Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: для ўсіх усё па-рознаму на другім этапе

Дакар-2024: для ўсіх усё па-рознаму на другім этапе

8 студзеня, 09:24
Дакар-2024: для ўсіх усё па-рознаму на другім этапе

Фота: A.S.O.

Сорак шостае ралі «Дакар» набірае абароты. У нядзелю гоншчыкі пераадольвалі абсалютна новы 463-кіламетровы спецучастак на шляху з Аль-Хінакіі ў Аль-Дувадзімі. У адрозненні ад першага, пераважна камяністага, на гэтым было шмат пяскоў і дзюн. Арганізатары абяцалі шмат хуткіх адрэзкаў, але не ўсе прайшлі іх аднолькава хутка.

Хто сярод матацыклістаў дакладна можа занесці другі этап сабе ў актыў, дык гэта Хасэ Ігнасіа Карнэха.Чылійскі гоншчык Monster Energy Honda Team выдатна, хоць і не без падзення, правёў дзень і трымаў высокі тэмп цягам усёй баявой дыстанцыі, якую пераадолеў за 4 гадзіны 24 хвіліны 17 секунд, што і стала лепшым вынікам этапу.

Гэта дазволіла Начо падняцца ў генеральнай класіфікацыі з пятай пазіцыі на другую. Лідарам пры гэтым застаўся прадстаўнік Hero Motosports Team Rally Рос Бранч, які перамог днём раней. На другім жа этапе ён заняў толькі адзінаццатае, без малога дванаццаць хвілін прайграўшы Карнэха. Яго час пасля двух этапаў складае 9 гадзін 50 хвілін 5 секунд, а перавага над канкурэнтам з Хонды – 2 хвіліны 55 секунд.

Барацьба за лідарства завязалася не толькі паміж імі двума. Застаецца ў ёй і амерыканскі партнёр Карнэха па камандзе Рыкі Брабэк, які ўчора паказаў пяты вынік, на 7 хвілін 14 секунд адстаўшы ад Хасэ Ігнасіа. У абсалюце ён зараз замыкае першую тройку, саступаючы Бранчу 7 хвілін 15 секунд. А вось яго суайчынніку з каманды KORR Offroad Racing Мэйсану Клэйну, які быў у Топ-3 па выніках першага этапу, на другім не пашанцавала.

Ужо на сорак шостым кіламетры дыстанцыі на кітайскім матацыкле Kove Мэйсана зламалася паліўная помпа, на рамонт якой яму спатрэбілася амаль дзве гадзіны. Натуральна, шанцаў на хоць які-небудзь прыстойны вынік у Мэйсана не засталося. У пратаколе этапу яго імя значыцца на сто сямнаццатым радку, а ў агульным заліку – на сорак пятым. Лідар ад яго ад’ехаў амаль на дзве з паловай гадзіны.

У нешматлікай па колькасці ўдзельнікаў катэгорыі квадрацыклаў адносна першага этапу пасля другога захаваўся статус-кво. Марчэла Медэйрас атрымаў учора перамогу, пераадолеўшы спецучастак за 5 гадзін 37 хвілін 4 секунды, на 4 хвіліны 16 секунд апярэдзіўшы Юрая Варгу і на 5 хвілін 55 секунд Мануэля Андухара, якія занялі другое і трэця месцы адпаведна і захавалі тыя ж пазіцыі ў генеральнай класіфікацыі. Славак адстае ад бразільца на на 6 хвілін 52 секунды, аргенцінец — на 14 хвілін 12 секунд.

Тут, аднак, нельга не звярнуць увагу на 15-хвілінны штраф, які за пропуск павароту і, верагодна, кантрольнай кропкі, атрымаў трыумфатар апошніх двух «Дакараў» Александр Жыру. Калі б не гэта, француз дакладна падабраўся б блізка да Медэйраса, а так саступіў яму на этапе 21 хвіліну 2 секунды, заняўшы чацвёртае месца. Затое і ў абсалюце Жыру цяпер чацвёрты, ад лідара ён адстае на 35 хвілін 22 секунды.

У катэгорыі Ultimate для легкавых пазадарожнікаў, вядомай таксама як T1 (нагадаю, у ёй ёсць дзве падкатэгорыі – T1.1 для поўнапрывадных машын і T1.2 для задняпрывадных багі), сонца заглянула ў ваконца каманды Audi. Прычым прычыны для радасці інтэрнацыянальнаму нямецкаму калектыву далі адразу два яго прадстаўнікі. Найперш, канечне, Стэфан Петэрансэль, які атрымаў перамогу на этапе, ужо восемдзесят трэцюю ў яго кар’еры (па гэтым паказчыку француз цяпер роўны Ары Ватанену). Чатырнаццаціразовы пераможца «Дакара» пераадолеў спецучастак за 3 гадзіны 54 хвіліны 40 секунд, хаця дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб, які на першым этапе намучыўся праз пракол, адстаў ад свайго суайчынніка ўсяго на 29 секунд.

У выніку тады як Петэрансэль выбраўся на дзвявятую пазіцыю ў абсалютным заліку, Сэб у ім цяпер трэці. А партнёр Стэфана па камандзе Карлас Сайнс-старэйшы – першы, хаця на другім этапе паказаў толькі восьмы вынік, прайграўшы французу 17 хвілін 15 секунд. Агульны час Эль Матадора складае па выніках двух этапаў 8 гадзін 49 хвілін 38 секунд, і Петэрансэля ён апярэджвае на 13 хвілін 16 секунд. А Лёба – на 4 хвіліны 17 секунд.

Трэцяе месца на другім этапе заняў навабранец завадской таётаўскай каманды Сэт Кінтэра, які саступіў Петэрансэлю 3 хвіліны 11 секунд, аднак паміж Сайнсам і Лёбам у абсалюце ўціснуўся не ён, а Язід Аль-Раджы, гоншчык каманды Overdrive Racing і суайчыннік жыхароў Саудаўскай Аравіі. Учора ён, аднак, паказаў пяты вынік, 7 хвілін 11 секунд саступіўшы пераможцу этапу.

Адставанне Язіда ад Сайнса складае 1 хвіліну 51 секунду, а адставанне мінулагодняга і пяціразовага пераможцы «Дакара» Насэра Аль-Аціі, які ў гэтым годзе перасеў з завадской Таёты HiLux на прыватны Prodrive Hunter (такі ж, як у Лёба), скарацілася да 12 хвілін 16 секунд. Катарац ідзе сёмым, а на ўчарашнім этапе стаў чацвёртым, саступіўшы Петэрансэлю амаль шэсць з паловай хвілін. Былы лідар абсалюту Гіём дэ Мэвіус учора паказаў толькі дзевятнаццаты вынік, больш за дваццаць шэсць з паловай хвілін прайграўшы пераможцу. У турнірнай табліцы бельгіец апусціўся на пятую пазіцыю, Сайнсу ён саступае болей за сем з паловай хвілін.

Сямейны падрад Гочалаў пакуль што дамінуе ў катэгорыі Challenger для сур’ёзна падрыхтаваных SSV. І вядзе тут не самы старэйшы, Марэк, а яго сын, самы малодшы, Эрык. Ён выйграў і другі этап, паказаўшы вынік 4 гадзіны 25 хвілін 22 секунды і роўна на адну хвіліну апярэдзіўшы свайго дзядзьку Міхала, які заняў другое месца. Марэк задаволіўся толькі чацвёртым, саступіўшы сыну амаль чатыры хвіліны. Разбавіць іх армаду ўдалася амерыканцу Мітчэлу Гатры, які і стаў трэцім, саступіўшы Эрыку Гочалу 2 хвіліны 55 секунд.

У агульным заліку Гатры (ён на фота вышэй), праўда, па-ранейшаму лепшы з астатніх – чацвёрты. Эрыка, аднак, ён пакуль што адпусціў не катастрафічна, на 17 хвілін 7 секунд. Хаця за перамогу зараз фактычна змагаюцца Гочалы. Марэк у меншай ступені, бо саступае сыну 11 хвілін 24 секунды. Міхал – у большай, ён адстае ад пляменніка на 1 хвіліну 19 секунд. Агульны час Эрыка складае 9 гадзін 39 хвілін 40 секунд.

Склад першай тройкі ў катэгорыі серыйных SSV намнога болей разнастайны. І ў ёй пасля другога этапу адбыліся важныя змены. Радрыга Варэла, які пяршынстваваў днём раней, атрымаў штраф у 15 хвілін і ў фінішным пратаколе апынуўся толькі на дзявятым радку, у чатырнаццаці з паловай хвілінах ад іспанца Жэрара Фарэса, які і перамог, і перахапіў у бразільскага дэбютанта лідарства.

Галоўным яго супернікам на другім этапе стаў француз Ксав’е дэ Сультрэ, які фінішаваў з другім вынікам і ўсяго пяць секунд саступіў Фарэсу, чый час склаў 4 гадзіны 50 хвілін 53 секунды. Партугалец Хоан Ферэйра, які заняў учора трэцяе месца, адстаў ад Жэрара ўжо на 1 хвіліну 58 секунд. Пры гэтым доўгі час ён лідзіраваў, але заблукаў бліжэй да фінішу. Што ж да Варэлы, то для яго ёсць і добрыя навіны – «Дакар» толькі пачынаецца, а пазіцыю ён страціў толькі адну, дый прайграе Фарэсу ўсяго 2 хвіліны 13 секунд. Тады як дэ Сультрэ, які выбраўся на трэцюю пазіцыю, адстае ад Жэрара на адзінаццаць з паловай хвілін.

Даволі шчыльнай на другім этапе выйшла барацьба за перамогу ў катэгорыі грузавікоў. Першым, праўда, ізноў фінішаваў экіпаж мінулагодняга пераможца Януса ван Кастэрэна. Нідэрландзец на сваёй IVECO пераадолеў спецучастак за а 4 гадзіны 36 хвілін 12 секунд, але зусім блізка ад яго этап скончылі два чэхі. Так, Алеш Лапрайс на грузавіку Praga саступіў яму ўсяго шэсць секунд, заняўшы другое месца, а Марцін Мацык, які выступае на IVECO, быў павольнейшым на 2 хвіліны 22 секунды і замкнуў першую тройку.

Другі і трэці адпаведна Лапрайс і Мацык цяпер і ў генеральнай класіфікацыі, аднак па мерках катэгорыі ўжо даволі заўважна адстаюць ад ван Кастэрэна, чый час складае 9 гадзін 31 хвіліну 37 секунд. Алеш ад Януса ў 12 хвілінах 55 секундах, Марцін – у 21 хвіліне 57 секундах. Суайчыннік ван Кастэрэна Герт Хузінк, які напярэдадні стаў другім, учора перакуліўся і фінішаваў восьмым, з адставаннем ад Януса амаль у сорак дзве з паловай хвіліны. У агульным заліку ён цяпер саступае лідару сорак дзевяць з паловай хвілін і ідзе шостым.

Сёння удзельнікі «Дакара» маюць пераадолець агулам 733 кіламетры, перабіраючыся з Аль-Дувадзімі ў Аль-Саламію. На 438-кіламетровым спецучастку гоншчыкаў чакаюць і горы з камянямі, і дзюны, а пасля фінішу будзе выпрабаванне і механікам – на абслугоўванне тэхнікі будзе адведзена толькі дзве гадзіны. Сачыць за галоўнымі падзеямі як марафону, так і гонакчнага свету наогул цяпер можна і ў Тэлеграм-канале Honačnaja psichapatyja.

У праваслаўныя каляды звар’яцелы расійскі дыктатар працягнуў забіваць украінцаў. Перамога Украіны над ім неабходная ўсяму свету, у тым ліку беларусам, якія таксама гінуць за свабоду нашых суседзяў і нашу ўласную. Таму я паўтару свой заклік дапамагаць Узброеным сілам Украіны. Паўтару і сціплую просьбу да тых, у каго ёсць такая магчымасць, дапамагчы і «Гоначнай псіхапатыі», стваральнік і аўтар якой таксама праходзіць зараз праз няпростыя выпрабаванні: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты