Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: не дагнаць, дык хоць сагрэцца на восьмым этапе

Дакар-2024: не дагнаць, дык хоць сагрэцца на восьмым этапе

16 студзеня, 10:37
Дакар-2024: не дагнаць, дык хоць сагрэцца на восьмым этапе

Сагрэцца ў пустыні ў Саудаўскай Аравіі? Добра, тады так сфармулюем: калі ўсё страчана, то хаця б проста атрымаць асалоду ад моманту. Менавіта так, напэўна, сфармулявалі свае задачы на восьмы этап «Дакара» тыя, хто ўжо не прэтэндуе на выніковую перамогу ў марафоне.

У панядзелак караван удзельніка ралі рушыў з Аль-Дувадзімі ў Хаіль. На шляху даўжынёй у 678 кіламетраў гоншчыкаў чакаў 458-кіламетровы спецучастак з пяскамі ў першай частцы і гарамі і камянямі ў другой. Паміж імі, дарэчы, была даволі працяглая зона нейтралізацыі, па якой удзельнікі рухаліся ў дарожным рэжыме, так што сапраўды баявых кіламетраў было толькі 279.

Напэўна, фаварыты некаторых катэгорыі вырашылі не ірваць занадта жылы, каб не парваць іх на паўдарогі да трыумфу, таму на першы план учора выйшлі тыя, каго мы гэтым разам прывыклі бачыць на другім. Так, у катэгорыі матацыклаў бліснуў гоншчык завадской каманды KTM Кэвін Бенавідэс, які справіўся са складаным маршрутам за 3 гадзіны 35 хвілін 3 секунды і атрымаў перамогу. Яго брат Лусіана, які выступае за Хускварну, саступіў яму ўсяго трыццаць адну секунду, заняўшы другое месца. Ну а трэцім стаў гоншчык Хонды Адрыен ван Бэверэн.

З гэтай тройцы да лідара абсалюту Рыкі Брабэка, чый час складае 36 гадзін 16 хвілін 31 секунду, бліжэй за ўсіх француз, які саступае амерыканцу, свайму партнёру па камандзе, без пары секунд дванаццаць хвілін, займаючы чацвёртую пазіцыю. Кэвін Бенавідэс пяты, у дваццаці з паловай хвілінах ад Брабэка, Лусіана – у трыццаці дзевяці з паловай хвілінах і на восьмай пазіцыі.

Бліжэйшым жа пераследнікам Брабэка застаецца яго канкурэнт з Hero Рос Бранч, які ў панядзелак усё ж такі крыху адпусціў амерыканца, і цяпер саступае яму сорак дзве секунды (пасля сёмага этапу, нагадаю, саступаў усяго адну). Батсванец на восьмым этапе восьмым жа і стаў, а Рыкі яго апярэдзіў на адну пазіцыю. Кэвіну Бенавідэсу яны прайгралі чатыры з малым і амаль пяць хвілін адпаведна. Яшчэ адзін прадстаўнік Хонды Хасэ Ігнасіа Карнэха фінішаваў чацвёртым, болей за паўтары хвіліны саступіўшы пераможцу этапу, а ад Брабэка ў агульным заліку Начо адстае не 4 хвіліны 21 секунду, замыкаючы першую тройку.

Лідар катэгорыі квадрацыклаў Мануэль Андухар атрымаў штраф і на восьмым этапе, прычым у васямнаццаць хвілін. Зрэшты, сямнаццаць хвілін пеналізацыі атрымаў і яго адзіны цяпер канкурэнт Александр Жыру. Таму ў цэлым учарашні дзень склаўся на карысць аргенцінца, чый агульны час складае 45 гадзін 12 хвілін 40 секунд. Француз саступае яму 11 хвілін 26 секунд, а ў панядзелак прайграў 5 хвілін 6 секунд, заняўшы другое месца.

Андухар, адпаведна, перамог, пераадолеўшы спецучастак за 4 гадзіны 24 хвіліны 40 секунд. Юрай Варга, які заняў трэцяе месца, саступіў яму ўсяго 15 хвілін 39 секунд, алу ў агульным заліку адставанне славака ад лідара дасягнула ўжо 2 гадзін 43 хвілін 25 секунд.

Лідар катэгорыі Ultimate Карлас Сайнс-старэйшы змог учора са спайкойнай душой дазволіць адвесці свае душы яго партнёрам па камандзе Audi Маціасу Экстрому і Стэфану Петэрансэлю, якія пасля няўдач на папярэдніх этапах даўно ні на што не прэтэндуюць. Француз адстае ад Эль Матадора амаль на чатыры гадзіны, займаючы пятнаццатую пазіцыю, швед васямнаццаты, амаль у пяці гадзінах ад Сайнса. Але менавіта Маціас, які сышоў на сёмым этапе, на восьмым і перамог, адолеўшы спецучастак за 3 гадзіны 17 хвілін 15 секунд. Петэрансэль саступіў яму 2 хвіліны 45 секунд, заняўшы другое месца, а трэцім стаў суайчыннік Стэфана з каманды Overdrive Racing Герлен Шышэры, які прайграў Экстрому 3 хвіліны 10 секунд. Ад Сайнса ў генеральнай класіфікацыі ён, ідучы шостым, адстае амаль на дзве гадзіны.

Сам двухразовы чэмпіён свету па ралі і трохразовы пераможца «Дакара» на восьмым этапе саступіў Экстрому крыху болей за пяць хвілін, фінішаваўшы чацвёртым абсалютна спакойна. Таму што яго галоўны і, па сутнасці, адзіны рэальны пераследнік Себасцьен Лёб згубіў шмат часу, дапусціўшы навігацыйную памылку, у выніку якой заблукаў у пустыні і на цэлых пяці кіламетраў адхіліўся ад правільнага курсу.

У выніку дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі заняў толькі дзясятае месца, хаця Экстрому прайграў не так і шмат – толькі адзінаццаць хвілін. Аднак яго адставанне ў генеральнай класіфікацыі ад Сайнса, чый час складае 33 гадзіны 29 хвілін 10 секунд, вырасла да 24 хвілін 47 секунд. Трэцім па-ранейшаму ідзе прадстаўнік завадской каманды Toyota Лукас Мараэс, які прайграе Сайнсу ўжо 1 гадзіну 5 хвілін 13 секунд. Бразілец учора заняў сёмае месца, амаль дзесяць хвілін саступіўшы Экстрому. Ну для Насэра Аль-Аціі, для якога барацьба за яго шостую перамогу скончылася на шостым жа этапе, учора ўсё скончылася канчаткова – ён сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы.

У групе лідараў катэгорыі Challenger пасля восьмага этапу захоўваецца адносная стабільнасць. Мітчэл Гатры, які з часам 37 гадзін 8 хвілін 19 секунд узначальвае агульны залік, нікуды занадта не спяшаецца, і ўчора задаволіўся і другім месцам, 3 хвіліны 22 секунды саступіўшы пераможцу Салеху Альсаіфу, які справіўся з баявой дыстанцыяй за 3 гадзіны 35 хвілін 28 секунд. Для амерыканца саудавец усё роўна не з’яўляецца пагрозай, бо ў абсалюце ідзе сёмым, у трох з паловай гадзінах.

Іспанка ж Крысціна Гуцьерэс са сваім адставаннем ад Гатры ў 34 хвіліны 3 секунды, яшчэ можа хаця б паспрабаваць пазмагацца з Мітчэлам за выніковую перамогу. Яна займае другую пазіцыю, а на восьмым этапе замкнула першую тройку, саступіўшы Альсаіфу 3 хвіліны 49 секунд. У генеральнай класіфікацыі трэцім з’яўляецца Франсіска Лопес, чыё адставанне ад Гатры складае 42 хвіліны 51 секунду. Чалека ўчора заняў чацвёртае месца, адстаўшы ад пераможца амаль на шэсць хвілін.

У катэгорыі серыйных SSV у панядзелак паспрабаваў быў адыграцца былы лідар Ясір Сійдан. Аднак замест гэтага згубіў болей за дваццаць сем з паловай хвілін, спачатку застаўшыся без пярэдняга дыферэнцыяла, а потым злавіўшы ажно тры праколы. Таму ў абсалюце саудавец апусціўся на пятую пазіцыю, ад лідара Ксав’е дэ Сультрэ яго аддзяляе болей за паўгадзіны.

Агульны час дэ Сультрэ складае 39 гадзін 41 хвіліну 37 секунд, а яго галоўны пераследнік, якім цяпер з’яўляецца Хоан Ферэйра, саступае яму ўсяго 7 хвілін 41 секунду. Менавіта партугалец і выйграў учарашні этап, пераадолеўшы баявую дыстанцыю за 3 гадзіны 46 хвілін 46 секунд. Таго ж дэ Сультрэ, які заняў другую пазіцыю, ён апярэдзіў на 3 хвіліны 43 секунды.

Трэцім фінішаваў былы лідар Жэрар Фарэс, якому не пашанцавала на пятым этапе. Ферэйры іспанец саступіў 7 хвілін 7 секунд, а ад дэ Сультрэ ў агульным заліку адстае болей чым на чатыры з паловай гадзіны, ідучы восьмым.

Вось Сара Прайс, якая замыкае першую тройку з адставаннем ад Ксав’е ў 12 хвілін 32 секунды, яшчэ можа навязаць французу барацьбу за перамогу. Дый для Жэрома дэ Садлера, які ідзе чацвёртым, яшчэ не ўсё страчана, хаця ён ужо на паўгадзіны адстаў ад лідара. Пераможцу восьмага этапу швейцарац саступіў амаль адзінаццаць хвілін, заняўшы шостае месца, а амерыканка стала чацвёртай, крыху болей за восем з паловай хвілін прайграўшы Ферэйры.

У катэгорыі грузавікоў на гэтым «Дакары», можна сказаць, усё ўлеглася канчаткова. Хаця нельга сказаць, што Марцін Мацык, які на сваёй IVECOлідзіруе з часам 38 гадзін 19 хвілін 55 секунд, канчаткова кінуў бароцца. І ўчарашняму пераможцу Мітчэлу ван дэн Брынку, які выступае на такім жа аўтамабілі, як у яго і які перамог з вынікам 3 гадзіны 38 хвілін 27 секунд, чэх саступіў усяго 1 хвіліну 18 секунд, заняўшы другое месца.

Нідэрландзец цяпер з’яўляецца і бліжэйшым пераследнікам Мацыка. Ну, як бліжэйшым… Яго адставанне ад Марціна складае ўжо 1 гадзіну 49 хвілін 20 секунд, таму гаворкі пра барацьбу тут дакладна не ідзе. Замыкае першую тройку суайчыннік Мацыка Алеш Лапрайс, паміж імі ўжо 1 гадзіна 51 хвіліна 37 секунд. Лапрайс на сваёй Празе трэцім стаў і ў панядзелак, 13 хвілін 45 секунд прайграўшы ван дэн Брынку.

Сёння ўдзельнікі марафону перабіраюцца з Хаіля ў Аль-Улу, агулам яны маюць пераадолець 639 кіламетраў. 417-кіламетровы спецучастак збольшага пралягае на камяністым плато, аднак, як адзначаюць арганізатары, ён толькі падаецца хуткім. Аб важных навінах з яго можна будзе даведвацца і праз Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты