Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дакар-2024: то густа, то пуста на дзявятым этапе

Дакар-2024: то густа, то пуста на дзявятым этапе

17 студзеня, 10:44
Дакар-2024: то густа, то пуста на дзявятым этапе

Бліжэй да канца другога тыдню дакараўскага марафону так звычайна і бывае – у адных катэгорыях вызначыўся яўны фаварыт, які проста кантралюе сітуацыю і не імкнецца выйграваць усе этапы, у іншых напружанне захоўваецца ледзь не да апошніх метраў дыстанцыі фінальнага дня. Учарашні на ралі гэтага года фінальным не быў, аднак па яго выніках сітуацыя ўсталявалася менавіта такая.

Маршрут дзявятага этапу пралягаў ад Хаіля ў Аль-Улу і ўключаў у сябе 639 кіламетраў, у тым ліку горны і камяністы 417-кіламетровы спецучастак. Апошні, як і на папярэднім этапе, складаўся ў тым ліку з зоны нейтралізацыі, таму рэальна баявых кіламетраў было меней. Што, зрэшты, не перашкодзіла маляўнічаму саудаўскаму пейзажу пасля праходу канала ўдзельнікаў гучаць з лёгкім французскім акцэнтам.

Самі глядзіце: перамога ў катэгорыі матацыклаў дасталася ўчора французу Адрыену ван Бэверэну, які пераадолеў баявую дыстанцыю за 4 гадзіны 36 хвілін 36 секунд. Гоншчык Хонды пры гэтым усяго на трыццаць дзве секунды апярэдзіў свайго партнёра па камандзе Рыкі Брабэка, які захоўвае лідарства ў генеральнай класіфікацыі з часам 40 гадзін 53 хвіліны 49 секунд. І па выніках дзявятага этапу амерыканец гэтае лідарства замацаваў.

Дакладней будзе, зрэшты, сказаць, што гэта яго галоўны канкурэнт з Hero Рос Бранч дазволіў яму гэта зрабіць, нарабіўшы навігацыйных памылак. Праз іх гоншчык з Батсваны фінішаваў толькі з пятым вынікам, сем хвілін прайграўшы ван Бэверэну. Ад Брабэка ў абсалюце ён цяпер адстае на 7 хвілін 9 секунд і ўжо адчувае ззаду подых таго ж ван Бэверэна, які вярнуўся на трэцюю пазіцыю і саступае лідару 11 хвілін 26 секунд.

Дый яшчэ адзін прадстаўнік Хонды Хасэ Ігнасіа Карнэха паблізу, усяго ў пары хвілін ззаду. Начо ў аўторак саступіў ван Бэверэну амаль дзесяць хвілін і заняў сёмае месца, а замкнуў першую тройку яго суайчыннік і яшчэ адзін партнёр па камандзе Пабла Кінтаніла, які саступіў пераможцу 4 хвіліны 19 секунд. Але ён пасля няўдачы на сёмым этапе на перамогу ўжо дакладна не прэтэндуе – у абсалюце ідзе сямнаццатым, амаль у пяці гадзінах ад Брабэка.

За французам – Александрам Жыру – дзявяты этап застаўся і ў катэгорыі квадрацыклаў. Пераможца двух апошніх «Дакараў» пераадолеў спецучастак за 5 гадзін 16 хвілін 39 секунд, на 5 хвілін 13 секунд наблізіўшыся да свайго галоўнага канкурэнта і лідара гэтага ралі Мануэля Андухара, які заняў другое месца. Аргенцінец, праўда, ізноў не пазбег штрафу, хаця і ўсяго ў дзве хвіліны. Яго агульны час складае 51 гадзіну 7 хвілін 27 секунду, Жыру саступае яму 6 хвілін 13 секунд. Трэцім, у 3 гадзінах 8 хвілінах 5 секундах ад Андухара, ідзе Юрай Варга, які і на этапе ізноў замкнуў першую тройку, 29 хвілін 53 секунды саступіўшы Жыру.

У катэгорыі Ultimate разрыў паміж лідарам і яго бліжэйшым пераследнікам учора таксама паменьшыўся, хоць і ўсяго на 4 хвіліны 14 секунд, якія Себасцьен Лёб на сваім Prodrive Hunter адыграў у Карласа Сайнса-старэйшага на яго Audi RS Q e-tron. Дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі, як няцяжка здагадацца, выйграў дзявяты этап, праехаўшы баявыя кіламетры за 4 гадзіны 17 хвілін 33 секунды. Двухразовы чэмпіён заняў другое месца, яго час агульны час складае 37 гадзін 50 хвілін 57 секунд, француза ён апярэджвае на 20 хвілін 33 секунды.

Бразільскі гоншчык завадской каманды Toyota Лукас Мараэс захоўвае трэцюю пазіцыю ў генеральнай класіфікацыі, адстаючы ад Эль Матадора на 1 гадзіну 12 хвілін 2 секунды. Учора ён заняў сёмае месца, адзінаццаць хвілін прайграўшы Лёбу, чый суайчыннік Мацьё Сэрадары, які выступае на задняпрывадным багі Century CR6-T, замкнуў першую тройку, саступіўшы Сэбу 4 хвіліны 43 секунды. У абсалюце ён замыкае першую пяцёрку, дзве гадзіны прайграючы Сайнсу.

Мітчэл Гатры, лідар катэгорыі Challenger, чый агульны час складае 2 гадзіны 9 хвілін 25 секунд, можа дазволіць сабе расслабіцца, што ён на дзявятым этапе і зрабіў, цалкам задаволіўшыся і пятым месцам. Пераможцу этапу Нікаласу Кавільяса, які пераадолеў спецучастак за 4 гадзіны 47 хвілін 58 секунд, амерыканец саступіў амаль дзевяць хвілін. На адну пазіцыю яго абышла і яго галоўная пераследніца Крысціна Гуцьерэс, якая болей сямі з паловай хвілін прайграла пераможцу. Але ў абсалюце яе адставанне ад Гатры скарацілася не надта, да 28 хвілін 35 секунд.

Кавільяса наогул прайграе Мітчэлу сем гадзін, займаючы дзявятую пазіцыю. Далёка ад амерыканца – амаль у палутара гадзінах – і літовец Рокас Бацюшка, які займае чацвёртую пазіцыю, а ў аўторак паказаў трэці выінік, 7 хвілін 25 секунд саступіўшы Кавільяса. У генеральнай класіфікацыі першую тройку па-ранейшаму замыкае Франсіска Лопес, які адстае ад Гатры на 36 хвілін 48 секунд. Ён учора заняў другое месца, адстаўшы ад пераможца на 7 хвілін 5 секунд.

Радасць ад перамогі ў катэгорыі серыйных SSV на восьмым этапе і выхаду на другую пазіцыю ў абсалюце змянілася для Хоана Ферэйры гаркатой расчаравання на наступны дзень. Партугалец паспеў праехаць 44 кіламетры, першы чым на яго Can-Am Maverick XRS Turbo выйшла з ладу паліўная помпа. Да фінішу Хоан дабраўся, але пераможцу Крышціана Бацісце, які справіўся са спецучасткам за 5 гадзін 2 хвіліны 30 секунд, ён прайграў амаль паўтары гадзіны.

У абсалютным заліку Ферэйра праваліўся на пятую пазіцыю і адстае ад лідара Ксав’е дэ Сультрэ болей за гадзіну. Француз, чый час складае 44 гадзіны 53 хвіліны 33 секунды, заняў у аўторак другое месца, 9 хвілін 26 секунд саступіўшы пераможцу этапу. Трэцім фінішаваў Жэрар Фарэс, які на перамогу не прэтэндуе яшчэ з пятага этапу, ідучы ў генеральнай класіфікацыі восьмым, болей чым у чатырох гадзінах ад дэ Сультрэ. Бацісце ён саступіў учора 10 хвілін 38 секунд.

Бліжэйшай пераследніцай дэ Сультрэ цяпер з’яўляецца Сара Прайс, але яе адставанне складае даволі вяікія 28 хвілін 16 секунд, і ёй самой пагражае Жэром дэ Садлер, які ідзе следам, у 31 хвіліне 10 секундах ад лідара. Амерыканка ўчора заняла восьмае месца, болей за дваццаць пяць хвілін саступіўшы Кавільяса, а вось швейцарац быў бліжэй да бразільца і адстаў ад яго амаль на адзінаццаць хвілін, фінішаваўшы чацвёртым.

У катэгорыі грузавікоў барацьба зараз ідзе толькі за другую пазіцыю. Марцін Мацык, які лідзіруе з часам 43 гадзіны 26 хвілін 1 секунда, назірае за ёю здалёк. Учора чэх, які выступае на IVECO, са спакойнай душой дазволіў перамагчы Герту Хузінку на такім жа аўтамабілі, якому на пераадоленне спецучастка хапіла 5 гадзін 4 хвіліны 34 секунды. Дый тое чэх саступіў яму ўсяго 1 хвіліну 32 секунды.

Яго суайчыннік Алеш Лапрайс дабіўся на дзявятым этапе лакальнага поспеху, змясціўшы з другой пазіцыі на трэцюю свайго галоўнага і адзінага на дадзены момант канкурэнта Мітчэла ван дэн Брынка. Лапрайс фінішаваў трэцім, 4 хвіліны 37 секунд саступіўшы Хузінку, а ван дэн Брынк адстаў ад суайчынніка амаль на дваццаць чатыры з паловай хвіліны. Мацыку ў абсалюце Мітчэл прайграе 2 гадзіны 12 хвілін 10 секунд, адставанне Лапрайса складае 1 гадзіну 54 хвіліны 42 секунды.

Удзельнікі «Дакара» застануцца ў Аль-Уле яшчэ на адзін дзень. 371-кіламетровы і таксама камяністы і горны спецучастак сённяшняга дзясятага этапу закальцаваны. Усяго гоншчыкі маюць пераадолець 612 кіламетраў. Галоўныя падзеі этапу як і за гоначныя навіны наогул цяпер можна адсочваць і з дапамогай Тэлеграм-канала Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Фота: A.S.O.

Іншыя пасты блога

Усе пасты