Tribuna/Футбол/Блогі/🤦 «МЮ» вылецеў з еўракубкаў з апошняга месца ў групе ЛЧ – яшчэ і з антырэкордам Англіі па прапушчаным

🤦 «МЮ» вылецеў з еўракубкаў з апошняга месца ў групе ЛЧ – яшчэ і з антырэкордам Англіі па прапушчаным

Дарма цягнулі да «Баварыі».

13 снежня, 13:30
🤦 «МЮ» вылецеў з еўракубкаў з апошняга месца ў групе ЛЧ – яшчэ і з антырэкордам Англіі па прапушчаным

Пазіцыі ў «Манчэстэр Юнайтэд» перад апошнім турам групавога этапу ЛЧ і без таго былі вельмі неспрыяльнымі.

Манкуніянцы займалі апошняе месца ў квартэце, і каб далей выступаць у Еўропе, мелі патрэбу ні многа ні мала ў перамозе над лідарам «Баварыяй», якая хоць і гарантавала сабе ўжо наступны этап, але была матываваная пасля разгрому ў мінулы ўікэнд ад «Айнтрахта».

У выніку каманда Эрыка тэн Хага не змагла згуляць з мюнхенцамі хаця б унічыю і засталася апошняй.

🔺 Нават без турнірнай матывацыі «Баварыя» не дала ані надзеі «МЮ» на перамогу. Госці «Олд Трафард» правялі гульню дамінантна, стварылі больш момантаў, нанеслі больш удараў.

Адзін з іх стаў галявым, калі на 70-й хвіліне Кейн асіставаў Каману, які апынуўся без апекі перад Анана:

🔺 Гэты прапушчаны мяч стаў 15-м для манкуніянаў у гэтым групавым этапе – абсалютны антырэкорд англійскага клубнага футбола. У бягучым розыгрышы пакуль ніхто не прапусціў больш, але ў «Селтыка» (14 прапушчаных) і «Антвэрпэна» (15) яшчэ апошні тур, каб перасягнуць сумнеўнае дасягненне.

Можна лічыць, што менавіта абарона сапсавала «Манчэстэру» гэты еўрасезон. Таму што атака каманды выступіла на ўзроўні той жа «Баварыі» – абедзве каманды забілі па 12 мячоў у групе. Ні адзін іншы аўтсайдар груп ЛЧ і блізка не набіваў столькі (больш за ўсё – сем у «Севільі»).

Да ўсіх праблем у абароне дадалася яшчэ і траўма Магуайра, які, здавалася б, толькі вярнуў сабе жалезнае месца ў аснове, але вымушаны быў пакінуць поле яшчэ ў першым тайме справаздачнага матча.

🔺 Такім чынам, «Юнайтэд» другі раз фінішаваў у групе ЛЧ на апошнім месцы. Упершыню з камандай адбылося такое ў сезоне 2005/06, калі ейгымі супернікамі былі «Вільярэал», «Бенфіка» і «Ліль».

Цяпер такіх правалаў у "чырвоных д'яблаў" два ў гісторыі, што робіць іх першай англійскай камандай з такім паказнікам.

У цэлым гэта ўжо трэці раз пасля сыходу Фергюсана (то-бок за сем апошніх сезонаў), калі «Юнайтэд» не ў стане выбрацца з групы ў наступны раунд ЛЧ. Для параўнання столькі ж няўдач было за 18 гадоў праўлення сэра Алекса:

🔺 «Баварыя» у выніку завяршыла групу непераможанай (у немцаў толькі адна страта пунктаў - хатняя нічыя з «Капенгагенам» у перадапошнім туры), а другую пуцёўку ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў сенсацыйна здабылі менавіта датчане.

У лабавым матчы за месца ў 1/8 фіналу яны мінімальна абгулялі «Галатасарай»: адзіны мяч на 58-й хвіліне забіў хаўбек Лукас Лерагер.

Фота: IMAGO/Andrew Yates/Globallookpress.com, скрыншоты трансляцыі MEGOGO

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты