Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Спрабуем застацца аптымістамі пасля перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Бельгіі

Спрабуем застацца аптымістамі пасля перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Бельгіі

Спрабуем застацца аптымістамі пасля перамогі Макса Ферстапена на Гран Пры Бельгіі

Фота: formula1.com

Сапраўдны аптыміст, у адрозненні ад песіміста, ведае, што горш можа быць. Вось і ўжо восьмая запар перамога двухразовага і дзейснага чэмпіёна Формулы 1 у гэтым сезоне – не катастрофа. Хоць, вядома, усім нам ад гэтага не весялей.

Пакуль мы глядзім гонкі, украінцы гінуць ад абстрэлаў расійска-фашысцкімі акупантамі. Наспеў час цывілізаванаму свету прадэманстраваць прыхільнасць прынцыпам, а не эканамічнай мэтазгоднасці. Украіна мусіць тэрмінова атрымаць усю неабходную ваенную дапамогу, каб ад акупацыі вызвалілася не толькі яна, але і наша зямля. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Тэрмінова трэба нешта рабіць і з Формулай 1, бо гэта ж… Стоп. Сама Формула 1 спачуваецца нядрэнна, цяжкасці ёсць толькі ў некаторых яе каманд (спойлер: амаль ва ўсіх). І гэта іх праблема, што аніводная з іх апроч Red Bull не выйграла ў гэтым сезоне аніводнай гонкі, ні нядзельнай, ні суботняга спрынту, з якім прайшоў у мінулы ўік-энд Гран Пры Бельгіі.

Тое, чаму так атрымалася, заслугоўвае асобнай размовы, і яна будзе ў артыкуле з прамежкавымі вынікамі. Летняя паўза, да якой нарэшце дабраўся чэмпіянат свету, якраз дасць нам магчымасць узняць гэтае важнае пытанне. А пакуль паглядзім, ці былі ў нас прычыны для радасці на этапе ў Спа. Ізноў спойлер: былі.

Не, я не пра штраф у пяць пазіцый на старце нядзельнай гонкі, які Макс Ферстапен атрымаў за замену скрыні перадач. У мінулым годзе, трапіўшы ў падобную сітуацыю, нідэрландзец выйграў бельгійскі Гран Пры, стартаваўшы чатырнаццатым, а гэтым разам ён страціў усяго толькі пяць пазіцый і пачынаў нядзельны заезд не першым, а шостым.

А спрынт – першым. Яго кваліфікацыю, так званы Sprint Shootout, Ферстапен таксама выйграў, як і кваліфікацыю да галоўнай гонкі ў пятніцу. У абодвух выпадках, дарэчы, у ход спаборніцтва ўмяшаўся дождж. У выніку пятнічная кваліфікацыя пачалася з затрымкай у дзесяць хвілін, а суботняя – у трыццаць пяць. Арганізатараў, зрэшты, можна зразумець: Спа-Франкаршам вельмі аварыйна небяспечная, і толькі за апошнія некалькі гадоў на ёй загінулі Антуан Юбэр і Дзілана ван’т Хоф (нідэрландскі гоншчык – акурат у гэтым годзе).

Не абышліся без здарэнняў і абедзве кваліфікацыі, аднак пацярпелі ў іх толькі машыны і настрой пілотаў, якія ў іх паўдзельнічалі. А вось у McLaren атмасфера была якраз ці не святочная. У кваліфікацыі да гонкі Оскар Піастры і Ланда Норыс паказалі шосты і сёмы вынікі адпаведна, а ў шутаўце аўстралійскі дэбютант кваліфікаваўся ажно другім.

Гэта і быў галоўны пазітыўны момант бельгійскага ўік-энду, тым больш што і ў самім спрынце Оскар выступіў выдатна. Старт кароткага заезду таксама быў адкладзены, прычым двойчы, і пачаўся ён ў рэжыме аўтамабіля бяспекі, а на усіх гоначных балідах стаялі дажджавыя шыны. Аднак як толькі спрынт пачаўся паўнавартасна, многія пілоты перайшлі на прамежкавую гуму.

Гэта магло б нарадзіць інтрыгу, бо на другім кругу за такімі ж шынамі накіраваўся і Ферстапен, і пелатон узначаліў Піастры. А паколькі траса была сырой, карыстацца DRS Макс не мог, адпаведна, так лёгка насцігнуць Оскара яму б было цяжка, калі б ужо на чацвёртым кругу не памыліўся і не вылецеў з трасы Фернанда Алонса, што прывяло ізноў да нейтралізацыі заезду пэйс-карам.

І калі на рэстарце Піастры яшчэ захаваў першую пазіцыю, то ўжо ў Eau Rouge Ферстапен яго абышоў і накіраваўся за перамогай. Аднак Оскар сваю другую пазіцыю захаваў да фінішу, пасля якога таксама быў усцешаны. Як і пілот Alpine П’ер Гаслі, які стартаваў шостым, але дзякуючы смеламу ранняму піт-стопу ўжо на першых кругах апынуўся на трэцяй пазіцыі, на якой і фінішаваў.

Хоць нейкая радасць для цяпер ужо былога кіраўніка каманды Отмара Сафнаўэра, які пасля Гран Пры Бельгіі пакінуў сваю пасаду разам са спартыўным дырэктарам Аланам Пермэйнам. Куды пойдуць абодва, пакуль невядома, а заменяць іх, адпаведна, віцэ-прэзідэнт Alpine Motorsports Бруна Фамэн і Джуліан Роўз. Прычым перастаноўкі адбыліся і ў глабальнай структуры Alpine – на пасадзе выканаўчага дырэктара кампаніі Ларана Росі замяніў Філіп Крыф, які да гэтага быў віцэ-прэзідэнтам па інжынірынгу.

Не гэта, канечне, прыдала Гаслі хуткасці ў суботу, тым больш што ў нядзелю ён нават у першую дзясятку не трапіў, а яго напарнік і суайчыннік Эстэбан Акон заняў восьмае месца. Не мела працягу і свята на вуліцы McLaren. Піастры, які стартаваў пятым, ужо ў першым павароце не пазбег кантакту з машынай Карласа Сайнса, пашкодзіў сваю і хутка сышоў з дыстанцыі. Балід пілота Ferrari таксама атрымаў пашкоджанні, пасля чаго іспанец пачаў адкочвацца назад і нарэшце таксама скончыў гонку датэрмінова, прыпаркаваўшыся ў боксах на дваццаць пятым кругу. Норыс за Оскара адыграўся толькі часткова, фінішаваўшы сёмым (спрынт брытанец скончыў на шостай пазіцыі).

Барацьбы ж за перамогу фактычна не было. Ну не лічыць жа такой стартавы абгон напарнікам Ферстапена Серхіа Перэсам напарніка Сайнса Шарля Леклера, які пачынаў гонку першым. Было зразумела адразу, што прэтэндэнт на першае месца адзіны, і ўжо на дзявятым кругу ён атакаваў Леклера ў спрэчцы за другую пазіцыю, а сямнаццатым і Перэса ззаду пакінуў, узначаліўшы гонку. Выйграў яе Макс таксама без заўважных цяжкасцей, абнавіўшы статыстыку поспехаў сваіх і каманды Red Bull.

Перэс, якому напярэдадні ў спрынце не пашанцавала (Чэка сышоў, пашкодзіўшы машыну ў кантакце з сяміразовым чэмпіёнам з Mercedes Льюісам Хэмілтанам), гэтак жа спакойна фінішаваў другім. Дый у Леклера, які заняў трэцяе месца, не надта балела галава – ён заўважна саступаў Перэсу ў тэмпе, а Хэмілтану, які тэарэтычна мог патрапіць на подыум, хуткасці ў выніку хапіла толькі на тое, каб адабраць у Ферстапена бонусны бал за лепшы круг і фінішаваць чацвёртым.

Пры гэтым чацвёртым брытанец застаўся і ў чэмпіянаце, дзе ён усяго адно ачко саступае цяпер Алонса, які ўчарашнюю гонку скончыў пятым. Перэс з Ферстапенам ужо далёка наперадзе: мексіканец мае 189 балаў, а нідэрландзец – усе 314. У Red Bull у Кубку канструктараў ужо 503 ачкі, Mercedes з 247-мю баламі на другой пазіцыі, Aston Martin, у якога 196 ачкоў, трэці, але Ferrari ўжо наступае на пяткі і адстае ўсяго на пяць балаў.

Але горш чэмпіянату быць можа! Напрыклад, калі Ферстапен і Перэс выйграюць і ўсе астатнія этапы, наступным з якіх стане хатні для Макса Гран Пры Нідэрландаў, які пройдзе 25-27 жніўня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты