Tribuna/Футбол/Блогі/Сын Крыша ўзяў тытул з «Аль-Насрам» раней за бацьку: другі бамбардзір каманды, ёсць першыя траўмы

Сын Крыша ўзяў тытул з «Аль-Насрам» раней за бацьку: другі бамбардзір каманды, ёсць першыя траўмы

Як справы ў Крышціяну-малодшага ў новым клубе.

14 лютага, 02:48
Сын Крыша ўзяў тытул з  «Аль-Насрам» раней за бацьку: другі бамбардзір каманды, ёсць першыя траўмы

У пачатку лютага ў сацсетках «Аль-Насра» з'явіўся пост, якога персанальныя фаны Крышціяну Раналду чакалі больш за год. На ім была намаляваная каманда ў жоўтых футболках, трэнерскі штаб і надпіс «Champions». Але калі прыгледзецца, то можна ўбачыць, што яшчэ ніжэй дробным шрыфтам напісана таксама «Saudi U13 Premier League 2023-2024».

Дрэнная навіна для прыхільнікаў партугальца – ён усё яшчэ не выйграў чэмпіянат Саудаўскай Аравіі з «Аль-Насрам» (ды і не факт, што выйграе – адставанне ад «Аль-Хілаля» цяпер складае 7 пунктаў). Добрая навіна для прыхільнікаў партугальца – ў гэтай камандзе U13, якая заваявала тытул, у гэтым сезоне гуляў Крышціяну Раналду-малодшы.

13-гадовы сын легенды падпісаў кантракт з «Аль-Насрам» у кастрычніку мінулага года. Вядома ж, ён узяў сабе 7-ы нумар.

Дэбютны сезон у новым клубе Раналду-малодшы можа запісаць сабе ў актыў, паколькі ён быў адным з найважнейшых гульцоў каманды. На яго рахунку цяпер 8 галоў, ён дзеліць чацвёртае месца ў спісе бамбардзіраў чэмпіянату, адстаючы ад лідара на 4 галы. А таксама зʼяўляецца другім бамбардзірам сваёй каманды – ў Саіфа Ахмеда Абдулы на адзін гол больш.

Розніца ў класе паміж «Аль-Насрам» і супернікамі ў гэтым сезоне была занадта адчувальнай. Каманда аформіла тытул аж за тры туры да канца (усяго іх 18), страціўшы пункты толькі ў двух сустрэчах, а іх атака была з адрывам самай выніковай – 40 галоў за 15 матчаў (у другой па выніковасці каманды – «Аль-Фатэха» – усяго 25). І амаль чвэрць з іх -- як раз на рахунку сына легенды.

Крышціяну вызначыўся забітым мячом і ў матчы, які прынёс «Аль-Насру» перамогу ў чэмпіянаце U13. Згуляў на дабіванні.

Калі вы чакалі ўбачыць ад 13-гадовага Раналду эфектныя бісіклеты або магутныя далёкія ўдары, то расчаруем вас. Час для прыгожых галоў у яго выкананні, магчыма, наступіць пазней. Пакуль Крышціяну-малодшы забівае даволі простыя галы. Але ж галоўнае – вынік, праўда?

Дубль супраць «Аль-Ітыфака»:

Дубль супраць «Аль-Фатэха»:

Гол «Аль-Джылу»:

Варта адзначыць, што ў кар'еры Крышціяну-малодшага ў Саудаўскай Арвіі ўжо былі і траўмы. У лістападзе ён прапусціў некалькі матчаў праз пашкоджанне нагі. Хлопца заўважылі на мыліцах падчас аднаго з матчаў «Аль-Насра».

У чэрвені хлопчыку споўніцца 14, таму наступная яго мэта – чэмпіёнства з камандай U15. Але галоўнай марай сына 39-гадовага партугальца зʼяўляецца выхад на поле разам з бацькам – каб абодва былі ў ролі гульцоў.

«Часам сын кажа: «Тата, адгуляй яшчэ некалькі гадоў. Я хачу згуляць з табой у адной камандзе. Вельмі складана, але я здольны на гэта. Невядома, як усё складзецца», – распавядаў Раналду-старэйшы на International Sports Conference у Дубаі.

Раней сын Крышціяну выступаў за «Рэал», «Ювентус» і «МЮ » – ішоў за бацькам. Там выніковасць больш уражвала, чым у складзе «Аль-Насра», але тут важна ўлічваць, што гэта быў і зусім іншы ўзрост. Таму 50 галоў у 20 матчах за мадрыдцаў або 58+19 за 28 гульняў у футболцы турынцаў хоць і дзівяць, але хай не ўводзяць у зман. Рэальны ўзровень Раналду-малодшага мы даведаемся ў бліжэйшыя гады.

Гэта разумее бацька: «У яго ёсць патэнцыял. Ён хуткі, тэхнічны. Але пакуль гэта нічога не значыць. Таксама неабходныя цяжкая праца і самаахвяраванне».

А вось бабуля 13-гадовага хлопца, Марыя Далорэс, лічыць, што ён ужо лепшы за свайго бацьку ў гэтым жа ўзросце: «У сваім узросце Крышціяну-малодшы гуляе лепш, чым мой сын. У той час у Раналду не было трэнера, але сёння Раналду – настаўнік свайго сына. Я ўжо сказала Крышціяну, што хачу ўбачыць яго гульню за «Спортынг» да сваёй смерці. Калі не ён, то хай гэта будзе ўнук, ён гуляе лепш за яго».

***

Як думаеце, ці зможа хлопец паўтарыць шлях бацькі? Ці хаця б проста прабіцца ў топ-футбол?

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты