Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Што ж ты, Pirelli?! Няўдалыя шыны, верагодна, пазбавілі нас прыгожай дуэлі за чэмпіёнства ў сусветным Супербайке

Што ж ты, Pirelli?! Няўдалыя шыны, верагодна, пазбавілі нас прыгожай дуэлі за чэмпіёнства ў сусветным Супербайке

Што ж ты, Pirelli?! Няўдалыя шыны, верагодна, пазбавілі нас прыгожай дуэлі за чэмпіёнства ў сусветным Супербайке

Фота: worldsbk.com

Гоншчык Pata Yamaha Prometeon WorldSBK Топрак Разгатліоглу па выніках этапу ў Мосце ў мінулы ўік-энд мог наблізіцца на адлегласць атакі да свайго канкурэнта з Aruba.it Racing-Ducati, дзейснага чэмпіёна і лідара бягучага сезона Альвара Баўцісты. Перашкодзіў крыўдны пракол задняй шыны ў фінальнай гонцы, які прывёў да падзення і зыходу з дыстанцыі чэмпіёна 2021 года. Хаця і ў Баўцісты чэшскі этап WSBK атрымаўся не ідэальным.

Свет не павінен прывыкаць да вайны ва Украіне і абавязаны не даць ёй зацягнуцца. У адваротным выпадку ў ім не застанецца месца не толькі гонкам, але і самой цывілізацыі. Звар’яцелых дыктатараў, якія няволяць народы Расіі і беларускі народ, а таксама жадаюць заняволіць украінскі, варта ўзорна-паказальна пакараць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Чэхія добра памятае, чым скончыўся для яе прыход у яе рускага свету ў 1968 годзе. На шчасце, гэтая прыгожая краіна вызвалілася ад бруду і цяпер квітнее і праводзіць гонкі сусветнага ўзроўню. У мінулыя выхадныя траса ў Мосце прыняла чарговы этап сусветнага Супербайка, які выдаўся багатым на самыя разнастайныя падзеі.

Адной з галоўных стаў штраф дзейснага чэмпіёна Альвара Баўцісты пасля кваліфікацыі. Іспанец і так у ёй не надта бліснуў, паказаўшы толькі сёмы вынік, дый гэта зрабіў пад жоўтымі сцягамі, за што адкаціўся на чатырнаццатую пазіцыю на старце суботняй гонкі і ранішняга нядзельнага суперпоўл-спрынта. Першая ў Баў не атрымалася таксама.

Пачыналася яна на мокрай пасля дажджу трасе, якая затым паступова падсыхала. Гэта многіх паставіла перад складаным выбарам: заязджаць у боксы і пераабувацца ў слікі, а потым спрабаваць прарвацца, або трымацца да апошняга. Баўціста выбраў першы варыянт, але дывідэндаў з яго не атрымаў, фінішаваўшы толькі дванаццатым.

Вось у Разгатліоглу, які стартаваў з поўлу на прамежкавых шынах, справы ішлі значна лепей. На такой жа гуме гонку пачынаў і шасціразовы чэмпіён з Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатан Рэй, але абодва спачатку прапусцілі наперад гоншчыка Motocorsa Racing Аксэля Басані і прадстаўніка GYTR GRT Yamaha WorldSBK Team Рэмі Гарднэра, на чыіх байках стаялі поўнасцю дажджавыя шыны. Аднак па ходу гонкі тэмп абодвух чакана падаў, да шостага круга іх перавага перад Рэем, які апярэдзіў Разгатліоглу, скарацілася з дзесяці секунд да дзвюх.

Басані і Гарднэр таксама вырашылі памяняць шыны, і італьянец заўважыў прыбытак ад гэтага, стаўшы самым хуткім удзельнікам гонкі. Але дагнаць групу лідараў не паспеў, абмежаваўшыся сёмым месцам. Рэю, вядома, на неадпаведнай гуме было даволі цяжка, аднак ён здолеў утрымаць лідарства да фінішу і атрымаў першую ў сезоне перамогу. Разгатліоглу таксама не пераабуваўся і фінішаваў другім, а замкнуў першую тройку экс-гоншчык MotoGP Даніла Петручы, які выступае за Barni Spark Racing Team.

Нядзеля павінна была стаць днём Разгатліоглу. Заезды праходзілі ўжо па сухой трасе, і кароткі ранішні турак выйграў. На яго старце ізноў бліснуў Басані, але на чацвёртым кругу яго, а спярша Рэя, абагнаў Топрак. На шостым кругу гоншчык з Паўночнай Ірландыі, які таксама пакіўу Басані ззаду, нават апярэдзіў быў Разгатліоглу, але чэмпіён 2021 года вярнуў сабе лідарства кругам пазней.

Ну а на Басані ззаду і Баўціста накочваў. Альвара абагнаў свайго верагоднага будучага напарніка па камандзе на апошнім кругу і фінішаваў трэцім. А ў фінальнай гонцы ён на пару з Разгатліоглу зладзіў найпрыгажэйшае шоў. Стартаваў іспанец ужо трэцім, і ўжо на першым кругу захапіў лідарства. Топрак тым часам адбіваўся ад Рэя і, справіўшыся з ім, пачаў даганяць Баўцісту, абагнаўшы яго на сёмым кругу ў трынаццатым павароце.

Альвара, аднак, не адстаў і пачаў ціснуць на канкурэнта з Ямахі. Некалькі разоў запар ён атакаваў яго на галоўнай прамой, але турак кожны раз адбіваўся на тармажэнні перад першым паваротам, займаючы на ўваходзе ў яго унутраную пазіцыю. А калі на дванаццатым кругу ўнутр скочыў Баўціста, Разгатліоглу эфектна – і эфектыўна! – контратакаваў па вонкавым радыусе.

На такую прыгожую дуэль можна было б глядзець бясконца, калі б яна не скончылася так сумна на сямнаццатым кругу. Задняя шына на матацыкле Топрака не вытрымала, праз што гоншчык злавіў непрыемны хайсайд у звязцы другога і трэцяга паваротаў і сышоў з дыстанцыі. Лідарства перайшло да Баўцісты, які і скончыў чэшскі этап перамогай. Рэй доўга трымаўся на другой пазіцыі, але на апошнім кругу ледзь не перад самым фінішам саступіў яе Петручы.

Так што пасля гонак у Мосце Баўціста захаваў камфортную перавагу перад Разгатліоглу ў 54 ачкі (427 у Альвара і 353 у Топрака). Рэй жа здолеў нарэшце падняцца на трэцюю пазіцыю, ён мае цяпер 251 бал. У заліку вытворцаў лідарства з 464-ма ачкамі захоўвае Ducati, Yamaha застаецца другой, маючы 379 балаў, Kawasaki, у якой 272 ачкі, замыкае першую тройку.

Як і Формула 1, сусветны Супербайк адпраўляецца на канікулы, якія будуць працягвацца нават долей, чым у каралеўскіх аўтагонках. Наступны этап пройдзе 8-10 верасня на трасе Маньі-Кур у Францыі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты