Tribuna/Футбол/Блогі/Анана – скандальная зорка «Інтэра». Не гуляў 9 месяцаў праз допінг, сварыцца з партнёрамі, ідзе на рэкорд ЛЧ

Анана – скандальная зорка «Інтэра». Не гуляў 9 месяцаў праз допінг, сварыцца з партнёрамі, ідзе на рэкорд ЛЧ

У фінале яго чакае дуэль з Холандам.

6 чэрвеня, 07:51
Анана – скандальная зорка «Інтэра». Не гуляў 9 месяцаў праз допінг, сварыцца з партнёрамі, ідзе на рэкорд ЛЧ

Часта можна пачуць, што ў цяперашняй Серыі А няма зорак сусветнага ўзроўню, а «Інтэр» дабраўся да фіналу амаль выпадкова і дзякуючы спрыяльнай турнірнай сетцы і ўдачы. Збольшага з гэтым можна пагадзіцца, але ў складзе «нерадзуры» ёсць як мінімум адзін гулец, якога сёння сапраўды можна назваць топам.

Андрэ Анана – найлепшы галкіпер гэтай ЛЧ. Як па статыстыцы, так і з уплывам на гульню каманды. Сам Джыджы Буфон пасля паўфінальных матчаў ЛЧ назваў камерунца адным з пяці найлепшых галкіпераў свету, а "Чэлсі" ўжо думае, як бы абмяняць яго на Кепу.

Трэнер угаворваў бацьку Анана адпусціць сына ў Акадэмію Самюэля Эта'О

Дзяцінства хлопчыка прайшло ў вёсцы Нкол Нгок паблізу сталіцы Камеруна Яундэ, дзе ён ганяў мяч з такімі ж маленькімі летуценнікамі, якія марылі пра тое, каб паўтарыць кар'еру Самі Эта'О. У адрозненне ад многіх аднагодкаў, ягоныя бацькі мелі магчымасць вучыць сваіх дзяцей. Бацька Андрэ (сам былы футбаліст) вельмі не хацеў рызыкаваць, таму спрабаваў даць сыну нармальную прафесію, але талент малога быў настолькі відавочным, што трэнер, якога звалі Дыяла, угаварыў бацьку адпусціць малога ў акадэмію Эта'О. Першы час Анана жыў дома ў трэнера. «Часам мне здаецца, што сам Самюэль патэлефанаваў майму бацьку, каб яго пераканаць», – успамінае гулец.

У 11 гадоў Андрэ канчаткова вызначыўся з пазіцыяй: «Усе хацелі забіваць, а на вароты не было каго паставіць. Трэнер вырашыў, што гэта буду я».

Каманда хлопца часта ездзіла гуляць у Іспанію, бо сувязі Эта'О дазвалялі заяўляцца на мясцовыя турніры. Там Анана і заўважылі скаўты «Барсы», якія забралі камерунца ў «Ла Масію». Клуб, акадэмія і сям'я ўжо ўсё вырашылі, але малому нічога не казалі, усё трымалася ў строгай таямніцы. Першы прагаварыўся брат, які падчас аднаго з тэлефонных званкоў крычаў: «Ну скажыце ўжо яму». Андрэ не верыў да апошняга, пакуль на турніры ў Барселоне трэнер не загадаў яму збіраць рэчы. Капітана футбольнай акадэміі Эта'О праводзілі ўсёй камандай, а на наступны дзень ён выйшаў супраць іх ужо ў футболцы «Барсы».

Не ведаючы ні слова на іспанскай мове, ён паступова адаптаваўся і здзіўляў трэнераў упэўненай гульнёй. «Барселона» дала яму скіл, які да гэтага часу вылучае Анана сярод іншых галкіпераў. Брамнікі ў «Ла Масіі» ўдзельнічаюць у легендарнай гульні «ронда», якая з'яўляецца асновай філасофіі каталонцаў. Менавіта так Андрэ прапампаваў уменне гуляць нагамі, што стала ягонай фішкай.

У «Барселоне» не ўсё ішло гладка, бо Анана патрапіў у спіс непаўналетніх гульцоў, з якімі каталонцы падпісвалі кантракты насуперак правілам ФІФА. Гэта быў узрост, калі для футбаліста вельмі важная гульнявая практыка, таму Андрэ спачатку праводзіў трэніроўкі з камандай U-18, а ў другой палове дня браў удзел ужо ў двухбакоўках малодшых груп.

Як бы там ні было, і ў «Барсе» яго шанавалі і прапаноўвалі дарослы кантракт, сам Андоні Субісарэта нахвальваў гульца, але хлопец цвяроза ацэньваў свае шанцы: Тэр Штэген, Клаўдыё Брава, Жордзі Масіп – адразу трое канкурэнтаў. Пакуль "Барса" думала, як угаварыць свой талент, зімой 2015-га з ім дамовіўся «Аякс».

Мог не загуляць у «Аяксе», але дапамагла «Барса». Атрымаў працяглую дыскваліфікацыю за фурасемід

У першы сезон у Амстэрдаме яму прыйшлося пагуляць за моладзевую каманду, а перад пачаткам наступнага адбылася гутарка з трэнерам Петэрам Босам, якая не прынесла палёгкі: «Паглядзі на найлепшыя клубы Еўропы, а потым скажы мне – у якім з іх у аснове гуляе 20-гадовы галкіпер?»

Пасля гэтага гулец пачаў шукаць новую каманду, яго не хацелі нават у другім французскім дывізіёне, пакуль не прыйшла нечаканая дапамога з «Барсы».

Каталонцы падпісалі Яспера Сілесэна – асноўнага галкіпера амстэрдамцаў, а Бос вярнуўся да Анана з цытатай «У цябе ёсць месяц, каб уразіць мяне. На наступныя тры гульні ты будзеш маім першым нумарам. У першым матчы Андрэ прапусціў двойчы, а «Аякс» саступіў. Наступныя тры матчы малады галкіпер не прапускаў – так і стаў першым нумарам на цэлых шэсць гадоў.

Камерунец дабраўся з камандай да фіналу Лігі Еўропы, запальваў з «Аяксам» у ЛЧ, стаў адным з самых перспектыўных галкіпераў, пакуль як гром сярод яснага неба: «У вашай крыві выяўлены фурасемід».

«Калі мне патэлефанавалі, я быў са зборнай. Не мог паверыць у тое, што адбываецца, набраў сваю дзяўчыну. Я ні разу не прымаў ніякіх таблетак, якія не выдаваў бы клубны лекар. Фурасемід? Мелані (дзяўчына гульца – Tribuna.com) сказала, што ён знаходзіцца ў яе таблетках для цяжарных», – успамінаў гулец для Players Tribune.

Нягледзячы на аргументы, Андрэ атрымаў 12 месяцаў дыскваліфікацыі. «Я чакаў хаця б жоўтую картку, але мне адразу далі чырвоную», – адрэагаваў футбаліст. Ён з'ехаў у каталонскі Салоў, дзе трэніраваўся з варатарамі-аматарамі. Пасля дыскваліфікацыю скарацілі да дзевяці месяцаў, Анана нават паспеў згуляць на хатнім КАН, але перамагчы не ўдалося.

Перазапусціў кар'еру ў «Інтэры». Часта канфліктуе – у зборнай і з аднаклубнікамі ў Мілане

Узімку 2022-га «Інтэр» дамовіўся пра пераход гульца ў якасці вольнага агента. Камерунец выйграў канкурэнцыю ў 37-гадовага Саміра Ханданавіча. Андрэ быў вельмі ўпэўнены ў сабе, а ў інтэрв'ю казаў, што не лічыць славенца сваім узорам і адчувае сябе больш сучасным галкіперам. Акрамя барацьбы з ветэранам за месца ў аснове Анана чакала паездка на ЧС у Катар, дзе ён павінен быў стаць безумоўным першым нумарам.

Пасля паразы Камеруна ад Швейцарыі з мінімальным лікам коуч «ільвоў» выклікаў брамніка на размову. Рыгабер Сонг прасіў яго дзейнічаць больш асцярожна, бо Анана часта любіць гуляць нагамі, выходзячы ў лінію з абаронцамі. Кіперу "Інтэра" такія прэтэнзіі легенды не спадабаліся, акрамя таго, у гульца былі прэтэнзіі да складу каманды. Усё гэта перарасло ў спрэчку, пасля якой Сонг вырашыў не ставіць Андрэ на матч з сербамі. Самае непрыемнае для Анана было тое, што Сэмі Эта'О, які ўзначальвае федэрацыю і аказаў вялікі ўплыў на кар'еру гульца, адкрыта падтрымаў Сонга, з якім яны разам гулялі ў зборнай.

Саступаць ніхто не хацеў, і гулец быў вымушаны браць квіткі ў Еўропу непасрэдна падчас турніру. Анана дакладна не абвінаваціш у адсутнасці патрыятызму: «У дзяцінстве я не марыў згуляць на «Камп Ноў» ці «Ёхан Кройф Арэне». Больш за ўсё я хацеў хоць раз згуляць на «Стад Ахмаду Ахіджа» ў Ягундэ. Мой тата да гэтага часу кажа, што калі мы абыгралі Нігерыю ў фінале КАН-2000, то гэта было так, быццам мы дасягнулі вяршыні футбола». Цяпер зоркі той зборнай пакінулі яго сына без ЧС.

Кіпер абвясціў пра завяршэнне кар'еры ў зборнай Камеруна (26 гадоў) і заявіў, што зараз будзе падтрымліваць яе толькі як фанат.

Пакуль «Інтэр» выходзіў з гульнявога крызісу, Анана заставаўся асноўным варатаром і ледзь не самым стабільным гульцом у камандзе, але часам яго заносіць. Пасля слоў пра Ханданавіча галкіпер проста пасярод матчу гэтай Лігі чэмпіёнаў супраць «Порту» наехаў на Эдзіна Джэка. Басніец параіў партнёру не балбатаць з арбітрам, а ў адказ адчуў на сабе ўсю лютасць камерунца: тое «Заткніся!» чуваць было нават на лаўцы для запасных. Хакану Чалханаглу прыйшлося закрываць рот Анана рукой, каб той не ляпнуў лішняга.

А на трэніроўцы перад матчам з «Бенфікай» навыкі бодзігарда давялося ўключаць ужо Рамэлу Лукаку. Анана ледзь не пабіўся з Марцэла Брозавічам.

Складаецца ўражанне, быццам менавіта балканскія ветэраны «нерадзуры» чымсьці насалілі Андрэ.

Праводзіць найлепшы сезон у кар'еры, можа стаць рэкардсменам, калі не прапусціць у фінале

Анана сапраўды галкіпер новай фармацыі, які часта дапамагае абаронцам і пачынае атакі. Дастаткова паглядзець на карту сустрэч з мячом у Лізе чэмпіёнаў, каб зразумець, што гэты хлопец вельмі ўцягнуты ў гульню.

Так, у «Ла Масіі» ён добра навучыўся гуляць нагамі пад прэсінгам.

Такія навыкі свайго галкіпера «Інтэр» часта выкарыстоўвае пры розыгрышы мяча, калі не брамнік аддае першы пас, уводзячы яго ад варот, а абаронца пасуе галкіперу. Па задуме Індзагі, гэта дапамагае лепш спраўляцца з высокім прэсінгам саперніка.

У гэтай ЛЧ Анана пакуль найлепшы галкіпер па асноўных паказчыках. Андрэ згуляў 8 «сухіх» матчаў (усталяваў клубны рэкорд «Інтэра»). 9 правялі толькі тры галкіперы: Сант'яга Канісарас (2000/2001), Кейлар Навас (2015/2016), Эдуар Мендзі (2021/2022).

Не варта забываць і яшчэ на адно дасягненне: Анана не прапусціў у чатырох матчах супраць «Мілана» запар. Здаецца, што для адвечных супернікаў ён стаў Шэвай наадварот.

Трансфер гульца – адзін з самых удалых крокаў менеджменту «Інтэра» за апошнія гады, бо прыйшоўшы свабодным агентам, ужо цяпер за Анана «нерадзуры» могуць атрымаць больш за 50 млн еўра, а улічваючы іх фінансавы стан, гэта можа быць проста «залатая інвестыцыя».

Фота: Nicolas Lambert/Globallookpress, Pawel Andrachiewicz/Globallookpress

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты