Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Філіпенку вось-вось 35, а ён выдае топ-статыстыку ў Ганчарэнкі: другі ў РПЛ па абарончым дзеянням, джокер на кутніх ля чужых варот

Філіпенку вось-вось 35, а ён выдае топ-статыстыку ў Ганчарэнкі: другі ў РПЛ па абарончым дзеянням, джокер на кутніх ля чужых варот

Нават не разлічваў патрапіць у расійскі Д1, але пакуль там непераможны.

Аўтар — bytribuna com
14 сакавіка 2023, 10:30
2
Філіпенку вось-вось 35, а ён выдае топ-статыстыку ў Ганчарэнкі: другі ў РПЛ па абарончым дзеянням, джокер на кутніх ля чужых варот

«Урал» Віктара Ганчарэнкі працягвае здзіўляць. Бяспройгрышная серыя каманды беларускага трэнера доўжыцца з верасня 2022-га і складае ўжо 15 матчаў ва ўсіх турнірах (дзесяць перамог і пяць нічыіх). За гэты час "Урал" падняўся са дна табліцы на дзясяты радок РПЛ і выйшаў у чвэрцьфінал Кубка Расіі.

Важную ролю ў пабудовах Ганчарэнкі выконвае яго суайчыннік Ягор Філіпенка. Беларускі абаронца, якога некалькі гадоў таму Ганчарэнка хацеў бачыць і ў сваім ЦСКА, перабраўся ва «Урал» ужо падчас бягучага сезона, у верасні перайшоўшы з «Шахцёра» - для гэтага, паводле нашай інфармацыі, расійскі клуб пагасіў даўгі салігарчан перад футбалістам у некалькі сотняў тысяч долараў.

Расказваем, як Філіпенка, якому менш чым праз месяц стукне 35, узмацніў каманду Ганчарэнкі і ў чым ён асабліва добры.

Не спадзяваўся з'ехаць у РПЛ, але хутка стаў тамака гульцом старту

Ганчарэнку прызначылі ва «Урал», калі ўжо чэмпіянат распачаўся, - у сярэдзіне жніўня пасля пяці тураў. Клубнае кіраўніцтва выдала трэнеру карт-бланш на запрашэнне неабходных яму футбалістаў. Адным з пяцёх навакоў стаў Філіпенка, што здзівіла частку прыхільнікаў каманды - у першую чаргу, праз узрост гульца. Ды і сам абаронца пасля прызнаваўся, што, "улічваючы ўзрост, атрымаць прапанову ад каманды РПЛ ужо не разлічваў".

Кар'ера Ягора ва «Урале» пачыналася не без праблем - на адной з першых трэніровак абаронца пашкодзіў падкаленнае сухажылле і трапіў у клубны лазарэт на некалькі тыдняў. Дэбютаваў за клуб 28 верасня, выйшаўшы на замену ў канцоўцы гульні Кубка Расіі з «Тарпеда» (1:0). Той матч і пачаў паспяховую серыю «Урала» - то-бок клуб яшчэ ні разу не прайграў пры Філіпенка.

Належныя кандыцыі, каб праводзіць на полі па 90 хвілін, Філіпенка набраў да пачатку кастрычніка. З таго часу абаронца выйшаў у аснове ў 11 афіцыйных матчах з 13, што правёў клуб. Дзве гульні Ягор прапусціў праз яшчэ адно пашкоджанне - 12 лістапада не трапіў у заяўку на сустрэчу РПЛ супраць "Факела" (2:0), а 22 лістапада за кубкавым матчам з ЦСКА (0:0, 5:4 пен.) назіраў з лаўкі запасных.

У пераважнай большасці матчаў Філіпенка выходзіць у цэнтры абароны з 27-гадовым Эмерсанам Ілай-Аетам. Ураджэнец Адэсы з кангалезскімі каранямі ў расійскім футболе з 2020-га, а мінулым летам перабраўся ва "Урал". Некалькі матчаў Філіпенка правёў у пары і з 29-гадовым харватам Сільвіе Бегічам.

На думку партала WhoScored.com, Філіпенка трэці па сярэдняй ацэнцы ва "Урале". Абаронца мае рэйтынг 7,03 (найлепшы з беларускіх гульцоў у РПЛ), саступаючы толькі брамніку Мікіце Аляксееву (7,57) і паўабаронцу Лазару Ранджэлавічу (7,04). Калегі па цэнтры абароны Ілай-Ает і Бегіч маюць 6,66 і 6,55 адпаведна - 10-я і 14-я пазіцыі ў камандзе.

У чым моц Філіпенкі?

Ва «Урале» Ганчарэнкі, як і ў «Шахцёры», Філіпенка працягнуў гуляць апошняга абаронцу, які страхуе партнёраў. У выкананні Ягора рэдка ўбачыш перадачы на абвастрэнне або доўгія закіды. Галоўная задача Філіпенкі пры пачатку атак - аддаць перадачу на калегу-абаронцу, які адказны за розыгрыш, і адначасова быць гатовым да абарончых дзеянняў.

Са сваёй роляй цэнтрдэф паспяхова спраўляецца. Філіпенка ідзе другім у РПЛ па адным з ключавых паказчыкаў для футбаліста яго пазіцыі - колькасці адбораў і падбораў за 90 хвілін (15,9) - лепш толькі ў абаронцы ЦСКА Віліяна (16,3).

Таксама 194-сантыметровы абаронца добра выглядае ў верхавой барацьбе. Па колькасці эпізодаў такой барацьбы ў сярэднім за 90 хвілін ён уваходзіць у топ-10 РПЛ (7,06, 8-е месца). Працэнт поспеху футбаліста - 55,8, гэта 30-е месца па лізе.

Уменне Філіпенкі гуляць галавой дапамагае «Уралу» не толькі ў сваёй штрафной - абаронца карысны і пры стандартах у атацы. Свой адзіны мяч за "Урал" Ягор забіў у вароты "Лакаматыва" (2:2) якраз ударам галавой пасля кутняга.

Праўда, у канцы дададзенага часу таго матча Філіпенка сам жа і адабраў у «Урала» перамогу, калі патрапіў ва ўласныя вароты.

Ля чужых варот Філіпенка таксама двойчы станавіўся аўтарам галявых перадач. Абодва разы пацярпеў "Сочы" - і ў РПЛ, і ў Кубку Расіі. Філіпенка пасля падач з кутніх рабіў найграную скідку галавой на далёкую штангу - там пільнаваў Юры Газінскі і дасылаў мяч у сетку.

Філіпенка мог бы дапамагчы «Уралу» нават пазмагацца за пуцёўку ў еўракубкі, калі б не адхіленне расійскіх клубаў, што уведзеная ў адказ на вайну, якую ад 24 лютага 2022-га працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Але футбаліст не засмучаецца.

«Адхіленне Расіі і Беларусі ад міжнародных стартаў успрымаю як прынятае рашэнне. Цяпер такія рэаліі. Ацэньваю гэта як дадзенасць», - сказаў Філіпенка.

Ранейшы досвед у РПЛ не назваць удалым

Да пераходу ва «Урал» Філіпенка ўжо меў досвед у чэмпіянаце Расіі. У 19 гадоў тады яшчэ абаронца БАТЭ за чвэрць мільёна еўра перайшоў у "Спартак", дзе зайграць толкам не здолеў. Затым былі арэнды ў "Томь" і "Сібір", дзе гульцу таксама не ўдалося праявіць сябе на ўзроўні РПЛ. Усяго на рахунку Філіпенка да "Урала" было 36 матчаў у расійскай эліце, у якіх абаронца паспеў вызначыцца адным забітым мячом - за "Спартак" пасля стандарту, хоць і не галавой.

Расійскія прыгоды Філіпенкі завяршыліся ў пачатку 2012-га, калі БАТЭ выкупіў правы на футбаліста ў «Спартака» за 450 тысяч еўра. Праз гады былы галоўны трэнер "чырвона-белых" Валерый Карпін распавядаў, што ў РПЛ Філіпенка бракавала спартовай злосці.

«Усё астатняе было, дадзеныя добрыя. А вось агрэсіі замала. Гэта альбо ёсць у характары, альбо не. Трэба па-здароваму заводзіцца з-за таго, што цябе хтосьці абыгрывае», - дзяліўся Карпін.

Сам абаронца прызнаваўся, што ў Маскве часам ад футбола яго адцягвалі тусоўкі. Але па начных клубах Філіпенка часта не хадзіў праз адсутнасць належнай колькасці грошай - хапала толькі на раз у месяц. Ягор "пачаў дурня валяць і на трэніроўках неяк не рваў попу" пад канец сваёй спартакаўскай кар'еры, калі зразумеў, што ў клубе на яго не разлічваюць.

“Калі было цяжка, я на зубах не стаў змагацца. Пайшоў не па той дарожцы», - успамінаў Філіпенка.

У цэлым Філіпенка не раз прыемна адгукаўся пра Расію. Абаронца казаў, што беларусы нібыта нічым не адрозніваюцца ад расіян, а падчас ЧС-2018 прызнаваўся, што перажывае за расійскую зборную. Таксама вядома пра добрыя стасункі Філіпенкі з Арцёмам Дзюбай, які адкрыта падтрымаў расійскае ўварванне ва Украіну.

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты