Усе навіны

Экс-галкіпер «Белшыны» Санько: «Пасля нічыi з мiнскім «Дынама» узяў 75 еўра, думаў, прэміяльныя. А тут прыраўнялі да дагаворнага матча»

12 траўня 2023, 18:02
1

Экс-галкіпер «Белшыны», а цяпер «Арсенала» (Д2) Іван Санько распавёў, за што, паводле яго інфармацыі, атрымаў ад КДК АБФФ па справе «Шахцёра» штраф у 3,7 тысячы рублёў (1,47 тысячы долараў), у выпадку нявыплаты якога будзе забанены на паўгода.

– Па сутнасці, я проста трапіў пад гарачую руку. Матч [19-га тура ЧБ «Белшына» – «Дынама» Мінск] не гуляў і на вынік паўплываць не мог. Узяў 75 еўра, бо быў у заяўцы і думаў, што гэта прэміяльныя за годны вынік каманды [нiчыю 0:0]. А тут яго прыраўнялі да дагаворнага матча і далі штраф. Ведаў бы, што такое можа быць, канешне, не браў бы грошы.

– Гэта значыць, вы не ведалі, што гэта выплаты з боку, і думалі, што гэта прэміяльныя ад клуба?

– Спачатку, калі ўзяў грошы – так, але потым мне ўжо сказалі, за што атрымаў.

– Памеры выплат залежалі ад таго, гуляў ці не?

– Так, ад укладу ў гульню: камусьці больш, камусьці менш. Мне мінімальна – проста быў у заяўцы.

– Падчас разбору вы ў допытах удзельнічалі?

– Удзельнічаў, у следчым камітэце [рэжыма Лукашэнкі] праходзіў па справе як сведка.

– Пра гульню з «Шахцёрам» і сітуацыю з Гомзай вы не ведалі наогул на момант матча?

– Наогул нічога не ведаў, даведаўся пра гэта толькі тыдні тры таму, калі шчыра, з навін, – сказаў Санько.

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.