Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Глеб, Баскаў, Недасекаў – адэптаў рэжыму збіраюцца баніць ва Украіне: гэта пачатак шляху да санкцый ЕС і ЗША, на спартыўныя адхіленні таксама хочуць паўплываць

Глеб, Баскаў, Недасекаў – адэптаў рэжыму збіраюцца баніць ва Украіне: гэта пачатак шляху да санкцый ЕС і ЗША, на спартыўныя адхіленні таксама хочуць паўплываць

Працэс няхуткі, але вынік надоўга.

Аўтар — bytribuna com
4 студзеня 2023, 07:00
1
Глеб, Баскаў, Недасекаў – адэптаў рэжыму збіраюцца баніць ва Украіне: гэта пачатак шляху да санкцый ЕС і ЗША, на спартыўныя адхіленні таксама хочуць паўплываць

У панядзелак украінская Tribuna.com апублікавала абнаўленне базы спартсменаў і функцыянераў, якія якім-небудзь чынам (наўпрост або ўскосна) падтрымалі вайну ва Украіне, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Цяпер спіс складаецца з 223 прозвішчаў.

У пералік можна было патрапіць і за падтрымку рэжыму Лукашэнкі – як суагрэсара ў гэтай вайне. Так што ў новай версіі базы знайшлося месца для 14 прадстаўнікоў Беларусі. Імі сталі:

• Наталля Цылінская, старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту;

• Анастасія Мірончык-Іванава, лёгкаатлетка;

• Аляксей Талай, параплавец;

• Максім Недасекаў, лёгкаатлет;

• Сяргей Кавальчук, так званы міністр спорту Беларусі;

• Аляксандр Барауля, намеснік Кавальчука;

• Дзмiтрый Баскаў, непрызнаны МАК член выканкама НАК Беларусі;

• Аляксандр Багдановіч, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі;

• Аляксандр Глеб, былы футбаліст;

• Уладзімір Канаплёў, старшыня Беларускай федэрацыі гандбола;

• Сяргей Рэпкін, рэктар БДУФК;

• Сяргей Рутэнка, старшыня Беларускай федэрацыі тэніса;

• Алім Селімаў, старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы;

• Уладзімір Базанаў, кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола.

Большая частка базы – зразумела, грамадзяне Расіі. Таксама можна ўбачыць траіх грамадзян ЗША і па аднаму прадстаўніку Украіны, Румыніі, Францыі і Швецыі. З бягучай версіяй базы можна пазнаёміцца тут – пазней яна яшчэ будзе абнаўляцца.

На што ўплывае база ўкраінскай Tirbuna.com

Сваю базу ўкраінская Tribuna.com пачала складаць у сакавіку 2022-га. Першапачатковай мэтай было супрацьдзеянне магчымым будучым спробам зняць міжнародны бан з беларускіх і расійскіх атлетаў і функцыянераў на падставе апалітычнасці спорту.

«Іх прозвішчы павінныя быць зафіксаваныя. Не толькі для гісторыі – падтрымка і прапаганда тэрарыстычнага рэжыму павінна стаць падставай для іх адхілення ад сусветнага спорту», – гаварылася ў заяве сайта.

Аднак у лістападзе камітэт Вярхоўнай Рады (парламента) Украіны па моладзі і спорце прапанаваў рэдакцыі падаць спіс у Раду нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (РНБА), якая займаецца ўвядзеннем персанальных санкцый агульнага характару – можа заблакаваць ўкраінскія актывы любога чалавека, які пагражае бяспецы краіны, або забараніць ўезд ва Украіну. У снежні 2022-га парламент рэкамендаваў РНБА ўвесці санкцыі супраць 65 прадстаўнікоў расійскага спорту, якіх на той момант уключыла ў бан-ліст украінская «Трыбуна». Цяпер спіс знаходзіцца на разглядзе ў радзе.

Пры гэтым журналісты працягнулі працу над папаўненнем базы. Рэдакцыя звярнулася ў розныя арганізацыі з просьбай дасылаць інфармацыю пра тых, хто заслужыў патрапіць у спіс. За беларускі складнік узяўся Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці. Пасля ўласнай праверкі кандыдатаў украінская рэдакцыя падтрымала прапанову БФСС і ўключыла ў свой спіс 14 згаданых беларускіх прозвішчаў. Чакаецца, што парламент бліжэйшым часам адправіць у РНБА прозвішчы ўсіх навічкоў пераліку для зацвярджэння санкцый.

Украінская Tribuna.com будзе працягваць сваю працу – адпаведна, у наступных абнаўленнях спісу можна чакаць новыя беларускія прозвішчы. Кандыдатаў на гэта (напрыклад, удзельнікаў адных прапагандысцкіх мерапрыемстваў з тымі, хто ўжо патрапіў у бан-ліст), нажаль, хапае.

Чым можа абярнуцца трапленне ў спіс

Санкцыі ад РНБА дзейнічаюць толькі на тэрыторыі Ўкраіны. Аднак рашэнні гэтага органа з“яўляюцца важкім аргументам пры разглядзе і міжнародных санкцый. Спісы забаненых ва Украіне накіроўваюць санкцыйнай групе Ярмака-Макфола, названай ў гонар кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны і дырэктара Інстытута міжнародных даследаванняў Фрымана-Споглі. Члены гэтай арганізацыі адказваюць за складанне дакументаў, стратэгій і дарожных карт з планамі і рэкамендацыямі па ўкараненні санкцый супраць Расіі і Беларусі, а таксама манітораць іх эфектыўнасць. Напрацоўкі групы ўжо не раз выкарыстоўваліся афіцыйнымі асобамі Еўрасаюза, ЗША і іншых краін, якія накладваюць санкцыі ў адказ на вайну – замарожваюць актывы і забараняюць уезд на сваю тэрыторыю. Адзначым, што Расiя актыўна ўводзіць уласныя санкцыі ў дачыненні да экспертаў групы Ярмака-Макфола, што яўна сведчыць пра яе ўплывовасць.

Наконт першага кроку да накладання санкцый міжнароднага ўзроўню на групу беларускіх адэптаў Лукашэнкi выказаўся выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін: «Санкцыйныя механізмы хутка не запускаюцца, але дзейнічаюць доўга і надзейна. Гэта вынік памылковасці маральнага выбару ў жніўні 2020-га і потым у лютым 2022-га. Жыццё двойчы давала шанц. Значыцца, іх выбар быў свядомы, таму адказнасць павінна быць у поўнай меры».

Забарона на ўдзел у міжнародных спартыўных спаборніцтвах усё гэта яшчэ не значыць – такія рашэнні прымаюцца сусветнымі і еўрапейскімі федэрацыямі па відах спорту, якія могуць кіравацца рэкамендацыямі МАК. Аднак увядзенне персанальных санкцый, напрыклад, Францыяй будзе азначаць немагчымасць удзелу ў АГ-2024, якія пройдуць у гэтай краіне. Ды і трапленне пад санкцыі розных дзяржаў павялічвае ў іншых спартсменаў нежаданне спаборнічаць з падобнымі сапернікамі – а значыць, міжнародныя федэрацыі, калі захочуць усё ж дапускаць нават тых, хто наўпрост ці ўскосна падтрымаў вайну, сутыкнуцца з перспектывай байкотаў.

Як прозвішча можа знікнуць з базы

Складальнікі спісу не выключаюць, што некаторыя прозвішчы могуць быць выдалены з базы. Але для гэтага мала простага слогана «Не вайне». Неабходная публічная, выразная і недвухсэнсоўная заява з асуджэннем вайны і рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама прызнанне тэрыторыі Украіны ў межах 1991 года. Зрэшты, ад цяперашніх беларускіх фігурантаў спісу такога чакаць не даводзіцца – прынамсі, пакуль рэжым існуе.

Іншыя пасты блога

Усе пасты