Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Два трыумфатары. Гран Пры Сан-Марына выйграў Марцін, але Баньяя атрымаў важную псіхалагічную перамогу

Два трыумфатары. Гран Пры Сан-Марына выйграў Марцін, але Баньяя атрымаў важную псіхалагічную перамогу

11 верасня, 16:15
Два трыумфатары. Гран Пры Сан-Марына выйграў Марцін, але Баньяя атрымаў важную псіхалагічную перамогу

Фота: motogp.com

Этап MotoGP на трасе імя Марка Сіманчэлі ў Мізана праходзіў усяго праз тыдзень пасля таго, як дзейсны чэмпіён з Ducati Lenovo Team Франчэска Баньяя ледзь не выбыў з ладу ў выніку аварыі ў Барселоне. Зусім бясследна яна для Пэка не прайшла, і перасільваць боль яму прыйшлося, аднак нават у такім стане ён навязаў барацьбу Хорхе Марціну, які разам з тым правёў ідэальны ўік-энд.

Боль гоншчыкаў ад траўм, што яны атрымліваюць падчас спаборніцтваў – нішто ў параўнанні з болем украінцаў, якія ўжо больш за паўтары гады пакутуюць ад агрэсіі расійска-фашысцкіх захопнікаў. Аднак ім супрацьстаяць героі УСУ, якія паступова вызваляюць сваю зямлю, чым набліжаюць і вызваленне беларускай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Рызыку, якой сябе падвяргаюць мотагоншчыкі, канечне, непараўнальная з той якую сустракаюць абаронцы Украіны, але недаацэньваць яе было б усё ж такі няправільна. Гэты спорт застаецца часам бязлітасным, а то і наогул смяротным – жыцці ён прыбірае кожны год. Вось і аварыі на старце нядзельнай гонкі ў Барселоне выглядалі жудасна, прычым тая, у якую патрапіў Франчэска Баньяя, пужала болей за тую, якую імгненнем раней справакаваў яго напарнік па завадской Ducati Энеа Басціаніні.

Але з ладу на некаторы час выбыў якраз апошні, а вось дзейсны чэмпіён вярнуўся да працы ўжо ў мінулую пятніцу ў Мізана. Выступаць Баньяі, канечне, прыйшлося на абязбольвальных сродках, што, аднак, не перашкодзіла яму паказаць трэці вынік у кваліфікацыі. На старце спрынту ён абагнаў свайго суайчынніка і канкурэнта з Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі, вырваўшыся на другую пазіцыю, аднак на другім кругу прапусціў суперніка ізноў наперад, дапусціўшы памылку.

Аднак трэцюю пазіцыю, вытрымаўшы націск з боку Дані Педросы, які зноў выйшаў на старт у складзе Red Bull KTM Factory Racing, Пэка захаваў да фінішу. Безэкі ў сваю чаргу застаўся другім, бо магчымасці выйсці на дыстанцыю атакі на Хорхе Марціна з Prima Pramac Racing, які пяршынстваваў у кваліфікацыі, у яго не было. Так што першая тройка на фінішы спрынту не змянілася адносна фіналу кваліфікацыі. Болей за гэта – такой жа яна засталася і на фінішы нядзельнай гонкі (выбачайце за спойлер).

Хаця паглядзець у галоўным заездзе ўік-энду было на што, і дзякуючы якраз Баньяі, які выступаў на матацыкле ў святочнай жоўтай афарбоўцы, як гоншчыкі завадской Ducati ў сусветным Супербайке ў тым жа Мізана ў чэрвені. Ужо на першым кругу ў трэцім павароце Франчэска ў чарговы раз апярэдзіў Безэкі і цяпер прыняўся даволі-такі настойліва насядаць на Марціна. Праўда, на шостым кругу Безэкі яго ў сваю чаргу ўжо быў абагнаў, але ў дзясятым павароце, памыліўшыся, прапусціў ізноў.

Пэка працягнуў ціснуць на Марціна і ў пэўны момант скараціў адставанне ад яго да 0,3 секунды. Але, відаць, хутка наступствы барселонскай аварыі далі пра сябе ведаць, і Баньяя не толькі адпусціў Марціна, але і падпусціў да сябе Безэкі, каб затым прапусціць яго ў восьмым павароце. Як і днём раней, Франчэска прыйшлося абараняцца ад Педросы, але з гэтым ён справіўся. Для Дані ж і два чацвёртых месца (дый пяты вынік у кваліфікацыі таксама) сталі выдатным дасягненнем для гоншчыка, які перыядычна выходзіць на старт па ўайлд-кард.

Двайная ж перамога Марціна ў Мізана дазволіла яму не проста захаваць другую пазіцыю ў чэмпіянаце, але і сур’ёзна скараціць адставанне ад Баньяі. Яму Хорхе, маючы 247 ачкоў, саступае цяпер 36. Безэкі з 218-цю баламі захоўвае трэцюю пазіцыю. Сярод каманд лідар таксама ранейшы – Prima Pramac Racing. Італьянскі калектыў мае 394 ачкі, на сорак адно апярэджваючы канкурэнтаў і суайчыннікаў з Mooney VR46 Racing Team, якія застаюцца другімі, і на семдзесят шэсць – з Ducati Lenovo Team, якія па-ранейшаму замыкаюць першую тройку.

Для Баньяі ж, чые два трэціх месцы сталі важнай псіхалагічнай перамогай, ёсць адразу дзве ж добрыя навіны. Першая – у яго ёсць амаль два тыдні, каб канчаткова залячыць свае траўмы і быць гатовым да наступнага этапу. Другая – этап гэты пройдзе на трасе, пакуль што нікому з удзельнікаў чэмпіянату свету незнаёмай, што зраўнуе шанцы ўсіх. Гаворка пра трасу Буды ў Дэлі, якая 22-24 верасня прыме першы ў гісторыі MotoGP Гран Пры Індыі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты