Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У 2018-м Шпілеўскі ў Брэсце разваліў «марскіх коцікаў» «Дынама» (Мілеўскі, Савіцкі і іншыя) – вось як у іх справы праз пяць гадоў

У 2018-м Шпілеўскі ў Брэсце разваліў «марскіх коцікаў» «Дынама» (Мілеўскі, Савіцкі і іншыя) – вось як у іх справы праз пяць гадоў

Не раз перасякаліся з былым трэнерам, адзiн сышоў у IT.

Аўтар — bytribuna com
11 сакавіка 2023, 07:20
У 2018-м Шпілеўскі ў Брэсце разваліў «марскіх коцікаў» «Дынама» (Мілеўскі, Савіцкі і іншыя) – вось як у іх справы праз пяць гадоў

Брэсцкае «Дынама» Аляксандра Зайцава – яркая ўспышка белфутбола другой паловы 2010-х, пікам якой стаў чэмпіёнскі тытул у 2019-м. Сімвалам той каманды быў Арцём Мілеўскі, які вярнуўся ў Беларусь праз шмат гадоў пасля ад'езду ва Украіну са зменай грамадзянства і ў некаторай ступені змяніў вельмі негатыўнае меркаванне пра сябе ў фанацкім асяроддзі.

Саюз Мілеўскага і «Дынама» распадаецца на два адрэзкі. Летам 2018-га ён на паўгода пакінуў каманду праз канфлікт з Аляксеем Шпілеўскім, які зусім нядоўга прабыў галоўным трэнерам клуба. У тое ж трансфернае акно сышлi яшчэ шэсць гульцоў, сярод якіх вылучаліся абаронцы Аляксей Гаўрыловіч і Андрэй Лебедзеў – капітан і віцэ-капітан брастчан, вядомыя гульцы асновы. На трансфер быў выстаўлены і адзін з лідараў атакі Павел Савіцкі. Як аказалася, прычынай паслужыла выпітае кампаніяй гульцоў у лазні пасля аднаўленчай трэніроўкі піва, што было заўважана Шпілеўскім.

Савіцкі ў клубе застаўся – прапусціў гульню чэмпіянату супраць мінскага «Праменя», але выйшаў у аснове на наступны матч (у кваліфікацыі Лігі Еўропы супраць грэчаскага «Атромітаса») і аформіў хет-трык. Пасля аднаго з галоў Савіцкі прыўзняў гульнявую футболку, паказаўшы майку – на ёй красаваўся надпіс «Марскія коцікі».

Так называла сябе група гульцоў брастчан, у якую ўваходзілі Савіцкі, Мілеўскі, Лебедзеў і Гаўрыловіч, а таксама Максім Вітус, які не трапіў пад санкцыі Шпілеўскага, і Дзмітрый Алісейка, які з'ехаў з Брэста яшчэ за паўгода да гучных падзей. У сваёй кампаніі футбалісты часцяком весела бавілі час і дзяліліся фатаграфіямі.

Вось што здарылася з удзельнікамі той «банды» за амаль пяць гадоў з гучнага скандалу.

Арцём Мілеўскі, 38 гадоў

Дзе зараз: скончыў кар'еру, жыве ў Кіеве

Мілеўскі пасля разрыву з Брэстам з'яжджаў у венгерскую «Кішварду», дзе пачуваўся вельмі няўтульна – палёгка наступіла ў студзені 2019-га: у дзень свайго 34-годдзя Арцём аформіў вяртанне ў «Дынама». Ён адыграў важную ролю ў чэмпіёнскі год і правёў з камандай першую ў яе гісторыі кваліфікацыю ЛЧ (у выніку спыніліся за крок ад групы еўракубкаў). Пасля заканчэння сезона-2020 Мілеўскі пакінуў клуб, які губляў увагу Зайцава, і вярнуўся ва Украіну, дзе паўгода без асабліва яркіх падзей выступаў за «Мінай» з УПЛ. Там, па словах Арцёма, ён страціў цікавасць да футбола і неўзабаве скончыў кар'еру.

Экс-форвард зборнай Украіны застаўся жыць у Кіеве і ў асноўным займаўся развіццём свайго YouTube-канала, створанага яшчэ ў часы выступленняў у Беларусі. Атрымлівалася па статыстыцы прыстойна, але пазітыўная актыўнасць скончылася з пачаткам вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Мілеўскі закінуў канал, трапіў у парачку скандалаў, але апошнім часам, як кажуць, страціў усякую цікавасць да ранейшых заняткаў. Імкліва губляе Арцём і спартыўную форму.

Павел Савіцкі, 28 гадоў

Дзе зараз: гуляе за гродзенскі «Нёман»

Сезон-2018 стаў самым вынiковым у кар'еры ўраджэнца Гродна: ён з 15 галамі стаў найлепшым бамбардзірам вышэйшай лігі. Пасля сезона-2020 Савіцкі пакінуў «Дынама», але не Брэст – падпісаўся з любiмым Зайцавым «Рухам», куды ўслед за «бігбосам» сышла вялікая група гульцоў «бела-сініх».

У пачатку 2021-га на тады яшчэ не забароненых рэжымам міжсезонных зборах за мяжой «Рух» сустракаўся з «Кайратам», які на той момант узначальваў Шпілеўскі. Савіцкі вырашыў нагадаць былому трэнеру пра мiнулае – перад матчам з'явіўся ў майцы з надпісам «Марскія коцікі жывыя» і знакам бясконцасці. Брастчане тую сустрэчу выйгралі 2:0.

Пасля сезона-2021 Зайцаў вырашыў памяняць мадэль развіцця «Руха» (але надышла вайна, Аляксандр патрапіў пад санкцыі ЗША як набліжаны да сям'і Лукашэнкі – і клуб проста разваліўся). Клуб пакінулі многія лідары, у тым ліку Савіцкі – вярнуўся ў родны «Нёман», за які з тых часоў і выступае.

Аляксей Гаўрыловіч, 33 гады

Дзе зараз: гуляе за астраханскі «Валгар» у расійскім Д2

Выгнаны разам з Мілеўскім Гаўрыловіч укаціў у мiнскае «Дынама», дзе пачынаў сваю кар'еру. З таго часу абаронца нямала павандраваў: пасля паўтара года ў сталіцы ён аказаўся не патрэбным Сяргею Гурэнку, пасля чаго пераехаў у казахстанскі «Акжэтпес», дзе, дарэчы, таксама перасекся з «Кайратам» Шпілеўскага – каманда Гаўрыловіча была разгромленая 0:5.

Сезон-2021 Аляксей пачынаў у «Нёмане» з Савіцкім, але там правёў толькі паўгода, пасля чаго пераехаў у расiйскі мінор, дзе «варыцца» ужо паўтара гады: спачатку гуляў у Д3 за «Чайку» (тую, дзе трэніраваў Сяргей Ташуеў і гуляў Ігар Стасевіч), а з лета мінулага года выступае за астраханскі «Валгар» – серадняк Д2.

Максім Вітус, 34 гады

Дзе зараз: скончыў кар'еру, жыве ў Мiнску

Да Вітуса ў 2018-м прэтэнзій не было – але яны з Савіцкім не спыніліся, а ўвайшлі ў новую групу «чацвёрка Місісіпі», утвораную з навічкамі летняга трансфернага акна таго года, выпісаным з мінскага «Дынама» Арцёмам Быкавым і ўкраінцам Аляксандрам Наёкам. У гэтай «бандзе» Вітус атрымаў мянушку «Шыпа».

Крайні абаронца сышоў з «Дынама», як многія іншыя, пасля заканчэння сезона-2020. Пасля гэтага пачалі з'яўляцца чуткі пра тое, што Вітус у 31 год скончыць кар'еру – сам гулец гэта адмаўляў, але з тых часоў сапраўды перастаў гуляць на прафузроўнi. На дадзены момант Максім неактыўны і ў інфаполі. Паводле інфармацыі «Трыбуны», ён знайшоў сябе ў IT-сферы, дзе спачатку яму дапамагаў брат, які даўно ў ёй працуе.

Зрэдку з'яўляецца Вітус у сацсетках сваёй жонкі Аляксандры – адтуль вядома, што пасля Брэста сям'я Вітусаў некаторы час жыла ў Турцыі, а затым вярнулася ў Мінск. Тут дзяўчына займаецца блогерствам і дастаткова рэгулярна трапляе ў нягеглыя гісторыі. Апошняя з іх – падрабязнае асвятленне свайго паходу на канцэрт расійскага выканаўцы Рыгора Лепса, які актыўна падтрымлівае вайну і расійскі рэжым.

Дзмітрый Алісейка, 30 гадоў

Дзе зараз: гуляе за «Астравец» у Д2

Дзмітрыя разборкі Шпілеўскага з «марскімі коцікамі» не закранулі – ён фактычна пакінуў іх склад перад сезонам-2018, перайшоўшы з брэсцкага «Дынама» ў «Іслач». Там абаронца, у якога ў актыве ёсць чатыры матчы ў складзе нацыянальнай зборнай, гуляў адзін сезон, пасля чаго адправіўся ў першы для сябе легіянерскі ваяж, на паўгода заехаўшы ў расійскія «Хімкі» з тады яшчэ Д2.

Пасля кароткага вопыту за мяжой Алісейка трывала вярнуўся на Радзіму: паўтара года ў «Тарпеда-БелАЗ», год у «Мінску» і, нарэшце, першалігавы «Астравец», у складзе якога футбаліст рыхтуецца пачаць свой другі сезон.

Андрэй Лебедзеў, 32 гады

Дзе зараз: свабодны агент

Лебедзеў пакінуў Брэст за два тыдні да скасавання кантрактаў з Мілеўскім і Гаўрыловічам. Пасля іх сыходу абаронца жорстка выказаўся пра Шпілеўскага ў каментарыях клубнага акаўнта ў сацсетцы.

Працягнуў кар'еру Лебедзеў у казахстанскім «Жэтысу», дзе правёў 2,5 гады. Два разы давялося гуляць і супраць Шпілеўскага з яго «Кайратам»: спачатку каманда Лебедзева разграміла сапернікаў 3:0 (праўда, сам Андрэй правёў на полі ўсяго 10 хвілін), але другі матч, які Лебедзеў згуляў амаль поўнасцю, прайграла 2:4.

Пасля легіянерскага этапу абаронца перад сезонам-2021 вярнуўся ў родны «Віцебск», дзе за паўтара года ўляпаўся ў дзве гісторыі. У красавіку 2021-га ён стаў адным са шматлікіх гульцоў «паўночнікаў», якія падпісаліся за рэжым Лукашэнкі. А ў ліпені 2022-га пакінуў клуб пасля праверкі футбалістаў клуба на алкатэстары (які, дарэчы, паказаў цвярозасць). Праўда, гісторыя на гэтым не скончылася: праз некалькі гадзін пасля абвяшчэння пра раставанне з Лебедзевым, абвінавачаным у няўдачах каманды, у размяшчэнне «Віцебска» прыехаў яго бацька, які на павышаных танах гаварыў з трэнерскім штабам – як паведамлялі крыніцы, справа ледзь не дайшла да выкліку сілавікоў Лукашэнкi. На лёс гульца ўся гэтая гісторыя не паўплывала.

Другую частку сезона-2022 Лебедзеў правёў у «Мінску», пасля чаго сышоў адтуль – падаў на клуб у «суд» з-за нявыплат па кантракце і да гэтага часу знаходзіцца ў пошуках новай каманды.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты