Tribuna/Футбол/Блогі/Акно зборных зламала топ-гульцоў: Гаві прапусціць Еўра, Віні і Камавінга не згуляюць у 2023-м

Акно зборных зламала топ-гульцоў: Гаві прапусціць Еўра, Віні і Камавінга не згуляюць у 2023-м

У «Рэале» скардзяцца на перагружаны каляндар.

23 лістапада, 14:08
Акно зборных зламала топ-гульцоў: Гаві прапусціць Еўра, Віні і Камавінга не згуляюць у 2023-м

Апошняя ў 2023 годзе паўза на матчы зборных расчаравала багата каго з заўзятараў вялікіх еўрапейскіх клубаў. Ажно восем топавых футбалістаў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Нехта ўжо аднавіўся, нехта блізкі да вяртання, але ёсць і тыя, для каго сезон ужо скончаны.

Клубы, канешне, атрымаюць выплату ад ФІФА – максімальная сума кампенсацыі за аднаго гульца складае 7,5 млн еўра ў год. Але наступствы ад страт лідараў могуць каштаваць камандам значна даражэй.

Гаві – разрыў пярэдняй крыжападобнай звязкі

Матч супраць Грузіі ў кваліфікацыі нічога не вырашаў для зборнай Іспаніі – «Фурыя Роха» яшчэ да стартавага свістка забяспечыла сабе пуцёўку на Еўра. Ад гэтага ўдвая прыкра. Калі трэнера іспанскай каманды Луіса дэ ла Фуэнтэ спыталі перад гульнёй, ці не варта даць адпачыць Гаві, той адказаў, што «добрыя гульцы не адпачываюць падчас зборных, ім па сілах вытрымаць жорсткі графік».

Ужо на 26-й хвіліне Гаві быў заменены, а асцярогі фанатаў «Барселоны» пацвердзіліся на наступны дзень, калі клуб абвясціў, што ў хаўбека разрыў пярэдняй крыжападобнай звязкі, а таксама траўма меніска.

19-гадовага гульца чакае аперацыя ў найбліжэйшыя дні, а працэс вяртання на поле можа заняць ад 7 да 9 месяцаў. Мы не ўбачым яго ў гэтым сезоне ў футболцы «Блаўгранас». Ды і Еўра-2024, хутчэй за ўсё, таксама пройдзе без паўабаронцы.

Уорэн Заір-Эмеры – траўма галенастопа

Вечар 18 лістапада мусіў стаць гістарычным для 17-гадовага Уорэна Заіра-Эмеры. Дзідзье Дэшам даў юнаму паўабаронцу месца ў старце на матч з Гібралтарам (14:0).

Нягледзячы на ўзрост, Уорэну ўсё ж не ўдалося стаць наймаладзейшым гульцом у гісторыі зборнай Францыі (трэцяе месца, але наперадзе толькі гульцы з 1911 і 1914 гадоў). Затое калі ён забіў, здавалася, што паўбаронца ПСЖ тут дакладна рэкардсмен, але таксама не – толькі другі. Але вельмі верагодна, што куды мацней Заір-Эмеры быў расчараваны праз іншае – на 16-й хвіліне хаўбек замкнуў пас Комана, але адразу ж пасля гэтага яму ў нагу ў падкаце ўляцеў супернік.

Уорэна замянілі, а ўжо пасля матча стала вядома, што футбаліст атрымаў траўму звязкаў галенастопа на правай назе. У гэтым годзе ён на поле не выйдзе.

Вінісіус – разрыў мышцы сцягна

Гэты адбор на ЧС-2026 пакуль дрэнна складаецца для зборнай Бразіліі. І справа не толькі ў тым, што каманда за шэсць матчаў ужо чатыры разы страціла пункты, згуляўшы ўнічыю і тройчы саступіўшы. Вось ужо другое акно, як у матчах бразільцаў траўмуецца зорка каманды. Калі ў кастрычніку гэта быў Неймар, то цяпер Вінісіус.

Гульня супраць Калумбіі скончылася для вінгера ўжо на 27-й хвіліне. Ён пакідаў поле, трымаючы пакет з лёдам ля нагі. Неўзабаве «Рэал» аб'явіў, што ў 23-гадовага футбаліста выяўлены разрыў мышцы сцягна. Праз гэтую траўму Вінісіус прапусціць два з паловай месяца.

Эдуарда Камавінга – разрыў знешняй звязкі калена

Можна толькі меркаваць, што сёння адчуваюць фаны «Рэала» і кіраўніцтва мадрыдскага клуба. Паводле інфармацыі іспанскіх СМІ, босы «вяршковых» вінавацяць ФІФА, УЕФА, Федэрацыю футбола Іспаніі і Ла Лігу. Маўляў, каляндар перагружаны, што вядзе да вялікай колькасці праблем са здароўем у гульцоў.

Пра траўму Камавінгі стала вядома 16 лістапада. Хаўбек «Рэала» атрымаў пашкоджанне на трэнаванні зборнай Францыі пасля сутыкнення з Усманам Дэмбеле. Аказалася, што ўсё сур'ёзна – разрыў знешняй звязкі правага калена. Хаця спачатку паведамлялася толькі пра расцяжэнне. На аднаўленне французу спатрэбіцца два з паловай месяца.

Ён стаў восьмым гульцом «Рэала», на каго Анчалоці не можа проста цяпер разлічваць па прычыне траўмы.

Алесандра Бастоні – траўма ікраножнай мышцы

Найлепшы цэнтральны абаронца Італіі прапусціў матчы супраць Паўночнай Македоніі і Украіны, атрымаўшы траўму ікраножнай мышцы на трэнаванні перад стартам важных гульняў кваліфікацыі Еўра.

Практычна адразу стала зразумела, што ў сустрэчы з «Ювентусам» не варта чакаць Бастоні ў складзе «Інтэра». Хутчэй за ўсё, ён вернецца на пачатку снежня.

Андрэ Анана – траўма пахвіны

Адносіны паміж заўзятарамі «МЮ» і новым галкіперам манкуніянцаў пакуль складваюцца не ідэальна, аднак наўрад ці на «Олд Трафард» будуць радыя таму, што Анана можа не з'явіцца ў бліжэйшых матчах.

Андрэ пакінуў поле ў канцы гульні Камеруна супраць Маўрыкіі. Спачатку паведамлялася пра траўму пляча, але праз пару дзён Федэрацыя футбола Камеруна паведаміла, што ў брамніка выяўлена траўма пахвіны.

Пакуль складана сказаць, ці выйдзе Анана на матч супраць «Эвертана» (сам гулец спадзяецца згуляць) у нядзелю, але пакуль гэта праблема для «МЮ».

Эрлінг Холанд – траўма шчыкалаткі

Некаторы час давялося панервавацца і фанатам «Манчэстэр Сіці». Трэнер зборнай Нарвегіі быццам нешта прадчуваў – пакінуў Эрлінга ў запасе ў матчы супраць Фарэрскіх астравоў. Аднак у перапынку ўсё ж выпусціў супербамбардзіра. Аказалася, дарэмна. Нарвежац не забіў, а пасля матча стала вядома, што Холанд яшчэ і атрымаў пашкоджанні шчыкалаткі.

Наступны матч адбору супраць Шатландыі Эрлінг прапусціў – лекар зборнай параіў не спяшацца з вяртаннем. Але ўсё не так дрэнна, як магло спачатку здацца. Траўма аказалася несур'ёзнай, таму Холанд будзе гатовы згуляць супраць «Ліверпуля» ў суботу.

Маркус Рэшфард – невядомае пашкоджанне

Не трэба хвалявацца праз свайго форварда і фанатам «МЮ». Так, Маркус пакуль не ўражвае ў гэтым сезоне, але ўсё ж ягоная страта таксама была б сур'ёзным ударам па камандзе. У матчы супраць Мальты Рэшфард сутыкнуўся з Трэнтам Аляксандрам-Арнольдам у адным з эпізодаў, а Гарэт Саўтгейт вырашыў замяніць гульца на 61-й хвіліне.

З'явіліся паведамленні, што Маркус атрымаў пашкоджаньне, але, на шчасце, несур'ёзнае. Ён нават выйшаў на шэсць хвілін у гульні супраць Паўночнай Македоніі.

Фота: Pablo Morano / Global Look Press, Pool Pelaez Burga / Global Look Press, Heuler Andrey / Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты