Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У БАТЭ – падмена Драгуна, у «Нафтана» – з самым цікавым лёсам, «Дынама» і тут абабрала іншых. Хто капітаніць у вышэйшай лізе на старце сезону

У БАТЭ – падмена Драгуна, у «Нафтана» – з самым цікавым лёсам, «Дынама» і тут абабрала іншых. Хто капітаніць у вышэйшай лізе на старце сезону

«Смаргонь» пакуль даверылася афрыканцу, «Іслач» – расіяніну.

Аўтар — Tribuna.com
22 сакавіка 2023, 13:57
7
У БАТЭ – падмена Драгуна, у «Нафтана» – з самым цікавым лёсам, «Дынама» і тут абабрала іншых. Хто капітаніць у вышэйшай лізе на старце сезону

У пераважнай большасці клубаў ЧБ гэтай зімой змяніліся капітаны: гульцоў "Іслачы" зараз на поле выводзіць расіянін, а гульцоў "Смаргоні" - афрыканец. "Мінск" і па гэтым параметры трымаецца моладзі, а ў "Нафтана" капітаніць футбаліст з вельмі цікавым лёсам. Мінскае "Дынама" перахапіла капітанаў у двух канкурэнтаў, а "чорны спіс" Кавальчука змусіў адразу тры клубы шукаць новых уладальнікаў павязак.

Мікіта Корзун, «Шахцёр»

Зімой чэмпіёны страцілі папярэдняга капітана: Сяргей Паліцевіч, які насіў павязку ў 2022-м, вярнуўся ў мінскае "Дынама". «Гарнякі» не сталі адкрыта ў сацсетках аб'яўляць, хто будзе новым кэпам і якім чынам ён выбіраецца, але на дэбютны матч сезона за Суперкубак каманду на поле вывеў Мікіта Корзун. Праз тыдзень клубная прэс-служба, віншуючы гульца з 28-годдзем, назвала яго "капітанам". Праўда, тры наступныя матчы «Шахцёра» апорнік прапусціў праз траўму, і з павязкай на поле выходзілі Сяргей Чэрнік (у двух кубкавых матчах супраць «Тарпеда-БелАЗ») і Валон Ахмедзі (у 1-м туры супраць «Нафтана»).

Корзун у Салігорску ўжо два з паловай гады, браў удзел у заваяванні ўсіх трох чэмпіёнскіх тытулаў: на яго рахунку 54 матчы ў футболцы клуба.

Аляксей Лаўрык, "Энергетык-БДУ"

Змяніўся капітан і ў срэбнага прызёра апошняга розыгрышу ЧБ: хаўбек Аляксандр Свірэпа, капітан-2022, сышоў у мінскае «Дынама». Але пры гэтым ён удзельнічаў у вызначэнні новага ўладальніка павязкі: Анатоль Юрэвіч раіўся і з дзейнымі гульцамі, і са Свірэпам наконт замены, а пасля таго, як рашэнне было прынятае, былы капітан сімвалічна перадаў павязку капітану новаму – ім стаў 22-гадовы абаронца Аляксей Лаўрык. .

Для сына экс-гульца нацыянальнай зборнай сёлетні сезон ужо трэці ў клубе: ён правёў за "студэнтаў" 55 матчаў, адзначыўшыся двума галамі. Лаўрык-малодшы з'яўляецца падпісантам праўладнага ліста спартоўцаў.

Валерый Бачароў, БАТЭ

БАТЭ застаўся без капітана перад самым стартам сезона: праз «чорны спіс» так званага міністэрства спорту кантракт з фармальным лідарам каманды двух апошніх сезонаў Станіславам Драгуном так і не быў падпісаны, а Якаў Філіпавіч, які падмяняў беларуса ў мінулым сезоне (у Драгуна быў канфлікт з Аляксандрам Міхайлавым, што прывяло да часовай адмовы ад павязкі), з'ехаў у Бельгію. Новым капітанам "жоўта-сініх" стаў 22-гадовы апорнік Валерый Бачароў. Барысаўцы не абвясцілі ў сваіх сацсетках пра тое, хто і як абіраў гульца - магчыма, у клубе чакаюць, што Драгун усё ж зможа гуляць у ЧБ.

Бачароў - выхаванец БАТЭ. 2022-і стаў для яго першым паўнавартасным сезонам у аснове, а да таго ён ездзіў па арэндах: спачатку ў «Смалявічы», затым у «Слуцк».

Сяргей Паліцевіч, "Дынама" Мінск

Адзін з галоўных трансфераў белфутбола ў міжсезонне: 32-гадовы цэнтральны абаронца праз сем гадоў вярнуўся ў мінскае "Дынама" і адразу ж прыступіў да абавязкаў, якія выконваў і ў свой апошні сезон у Мінску - каманда галасаваннем выбрала найлепшага абаронцу ЧБ-2022 новым капітанам. Летась "бела-блакітных" на поле з павязкай у асноўным выводзіў хаўбек Сяргей Кісляк (узімку з'ехаў у Брэст), у яго адсутнасць функцыі капітана клаліся на Мікіту Навумава (ён у міжсезонне з'ехаў у Казахстан) або Максіма Швяцова. Апошні стаў адным з трох віцэ-капітанаў «Дынама» на 2023-м поруч з Аляксандрам Сачыўкам і Раманам Бегуновым.

Ілля Калачоў, «Іслач»

Адзін з двух капітанаў-замежнікаў у вышэйшай лізе: незадоўга да старту чэмпіянату гульцы і трэнерскі штаб "Іслачы" таемным галасаваннем амаль аднагалосна выбралі 23-гадовага расійскага абаронцу Іллю Калачова. Таксама быў вызначаны квартэт ягоных памочнікаў: Алег Патоцкі (для яго гэта восьмы сезон у «ваўкоў»), Валерый Сянько, Вадзім Пігас і Марцін Арцюх. Мінулы сезон з капітанскай павязкай правялі двое: спачатку гэтую ролю выконваў украінскі вінгер Юрый Казырэнка, а пасля яго ад'езду на Радзіму капітанам стаў Дзмітрый Лісаковіч - ён зімой падпісаў кантракт з «Тарпеда-БелАЗ».

Выхаванец маскоўскага "Дынама" стаў гульцом "Іслачы" летась і за паўгода правёў за клуб 13 сустрэч.

Данііл Душэўскі, "Мінск"

У самай маладой каманды чэмпіянату - самы малады капітан. 19-гадовы апорны паўабаронца - адзін з нямногіх гульцоў асноўнай абоймы леташняга "Мінска", хто застаўся ў камандзе на 2023-і. У папярэднім сезоне ён правёў за клуб 26 матчаў, у якіх двойчы забіў і тройчы асіставаў партнёрам. І гэта зрабіла яго адным з самых дасведчаных гульцоў у ростэры "гараджан".

У сезоне-2022 у «Мінска» было двоекапітанства: да летняй паўзы з павязкай на поле выходзіў хаўбек Алег Еўдакімаў, а пасля яго ад'езду ў Казахстан абавязкі прыняў Антон Шрамчанка (найлепшы асістэнт ЧБ зімой перайшоў у «Шахцёр»).

Сяргей Мацвейчык, «Гомель»

У 2022-м капітанскую павязку ў «Гомелі» насіў малдаўскі паўабаронца Ігар Кастроў, але ён вярнуўся ў «Славію». Новы кэп быў названы на сустрэчы з заўзятарамі перад стартам сезона - таемным галасаваннем сярод гульцоў асновы абралі 34-гадовага абаронцу Сяргея Мацвейчыка. Ён і раней падмяняў Кастрова, калі той прапускаў гульні. Памочнікамі Мацвейчыка сталі галкіпер Алег Кавалёў і форвард Дзяніс Казлоўскі.

Для новага капітана гэта ўжо дзявяты сезон у клубе: тут ён пачынаў кар'еру ў 2006-м і ўвогуле правёў за «рысяў» ужо 179 сустрэч.

Кірыл Прамудраў, «Тарпеда-БелАЗ»

Для 30-гадовага паўабаронцы сёлетні сезон ужо пяты ў Жодзіне, але капітанскую павязку ён атрымаў толькі зараз. Летась часта каманду на поле выводзіў расійскі абаронца Віталь Усцінаў (цяпер гуляе ў Арменіі). Клуб не стаў раскрываць, кім і як рабіўся выбар на карысць ураджэнца Брэста.

Прамудраў знаходзіцца на парозе вялікага юбілею ў «Тарпеда-БелАЗ»: на яго рахунку ўжо 93 матчы ў футболцы «аўтазаводцаў», за гэты час ён вызначыўся 11 галамі.

Аляксей Лягчылін, «Нёман»

Праз спісу непажаданых без капітана застаўся і «Нёман»: рашэннем Кавальчука і кампаніі Валеры Жукоўскі, які выводзіў каманду з капітанскай павязкай апошнія пяць сезонаў, быў звольнены з клуба. Яго абавязкі выконвае 30-гадовы абаронца Аляксей Лягчылін. Выхаванец гродзенскага футбола ўжо падмяняў Жукоўскага, калі той не трапляў у старт - за ЧБ-2022 капітаніў 14 разоў.

У Лягчыліна 239 матчаў за клуб, у якіх ён вызначыўся 16 галамі. Неўзабаве Аляксей дакладна ўвойдзе ў топ-5 па колькасці матчаў за клубную гісторыю: яму засталося правесці ўсяго чатыры гульні - і ён скіне з пятага месца паўабаронцу Яўгена Савасцьянава.

Яўген Барсукоў, «Славія»

«Славія» - адзін з нямногіх клубаў, дзе за зіму не змяніўся капітан: і ў мінулым сезоне, і на старце цяперашняга пазіцыю трымае 32-гадовы хаўбек Яўген Барсукоў. У сярэдзіне лютага ў Івана Біёнчыка пыталіся, каму дастанецца павязка - тады спецыяліст адказаў, што "пагутарыць з хлопцамі", каб прыняць сумеснае рашэнне. Здаецца, вынік зразумелы. Віцэ-капітанам стаў Ігар Кастроў, які вярнуўся з «Гомелю».

Сезон-2023 - чацвёрты для Барсукова з мазыранамі: тут ён правёў 74 сустрэчы, вызначыўся 11 галамі.

Мікіта Былінкін, «Слуцк»

А вось у «Слуцку» змена капітана ніяк не звязаная з тым, што папярэдні ўладальнік павязкі клуб пакінуў: абаронца Дзяніс Образаў на месцы і ўжо паўдзельнічаў у двух кубкавых матчах «цукровых», але, тым не менш, капітанам на сезон-2023 стаў яго калега па амплуа 24-гадовы Мікіта Былінкін, выхаванец мясцовага футбола.

Для Былінкіна мінулы чэмпіянат быў першым паўнавартасным у складзе роднага клуба, да гэтага ён ездзіў у арэнды ў мінор. За "Слуцк" увогуле правёў 47 матчаў.

Аляксей Харытановіч, «Белшына»

Адзіны галкіпер-капітан вышэйшай лігі: з павязкай 27-гадовы мінчанін пачаў выходзіць, калі яшчэ выступаў за "Белшыну" ў Д2 у сезоне-2021. Але амаль увесь папярэдні год прапусціў праз траўмы, таму роля капітана адышла да расіяніна Іллі Васільева і беларуса Дзмітрыя Гомзы. На старце бягучага сезона Харытановіч вярнуўся на поле, а да яго вярнулася ранейшая роля.

У Бабруйску ён ужо чацвёрты год, за гэты час правёў 45 матчаў, у 10 з якіх захаваў вароты ў недатыкальнасці.

Эдгар Аляхновіч, «Дынама» Брэст

У Брэсце таксама ўсё стабільна: нягледзячы на вяртанне ў клуб Сяргея Кісляка, які капітаніў у чэмпіёнскім сезоне-2020, з павязкай застаўся 35-гадовы паўабаронца Эдгар Аляхновіч. Рашэнне прынялі на таемным галасаванні, у якім удзельнічалі гульцы і трэнеры. Віцэ-капітанамі сталі Кісляк, Дзмітрый Бага і Міхаіл Гардзяйчук - самыя статусныя футбалісты "Дынама".

Аляхновіч - выхаванец брэсцкага футбола: у «Дынама» ён правёў тры першыя сезоны на дарослым узроўні, а таксама ўжо трэці год выступае пасля вяртання. Агулам на яго рахунку 110 матчаў і 8 забітых мячоў за клуб. У ЧБ-2023 Эдгар першым атрымаў чырвоную картку: быў выдалены за ўдар па твары Дзмітрыя Лісаковіча ў гульні першага тура супраць «Тарпеда-БелАЗ». Так што асістэнтам давядзецца папрацаваць.

Цярэнцій Луцэвіч, «Нафтан»

У Наваполацку таксама ладзіліся выбары: Ігара Даўгялу, уладальніка павязкі летась, Юры Пунтус не бачыць асноўным галкіперам, а вопытныя Абдулазіз Лаваль і Аляксей Плясуноў клуб зімой пакінулі. Камандны выбар зроблены на карысць 31-гадовага абаронцы Цярэнція Луцэвіча. Для яго гэта ўсяго другі год у клубе: за сезон-2022 правёў 25 матчаў і забіў два мячы. Віцэ-капітанамі сталі Дзмітрый Тамела, Ігнат Сідар і Вадзім Курловіч.

У новага капітана «нафтавікоў» дастаткова цікавы лёс і кар'ера. Футбаліст нарадзіўся ў Камеруне: яго маці - беларуска, бацька - камерунец, але ўжо ў паўгадавым узросце ён з маці вярнуўся ў Беларусь пасля смерці бацькі. Свае цяперашнія імя і прозвішча гулец узяў сабе ў 22-гадовым узросце, да гэтага ж ён быў вядомы як Вогба Т'енчэн: Цярэнцій - імя, што атрымаў пры хрышчэнні, а Луцэвіч - даніна роднай бабулі, якая яго выхавала.

Займацца футболам Луцэвіч пачынаў у мінскай «Змене» (цяперашні «Мінск»), гуляючы ў атацы і паказваючы выдатную выніковасць сярод аднагодкаў (нават выклікаўся ў юнацкія зборныя). Таксама спрабаваў сябе ў хакеі, але калі надышоў час выбіраць, спыніўся на футболе. Нягледзячы на бамбардзірскія дасягненні на моладзевым узроўні, дарослую кар'еру Цярэнцій пачынаў цэнтральным абаронцам у мінскім «Дынама». Пазней яго спрабавалі вярнуць у атаку (месцамі выходзіла нядрэнна), але ўсё ж часцей трэнеры выкарыстоўваюць яго бліжэй да сваіх варот.

Луцэвіч з'яўляецца адным з галоўных падарожнікаў белфутбола: "Нафтан" - 12-ы клуб у кар'еры, прычым пасля ад'езду з мінскага "Дынама", дзе рабіў першыя крокі на дарослым узроўні, ён нідзе не затрымліваўся больш чым на паўтара года.

Крысціян Інтсоен, «Смаргонь»

І гэты калектыў страціў капітана праз рэпрэсіі псеўдаміністэрства - у заяўцы на сезон пакуль няма паўабаронцы падпісанта за Лукашэнку Ягора Сямёнава. У клубе пакуль прама не аб'явілі, хто стане новым капітанам, але павязка перайшла да 23-гадовага камерунскага абаронцы Крысціяна Інтсоена - ён ужо падмяняў Сямёнава ў мінулым сезоне.

Для афрыканца гэта трэці год у райцэнтры Гродзенскай вобласці, зусім хутка ён пераадолее адзнаку 50 матчаў за клуб: для гэтага засталося правесці дзве сустрэчы. Крысціян не лічыцца ў ЧБ легіянерам і ўжо паспеў абзавесціся ў Смаргоні сям'ёй: разам з нявестай-беларускай яны разам гадуюць сына.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты