Tribuna/Футбол/Блогі/Дартс захапіў АПЛ. Мова жэстаў у матчы «Тотэнхэм» – «Брэндфард»

Дартс захапіў АПЛ. Мова жэстаў у матчы «Тотэнхэм» – «Брэндфард»

Гульцы святкуюць галы кіданнем дроціка.

Аўтар — Sam_Na_Sam
1 лютага, 17:00
Дартс захапіў АПЛ. Мова жэстаў у матчы «Тотэнхэм» – «Брэндфард»

У 22-м туры АПЛ «Тотэнхэм» прымаў «Брэндфард». Гэтую сустрэчу, хоць і з нацяжкай, але можна назваць дэрбі – паміж стадыёнамі апанентаў нешта каля 20 кіламетраў. Таму градус напружання на трыбунах быў адпаведным. На полі таксама ўсё развівалася вельмі імкліва. На 15-й хвіліне лік адкрылі госці. Ніл Мапэ падпільнаваў адскок і пабег святкаваць гол да адной з трыбун, разам з Тоуні паказваючы кідок, як у дартсе.

Але самае цікавае было далей. У пачатку другой паловы Чыгодзі Удоджы зраўняў лік. А праз хвіліну Брэнан Джонсан выводзіць «Тотэнхэм» наперад– 2:1. Аўтар важнага гала накіроўваецца да той жа трыбуны, дзе святкаваў супернік, і таксама «кідае» дроцікі. Як быццам у адказ гульцам «Брэндфарда».

Тое самае робіць і Рышарлісан, калі на табло загараюцца лічбы 3:1 на карысць гаспадароў. Пасля красамоўнага жэсту бразілец прыкладвае палец да галавы. Маўляў, я ўсё памятаю.

У сярэдзіне другога тайма «Брэндфард» адзін мяч адыграў. Вызначыўся Тоўні. Але пасля дакладнага ўдару форвард «перастрэлку» не працягнуў. Відаць, зразумеў, што ўжо не да месца, і бурна святкаваць лепш не пасля галоў, а пасля пераможных матчаў.

Адкуль гэтыя жэсты ў зорак АПЛ? Справа ў тым, што дартс у Вялікабрытаніі робіцца ўсё больш папулярным. Нядаўна ў Лондане прайшоў чэмпіянат свету. І ў паўфінал прабіліся толькі англічане. Дарэчы, да фіналу дабраўся і 16-гадовы Люк Літлер, якога падтрымлівалі, напрыклад, гульцы зборнай Джэймс Мэдзісан, Арон Рэмсдэйл і Дэклан Райс.

Сваю футболку ўзыходзячай зорцы дартса некалькі тыдняў таму падарыў і «Манчэстэр Юнайтэд».

Шкада, наўзамен манкуніянцы не могуць папрасіць у Люка яго дакладнасць. Для сваіх форвардаў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты