Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Футбалістка «Мінска» як па паперцы сказала на відэа пра «ўвагу кіраўніка» і важнасць дзяржсцяга – у 2021-м яе кінулі на «суткі» не паймі за што

Футбалістка «Мінска» як па паперцы сказала на відэа пра «ўвагу кіраўніка» і важнасць дзяржсцяга – у 2021-м яе кінулі на «суткі» не паймі за што

Рэжымны трэнд, які не выглядае добраахвотным.

Аўтар — bytribuna com
28 студзеня 2023, 18:00
Футбалістка «Мінска» як па паперцы сказала на відэа пра «ўвагу кіраўніка» і важнасць дзяржсцяга – у 2021-м яе кінулі на «суткі» не паймі за што

27 студзеня міністэрства спорту Лукашэнкi выпусціла відэа з Кубка садружнасці па біятлоне. Аднак галоўнымі героямі ў ім сталі не беларускія і расійскія ўдзельнікі – а 20-гадовая футбалістка «Мінска» Ульяна Асаула. Ролік увогуле быў зроблены з клубнымі меткамі – аднак у сацсетках «Мінска» чамусьці не з'явіўся.

На відэа Асаула нагаварыла вельмі патэтычны тэкст на карысць рэжыму. Але вось што звяртала на сябе ўвагу – футбалістка глядзела не ў камеру, якая знаходзілася крыху збоку, а кудысьці па прамой, прычым вельмі ўважліва. Акрамя таго, інтанацыя была вельмі манатонная, а аднойчы, пачаўшы казаць слова, футбалістка перапынілася і дадала наперад іншае – карацей, па ўсіх прыкметах узнікала ўпэўненасць: Асаула чытае тэкст, які размешчаны дзесьці перад ёй.

Пабудова «прамовы» тым больш выклікала падазрэнне, што адрознівалася «логікай», уласцівай звычайна толькі рэжымным аўтарам – пасля простага аповеду пра тое, што на біятлоне прыемная атмасфера, Асауле ні з чаго, без якой-небудзь падводкі «захацелася сказаць», што «ў нашай краіне асаблівую ўвагу ўдзяляе спорту асабіста кіраўнік дзяржавы». Далей iшло не менш тыповае для рэжыму абагульненне – маўляў, гэтую ўвагу «выдатна ўсе бачаць» (асабліва тыя, каго ў спорце рэпрэсуюць толькі за нязгоду з крывавымі метадамі рэжыму). Асаула таксама выказала сцвярджэнне, што згаданая ўвага «накладвае дадатковую адказнасць на кожнага спартсмена рэспублікі» – у тым ліку і на яе. Сканчваўся спіч выражэннем упэўненасці, што «спартсмены не падвядуць» – і чарговай толькі рэжыму ўласцівай заявай, што атлеты змагаюцца, маўляў, не за сваю славу і не за прызавыя, а, канешне ж, дзеля ўзвялічвання дзяржсімволікі, у прыватнасці, дзяржфлага.

Чаму менавіта Асаулу паставілі выказвацца за сістэму, здагадацца няцяжка. Гэта ўвогуле трэнд пачатку гэтага году – нешта на карысьць рэжыму робяць тыя, каго гэты рэжым лічыць у нечым вінаватымі. Магчыма, дзеянні адбываюцца пад прамым ціскам, магчыма – у абмен на дазвол працягнуць кар'еру ў белспорце.

Падстава прызнаць Асаулу «вінаватай» для рэжыму відавочная. 25 сакавіка 2021-га футбалістка, якая за некалькі дзён да таго паспела пачаць чарговы сезон з «Мінскам», была затрыманая сілавікамі ў сталіцы Беларусі. Неўзабаве стала вядома, што Асаулу, якой тады было ўсяго 18 гадоў, кінулі за краты на 13 сутак нібыта за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Зрэшты, калі спартсменка па заканчэнні гэтага тэрміна выйшла на волю, яна дала зразумець у сацсетках, што нават не збіралася пратэставаць, а стала адной з тых, каго служакі рэжыму заграблі за кампанію, таму што асмеліўся апынуцца побач з імі.

Цешыла ў гэтай сітуацыі толькі тое, што «суткі» не паўплывалі на кар'еру Асаулы ў «Мінску» – яна працягнула быць гульцом асноўнай абоймы, нярэдка з'яўляючыся на поле і з першых хвілін. У 2022-м паўабаронца працягнула атрымліваць гульнявы час – прыняла ўдзел у 26 матчах ЧБ, у сярэднім праводзячы пад 60 хвілін за гульню. За два гады спартсменка ўзяла два сярэбраныя медалі чэмпіянату – «Мінск» саступаў толькі «Дынама-БДУФК», – а таксама паўдзельнічала ў адборачных раундах жаночай Лігі чэмпіёнаў.

Цяпер жа, як вядома, міністр спорту Лукашэнкі Сяргей Кавальчук вырашыў «закруціць гайкі» – і пазбаўляць права гуляць у сістэмнай Беларусі непажаданых футбалістаў, у лік якіх патрапілі нават тыя, хто сказаў толькі «Мы супраць гвалту». І складзеныя «міністэрствам» «чорныя спісы» – гэта не ўсё, чым можа пагражаць рэжым. Будзем спадзявацца, што ўдзелам у відэа Асаула захавала сабе свабоду – у такім раскладзе нічога ганебнага ў гэтым няма.

Іншыя пасты блога

Усе пасты