Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/З Д1 Украіны звольнiлi абодвух беларускіх галоўных трэнераў – Кучук і Дулуб ішлі ўнізе табліцы, але пачалі вясну перамогамі, гульцы не ў захапленні ад расставанняў

З Д1 Украіны звольнiлi абодвух беларускіх галоўных трэнераў – Кучук і Дулуб ішлі ўнізе табліцы, але пачалі вясну перамогамі, гульцы не ў захапленні ад расставанняў

Аднаго ўстаранiлі пасля паражэння ад чэмпіёна, другога – пасля нічыёй з серадняком.

Аўтар — bytribuna com
22 сакавіка 2023, 11:11
З Д1 Украіны звольнiлi абодвух беларускіх галоўных трэнераў – Кучук і Дулуб ішлі ўнізе табліцы, але пачалі вясну перамогамі, гульцы не ў захапленні ад расставанняў

З розніцай у некалькі сакавіцкіх дзён былі звольненыя абодва беларускія галоўныя трэнеры ва ўкраінскай прэм'ер-лізе – Леанід Кучук з львоўскага «Руху» і Алег Дулуб з «Львова». Абодва прапрацавалі прыкладна паўтара гады – і паспелі правесці тры матчы ў 2023-м пасля зімовай паўзы. Аналізуем, што ж прывяло да адставак.

У звальненне Кучука верылі больш

Кучук застаўся незадаволены першай часткай сезона ў выкананні «Руха». На думку спецыяліста, львавяне страцілі зашмат ачкоў да зімовага перапынку. На навагоднія вакацыі «Рух» пайшоў на 12-м месцы за тры балы ад зоны вылету.

На той момант украінскія букмекеры адправілі Кучука на другое месца па верагоднасці быць звольненым першым пасля аднаўлення чэмпіянату. Беларус у шанцах саступаў толькі Мірчы Лучэску, чыё кіеўскае «Дынама» правальвае бягучы сезон. На вясновую адстаўку Кучука першым букмекеры прапаноўвалі каэфіцыент 2,55.

За зіму склад «Руха» амаль не змяніўся. З важных гульцоў каманду пакінуў хіба што цэнтральны паўабаронца Валерый Федарчук, які павесіў буцы на цвік. Затое клуб папоўнілі адразу тры легіянеры. З арэнды ў бразільскай Серыі А вярнуўся апорнік Эдсан. Разам з ім прыляцеў абаронца Джэферсан Вінісіус з дубля «Грэміа». Таксама ў «Руху» спрабуе перазагрузіць кар'еру нігерыйскі нападаючы Брайт Энабахары, які мае досвед гульні ў Чэмпіёншыпе. У першых вясновых турах Кучук выпускаў навiчкоў на замену.

«Рух», які мае самы малады стартавы склад ва УПЛ (24,3 гады), пачаў другi круг з важнай выязной перамогі над «Металістам». Кучук і яго штаб грунтоўна рыхтавалі каманду, дасканала разабраўшы гульню харкаўчан. Па словах трэнера клуба Віталя Панамарова, «Рух» распрацаваў некалькі варыянтаў гульні. Каманда Кучука выглядала куды вастрэй ля варот «Металіста», дзякуючы чаму выйграла з лікам 2:1. Пры гэтым галоўны трэнер не знаходзіўся ля поля – да звальнення Кучук адбываў дыскваліфікацыю, кіруючы гульнёй сваіх падапечных з трыбун.

Пасля перамогі львавян чакалі паражэння ад «Коласа» (0:1) і данецкага «Шахцёра» (0:2). Калі няўдача з чэмпіёнам Украіны была прадказальная, то супраць каманды Мікалая Золатава шанцы на поспех былі прыкладна роўнымі. Зыход сустрэчы вырашыў мяч пасля стандарту, які «Колас» забіў пасля гадзіны гульні.

Цяпер у «Руха» 17 балаў у табліцы – па статыстыцы чаканых ачкоў іх павінна было быць 23,2 пры сёмым радку ва УПЛ. У рэальнасці ж з-за бадзёрага пачатку вясновага адрэзка ад прамых канкурэнтаў «Інгульца» і «Чарнаморца» «Рух» апусціўся на 14-е месца, а гэта ўжо зона стыкавых матчаў за месца ў Д1. Кучук здолеў прывесці каманду толькі да адной перамогі ў сямі апошніх турах. І калі тры паразы запар на самым старце чэмпіянату не паўплывалі на статус трэнера, то тры ачкі на старце вясновай часткі сталі падставай для раставання з Кучуком перад паўзай на матчы зборных, хоць фармальна яно атрымалася дзіўным – як быццам апошняй кропляй стала параза ад безумоўнага лідара табліцы.

Па словах прэс-аташэ «Руха» Багдана Цімаўчака, рашэнне звольніць Кучука прымалася пры ўдзеле гендырэктара клуба Ігара Дзядзішына і выканаўчага дырэктара Расціслава Пузанскага – не толькі воляй прэзідэнта клуба Рыгора Казлоўскага, які заўсёды ў добрым тоне адгукаўся пра беларускага спецыяліста. Не выключана, што бізнэсмэну цяпер увогуле не да спраў «Руха» – паводле інфармацыі журналіста Ігара Бурбаса, бiзнесмен у снежні 2022-га пакінуў тэрыторыю Украіны, хаваючыся ад праваахоўных органаў.

Цімаўчак таксама распавёў, што рашэнне кіраўніцтва стала халодным душам для каманды, і ў футбалістаў «радасці і эйфарыі дакладна няма». На развітанне клуб пажадаў Кучуку «поспехаў у далейшай трэнерскай кар'еры» і падзякаваў «за плённую сумесную працу і футбольны вопыт, якім ён падзяліўся».

Да наступнага матчу супраць «Зары» львавян рыхтуе галоўны трэнер каманды U-19 «Руха» Віталь Панамароў. Пад яго кіраўніцтвам маладзёжка ўпэўнена лідзіруе ў першынстве U-19 і ў лютым дайшла да 1/8 фіналу Юнацкай лігі УЕФА.

«Львоў» яшчэ зімой мог рыхтавацца да адстаўкі Дулуба

Звальненне галоўнага трэнера «Львова» Алега Дулуба букмекеры таксама лічылі вельмі верагоднай падзеяй. У рэйтынгу прэтэндэнтаў на першую вясновую адстаўку ва УПЛ ён з каэфіцыентам 3 ненашмат адставаў ад Кучука, суседнічаючы на чацвёртым радку з коўчам «Чарнаморца» Раманам Грыгарчуком – экс-галоўным трэнерам салігорскага «Шахцёра».

Такія высокія шанцы на звальненне Дулуба тлумачыліся няўдалай восеньскай часткай чэмпіянату. За 14 матчаў «Львоў» набраў усяго дзевяць балаў і ішоў на апошнім, 16-м месцы. Зрэшты, гэта было вытлумачальна: да прыкладу, па версіі партала Transfermarkt, у «Львова» самы танны склад па УПЛ – сумарна толькі 4,53 мільёна еўра. Для параўнання, у Беларусі гэтага б хапіла на чацвёртае месца па вышэйшай лізе пасля БАТЭ (7,6 млн еўра), «Шахцёра» (7,1 млн) і мінскага «Дынама» (6,4 млн). У сярэднім футбаліст «Львова» каштуе 174 тысячы еўра. У Беларусі гэта быў бы толькі шосты паказчык услед за БАТЭ (317 тысяч еўра), «Шахцёрам» (272 тысячы), мінскім «Дынама» (247 тысяч), «Нёманам» (178 тысяч) і «Тарпеда-БелАЗ» (175 тысяч).

Зімой у «Львове» адбыліся істотныя кадравыя змены: клуб пакінулі адразу 12 футбалістаў, замест іх подпісы пад кантрактамі паставілі 11 гульцоў, а яшчэ пяць прыехалі ў арэнду. Сярод навічкоў ёсць і знаёмыя для беларускіх заўзятараў імёны. З першалігавага «Дзiназа» прыйшоў паўабаронца Яраслаў Багуноў, які раней выступаў за «Белшыну», «Нафтан» і «Крумкачы» і атрымаў двухгадовую дыскваліфікацыю за «дагаварняк» у наваполацкім клубе. Другую частку 2022-га ў мінскім «Дынама» правёў цэнтральны абаронца Ігар Габрыэль, да канца сезона арандаваны «Львовам» у «Сабаха». Пры гэтым аналітык «Крыўбаса» Яўген Кузьменка лічыць, што фактычна новы склад падбіралі пад іншага галоўнага трэнера – зменшчыка Дулуба.

Раней сам Дулуб заяўляў, што пошукамі навiчкоў займаўся асабіста - прычым працаваў у гэтым напрамку без выходных. «Тэлефон, кампутар – сотні гульцоў. Параўноўваеш, аналізуеш, праглядаеш. Шукаеш кантакты папярэдняга клуба і даведаешся, што ён за чалавек», – дзяліўся Дулуб.

Вясну «Львоў» пачаў з няпростай і вельмі важнай хатняй перамогі над «Мінаем». Сапернік выглядаў крыху лепш, але па выніку прайграў з лікам 0:1. Адзіны ў матчы ўдар у створ варот з боку «Львова» завяршыўся голам Артура Рамяняка.

У наступным матчы «Львоў» чакана саступіў на выездзе «Зары» (1:3) з топ-3 табліцы – адзіны мяч у канцоўцы пасля перадачы Багунова, які выйшаў на замену, забіў Уладзіслаў Бугай.

Вызначальным для будучынi Дулуба стаў суботні матч дома супраць «Крыўбаса» Юрыя Вернідуба, які ідзе на 7-м месцы УПЛ. Госці выйшлі наперад, рэалізаваўшы пенальці ў сярэдзіне першага тайма, аднак на 42-й хвіліне засталіся ў меншасці. У «Львова» атрымалася зраўняць лік толькі на 74-й хвіліне – Багуноў апынуўся першым на падборы пасля нерэалізаванага Бугаем 11-метровага.

Аднак ужо праз чатыры хвіліны «Крыўбас» зноў забіў у вароты гаспадароў. Толькі за тры хвіліны да заканчэння асноўнага часу матчу футбалістам «Львова» ўдалося зноў зраўняць лік, устанавіўшы канчатковыя лічбы на табло – 2:2.

Пасля матчу Дулуб сказаў, што «вельмі незадаволены вынікам», а вялікую колькасць памылак сваіх гульцоў патлумачыў вялізным жаданнем перамагчы. Трэнер анансаваў два дні выходных у камандзе, пасля чаго на базе павінна была пачацца падрыхтоўка да наступнага матча – з кіеўскім «Дынама».

Пасля нічыёй з «Крыўбасам» львавяне працягвалі знаходзіцца на апошнім месцы з 13 баламі. За 13 матчаў да фінішу яны маюць адставанне хаця б ад зоны стыкаў у чатыры ачкі. Пры гэтым па чаканых ачках «Львоў» займае 14-ю пазіцыю, маючы 18,6 віртуальнага бала.

Далей змагацца за месца ў эліце каманда будзе ўжо без Дулуба. Пасля «Крыўбаса» ва ўкраінскіх інсайдэраў пачала з'яўляцца інфармацыя, што беларуса звольняць з клуба. У аўторак «Львоў» пацвердзіў інфармацыю пра раставанне з галоўным трэнерам і яго пастаянным памочнікам Аляксандрам Граноўскім. Адзначым, што тэкст паведамлення абышоўся без слоў падзякі ў адрас Дулуба. Пазней Telegram-канал «ТаТоТаке» распавёў, што футбалісты і персанал «Львова» незадаволеныя звальненнем беларускага спецыяліста.

Зменшчыкам Дулуба стаў украінскі трэнер Анатоль Бяссмертны. Коуч ужо мае досвед працы з «Львовам» – кіраваў камандай з сакавіка па жнівень 2021-го. Пасля няўдалага старту ў чэмпіянаце-2021/22 яму на змену і прыйшоў Дулуб.

Іншыя пасты блога

Усе пасты