Усе навіны

Чэмпіёнка АГ-1972 Кошаль пра міжнародны бан: «Нават пад нейтральным сцягам трэба выступаць: усе ведаюць, што гэта Беларусь выступае. Хочацца, каб спартсмены не пакутавалі»

7 сакавіка 2023, 15:16

Чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1972 у Мюнхене па спартыўнай гімнастыцы Антаніна Кошаль пракаментавала адхіленне беларусскіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– У адным з інтэрв'ю вы расказвалі, што муж называе вас «маці Тэрэза». Чаму?

– Я заўсёды кідаюся на абарону іншых. Нават у сям'і, калі муж пачынае сварыцца на дзяцей ці ўнукаў, – я на іх баку. Мне заўсёды тэлефануюць з праблемамі. Я заўжды дапамагаю. А што тут дрэннага? Калі недзе кагосьці крыўдзяць, мне трэба спачатку абараніць, а потым разабрацца. Не люблю, калі калегі пачынаюць сварыцца ці спрачацца. Я за тое, каб жыць мірна і ўсё вырашаць спакойна. Наша арганізацыя [аб’яднанне ветэранаў фізічнай культуры і спорту] створана для таго, каб спакойна вырашаць жыццёвыя пытанні і праблемы. Не трэба гарлапаніць, накрычаліся ў маладосці на сваіх вялікіх пасадах. Навошта марнаваць нервы. Можна ўсё вырашыць мірна.

– Шкада, што міжнародныя спартыўныя чыноўнікі вашага падыходу не падзяляюць і вяртаць нашых спартсменаў на спаборніцтвы не спяшаюцца...

– Вельмі хочацца, каб тое хутчэй скончылася. Людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё спорту, не могуць сябе рэалізаваць, – гэта страшна. У людзей вырашаецца лёс. Хтосьці з іх зможа вытрымаць толькі адну Алімпіяду, як я ў свой час: пасля Алімпійскіх гульняў не змагла далей працаваць, бо была выціснутая як лімон. Хтосьці можа прайсці дзве-тры Алімпіяды. Але кожнаму з іх трэба выступаць на спаборніцтвах і павышаць сваё майстэрства. У людзей за гэтым стаіць усё жыццё. І нават пад нейтральным сцягам трэба выступаць: усе будуць ведаць, што гэта Беларусь выступае. Так хочацца, каб спартсмены не пакутавалі. Вельмі страшна, калі варожасць разыграецца на спартыўных арэнах. Гэта можа прывесці да таго, што алімпійскі рух разваліцца. З кожным годам на Алімпійскіх гульнях павялічвалася колькасць краін, алімпійская сям'я пашыралася. І толькі так павінна быць, – распавяла Кошаль.