ачкоў, захоўвае другую пазіцыю, Kawasaki, маючы 150 балаў, замыкае першую тройку.

Сезон WSBK працягнецца 30 чэрвеня – 2 ліпеня ў Вялікабрытаніі, на трасе Донінгтан-Парк.

Іншыя пасты блога

Усе пасты